Студопедия
Случайная страница | ТОМ-1 | ТОМ-2 | ТОМ-3
АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатика
ИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханика
ОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторика
СоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансы
ХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника

А. де Виньи

Читайте также:
  1. В. Недошивин СВИНЬИ И... ЗВЕЗДЫ ПРОЗА ОТЧАЯНИЯ И НАДЕЖДЫ ДЖ. ОРУЭЛЛА

Кафедра гуманітарных дысцыплін

 

 

Старажытнае насельніцтва на тэрыторыі Беларусі,

Фарміраванне этнічных супольнасцей

 

Метадычныя парады студэнтам

да семінарскага занятка

 

 

Магілёў 2002

 

УДК_ Т63.3 (2 Б) _

 

Абмеркаваны i рэкамендаваны да друку

на пасяджэннi кафедры_______

Пратакол №__ 9 __ ад «_ 02 _»__ 07 __2002 г.

 

Склаў к.г.н., дац. Б.К. Малахаў

 

 

Рэцэнзент к.г.н. Выбарны В.Д.

 

 

© Магiлеўскi дзяржаўны універсітэт харчавання

 

 

Человек уходит,

а народ обновляется беспрерывно

А. де Виньи

 

 

Всякая война между европейцами

есть гражданская война

В. Гюго

 

 

Пры разглядзе асноўнага зместу тэмы “Старажытнае насельніцтва на тэрыторыі Беларусі, фарміраванне этнічных супольнасцей” выкладчык прапануе студэнтам разгледзіць наступныя пытанні:

1) Засяленне беларускіх зямель. Даіндаеўрапейскі перыяд этнічнай гісторыя Беларусі ў каменны век.

2) Бронзавы век. Рассяленне індаеўрапейцаў.

3) Жалезны век. Балцкі і славянскі этапы этнічнай гісторыі Беларусі.

Разглядаючы першае пытанне, трэба засяродзіць увагу студэнтаў на раскрыццё зместу тэрміна “этнічная гісторыя”, як на гісторыю этнічных супольнасцей, таго ці іншага этнасу.

Этнас, этнічная супольнасць (ад грэч. ethnos - народ) – устойлівая супольнасць людзей, якая склалася гістарычна на пэўнай тэрыторыі, мае агульную мову, культуру, побыт, псіхалагічныя рысы і самасвядомасць. Асноўныя гістарычныя формы этнасу – род, племя, народнасць, нацыя. Этнічная тэрыторыя – гэта тэрыторыя кампактнага рассялення пэўнага народа, на якой ён пражывае спрадвеку.(гл. Новік Я.К. Марцуль Г.С. Гісторыя Беларусі ў 2 частках. Ч.1. Мн., 1998. С. 17 - 18).

Мэта семінарскага занятку заключаецца ў тым, каб разгледзець асноўныя перыяды этнічнай гісторыі, пачынаючы з часоў першабытных, і зразумець суадносіны працэсу грамадскага развіцця з працэсамі этнагенезу – фарміраваннем пэўных этнічных супольнасцей у свеце ўвогуле і на тэрыторыі Беларусі ў прыватнасці.

Як вядома, старажытны чалавек вылучыўся з жывельнага свету 2 млн 600 тыс. год таму назад. А ўвогуле, самае ранняе падцверджанне аб аўстралапітэках, першых членах сямейства гамінід, датуецца прыкладна 4 млн год таму. Час з´яўлення Homo sapiens на сёння - прадмет сур'ёзных спрэчак, але тэрмін ад 50 тысяч да 400 тысяч год уключае большасць меркаванняў, а 250 тыс. год – разумны кампраміс (гл. Общественные науки и современность 2001, № 2. С. 137 - 146). З'яўленне першага чалавека адбылося там, дзе для гэтага былі найбольш спрыяльныя ўмовы. Відаць, гэта адбылося ў Афрыцы або Азіі (думцы навукоўцаў наконт гэтага разыходзяцца). Такім чынам, вылучаюцца два цэнтры паходжання старажытнейшых людзей – архантрапаў. Усяго людзей ў эпоху сінантрапаў (каля 1 млн год назад) як мяркуецца налічвалася каля 125 тыс., а ў эпоху неандэртальцаў (100 – 40 тыс год) – 1 млн чалавек (Риер Я.Г. Историческая демография. Могилев, 1999. С.25.).

Прыкладна мільён гадоў назад людзі праніклі ў Міжземнамор'е, на Каўказ і поўдзень Украіны, а потым і на тэрыторыю Беларусі. Па дадзеных навукоўцаў, старажытны чалавек мог з'явіцца на тэрыторыі Беларусі яшчэ 300 тыс. год таму. Для параўнання: у Заходняй Еўропе гэта адбылося 600 тыс. год таму – аб гэтым сведчаць дадзеныя археалогіі. Реальна чалавек на тэрыторыі Беларусі з'явіўся ў апошні перыяд межледнікоўя, датуемый часам каля 100 тысячагоддзяў (Палікарповіч К.М.). Іншыя даследчыкі (Буцько У.Д., Калечыц А.Г.) зыходзяць з таго, што гэта адбылося пазней (каля 40 тыс. год таму). Такім чынам, дату гэту магчыма вызначаць кампрамісна: 100 – 40 тыс. год таму. Ва ўсякім разе, палеалітычныя стаянкі, знойдзеныя на тэрыторыі Беларусі – каля в. Бердыж (Чачэрскі раён Гомельскай вобласці) і каля в. Юравічы, недалека ад Мазыра, даюць нам некалькі дакладных дат палеалітычных помнікаў, атрыманых метадамі радыёкарбоннага датавання – 23 і 15 тыс. гадоў таму.

Зробім у сувязі з гэтым две высновы:

1) Беларусь не з'яўляецца прарадзімай чалавецтва.

2) Чалавек на тэрыторыі Беларусі з'явіўся (па археалагічных дадзеных) параўнальна позна (100 – 40 тыс год таму). Можна дапусціць, што гэта адбылося значна раней, але ў пазнейшыя часы ледавік так перапахаў гэтыя тэрыторыі, што падцвердзіць гэтае немагчыма.

Паводле эвалюцыі прылад працы гісторыю першабытнага грамадства можна дзяліць на тры асноўныя перыяды: каменны век, век медзі і бронзы, жалезны век. Усваю чаргу каменны век дзеліцца на палеаліт: 3млн – 10 тыс. год да н.э.; мезаліт– каля 10 – 5 тыс да н.э.; неаліт – каля 8 – 3 тысячагоддзя да н.э. Зазначым, што эпоха неаліту на тэрыторыі Беларусі пачалася ў 5 – 4 тыс. да н.э. Век медзі і бронзы ахоплівае перыяд с канца ІІ – пачатак І тыс. да н.э., а жалезны век – с І тыс. да н.э. – 7-8 ст.н.э.

Для нас важна, вылучаючы дадзеныя перыяды ў гісторыі першабытнага грамадства заўважыць, што яны суадносяцца з адпаведнымі перыядамі этнічнай гісторыі на тэрыторыі Беларусі. А менавіта – каменны век суадносіцца з даіндаеўрапейскім перыядам. Век бронзы і жалеза – з індаеўрапейскім. Храналагічныя рамкі даіндаўрапейскага перыяду на тэрыторыі Беларусі: 100 – 40 тыс. год да нашай эры – 3-2 тыс. да н.э. У межах даіндаеўрапейскага перыяду сучасныя даследчыкі (Лойка Л.) вылучаюць дзве хвалі засялення Беларусі. Першая хваля – тубыльцы – прабеларусы (100 – 40 тыс. год да н.э. – 4 тыс. да н.э.). Другая – фінаўгорская хваля засялення Беларусі (3 тыс. да н.э.).

На тэрыторыі Беларусі ва ўмовах першабытнаабшчыннага ладу – самай працяглай ў гісторыі чалавецтва сацыяльна-эканамічнай фармацыі - вылучаюцца наступныя перыяды:

- першабытны статак – 100тыс. – 40 год да н.э.;

- раннеродавая абшчына – 40 тыс. год – 5 тыс. год да н.э. (менавіта гэтым часам датуюцца палеалітычныя стаянкі чалавека – каля вёскі Бердыж і Юравіцкая стаянка);

- развітая родавая абшчына (5 тыс. – 2 тыс. да н.э.);

- пераход ад грамадства родавага да раннекласавага (2 тыс. да н.э. – 8ст. н.э.).

Студэнтам трэба звярнуць ўвагу на тое, што прадумовы ўзнікнення класавага грамадства на тэрыторыі Беларусі адбываюцца крыху пазней, чым ў Шумерскай, Егіпецкай або Мінойскай цывілізацыі на востраве Крыт (адпаведна 5 тыс. да н.э., 4 тыс. да н.э., 2 тыс. да н.э.). Гэта звязана з уплывам шерагу фактараў. На думку расійскага гісторыка С.М. Салаўёва:“…три условия имеют особенное влияние на жизнь народа: природа страны, где он живет; природа племени, к которому он принадлежит; ход внешних событий, влияния, идущие от народов, которые его окружают” (Соловьев С.М. Сочинения в 18 книгах. Кн. 1. М., 1998. С.27). Працэс засялення тэрыторыі Беларусі ішоў складана. Прыкладна 16 тыс. год таму адбылося моцнае пахаладанне і чалавек пакінуў тэрыторыю Беларусі ў чарговы раз. Прыблізна 10 – 8 тыс. гадоў да н.э. закончыўся ледавіковы перыяд. Пераходзячы з месца на месца ва ўмовах адступлення ледавіка і пацяплення клімату, чалавек паступова рухаўся на поўнач. Ва ўмовах пахаладання і недахопу расліннай ежы ўсе больш часта ўжывалася ў ежу мяса. Інтэнсіўна асваіваюцца новыя тэрыторыі. У эпоху мезаліту адбылося поўнае засяленне чалавекам тэрыторыі Беларусі. Да гэтага часу ўжо было асвоена да 30% зямной паверхні. Паступова павялічваецца колькасць насельніцтва, якое пражывала на гэтай тэрыторыі. Па дадзеных беларускага гісторыка і археолага Э.М.Загарульскага, колькасць верхнепалеалітычнага насельніцтва на тэрыторыі Беларусі не перавышала сотню чалавек. У мезаліце насельніцтва, па дадзеных навукоўцаў, на гэтай тэрыторыі наўрад ці дасягала 1000 чалавек. Для параўнання: на Зямлі ў гэты час пражывала прыкладна 5 млн. чалавек. У неаліце агульная колькасць населніцтва Беларусі будзе складаць 27 – 36 тыс. чалавек. На тэрыторыі беларускага Падняпроўя гэтым часам датуецца больш 40 пасяленняў-стаянак, а ў Беларусі ўвогуле іх будзе каля 500. На кожнай стаянцы жыло ў сярэднім па 25 чалавек. Наогул к канцу ледавіковага перыяда (прыбл. 10 – 8 тыс. да н.э.) на Зямлі было ўсяго каля 10 млн чалавек. Да 4 тыс. да н.э. колькасць насельніцтва Зямлі, па меркаваннях розных аўтараў, вагалася ад 50 да 86 млн чалавек. Увогуле на працягу апошніх 10 тыс. год колькасць людхзей на зямлі вырасла з 10 млн прыкладна да 200 млн (2 тыс. год таму). (Гл. Общественные науки и современность 2001 № 2. С. 137 - 146). У перыяд распаду першабытна-абшчынных адносін і пераходу да класавага грамадства і ўтварэння дзяржавы, па дадзеных археолагаў, на тэрыторыі Беларусі ў 5 – 9 ст. н.э. узнікае 1500 гарадзішчаў і паселішчаў. Адпаведна павялічваецца колькасць насельніцтва.

Узнікае пытанне наконт часу засялення тэрыторыі Беларусі не проста насельніцтвам увогуле, а тым насельніцтвам, якое мы можам лічыць продкамі беларусаў. Паводле Я.Карскага (1860 – 1931гг.), выдатнага філолага-славіста, заснавальніка беларускага навуковага мовазнаўства і літаратуразнаўства, этнографа, акадэміка, аўтара славутай трохтомнай працы “Беларусы” (1903-1922гг.)– фактычнай энцыклапедыі беларусазнаўства, продкі беларусаў насялялі тэрыторыю паміж Прыпяццю, Дзвіной і Нёманам “спакон веку”, яшчэ ў неаліце, які прыпадае на час ад 7 тыс. год да 5 тыс. год да н.э. Адсюль выснова: працэс ўзнікнення і фарміравання беларускага этнасу пачаўся і адбыўся на тэрыторыі Беларусі. І такім чынам, беларусы адносяцца да аўтахтоннага (карэннага) насельніцтва, продкі якіх пражывалі тут спрадвеку. Менавіта Я. Карскі ў сваіх працах акрэсліў этнічныя межы беларускага народа, тэрыторыю, на якой ён пражывае спрадвеку, даў этнаграфічную карту Беларусі пачатку ХХ ст. Сходнае меркаванне выказваў па праблеме этнагенезу беларусаў М. Ермаловіч: “Мы прытрымліваемся той думкі, што ніякія перасяленні не маглі поўнасцю змяніць насельніцтва той ці іншай тэрыторыі, што пэўная частка яго захоўвалася і пасля змешвалася з прышлым. Гэта дае падставу лічыць ў той ці іншай ступені продкамі беларусаў усе плямены, якія жылі тут ў даіндаеўрапейскі перыяд” (Гл. Ермаловіч Старажытная Беларусь. Полацкі і Навагародскі перыяд. Мн., 1990. С. 16) Гэтыя плямены, так званыя тубыльцы – прабеларусы, па сведчанню археолагаў, нейдзе ў 4 тыс. да н.э. пачалі асвойваць земляробства.

У канцы неаліту склалася асаблівая культура, якую археолагі называюць паўночна-беларускай. Нагадаем, пад археалагічнай культурай разумеюць сукупнасць адначасовых археалагічных помнікаў – старажытных паселішчаў, магільнікаў, асобных знаходак, якія маюць агульныя характэрныя рысы і размешчаны на акрэсленай тэрыторыі. Носьбіты гэтай археалагічнай культуры жылі ў драўляных збудаваннях. У побыце ўжываліся рыбацкія кручкі, сякеры і долаты, драўляны посуд. Наносілі на гліняныя гаршкі складаныя, штампаваныя і наколатыя арнаменты, з рогу і дрэва выразалі статуэткі звяроў, птушак і людзей. Усё гэта - атрыбутыка тагачасных рэлігійных вераванняў. Пачаўся паступовы пераход да вытворчай гаспадаркі і жывёлагадоўлі. Адбыўся вялікі ў гісторыі чалавецтва гаспадарчы пераварот, які атрымаў назву неалітычнай рэвалюцыі. Можна сцвярджаць, што праз пэўны час справа дайшла да стварэння тутэйшай самабытнай цывілізацыі. Аднак ў 4 тыс. да н.э. распачаліся вялікія змены да горшага ў клімаце. Вялікія масы людзей з Сібіры, Центральнай Азіі былі вымушаны мігрыраваць на далекія адлегласці. Па дадзеных сучасных навукоўцаў США, Заходняй Еўропы 95% насельніцтва Еўропы мае дзесяць радаводаў па мужчынскай лініі. З іх два - больш старажытныя - з'явіліся з Паўночнай Азіі і ў перыяд палеаліту. Каля 3 тыс. да н.э. фіна-угорскія плямёны з-за Урала распачалі міграцыю ва Ўсходнюю Еўропу. Праз пэўны час мігранты дайшлі да Беларусі і засялілі яе. Частка прышэльцаў асіміліравалася сярод абарыгенаў, астатнія дайшлі да Балтыкі, засялілі Скандынавію. Фіна-угорцы пакінулі шмат тапанонімаў з гуказлучэннямі -ва, і -га: Масква, Мардва, Зэльва, Літва, Лотва, Дайнова, Волга. Тапонім нар-, напэўна, таксама фіна-угорскага паходжання: Нараўля, Нарач. Антрапалагічна яны дэманстравалі сходныя рысы з прадстаўнікамі мангалоіднай расы. Этнографы заўважаюць мангалоідныя рысы ў карэннага насельніцтва шэрагу рэгіёнаў Віцебскай вобласці і цэнтральназаходніх рэгіёнаў Беларусі.

Такім чынам, вызначыць этнічную прыналежнасць старажытнага насельніцтва на тэрыторыі Беларусі ў палеаліце, мезаліце і на працягу большай часткі неаліту немагчыма. Мовы гэтага насельніцтва невядомы. Пэўнае дачыненне да фарміравання тагачаснага насельніцтва ў Верхнім Падняпроўі і на ніжняй Прыпяці меў паўднёвы этнічны элемент. На поўначы Беларусі сваё адмысловае месца заняў фіна-угорскі кампанент. Данныя археалогіі і гідраніміі (старажытных назваў, рэк, азёр) даюць магчымасць вызначыць фіна-угорскую этнічную прыналежнасць некаторых груп мясцовага насельніцтва. Даіндаеўрапейскі перыяд фарміравання беларускага этнасу ўключае тубыльска-фінаўгорскія хвалі засялення Беларусі.

 

Аналізуючы пытанне “Бронзавы век. Рассяленне індаеўрапейцаў”, студэнты павінны звярнуць увагу на тое, што другі, індаеўрапейскі перыяд, этнічнай гісторыі Беларусі пачаўся ў бронзавым веку з часу рассялення на яе тэрыторыі індаеўрапейскіх плямен (ІІІ – ІІ тыс. да н.э. – да нашага часу). Індаўрапейцы – плямены і народы, якія размаўляюць на падобных мовах, што сведчыць пра іх роднасць, агульнае паходжанне. Вылучаюцца групы – моўныя сем'і: індыйская, іранская, славянская (балгары, беларусы, венеды, дулебы, кашубы, лужычане, македонцы, палякі, рускія, сербы, славакі, славенцы, украінцы, харваты, чэхі), германская, балцкая (галінды ці голядзь, дайноўцы, жамайты, куршы ці корсь, латгалы, латышы, літоўцы, прусы, ятвягі); раманская, кельцкая, а таксама албанцы, армяне, візантыйскія грэкі, тахары, хеты і інш (гл. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі ў 6 т. Т.3. Мн., 1996. С.485). Сваёй “прарадзімай” (хутчэй за ўсё Малой Азіі) у 3 тыс. – 1500 год да н.э. старажытныя індаеўрапейцы рассяліліся на Іранскім нагор'і ў Індастане, Сярэдней Азіі, у Прычарнамор'і і Еўропе. Індаеўрапейцаў аб'ядноўвае таксама пэўная агульнасць антрапалагічных тыпаў (фізічных рысаў), падабенства звычаяў і уяўленняў міфалогіі і пантэона. Менавіта ў хетаў – старажытнага народа індаеўрапейскага паходжання - упершыню з'явілася пісьменнасць (сяр. 2 тыс. да н.э.). У выніку ўласнага гістарычнага развіцяя і запазычанняў (субстратаў) з моў мясцовага насельніцтва паступова ўтварыліся групы і плямёны, мова якіх набыла адметныя асаблівасці. Распад адзінай праіндаеўрапейскай мовы цягнуўся тысячагоддзі. Як азначаў В. Сядоў, слушным з'яўляецца меркаванне археолагаў, лінгвістаў пра існаванне ў старажытнай Еўропе вялікай культурнай супольнасці, што аб'ядноўвала продкаў еўрапейскіх народаў. Археалагічным эквівалентам старажытнаеўрапейскай этнічнай супольнасці ёсць сярэднеўрапейская культурна-гістарычная супольнасць палёў пахаванняў позняга бронзавага перыяду і культура курганных пахаванняў, што папярэднічала ёй. Сярэднеўрапейская культурна-гістарычная супольнасць, як мяркуе В. Сядоў, непадзельна існавала да пачатку жалезнага веку (8 – 7стст. да н.э.), (гл. Сядоў В. Старажытнаеўрапейцы. // Спадчына, 1993, №6. С.2–6, 11-12).

Агульнапрынятай ў сусветнай навуцы з'яўляецца канцэпцыя аб індаеўрапейскім паходжанні большасці сучасных этнасаў Еўропы і Азіі, у тым ліку славянскіх.

У першапачатковай гісторыі індаеўрапейцаў яшчэ шмат нявысветленага. Спрэчкі навукоўцаў найбольш вядуцца вакол пошукаў іх першапачатковай лакалізацыі – аб “прарадзіме”, а таксама аб вызначэнні шляхоў часу і механізму распаўсюджавання індаеўрапейскіх дыялектаў і іх носьбітаў. Так або інакш чарговы дэмаграфічны выбух ў Цэнтральнай Азіі, змены ў клімаце выклікалі першую (з вядомых нам) вялікую міграцыю людзей, вялікае перасяленне народаў. Як вынік ў 3 тыс. да н.э. ў Еўропу прыйшлі індаеўрапейцы. Этнас пад гэтай умоўнай назвай узнік нейдзе ў Азіі, жыў у спрыяльных умовах, дасягнуў высокага да таго часу культурнага ўзроўня (гл. Лойка Л. Этнагенез беларусаў на фоне гісторыі і геапалітыкі // Беларуская мінуўшчына, 1997, №5. С. 28-32). Антрапалагічна індаеўрапейцы адносіліся да еўрапеоіднай расы. Яны змешваліся з мясцовым насельніцтвам і ўтваралі новыя этнасы.

Існуе некалькі канцэпцый прарадзімы індаеўрапейцаў. У 19 ст. панавала канцэпцыя еўрапейскай прарадзімы ў межах Паўночнай Германіі і Паўднёвай Скандынавіі. Яна была абгрунтавана нямецкімі вучонымі пад уплывам іх пангерманскіх настрояў. Гэта канцэпцыя, маючы расісцскую афарбоўку, была ўзята на ўзбраенне ў фашысцкай Германіі. Археалагічныя матэрыялы сведчаць, што ў Еўропе індаеўрапейскае насельніцтва рухалася з поўдня на поўнач, а не наадварот. У канцы 19 – пач. 20стст. шырокае распаўсюджванне атрымала балканская канцэпцыя. Былі прапанаваны і іншыя ідэі, якія разглядалі ў якасці прарадзімай еўрапейцаў поўдзень Усходняй Еўропы, значныя раёны Сібіры і г.д. У 70-х – 80-х гг. 20ст. савецкімі вучонымі Івановым В. і Гамкрэлідзе Г. прапанавана канцэпцыя пярэднеазіяцкай прарадзімы індаеўрапейцаў. У пачатку асваення Еўропы індаеўрапейцы верагодней за ўсё займалі прычарнаморскія і прыволжскія стэпы, куды яны трапілі з Паўднёвага Каўказа, Усходняй Анатоліі і Паўночнай Месапатаміі, дзе, магчыма, і знаходзілася ў 5 – 4 тыс. да н.э. іх прарадзіма (гл. Гісторыю Беларусі ў 6 тамах. Т.1. Мн., 2000. С.65.). Асноўная частка індаеўрапейцаў падчас новага этапа “вялікага перасялення народаў” павандравала далей ў Цэнтральную Еўропу, на Балканы, ў Грэцыю, Італію.

З рассяленнем індаўрапейцаў змяніўся не толькі этнічны склад насельніцтва Беларусі, але змянілася эпоха. Каменны век уступіў месца бронзаваму веку (3 – 2 тыс. да н.э. – 1 тыс. да н.э.). Бронзавы век на тэрыторыі Беларусі ахоплівае час ад першых стагоддзяў 2 тыс. да н.э. да 8 ст. да н.э. Гэта – эпоха ў гісторыі чалавецтва, калі ўзнікае і актыўна пашыраецца металургія, апрацоўка і выкарыстанне бронзы, што спрыяла асабліва паскоранаму развіццю грамадства, зрухам у гаспадарчай, сацыяльнай і духоўнай сферах жыцця. Плямёны індаеўрапейцаў займаліся жывёлагадоўляй, былі знаёмыя з земляробствам, валодалі вытворчасцю бронзы, карысталіся колавымі кібіткамі. У культурным развіцці індаеўрапейцы саступалі старажытным цывілізацыям Месапатаміі, Егіпта, Крыта, але аперажалі аўтахтоннае насельніцтва Еўропы. У вайсковых адносінах індаеўрапейцы, якія мелі коней і бронзавую зброю былі непераможнымі для сучаснікаў.

У Беларусі першыя металічныя вырабы пачынае выкарыстоўваць ў Верхнім Падняпроўі с пачатку 2 тыс. да н.э. насельніцтва сэрэднедняпроўскай культуры. Вядома каля 50 месцазнаходжанняў металічных вырабаў, якія адносяцца да бронзавага веку. Паколькі мясцовыя залежы руды адсутнічалі, вырабы з медзі і бронзы паступалі сюды з іншых тэрыторый. З усталяваннем культур ранняй бронзы вытвараючая гаспадарка (жывёлагадоўля і земляробства) на тэрыторыі Беларусі пачынае займаць вядучае становішча. Адсюль бурныя гаспадарчыя сацыяльныя і палітічныя пераўтварэнні. Ужо ў раннім перыяду бронзы вызначаецца вядучае месца мужчыны ў грамадстве, прыкметна выяўляюцца патрыярхальныя адносіны. У эпоху бронзы ў духоўным жыцці вялікае значэнне набываець культ агню, сонца, вады, жывёл, што абумоўлена, найперш, большай размераннасцю і рэгулярнасцю працы з яе сезонна-гаспадарчай цыклічнасцю. У бронзавым веку істотна меняюцца пахавальныя абрады, распаўсюджваецца звычай спальваць нябожчыкаў і насыпаць над пахаваннем курган. Абрад трупаспальвання быў складанай часткай культу агню, веры ў ачышчальную моц полымю. У бронзавым веку упрыгожванні, зробленыя з медзі і бронзы, паступова пачалі губляць магічны сэнс, ўсе больш набываючы эстэтычныя і сацыяльныя функцыі.

У межах індаеўрапейскага перыяду ў часы жалезнага веку вылучаецца як і ў даіндаеўрапейскім перыяду, дзве хвалі (два этапы) этнічнай гісторыі Беларусі. Першая хваля – балцкая (3 – 2 тыс. да н.э. – 4-5ст.н.э.). Другая хваля – славянская (4 ст. – да нашага часу).

 

Разглядаючы пытанне “Жалезны век. Балцкі і славянскі этапы этнічнай гісторыі Беларусі”, студэнты павінны, найперш, звярнуць увагу на то, што жалезны век (8 – 7стст. да н.э. па 4 ст. н.э.) есць заключны перыяд першабытнай гісторыі, і нямногія дасягненні адной эпохі змаглі ў такой ступені паскорыць прагрэс ва ўсіх сферах чалавечай дзейнасці як атрыманне і выкарыстанне жалеза. У Еўропе вытворчасць жалеза пачалася каля рубежа 2 – 1 тыс. да н.э. ў тым ліку на найбольш паўночных тэрыторыях - ў 9 – 8 стст. да н.э. Насельніцтва Беларусі авалодвала вытворчасцю прылад працы і зброі з жалеза амаль адначасова з многімі іншымі еўрапейскімі народамі. Асноўным тыпам паселішчаў на працягу амаль ўсёй эпохі жалеза сталі гарадзішчы. Старажытнае грамадства ў жалезным веку знаходзілася на стадыі разлажэння родавага ладу, узмацнення ролі асобных сем'яў і адасобленасцю рода-племянной знаці. Усе плямены, якія засялялі тэрыторыю Беларусі з самага пачатку жалезнага веку жылі ва ўмовах патрыархату. Эпоха жалезу характарызуецца складанымі этнакультурнымі працэсамі, якія выявіліся ў значных перамяшчэннях плямён, узаемадзеяннях розных этнічных груповак. Канец жалезнага веку і пачатак ранняга сярэдневечча (4 – 7стст.) вылучаецца ў асобны перыяд – эпоху Вялікага перасялення народаў. Гэты перыяд пачынаецца са з'яўлення ў Еўропе ў канцы 4 ст. азіяцкіх плямён гунаў (4 – 6 стст.) і авараў (6 ст.). Удзел у складаных працэсах фарміравання розных племенных і этнічных груповак, якія склалі ў значнай ступені аснову пазнейшых сярэдневечных народнасцей, брала і насельніцтва тэрыторыі Беларусі. Мяркуюць, што на кожным паселішчы гарадзішчаў пражывала адна патрыархальная сям'я колькасцю ў 50 – 70 чалавек. Зыходзячы з прыкладнай колькасці паселішчаў-гарадзішчаў на Беларусі ў канцы 1 тыс. да н.э. (800 - 1200) можна сцвярджаць, што насельніцтва нашага краю ў гэты перыяд складала прыблізна 50 – 70 тыс. чалавек, якое аб'ядноўвалася ў паўтысячы радоў (гл. Гісторыю Беларусі ў 6 тамах. Т.1. Мн., 2000. С.115.).

Некалькі радоў утваралі племя, а некалькі плямен - аб'яднанні плямён (саюзы). Працэс змянення сацыяльна – эканамічнага жыцця спачатку 1 тыс. н.э. звязаны з распадам патрыархальна-сямейнай абшчыны на малыя сем'і. Пераход у другой палове 1 тыс. н.э. ад родавай абшчыны да тэрытарыяльнай з'яўляецца адным з важнейшых момантаў у сацыяльна-структурных зменах насельніцтва Беларусі. Акрамя рэлігіі і міфалогіі духоўная культура ахоплівала першабытнае мастацтва, рацыянальныя веды, фальклор. Сучасный стан даследванняў дазваляе выдзеліць на тэрыторыі Беларусі каля 10 археалагічных культур (мілаградская, культура штрыхавой керамікі, днепра-дзвінская, паморская, зарубенецкая, вельбарская, кіеўская і інш.). У рамках індаеўрапескага перыяду этнічнай гісторыі Беларусі вылучаюцца балцкі і славянскі этапы (хвалі). Паводле этнічнай прынадлежнасці балцкім можна лічыць насельніцтва трох асноўных археалагічных культур Беларусі першай паловы 1 тыс. да н.э.: днепрадзвінскай, мілаградскай і культуры штрыхаванай керамікі. І толькі ў 5 – 6 стст. ў Заходнем Палессе з'яўляецца насельніцтва пражскай культуры, ў славянскай прыналежнасці якой навукоўцы не сумняваюцца. На падставе дадзеных гісторыі, мовазнаўства, эканомікі, археалогіі, антрапалогіі і іншых навук многія даследчыкі сцвярджаюць, што многія індаеўрапейцы, якія мігрыравалі на поўнач ў Сярэднюю і Паўночную Еўропу, далі пачатак балтам. Індаеўрапейскія плямены, якія мігрыравалі на захад і паўночны захад, асімілявалі мясцовае насельніцтва, ў выніку чаго ўтварылася славянская галіна індаеўрапейскіх народаў (гл. Новік Я.К. Марцуль Г.С. Гісторыя Беларусі ў 2 частках. Ч.1. Мн., 1998. С. 30).

Дык хто такія балты, якія першымі прышлі на тэрыторыю Беларусі і наконт якіх у сучасных даследчыкаў няма адзінай думкі наконт часу іх фармавання. Балты – група індаеўрапейскіх плямён і народаў, якія гавораць ці гаварылі на балтыйскіх мовах або іх дыялектах (літоўцы, латышы, прусы, ятвягі, земгалы, селы), (гл. Энцыклапедыю гісторыі Беларусі ў 6 т. Т.І. Мн., 1993. С.284). Упершыню тэрмін “балты” увёў нямецкі вучоны Нессельман Г.Ф. у 1845 годзе. Фарміраванне балтаў адбывалася ў эпоху неаліту (3 – 2 тыс. да н.э.). У 2 тыс. да н.э. адбылося трэцяе засяленне Беларусі балтамі. Інтэграцыя і ўзаемная асіміляція тубыльцаў, фінаў і балтаў на Беларусі доўжылася каля 2 тыс. год. На сёння даступныя навуцы матэрыялы даюць магчымасць разглядаць гісторыю балцкага засялення тэрыторыі Беларусі толькі з 7 – 6 стст. да н.э. У пісьмовых крыніцах балты ўпершыню згадваюцца Тацытам (1 ст. н.э.). Паводле данных тапанімікі і археалогіі на тэрыторыі Беларусі пражывалі продкі балцкіх плямён: літвы, лотвы, латыголы, ятвягаў і інш. Антрапалагічным субстратам балтаў паслужылі абарыгены каменнага веку, сярод якіх растварыліся папярэднія прышэльцы – фіна-угорцы. Балты асіміляваліся сярод іх, аднак захавалі для новага этнасу сваю больш развітую мову, больш высокую культуру. Новыя племянныя аб'яднанні былі тубыльска-фіна-балцкімі. Прыхільнікі балцкай канцэпцыі паходжання беларусаў (Сядоў В. і інш.) спасылаюцца, ў прыватнасці, на назвы беларускіх рэчак і азёраў балцкага паходжання (Арэса, Лань, Сна, Пула, Эса, Друць, Рэста і інш.). Яны сцвярджаюць, што пра балтаў як продкаў беларусаў сведчуць некаторыя элементы традыцыйна беларускай культуры і мовы (культ вужа, жаночы галаўны ўбор намітка, цвёрды -р- і інш.).

Сучаснымі антраполагамі даказана непасрэдная генетычная пераемнасць антрапалагічнага тыпу насельніцтва Беларусі на працягу як мінімум дзвюх тысячагоддзяў. Установлена адпаведнасць сучаснага генафонду беларусаў старажытнаму прабацькаўскаму. Вывучэнне матэрыялу па 12 асноўных генах паказала, што літоўскі этнас адрозніваецца ад беларускага на 2 гены. Рускі – на 3, украінскі – на 4, польскі – на 6 генаў. Гэта яскрава падцвярджае значнасць архаічнай балцкай асновы беларускага этнасу (гл. Гісторыю Беларусі ў 6 тамах. Т.1. Мн., 2000. С.323 - 324.). Тэрыторыю Беларусі балты, відаць, засялялі двойчы: першы раз – калі ішлі з поўдню, другі – калі адыходзілі ад Балтыйскага ўзбярэжжа, дзе іх было шмат. Паступовасць асваення тэрыторыі Беларусі балтамі мела вынікам тое, што яны захавалі значную частку фіна-угорскай тапанімікі на Беларусі. Магчыма, што балты ў 5 – 6 стст. былі напярэдадні ўтварэння сваей дзяржавы. Але гэты працэс быў перарваны масавым прыходам славян. У археолагаў няма адзінай думкі наконт існавання ваенна-палітычнай арганізацыі балтаў. Узаемадзеянне славян і балтаў, славянскай і балцкай культур з часу прыходу славян на тэрыторыі Беларусі, на думку шэрагу даследчыкаў (Сядоў В., Біч М., Ермаловіч М., Лойка Л.), у канчатковым выніку славянізацыя балтаў на тэрыторыі Падняпроўя, Падзвіння, Папрыпяцця і Панямоння ёсць канчатковы і вырашальны фактар утварэння беларускага этнасу і беларускай мовы. Прыблізна да перыяду 6 – 12 стст. адносіцца і ўзнікненне вялікарускага і украінскага этнасу на аснове славянізацыі іншых субстратаў. На тэрыторыі Беларусі асіміляцыя балтаў працягвалася да 12 – 13 стст. і пазней (гл. Энцыклапедыю гісторыі Беларусі ў 6 т. Т.І. Мн., 1993. С.84). На думку Ермаловіча М., падкрэсліваючы значэнне балцкага элемента ва ўтварэнні беларускага этнасу, мы адначасова не павінны і пераацэньваць яго, бо беларусы хутчэй за ўсё з'яўляюцца не збалтызаванымі славянамі, а аславянінымі балтамі.

Як ужо азначалася ў межах індаеўрапейскага перыяду, наступнай пасля балцкай была славянская хваля (этап) этнічнай гісторыі Беларусі, пачатак якой датуецца 4 ст. Дык хто такія славяне? Дзе знаходзілася іх прарадзіма? Калі пачалася і што ўяўляла сабой ранняя гісторыя славянскіх народаў? Якое паходжанне мае назва славян? На адказ на гэтае пытанне і павінны засяродзіць увагу студэнты. Славяне ёсць найбуйнейшая ў Еўропе група народаў, аб'яднаная блізкасцю моў і агульнасцю паходжання, якая размаўляе на мовах славянскай групы індаеўрапейскай сям'і. Славяне, напэўна, вылучыліся з індаеўрапейскага аб'яднання адначасова альбо крыху пазней за балтаў. Агульная колькасць славянскіх народаў каля 300 млн. чалавек (гл. Энцыклапедыю гісторыі Беларусі ў 6 т. Т.6 (1). Мн., 2001. С.330). Найбольш старажытныя гістарычныя звесткі пра славян - вядомых тады пад імем венедаў адносіцца да 1 – 2 ст. н.э.. Упершыню назва “славяне” ў пісьмовых помніках сустракаецца ў пач. 6 ст. (Пракопій, Іардан і інш.). Некаторыя археолагі лічаць праславянамі неўраў і скіфаў-земляробаў. Дарэчы, першае ўпамінанне аб насельніцтве, што пражывала на тэрыторыі сучаснай Беларусі, сустракаецца ў грэчаскага гісторыка Герадота (5 ст. да н.э.). Назва “неўры” была вядома і старажытна-рымскім гісторыкам і географам Пампонію Мела (1 ст н.э.) і Гаю Плінію Секунду (1 ст. н.э.). Яны размяшчалі неўраў у вярхоўяў Днястра і Дняпра. Назва “неўры” вядома і славянскім летапісам, ў якіх яны зазываюцца “норыкамі”, “нарцамі”. У “Аповесці мінулых гадоў” ёсць такі запіс: “Нарцы, еже суть словяне”. Мажліва нават, што слова “народ” утварылася ад зліцця слоў “нар” і “род”. Буйнейшае на Беларусі возера, як бачым невыпадкова, называецца Нарач, ёсць рэкі Нараў, Нарва, Нарэўка, Нурэц, гарадскі пасёлак Нараўля і г.д. Такія даследчыкі гісторыі славянства як Шафарык П., Нідэрле Л., Трацякоў П. адносілі неўраў да продкаў славян.

Этнонім “славяне” выводзіць ад слова “(г. зн. славяне – тыя, хто разумее мову, словы ў адрозненне ад “нямых” - немцаў)”. Ёсць меркаванне, што менавіта высяленцы з зямель называлі сябе сълывені (ад старажытнага сълы), што азначала сяліцца, высяляцца і слова веня. Паступова гэта словазлучэнне трансфармавалася ў сучаснае славяне (Філіповіч Я.). Па меркаванню расійскага даследчыка Артамонава В., магчыма, варажскае панаванне ўзурпававшых ўладу ў Ноўгарадзе і Кіеве на шляху “з вараг ў грэкі” у 8 – 9 стст. прывяло да таго, што варагі прадавалі славянскіх рабоў на рынках Заходняй Еўропы і арабскага Усходу, пасля чаго ў арабскую і ўсе заходнееўрапейскія мовы ад партугальскага да дацкага і швецкага ўвайшло слова “раб” ў агласоўцы сіклаб, слэйв, слаў, скляве, эскляў. У нямецкай мове слова раб (скляве - славянін) зафіксавана з 817, 859 і 918 гг. У французскай мове эскляў з'явілася ў 912 – 973гг.; у італьянскай - съява з'вілася з 878г. (Гл. Артамонаў В. Нацыянальны характар і гісторыя // Радуга, 1991 №1. С.30.).

Пытанне пра найстаражытнейшую “прарадзіму” славян застаецца дыскусійным. Гістарычны шлях ранніх славян, іх этнагенез на сенняшні дзень – белая пляма ў гісторыі. Паводле меркаванняў многіх археолагаў, старажытныя славяне як і германцы і балты былі нашчадкамі жывелагадоўча-земляробчых плямен, культуры шнуравой керамікі, што на мяжы 3 – 2 тыс. да н.э. з Паўночнага Прычарнамор'я і Прыкарпацця рассяліліся па Цэнтральнай, Паўночнай і Усходняй Еўропе. Даныя мовазнаўства, у тым ліку гідранімікі, звязваюць старажытных славян з тэрыторыяй ад Эльбы і Одэра на захадзе, у басейне Віслы, у верхнем Паднястроўі і да сярэдняга Падняпроўя на ўсходзе. Паўночнымі іх суседзямі былі германцы і балты. Як меркаваў вядомы славацкі вучоны П. Шафарык, аўтар фундаментальнага даследвання па гісторыі славян “Славянскія старажытнасці”, народнасць (племя), якую называлі славяне, была ў мінулыя часы на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Пазней частка гэтага народа перасялілася і дала назву славакам, славенцам і ільменскім славенам. У доказ сваіх разважанняў вучоны прывёў шматлікія геаграфічныя назвы, што бытуюць на Беларусі. Напрыклад, Слаўцы, Славены, Слывена, Славіск, Славенск. (населеныя пункты ў Мінскай, Магілёўскай, Смаленскай, Гродзенскай абласцях), рэкі Славечна, Славешынка, Славянскае возера ў Мінскай вобласці. (Гл. Чаропка В. Гісторыя нашага імя. Мн., 1995.). З гэтым меркаваннем П. Шафарыка пераклікаецца выснова Карскага Я., які лічыў Палессе прарадзімай славян ўвогуле.

У 2 – 4 стст. н.э. у выніку руху на поўдзень германскіх плямен (готаў, гіпідаў) цэласнасць тэрыторыі славян была парушана, што, верагодна, мела вялікае значэнне ў адасабленні славян заходніх і ўсходніх. У канцы 5 ст. пасля падзення дзяржавы гунаў пачалося прасоўванне славян на поўдзень (да Дуная, у Паўночна-заходняе Прычарнамо'е) і іх уварванне ў балканскія правінцыі Візантыйскай імперыі. Тады плямены славян падзяліліся на дзве групы: антаў і склавінаў. Барацьба славян з Візантыяй працягвалася на працягу ста год і закончылася засяленнем славянамі пачатку 7 ст. парэчча Дуная і часткі Балканскага паўвострава. Гэтым быў пакладзены пачатак трэцяй славянскай групе – паўдневаму славянству.

Славяне распадаліся на асобныя племянныя групоўкі: ўжо ў 6 ст. вядомы дулебы (і сёння пад Мінскам ёсць насельны пункт Дулебы). Пазней ў “Аповесці мінулых гадоў” названы ў тым ліку дрыгавічы, крывічы, радзімічы. Гісторыкі налічваюць на вялізных абшарах Усходняй Еўропы каля 15 усходнеславянскіх плямен. Дрыгавічы, крывічы, радзімічы склалі асноўны масіў славянства на Беларусі. Такім чынам, балцка-славянскі сімбіёз ва ўмовах Беларусі меў вынікам ўтварэнне прабеларускіх “народцаў” (дрыгавічоў, крывічоў, радзімічаў). Гэтыя даволі ўстойлівыя этнічныя супольнасці сфарміраваліся ў Верхнім Падняпроўі і Паддзвінні на тэрыторыі Беларусі ў 8 – 10стст. У аснове іх ляжалі не столькі родаплемянныя, колькі тэрытарыяльныя, эканамічныя і палітычныя сувязі. У этнаграфічных адносінах гэтыя супольнасці можна назваць пранароднасцямі. Адначасова яны былі і пачатковымі дзяржаўнымі ўтварэннямі тэрытарыяльна-палітычнага характару (племенныя саюзы). Уплыў балтаў надаў пэўную адметнасць гэтаму рэгіёну ўсходняга славянства, сказаўся і на знешнем абліччы многіх груп дрыгавічоў, радзімічаў і полацкіх крывічоў. Іх антрапалагічны тып сфарміраваўся ў выніку змешвання славян з балтамі. “Народцы”, што ўтварыліся ў выніку балцка-славянскага сімбіёзу (крывічы, радзімічы, дрыгавічы), нават на працягу 11 – 12стст. былі ўстойлівымі этнічнымі адзінкамі.

Доўгі час у навуцы існавала думка, што славяне ішлі на Беларусь толькі з поўдня. Але ўжо Карскі Я. заўважыў, што галоўная маса славянаў, якія склалі беларускі этнас, рушыла з поўдня (з Прыпяці і яе прытокаў) і Захаду. Па меркаванням Трубачова А., аб гэтым сведчыць назва “Белая Русь” (у старажытнай каляровай сімвалізацыі краін свету “белы” - заходні). Сучасны даследчык Штыхаў Г. вызначае тры перыяды славянскага засялення Беларусі, якія шчыльна связаны з этнагенетычнымі працэсамі, што адбываліся тут. Першы перыяд ахоплівае 6 – 7 стст. – пачатак масавага пранікнення славян на тэрыторыю Беларусі. Другі перыяд датуецца 8 – 9 стст., калі інтэнсіўна ішоў працэс славянізацыі балтаў. Трэці перыяд ахоплівае 10 – 11 стст., калі славяне становяцца асноўным насельніцтвам края. Увогуле славянізацыя балтаў, па меркаванню Штыхава, 7 – 8 стст да 13 ст. Лойка Л. зыходзіць с таго, што славянскае засяленне Беларусі мела некалькі этапаў. Першы – 400 – 200 год да н.э., калі плямены паморскай культуры асвоілі Палессе, другі – 3 – 5 стст н.э., калі славянскія землепраходцы прасочваліся на Беларусь па вадзе і сушы. Трэці – 6 ст. – час масавай эміграцыі славян з Польшчы ва Ўсходняю Беларусь (гл. Лойка Л. Этнагенез беларусаў на фоне гісторыі геапалітыкі // Беларуская мінуўшчына, 1997, №5. С.31.).

Так або інакш “вялікае перасяленне народаў” ў 3 – 8 стст. связана з дэмаграфічным ростам і канцэнтрацыяй шматлікіх славянскіх плямен на паўдневых і заходніх межах Беларусі. Нейдзе ў 5 – 6 стст наспеў час масавага засялення славянамі Беларусі.

 

Пры ўсёй складанасці і шмат варыянтнасці працэсаў этнагенезу, што працягваліся тысячагоддзі сучаснымі антраполагамі даказана непасрэдная генетычная пераемнасць антрапалагічнага тыпу насельніцтва Беларусі на працягу як мінімум двух тысячагоддзяў. Антраполагі зрабілі выснову: “Такім чынам шматгадовыя антрапагенетычныя і генагеаграфічныя даследванні вясковага насельніцтва на тэрыторыі Беларусі дазваляюць нам з вялікай упэўенасцю лічыць сучасных беларусаў прамымі нашчадкамі тутэйшага старажытнага насельніцтва. Фактычныя фарміраванні адаптыўнага тыпу хутчэй за ўсё адбываліся разам з эпахальнымі зменамі антрапалагічнага тыпу на працягу 100 – 150 пакаленняў, што доўжыць наша паходжанне ад палеаеўрапеоіднай расавай сукупнасці з часоў першанасельнікаў неаліту” (Мікуліч А.). Была даказана большая стабільнасць генфонду ў параўнанні з мовай і культурай. Такім чынам, фактычна ў вельмі старажытныя часы складваліся прадумовы фарміравання беларусаў (гл. Гісторыю Беларусі ў 6 тамах. Т.1. Мн., 2000. С.323 - 324.).

Тым самым адхіляецца як надуманая канцэпцыя аб існаванні ў 9 – 11 стст. адзінай цэнтралізаванай старажытнарускай дзяржавы, а ў 9 – 13 стст. – і адзінай старажытнарускай народнасці (сам тэрмін Кіеўская Русь - вытворнае расійскай гісторыяграфіі 19 ст.). Калі прыняць канцэпцыю аб індаеўрапейскам паходжанні беларусаў, рускіх, украінцаў, тады не застанецца месца да ідэі аб ўтварэнні на базе непасрэднага аб'яднання пляменаў адзінай старажытнарускай народнасці (“калыскі трох братніх народаў”). Ненавуковасць яе дастаткова і ясна выяўляецца ў тым, што яна ніяк не ўзгадняецца з агульна прынятай у сусветнай навуцы канцэпцыяй аб індаеўрапейскім паходжанні большасці сучасных этнасаў Еўропы і Азіі, у тым ліку славянскіх, у тым ліку беларускага этнасу. (гл. Біч М. Аб нацыянальнай канцэпцыі гісторыі гістарычнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь // Беларускі гістарычны часопіс, 1993, №1. С.18 – 19.).

 


Дата добавления: 2015-10-16; просмотров: 133 | Нарушение авторских прав


<== предыдущая страница | следующая страница ==>
Проходження стажування| Тип населения Российской Федерации, в связи с возрастной структурой

mybiblioteka.su - 2015-2024 год. (0.015 сек.)