|
Мінск, 29.08.2011
Вясна
Вясна, сустракай закаханых –
Яны адмаўляюць гора!
Хай снег пераўтворыцца ў мора –
Вясна, сустракай закаханых!
Ад багнаў і да барханаў,
Ад безданяў і да зораў,
Вясна, сустракай закаханых –
Яны адмаўляюць гора!
Мінск, 25.02.2012
Чатыры страфы пра каханне
І.
Часта губляю свядомасць. Спазняюся. Сплю.
Сецівам болей жыву, чым хімфакам і Мінскам.
Гэй, Чараўніца Нябыту! Кахаю. Люблю.
Хутка прыеду. Не плач. Не хвалюйся. Я блізка.
Мінск, 27.10.2013
ІІ.
Шляхі майго лірычнага героя —
Мае шляхі ў люстэрку з крышталя:
Нібыта фатаграфія здаля,
А зблізу застаецца толькі мроя.
Мінск, 27.10.2013
ІІІ.
Твой погляд знаёмствам назваць, а знаёмства — каханнем,
Кахання адбітак на зорку ператварыць.
А потым, як згасне навечна раптоўнае ззянне,
Да новага погляду ўпарта вучыцца жыць.
Мінск, 27.10.2013
IV.
Калі не верыць у наканаванне —
Бы патанаеш, страціўшы зямлю.
Таму цябе, Выпадак, я малю,
Каб падарыў чарговае спатканне.
Мінск, 27.10.2013
Трыялет VІІІ. Сакавіцкае пісьмо
Сакавіцкае пісьмо –
Гэта ўлётка пра каханне,
Бо не можа быць сур’ёзным
Сакавіцкае пісьмо.
Ўсё ружовае яно,
А канверт блішчыць і ззяе:
Сакавіцкае пісьмо –
Гэта ўлётка пра каханне.
28.02.2010, Мінск
Сярэдзіна лета
Паміж пяскоў украінскай зямлі,
Над хвалямі сінеючага мора
Каханне шмат ужо людзей знайшлі;
Я ж і дасюль свайго не збыўся гора...
Хоць прыгажунь пабачыў вельмі шмат
За тыдзень тут, у штосьці нават верыў,
Але дарма! Не зможа ні адна
Мне адказаць, забыўшыся на меру...
У Мінску заляцанні плён не мелі,
Як быццам час яшчэ не надышоў.,
І веснавыя мроі ўсе згарэлі,
А новых я дагэтуль не знайшоў.
Мінае час, і незваротна лета
Кладзецца ў гмах, што робіцца санетам.
Мікалаеўка, 15.07.2009
ІІІ. Мінскія мары
Антысталічнае
Імжыць сняжком: амаль мінула восень,
На тыдзень памыліўся каляндар,
Бо першы снег, напэўна, снежня дар,
Не лістапада. Сэрца зараз просіць
Яшчэ шпарчэй ад Мінску ад'язджаць –
Бо мегаполіс надта надакучыў:
Ці ты на Захадзе, ці ты ў Уруччы,
Ці ў Серабранцы; толькі існаваць –
Не жыць – ты можаш: тэмп занадта хуткі,
Бясконца шпаркім быць жа немагчыма,
Бо забіваецца менталітэт айчынны
Такім быццём: заўжды быў вельмі чуткім
І добрым беларус – а там абцасам
У ныркі могуць пхнуць: «Ты не да часу!»
ст. Талачын, 28.10.2010
Пра помнікі, пра праўду і ману
За праўду забіваюць, бы за зло,
Хлуслівасць ухваляецца грамадствам,
І нельга да памылак дакранацца:
За праўду забіваюць, бы за зло.
Ствараецца цяпер такое тло –
Ля помнікаў не можам сустракацца!
За праўду забіваюць, бы за зло,
Хлуслівасць ухваляецца грамадствам...
Мінск, 25.03.2011
Дажджы
Дождж ліе, як заўжды.
Кроплі
Зноў руйнуюць масты
Воплем
Жанчыны без парасону,
Хутка
Яе сустрэне муж сонны
(Чутка
Пра ейны гнюсны падман
Марна
Знікае, як акіян
Хмарны
Пральецца з неба – і ўсё...)
Побыт – як хоку Басё.
Мінск, 19.07.2011
Дождж
Неспадзеўкі юрлівымі кроплямі
Лашчыць
Мой парасон,
Імгненна рукою схоплены.
Горад у сон
Занураецца трохі пазней,
Чым вёска.
Пялёсткам
Вераснёвай тугі
Злятае лістота з бярозы –
Дзяўчо,
Што свае не шкадуе слёзы.
Дождж
Не падставіць паэту плячо,
Бо ён просты
У сваёй стыхіі –
Не раўнуючы Полацкая Сафія.
Мінск, 28.09.2011
Культурны адпачынак
Мінская спёка не можа доўжыцца
Вечна – не ёсць натуральным станам
Гэта. Кроплі паціху множацца
І раптам абрынуцца бесперастаннай
Залевай на горад вячэрнім часам.
Маланкі вынайшлі д’яблаўскі грукат,
Вецер ляціць з парасонам разам,
Рэкламны бігборд ападае глуха...
Ратуе тралейбус ад хмары няветлівай.
Аўтобус, трамвай, – прапазіцый процьма!
“Метро далёка” – падказваеш здзекліва.
Адбітак часу – маршрут трыццаць восьмы:
Вось тут Хадановіч дапісваў лімерыкі,
А там працаваў невядомы графітчык,
Вось гэты кампосцер прывезлі з Амерыкі,
Там нейкі рабочы згубіў аблічча...
Выйдзем жа! Пашыбуем да “Перамогі”,
Каб паслухаць вершы унука Брыля.
Ты хутка будзеш у стане знямогі...
Што здарыцца потым – не бачна здаля.
Мінск, 21.07.2011
Свята пазнання
Хтосьці пранізліва любіць сваё мінулае,
Нехта стварае бягучыя справы і дзеі,
Часам асобы да зменаў жаданых найчулыя...
Я ж – летапісец гадоў нешматлікіх Ліцэя.
Першыя крокі вучнёўскія у Серабранцы,
У дзевяностых здабыты будынак зялёны,
Іва – як сімвал, што лёгка шуміць на палянцы...
Словы – з усіх успамінаў фрагмент улюбёны:
Цёплыя словы сустрэчы і развітання,
Новыя словы як частка вучобы плённай,
Палкія словы бязлітаснага чакання...
Свята пазнання павіннае быць штодзённым.
Петравац, 14.08.2011
Дзве траціны
Штомесяц я маю ў кішэні рублёў мільён.
На справы і стравы разыдзецца хутка ён.
Надыдзе наступны кароткі прамежак часу –
Паўторыцца цыкл, бясконцы, бы стадыён.
Штотыдзень старанна пішу не адзін канспект,
А потым выходжу, раптам, на чысты праспект!
З асадкай і сшыткам знаходжуся я сам-насам,
Бо нейкі фізічны натоўп – апошні аспект.
Штодзень пачынаю з душу, каб позна скончыць
Падзей чараду, нібыта сабака гончы,
Каб вуліц паболей адзначыць сваім абцасам,
Каб голас гучаў мой – насмешлівы барытончык.
Цыклічныя з’явы бязлітасна назаляюць,
Навіны занадта ўжо многа паўтораў маюць...
Шукаю, здаецца, чарговы малюнак ласы,
Ды дзве траціны душы на жалейцы граюць.
Мінск, 13.02.2012
Навальніца
Грыміць уначы навальніца,
А вецер на Поўнач нясе
Ўвесь бруд, што сабрала сталіца
За зіму й вясну пакрысе.
Грыміць, адзначаючы травень
І лета, што будзе вось-вось.
Хай зранку раскрыюцца ставень
Дзясяткі, бо холаду – дось!
Грыміць барабанам між гмахаў.
Сціхае бязлітасны альт...
Дык жыцьме жа, браце, без страху,
Пачаўшы трохмесячны баль!
Ратамка-Мінск, 26.02.2012
ІV. Пецярбургскія мары
Пятага снежня
Снег нарэшце лятае ў паветры,
У марознай прасторы зімы.
Ён схавае зямлю; адпаведны
Крок з пачуцццямі зробім і мы.
Ці згадаеш цяпер дзень далёкі,
Што мінуў, а пасля яго – год?
Чую толькі птушыныя клёкі,
Бачу толькі адсутнасць прыгод...
Адчуваю – ў суботу сарвуся,
Уратую няіснае штось...
Дзесьці ў выраі лётае бусел,
Кантынент перасекшы наскрозь.
Не на поўдні – на поўначы шчасця
Дачакацца я мару цяпер.
Раскрываю ўсе вокны зноў насцеж...
Трэба ласкаю дзейнічаць. Вер.
Мінск, 05.12.2012
Другога сакавіка
Поўня. Віцебскі вакзал.
Набліжаецца світанне.
Праваруч – чакання зал.
Дзве хвіліны да спаткання.
“Так” – атрыманы адказ.
У тралейбус неадкладна!
Ціха рухаецца час,
Сонца свеціцца панадна.
У кватэры: “Шмат людзей...
Мост паліць пакуль зарана”.
Толькі асцярожнасць дзе?
Абдымаемся аддана.
Дотык цяжка супыніць,
Але час вяртацца ў горад...
Адзін раз звязаўшы ніць,
Назаўжды знішчаеш гора.
Санкт-Пецярбург, 02.03.2013
Айчынны пах
Дадатак атруты ці лекі? – вось
Пытанне, паўсталае пазаўчора.
Амаль што для ўсіх – выпадковы госць,
Які завітаў у паўночны горад.
Хаваецца праўда пад коўдрай сноў,
На снежных абшарах сусветнай сеткі.
Сустрэнемся ўлетку дакладна. Слоў
Не трэба – крый Божа, пачуюць сведкі...
З далёкай дарогі застаўся шлях
Праз Оршу наўпрост да сталіцы роднай.
І дым цеплавозу – айчынны пах –
Здаецца патрэбным і неабходным.
Віцебск, 04.03.2013
21 сакавіка
Надыходзіць дзень, што даўжэй за ноч,
Дзень адзіны для ўсёй планеты,
Калі лета люстрам – у сотнях воч,
Аўстралійцы ж страчаюць лета.
Вераснёвым ранкам зваротны стан
Напаткае Зямлю знянацку:
Для паловы свету – сцюдзёны пан,
А палова святло намацвае.
Над краінай гойна лунае дыск,
Што ўжо хутка на рэкі гурбы
Пераробіць снегу – бо граць на біс
Зюзя ўмее занадта груба.
Чэрвень чырванню заблішчыць. Тады
Ад зялёных палёў і гоняў
Панясе на поўнач цягнік – туды,
Дзе багністы лес – нібы ўлонне,
Нібы срэбра, бялее чужая ноч,
Палымнеюць ад шчасця сэрцы...
Да абранае мэты аддана кроч,
Не блукаючы ў паняверцы!
Адыходзіць ноч, што даўжэй за дзень,
Адыходзіць з зімою разам.
Разам з ёю знікае апошні цень
Перамогі альбо паразы.
Сакавіцкі вечар наўпросты шлях
Асвятляе промнем вясновым:
Удвая слабее ранейшы жах,
Удвая ўзмацняецца
Слова.
Мінск, 21.03.2013
Узорамі літар
Катаванне адсутнасцю блізкага сэрца
Нам прызначана лёсам і часам.
Што мне рытмы – адажыа, фортэ ды мецца –
Калі зноўку з сабою сам-насам?
Ты таксама, як я, выбудоўваеш гмахі
Нечаканых падзей і варункаў:
Міражы-краявіды, прыемныя пахі,
Ды найболей у творах – стасункаў.
Ці паспеем свае патаемныя мары
Мы прадставіць на суд паспаліты?..
Да апошняга ўздыху, нібыта Ікары,
Будзем рушыць узорамі літар.
Баранавічы, 31.03.2013
V. Мары памяці.
Памяці Мікалая Іванавіча
Зіхоткім промнем свецяцца бярозы
Сярод ялін у вечаровы час,
Рыпяць квактухі ўпарта і цвяроза,
Каровы йдуць павольна праз калгас,
А ў супрацьлеглым накірунку – поле
І два шляхі, дзе труса бачыў я
Зусім раптоўна. Пасвіцца на волі!..
Між імі – помнік. Тут труна чыя?
Спадар Гуран быў лесніком мясцовым.
Аднойчы ў снежні ён ішоў кудысь,
І раптам – браканьер, што стрэліў першым…
Мінула восем год. Бялеюць словы
На мармуры між жыта, як калісь…
Сумленне будзе вечна жыць. У вершы.
17 чэрвеня 2012, Масцішча
Памяці Яўгена Пляшэвіча
Між старых хацін і між новых
(Дзе – дванацаць паверхаў, дзе – дваццаць)
Можа час сам з сабой з’яднацца,
Каб прывіду зрабіць прамову:
“Да зялёных прыкуты сценаў,
Хоць памёр я ў кватэры роднай,
Да мясціны зусім нямоднай –
Тут быў дом, тут была мне сцэна,
Тут настаўнікі, тут сяброўкі
І сябры, тут пісаў я вершы...
Быў апошнім тут, быў і першым,
Ды – хвароба... Канец гаворкі!”
Знік паміж абшарпаных сценаў,
Быццам частка самотных дахаў...
...Так, бяз пафасу і бяз страху,
Жыў Пляшэвіч той – летуценна...
Мінск, 4.02.2012, каля сцяны
(Маякоўскага, 96)
VІ. Падарожныя мары
Жытнёвая ніва
Па-над нівай жытнёвай, сярод каласоў
Васілёк расквітае блакітны.
І ў мінулым было так, і будзе ізноў
Да пары, калі рапкам адбіткі
Сонца знікнуць, і цемра сыдзе на зямлю.
Праз мільярды гадоў гэта будзе,
А пакуль мы жывем: ціха птушкі пяюць,
І з'яўляюцца новыя людзі...
Як заўжды, кола часу ідзе і ідзе:
Неабходнасць ізноў падымае людзей
На жніво, на будзённую працу.
І на досвітку першым ідзе ў грамадзе
Камбайнёр (хлопец год дзесьці з дваццаць),
А апошнім – дзяржынскі «дарадца».
Масцішча, 10.07.2010
Прывіды Крэўскага замка
Жартаўлівасць недарэчных недамроеных прывідаў –
Як выснова з існавання паўзабытых даляглядаў,
З эканомікі краіны і духоўнага распаду –
Жартаўлівасць недарэчных недамроеных прывідаў.
На будынак не аднойчы хтось з мясцовых вока кідаў –
Ды дарма, бо не прыйшоў ён з выканкамам да спагады.
Жартаўлівасць недарэчных недамроеных прывідаў –
Як выснова з існавання паўзабытых даляглядаў.
Мінск, 11.10.2011
Уладар на гадзіну
Добрай раніцы, апошні герой!
Віктар Цой
Добрай раніцы, апошні герой
Апошняй нядзелі твайго лістапада.
Ты ў гэтым лесе бадай што свой,
Табе і належыць у ім улада.
Пакуль да світання гадзіна ёсць
І спяць сябрукі, што спявалі ўчора,
Сябе можаш клікаць ты «ягамосць»,
«Ахоўнік агню», «валадар пячоры».
У гэтае цемры свае правы,
Твая сфера ўплыву – сярод намётаў,
Бутэлек, і дрэў, і сухой травы.
Чакае шчэ безліч падобных злётаў
Турыстаў – цябе. Барані ж крывы
Смвой шлях, пагатоў, ад калючых дротаў.
Лес паміж ст. Зялёнае і ст. Крыжоўка, 27.11.2011
Ратунак ад холаду
Зіма надышла са спазненнем, нібы аўтобус,
Мяцеліца снег рассыпае, хавае горад
Пад покрывам бела-пухнатым. Магутны волат –
Прырода – стварыла такі разнастайны глобус,
Што можна з зімы кіравацца наўпрост у лета,
Гадзіны за тры ці чатыры на Поўдзень трапіць,
Зусім адмыслова марозы свае прагапіць,
Вярнуцца, каб сонейкам лютаўскім быць сагрэтым.
У спробах таннейшым зрабіць штодзённы побыт
Не варта з рахунку спісаць, забыцца цалкам
На шанец патрапіць далёка, каб промні палка
Свяцілі – бо мне даспадобы падобны вопыт.
Калі існуюць на такія вандроўкі зніжкі –
Чароўны Егіпет не будзе малюнкам з кніжкі.
У самалёце Масква-Хургада, 17.01.2012
Санет дагары нагамі
Здалеўша з глебы на прастор прабіцца,
Карал расце, схаваны пад вадой,
Не знаецца з няўдачай і нудой,
Будуе ўласным целам камяніцу.
Вакол яго пануе цеплыня
У студзені, сакавіку да жніўні,
І рыбы праплываюць тым актыўней,
Чым час бліжэй да двух гадзінаў дня.
Калі ж падняцца ўмэнт на сотню метраў –
Пабачыш, як ляціць па волі ветру
Адвечны пыл (яго цяпер знайшлі),
Як грае штось музыка ў стылі рэтра...
Не ўбачыш аднаго хіба: раллі
Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі.
Чырвонае мора каля Хургады (у падводнай частцы карабля), 21.01.2012
Сакавік на Палессі
Ля гомельска-брэсцкай чыгункі –
Бясконцасць бялюткіх палёў,
Наводдаль – лясы, побач – стрункі
Нацягнутых дротаў, галлё
Нязначных самотных бярозак,
Дубы з ручаямі наўсцяж,
На рэйках – цягнік, бы заноза,
Наверсе – схаваны кірмаш...
Ніводнае вёскі не бачна
І птушак чамусьці няма
У гэтым палескім куточку.
Кіруйма на захад жа! Матч нам
Прызначаны там не дарма –
Чаму б не паехаць на ночку?
Цягнік Мінск-Лунінец-Брэст, 31.03.2012
Сабачая праца
Ведаеш, хлусы з саюзаў ды партыяў –
Бы немаўляты, калі параўнаць
Іхныя крокі і нашыя ўпартыя
Спробы прайсці праз пякельную гаць.
Нас падманулі – цынічна, бязлітасна.
Падзарабіць здагадаешся, як:
Гэта няцяжка, калі давязлі да сна
Ўсіх пасажыраў. Калі не лайдак –
З кожнай бялізны, гарбаты ці кавы
Маеш рублі – ад пяці да паўста.
Час прабаўляеш у спрэчках цікавых?
Піва? Хай п'юць, каб народ не паўстаў.
Спіш тры гадзіны – і так пару месяцаў,
Хтосьці спрабуе яшчэ заляцацца...
Нават у верш адчуванні не ўмесцяцца,
Толькі два словы – сабачая праца.
ст. Старамінск а я, 28.07.2012
(падчас працы правадніком на цягніку 349/350 Расійскіх чыгунак)
VІI. Цыклічныя мары
Цыкл «Творца»
І. Маладому творцы
Своечасова запісвай уражанні
Ад перажытага, іх занатоўвай
І карыстайся для гэтага мовай
Продкаў сваіх – гэта самае важнае!
Мінск, 16.10.2010
ІІ. Крыніца натхнення
Іншым часам натхняюць такія рэчы,
Пра якія інакш ты б не стаў пісаць
Больш ніколі – хіба толькі ў гэты вечар,
Больш ніколі. Хвіліны цяпер шукаць
Вельмі проста – але немагчыма тлумачыць
Тыя рэчы, што трэба самому пражыць,
Тыя рэчы, накшталт дзіцячага плачу,
Што паэт па-свойму павінен любіць.
Мінск, 17.10.2010
ІІІ. Шлях творцы
Паэт распальвае агмень
У сэрцы кожнага, што чуе;
Ягоны заклік, як прамень,
Ману і змрок ушчэнт руйнуе;
Паэт расхіствае сцяну,
Узведзеную злым жаданнем;
Цагліны тыя на труну
Аддасць – і з'едзе у выгнанне.
Пакуль жа ён патрэбны тут,
На злосна згвалчанай Радзіме,
Рыхтуе свой галоўны ўдар...
Шлях творцы – гэта шлях пакут,
Шлях здзекаў, кпінаў шлях, бо з імі
Ён будзе ведаць вартасць мар.
Мінск, 06.04.2011
Цыкл «На чатыры бакі».
I. Заходнік
Прагматыкам заўжды было прасцей
Жыццёвы шлях напоўніць процьмай грошай,
Рамантыкі з пакутамі часцей
Змагаліся – і гінулі пад ношай...
Вось мелі камуністы план заўжды:
«Збудуем Горад Сонца для нашчадкаў!»
І што? Сышлі геройскія гады,
Прыйшлі часы бандыцкага парадку...
Радзіму я шаную і люблю,
Гатовы б за яе жыцця пазбыцца,
І Бога кожны дзень цяпер малю:
«О, дай хоць на хвіліначку зрабіцца
Мне птушкай – прывітанне хоць дашлю
З Амерыкі – да роднае крыніцы!»
ІІ. Японафіл
Усход заўжды прывабліваў мяне
Нашмат мацней, чым Захад і Расія.
Ў свядомасці маёй заўжды насіў я
Імкненне прачынацца шчэ раней,
Чым масквічы і жыхары Уралу,
Імкненне жыць і бачыць вышыню
Гор гімалайскіх, неба глыбіню
Блакітную. Мне Беларусі мала...
Мы адышлі ад свету, ад прагрэсу,
Ў адрозненне ад «тыграў азіяцкіх»,
І толькі гукі песень заліхвацкіх
Нагадваюць пра страту інтарэсаў...
Чым згінуць у віхуры, у агоніі,
Прасцей змяняць Радзіму на Японію.
III. Рамантык
Тут холадна, тут моташна і ёдка,
А я заўжды імкнуўся да прыгодаў.
Мой сябар, пра Алжыр узнікла плётка?
Нам трэба спраўдзіць гэтую нагоду!
Ня страшна, што заўжды пануе спёка
Ў пустэльні, занядбанае вякамі;
Ня страшна нат, што Афрыка далёка –
Бо робім шчасце ўласнымі рукамі!
Нічога, што пануюць тэрарысты
У месцы той паўднёвай авантуры –
Я быў і застаюся аптымістам,
Фанатам афрыканскае культуры.
Калі заб'е мяне дурная куля,
На могілках свой зладзіць спеў зязюля.
IV. Даследчык
Мне цікава, як жыць у халодную ноч,
Мне цікава, як сонца ўзыходзіць,
А нікога няма – пуста, колькі ні кроч,
Ані бульба, ні жыта ня ўродзіць...
Што казаць, адзінота – адхланне маё,
Бо з людзьмі цяжка весці стасункі.
Я з дзяцінства любіў беларускіх лясоў
Чысціню, ненавідзеў ласункі...
Я – даследчык. Прыроду жахлівых умоў
Адкрывае паўночнае зорнае неба,
І адсутнасць жыцця, бессэнсоўнасць прамоў,
І пад снегам схаваная глеба...
Каб без енку і жалю ўсё гэта сцярпець,
Трэба ў сэрцы нялюдскую сілу займець.
Студзень-ліпень 2011, Мінск-Ліўе-Слабада-Мінск
VIІІ. Смешныя мары
Пяцікутнік
— Я кінуў манету. Упала «арлом» —
Сягоння ўсё ж здзейсню жыцця пералом! —
Так думаў паэт (яго А абазначым,
Каб справу усю чытачам растлумачыць).
— Адкажа мне В, скажа «так» мне ці «не» —
І зробіцца справа нарэшце ясней...
Нагода апоўдні з'явілася ўсё ж:
Застаўся паэт парты мыць (з ім яшчэ
Чатыры персоны: B, C, D i E).
Тры хлопца – C, D (і паэт, анягож),
Дзяўчаты – E, B (сябравалі здаўна)
І трус кабінетны (трусіха — «яна»).
Памылі мы парты хвілінак за дваццаць
(Менш чым напалову, тут і сумнявацца
Зусім бессэнсоўна). Да Е праз хвіліну
Стаў ласціцца D (прыціскацца да спіны).
Няшчасная – ў крык: «Што ты робіш са мной?!
Навошта мяне абдымаеш пры ўсіх?!
Перш ласціцца чым, думай ты галавой!»
...А кожны глядач, нібы мышка, прыціх.
Яна прамаўляла: «Мужчыны – казлы!
Ўсім дзетак наробяць, а потым яны
Зусім ні пры чым! А жанчынам – расціць,
І век працаваць, каб дзіця накарміць.
Вось А – выключэнне! Кахае ён В,
Хаця не гаворыць. А D да кабет
Чапляецца ўпарта! Прашу я адстаць!
У А навучыся, сябе як трымаць!»
Тут D не ўцярпеў і звярнуўся да Е:
— Скажы мне, няўжо ты не здолееш мне
Быць добраю жонкай? Пры ўсіх абвяшчаю,
Што толькі цябе сапраўды я кахаю!
— Джульетта й Рамэа? — дзяўчына другая
Смяялася, быццам з аповеда Фрая.
— Жадаю таксама каханне пабачыць.
Пан А, вы мне можаце даць справаздачу?
Паэт увасобіў уласную мару:
Ліст з вершам аддаў, В яго прачытала...
Нібы ліхтары, загарэліся вочы
У ёй, скок – да Е... Моц абдымкаў дзявочых!
***
Засталіся C разам з D без здабычы,
А А гэты дзень для паэмы пазычыў.
Мінск-Масцішча, красавік 2009 — люты 2013
Цвярозы розум
— Што з таго, што даляраў у банках няма?
Што з таго, што ўздымаюцца цэны?
Што з таго, што крэдыты растрацім дарма?
Не фатальны зусім вырак гэны.
Каб мяняцца – патрэбна адвагу набыць,
Рыхтавацца да поўнай галечы.
Каб застацца – не трэба нічога, бо жыць
Можна й так, пагарджаючы нечым:
Паспяхова збіраць ураджай на палёх,
Спажываць традыцыйныя стравы,
Адзначаць, што не даў нам вайны пане Бог,
І забыцца на мінскія справы...
— Гэй, вясковы разумнік, вось ты мне скажы:
Як патрапіць далей беларускай мяжы?
Масцішча, 22.08.2011
Байка пра грошы
У крывіцкім гарадзішчы
Тузін соцень год таму
Князь быў Ігар: войскам знішчыў
Што магчыма (баламут!)
Ён паехаў – мінакам жа
Трэба хаты аднаўляць!
Тут старэйшы з іх і кажа:
«Будзем грошы вырабляць!»
— Грошы?! Скуль мы возьмем срэбра –
Ігар скраў усё, што мог!
— Дый ня трэба! Бачыш рэбры?
— Бачу! — Добра! Тут і рог
(Не адзін!), і проста косці...
— Што з таго? Іх сабекошт
Нулявы! — Прыедуць госці –
Забяспечым іх! — А то ж!
Як сказалі – так зрабілі...
«Грошы» гандляры ўзялі
(Мо таму, што надта пілі
Шмат?) і рэчы аддалі.
Паглядзеў на гэта Ігар:
«Во даюць! Чым горшы я?»
І стварыў для гандлю «Лігу»:
«Вашы грошы – горшыя!»
А кітайцы і з паперы
Сталі грошы вырабляць...
Вось такі падман без меры
Нам прыйшлося заснаваць!
Шмат даляраў, што ў кішэні
(Бо – «сусветны эталон»!),
Насамрэч, каштуюць меней,
Чым падроблены кулон.
Масцішча, 17.04.2011
Лясная байка
Тое, што навідавоку,
Быццам бы не існуе:
Да агменю дваццаць крокаў –
Звычка ўбачыць не дае!
І блукаеш, лічыш дрэвы,
Цягнеш дровы ў нікуды –
Лесуны, шайтаны, дэвы
Горш, чым плёткі ды суды!
Дваццаць першае стагоддзе,
А бадзяешся, як звер,
Бо дагэтуль у прыродзе
Шчэ пануе недавер.
Крочыш трасай невядомай?
Звыклых назваў больш няма:
Там – “Дубкі” і “Вёска Т о май”,
Тут – “Высокае”, “Карм а ”...
Сувязь ледзь уратавала:
Здагадаўся чалавек...
...Як жа ведаем замала
Пра Радзіму – проста здзек!
Гараджанін ганарыцца
Цвёрдым веданнем шляхоў,
Ды не здолеў бы прыжыцца
Ён у лесе, пагатоў!
Мінск, 14.01.2012
Байка пра праезд
Дзень правёў у плённых дзеях,
Трапіў на жывы канцэрт,
Мо таму й займеў надзею
Адпачыць дарогай... Зжэр
Усялякую магчымасць
У паўзмроку падрамаць
Крык раптоўна-беспрычынны:
«Грошы! Хутка, вашу маць,
Аплаці праезд, не тое...»
«Я з пасведчаннем жыву
Інвалідным, вось...» «Вось тое?
Трэцяй групы? Ха! Парву
Я тваю паперку зараз,
Бо закон даўно такі:
Першай ці другой – пашана-с,
Вы ж, папросту, – лайдакі!»
Не сцярпеў бядак: «Ды як жа?
Хто такое ўсталяваў?
Майце гонар, бо сваяк...» «Ша!
Гэць з салону, задзяўбаў!»
Ён пакрочыў, я таксама,
Хоць даехаць мог усё ж:
Лепш не чуць, не бачыць хама,
Чым хавацца, анягож!
Так бе з логікі вядзецца
Чынавенскіх справаў спрэс:
Кожны да нябёсаў мкнецца...
Дзе – народны інтарэс?!
Мінск, 03.02.2012
Ахвяры сельскай гаспадаркі
Тузінам тузінаў – мурашы
Супраць мяне вырушваюць:
“Помста чакае! Не варушы
Покрыва непарушнага!”
Хай пустазелле знікне ўшчэнт
З гэтымі вось гарэзамі!
Больш дыхлафосу, яшчэ, яшчэ –
Рэчыва целы крэмзае!
Збеглі? Жалеза цяпер чарга.
Вынішчу ўсе карэньчыкі.
Чэрвень падорыць дурніцы, а
Жнівень прымусіць енчыць іх.
4 жніўня 2013, Масцішча
Развітальнае
Я сыду па-англійску: няветліва, незаўважна,
Назнарок пакідаючы ўсё, што калісьці займеў,
Без увагі. Імгненна. Дазвання. Хіба толькі спеў
У паветры зазначыць: «Ты маеш надзеі? Няважна!»
Я сыду назаўсёды, як двойчы рабіў у жыцці,
Толькі гэты мой выклік каханню – папраўдзе апошні.
Не зачэпіць больш сэрца яно. Сноп не зрушыцца з пожні.
Са згарэлага рысу ніколі не зварыш куцці.
Я сыду ў накірунку такім жа, нібыта нябёсы
Над краінаю нашай у цёплы і сонечны дзень.
Выбачай, калі ласка. Ты маеш цяпер толькі цень.
Пашкадуй і схавай у шуфляду – да іншых дзівосаў.
Мінск, 08.06.2012
Дата добавления: 2015-07-11; просмотров: 77 | Нарушение авторских прав
<== предыдущая страница | | | следующая страница ==> |
Популярные, но непродуктивные подходы | | | Марья Славкина |