|
Анатацыя— сціслая, кароткая характарыстыка кнігі (артыкула ці зборніка), яе зместу і прызначэння. У анатацыі пералічаюцца галоўныя пытанні, праблемы першакрыніцы, часам даецца характарыстыка яе структуры, кампазіцыі. Як правіла, анатацыя складаецца з простых сказаў. Яна мае дзве абавязковыя часткі:
1) характарыстыка зместу першакрыніцы, мэты аўтара;
2) адрасат анатуемага тэксту.
Акрамя названых частак, могуць прысутнічаць і факультатыўныя часткі, у якіх падаюцца звесткі пра ілюстрацыйны матэрыял, які змешчаны ў тэксце.
Анатацыя павінна даць уяўленне пра:
- характар арыгінала (навуковы артыкул, тэхнічнае апісанне, навукова-папулярная кніга);
- будову арыгінала (якія пытанні і ў якой паслядоўнасці разбіраюцца, да якіх вывадаў прыходзіць аўтар);
- прызначэнне арыгінала (на каго разлічаны, які аб’ём, якасць выканання, актуальнасць, абгрунтаванне, вывады) [8, с. 17 — 18].
Прывядзём прыклад анатацыі:
Кароткая граматыка беларускай мовы. У 2 ч. Ч. 1. Фаналогія. Марфаналогія. Марфалогія / навук. рэд. А.А.Лукашанец. — Мн.: Беларус. навука, 2007.
Граматыка падрыхтавана з улікам моўнай практыкі і тых тэндэнцый, што праявіліся ў сістэме беларускай мовы ў апошнія два дзесяцігоддзі, а таксама вопыту раней выдадзеных акадэмічных граматык беларускай мовы. Мае нарматыўную накіраванасць, адлюстроўвае стан норм літаратурнай мовы канца ХХ — пачатку ХХІ ст., варыянтнасць словазмянення.
Разлічана на спецыялістаў-мовазнаўцаў, выкладчыкаў і студэнтаў ВНУ, настаўнікаў, усіх, хто карыстаецца беларускай мовай.
Такім чынам, анатацыя не раскрывае зместу навуковай крыніцы, а толькі інфармуе пра наяўнасць навуковай крыніцы пэўнага зместу і характару. Яна дапамагае чытачу скласці папярэдняе ўяўленне пра незнаёмую для яго навуковую публікацыю і тым самым дапамагае ў пошуку, адборы і сістэматызацыі неабходнай інфармацыі. Анатацыя нагадвае сабой вельмі кароткі з усіх магчымых пераход галоўнага зместу першаснага дакумента, які складзены ў выніку кампрэсіі тэксту арыгінала і ў некалькіх радках дае ўяўленне пра яго тэматыку.
Сярэдні аб’ём індыкатыўнай анатацыі — 30—40 слоў (3—4 сказы). Інфарматыўная, або апісальная, анатацыя ўключае ад 3 да 10 сказаў (ад 60 да 100 слоў). Анатацыя, якая сумуе тэматычны змест тэксту, можа быць вельмі кароткай і складацца з аднаго-двух сказаў (бібліятэчная картка).
Анатацыя нагадвае сабой кароткую даведку зместу зыходнага тэксту, пішацца з пазіцыі аўтара, які крытычна пераасэнсоўвае матэрыял, абагульняе і сціскае яго як бы «звонку» ад трэцяй асобы. Тэкст анатацыі складаецца пераважна з назыўных сказаў у традыцыйнай стылістыцы. Разам з агульнай характарыстыкай анатацыя можа ўключаць некаторыя дадатковыя звесткі пра крыніцу і яе аўтара. Анатацыя дазваляе меркаваць пра характар працы, яе каштоўнасць.
Анатацыя — складанае камплекснае ўменне, пры якім выконваюцца наступныя аперацыі: пошук і вычляненне галоўнай інфармацыі, абагульненне інфармацыі, аргументацыя. Пры анатаванні не патрабуецца такога дакладнага разумення тэксту і вычлянення ўсіх галоўных палажэнняў зместу крыніцы, як пры рэферыраванні, адсутнічае тоеснасць паміж тэкстам арыгінала (у яго істотных палажэннях) і тэкстам анатацыі.
Характэрнай асаблівасцю зместу анатацыі з’яўляецца тое, што ў ёй абавязкова ўказваецца, што новага нясе навуковая крыніца, якая анатуецца, у параўнанні з іншымі, блізкімі да яе тэматыкай і мэтавым прызначэннем; чым адрозніваецца гэтае выданне ад папярэдніх. Каб вылучыць з навуковай крыніцы асноўную і новую інфармацыю, а таксама сфармуляваць і правільна аформіць яе ў жанр анатацыі, неабходна мець як дастатковыя веды ў адпаведнай галіне, так і сфарміраваныя уменні ў складанні анатацыі.
Лексічныя сродкі для напісання анатацыі [8, с. 19 — 20]:
- структура тэксту: артыкул называецца; прысвечаны; у артыкуле (кнізе) разглядаецца…; у кнізе выкладзены…; у артыкуле падаюцца…; аўтар закранае праблемы…; мэта артыкула — паказаць… і інш.;
- кампазіцыя: кніга складаецца з …глаў (…частак)…; артыкул падзяляецца на …часткі і інш.;
- агульная характарыстыка зместу: у артыкуле разглядаецца пытанне (гаворыцца; даследуецца; паказваецца; робіцца спроба даказаць; адзначаецца важнасць; звяртаецца ўвага; даюцца новыя звесткі; разглядаюцца дыскусійныя пытанні; даказана) і інш.;
- спасылка на аўтраскае выказванне: аўтар гаворыць (аналізуе; характарызуе; разглядае; указвае; адзначае; даказвае; параўноўвае; супрацьпастаўляе; падкрэслівае; апісвае);
- праблематыка: у кнізе (артыкуле) закранаюцца, разглядаецца, асвятляецца…; аўтар спыняецца на разглядзе…; закранаюцца наступныя праблемы… і інш.;
- паказ асобных палажэнняў: аўтар прыводзіць прыклад (цытату; факты; звесткі);
- вывад, заключэнне: аўтар прыходзіць да вываду (да заключэння, да думкі, робіць вывад, заключэнне); у выніку…; у заключэнне гаворыцца;
- значэнне: зборнік разлічаны…; артыкул адрасаваны (для каго; рэкамендаваны каму)…; адрасуецца студэнтам, аспірантам, разлічаны на шырокае кола чытачоў і інш.
Паміж рэфератам і анатацыяй існуюць пэўныя адрозненні:
- у рэфераце інфармацыя выкладаецца з пазіцый аўтара арыгінала без ацэнкі рэферэнтам выкладаемага, у анатацыі — фармулёўкамі рэферэнта;
- рэферат знаёміць чытача з асноўнымі пытаннямі, праблемамі і інш., дае адказ на пытанне, менавіта якаяінфармацыя змяшчаецца ў тэксце, што новае, істотнае змяшчае першасны дакумент, анатацыя ж толькі павярхоўна дае ўяўленне, аб чым гаворыцца ў арыгінале, яго сціслую характарыстыку (звычайна ў выглядзе пераліку асноўных праблем), аблягчае пошук неабходнай інфармацыі;
- рэферат будуецца на аснове ключавых фрагментаў тэксту, анатацыя ж пішацца сваімі словамі [6, с. 58].
Дата добавления: 2015-11-26; просмотров: 318 | Нарушение авторских прав