Студопедия
Случайная страница | ТОМ-1 | ТОМ-2 | ТОМ-3
АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатика
ИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханика
ОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторика
СоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансы
ХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника

Паняцце тэрміна. Тэрміналогія. Адрозненне тэрміна ад слова

Читайте также:
  1. II.2. Краткий словарь философских понятий по курсу философии и методологии научного знания
  2. V. УчеБНЫЙ СЛОВАРЬ ДИСЦИПЛИНЫ
  3. VI. Выберите подходящие по смыслу слова и вставьте в пропуски. Подчеркните их.
  4. VI. ГЛОССАРИЙ / УчеБНЫЙ СЛОВАРЬ ДИСЦИПЛИНЫ
  5. VII. УЧЕБНЫЙ СЛОВАРЬ дисциплины
  6. We wrote the words at the last lesson. Мы записали слова еще на прошлом уроке.
  7. А) Правове становище Закарпаття у складі Чехословаччини

Тэрмін (ад лац. terminus — граніца, мяжа) — спецыяльнае слова ці словазлучэнне, створанае для дакладнага выражэння спецыяльных паняццяў і абазначэння спецыяльных прадметаў. Кожнае слова-тэрмін мае дакладнае вызначэнне, зафіксаванае ў спецыяльных навуковых даследаваннях ці тэрміналагічных слоўніках. Тэрміны і прафесіяналізмы даюцца ў тлумачальных слоўніках з паметай «спецыяльнае», зрэдку ўказваецца сфера прымянення таго ці іншага тэрміна: фіз., мед., мат. і інш. Кожная галіна ведаў мае сваю тэрміналагічную сістэму.

Тэрміналагічная лексіка, як ніякая іншая, інфарматыўная. Таму ў мове навукі тэрміны незамяняльныя, бо дазваляюць коратка і максімальна дакладна сфармуляваць думку.

Асаблівасцю нашага часу стала распаўсюджанне тэрмінаў за межы навуковых прац, што дае падставы гаварыць пра тэрміналагізацыю нашага маўлення. Многія словы, што маюць тэрміналагічнае значэнне, атрымалі шырокае распаўсюджанне, напрыклад: сайт, інтэрнэт, перпендыкуляр, квадрат і інш.

Тэрмін абазначае пэўнае паняцце якой-небудзь спецыяльнай галіны навукі, тэхнікі ці мастацтва. Паняцце ўводзіцца для апісання навуковага ўяўлення аб канкрэтным аб’екце або працэсе. Сутнасць яго заўсёды выражаецца ў канчатковай назве — тэрміне. Тэрмін можа быць простым, які складаецца з аднаго слова (рынак, банк), або складаным, які ўключае два і болей слоў (доўгатэрміновая пазыка, валавы прадукт). Тэрміны, якія складаюцца з некалькіх слоў, могуць мець абрэвіятуру (скарачэнне), напрыклад, унутраны валавы прадукт — УВП, нацыяльны валавы прадукт — НВП, цэнтральная нервовая сістэма — ЦНС і інш.

Адрозніваюць тэрміны агульназразумелыя і вузкаспецыяльныя. Значэнне агульназразумелыхтэрмінаў вядома і неспецыялісту, яны ўваходзяць у лексiку агульнанароднай мовы: галосны, зычны, дыягназ, аспiрын, кiслата, кiсларод, атам, метад, электрон ды інш. Найперш гэта агульнанавуковыя тэрміны, якія выкарыстоўваюцца ў розных галінах навукі і належаць навуковаму стылю мовы ў цэлым: эксперымент, адэкватны, эквівалент, прагназаваць, гіпатэтычны, прагрэсіраваць, рэакцыя і г. д. Гэтыя тэрміны ўтвараюць паняційны фонд розных навук і характарызуюцца найбольшай частотнасцю ўжывання.

Вузкаспецыяльныя тэрміны замацаваны за пэўнымі навуковымі дысцыплінамі, галінамі вытворчасці і тэхнікі, напрыклад, у лінгвістыцы дзейнік, фанема, морф, мадальнасць; у медыцыне міёма, сінусіт, гідракалікоз і інш.

Раздзел мовазнаўства, які вывучае даную сістэму тэрмінаў, іх граматычную арганізацыю і законы функцыянавання называецца тэрміналогіяй. Акрамя гэтага значэння, тэрміналогія — гэта і сістэма тэрмінаў якой-небудзь галіны навукі, тэхнікі, культуры, якія называюць спецыяльныя аб’екты і выражаюць спецыяльныя прафесійныя паняцці. Iснуe тэрмiналогiя лiнгвiстычная, медыцынская, тэхнiчная, філасофская, педагагiчная, псiхалагiчная, астранамiчная і iнш. Для кожнай навукі, тaкiм чынам, iснуе менавіта свой штучна створаны набор лексічных адзiнак, выкарыстанне якога абмежавана той цi iншай навуковай галiной.

Узаемадзеянне тэрмiна i агульнаўжывальнай лексiкi адбываецца ў выглядзе двух працэсаў — працэсу тэрмiналагiзацыi i працэсу дэтэрміналагiзацыi (тэрмiн пачынае ўжывацца па-за межамi вузкай спецыяльнай сферы i набывае агульналiтаратурны статус). Напрыклад, слова рэйтынг спачатку ўжывалася як спартыўны тэрмiн, зараз шырокавыкарыстоўваецца ў агульнанароднай мове.

Tэрміны адрознiваюцца ад агульналiтаратурных слоў цэлым шэрагам асаблiвасцей. Сярод тaкix спецыфiчных рыс вылучаюць:

1; сістэмнасць,г. зн. што кожны тэрмiн з’яўляецца адзiнкай пэўнай тэрміналагiчнай сiстэмы, якая абмежавана адной галiной нaвyкi. Таму сваю сутнасць тэрмiны выяўляюць толькi ў межах адной сiстэмы. Напрыклад, адназначнасць тэрмiнаў падкрэслiваецца мeнaвiтa праз прыналежнасць да адпаведнай сiстэмы. Параўнайце: слова элiпс у мовазнаўстве абазначае пропуск у маўленнi слоў ці словазлучэнняў, зразумелых з кантэксту ці з канкрэтнай сітуацыi, а элiпс у матэматы-
цы — замкнёная крывая, якая мае такую уласцiвасць, што сума адлегласцей кожнай яе кропкi ад дзвюх дадзеных кропак (фокусаў) застаецца пастаяннай;

2) наяўнасць дэфiнiцыi (азначэння).Калі звычайнае слова можа быць растлумачана, то сутнасць тэрмiна павiнна быць вызначана;

3) імкненне да адназначнасцiў межах сваёй тэрмiналагiчнай cic­тэмы. Кожны тэрмін павiнен абазначаць толькi адно паняцце ў навуцы цi тэхнiцы, а кожнаму паняццю павiнен адпавядаць толькi адзiн тэрмiн (напрыклад, лiтаратуразнаўчыя тэрмiны: рыфма, ямб; лiнгвiстычныя: сінонім, антонім, дзеяслоў, аказiяналiзм). Імкненне да адназначнасці з’яўляецца абавязковай умовай існавання тэрміна, і, адпаведна, ідэальны тэрмін адназначны. У той жа час тэрміналогія не ізаляваная ад агульналітаратурнай мовы і ў ёй маюць месца тыя працэсы, якія адбываюцца ў мове. Пры рэальным функцыянаванні тэрміна ў мове закон адназначнасці парушаецца, і гэта знаходзіць сваё выражэнне ў такой з’яве, як мнагазначнасць тэрміна (напрыклад, абзац — адступленне ўправа ў пачатку радка i частка тэксту памiж тaкiмi адступленнямi; словаўтварэнне — утварэнне новых слоў i раздзел мовазнаўства, якi вывучае марфемную структуру слоў i спосабы ix утварэння). Ці, напрыклад, марфалогія ў лінгвістыцы — сукупнасць форм слоў у мове, а таксама раздзел граматыкі, які вывучае формы слоў і ў біялогіі — будова і форма арганізмаў, рэчываў як аб’ект навуковага вывучэння (марфалогія жывёл, глебы).

Мнагазначнасць з’яўляецца істотным недахопам тэрміна, бо перашкаджае правільнаму разуменню сутнасці навуковых з’яў, якія абазначаны адным і тым самым тэрмінам;

4)адсутнасць экспрэсii. Навуковы стыль характарызуецца яснасцю выказвання, дакладнасцю ў вызначэнні паняццяў, таму вобразнае ўжыванне слоў не ўласціва навуковаму стылю. Нават тэрмiны, якiя ўзнiкаюць на аснове вобразнага пераасэнсавання паняцця, губляюць экспрэсiўна-эмацыянальную афарбоўку: нос (мыс), рукаў (paкi), складкi (гор), чырвоны радок, гарлачык жоўты, хвосцiк (батан.) i інш.

У навуковай мове тэрміны не могуць несці эмацыйнай афарбоўкі. Таму ў якасці тэрмінаў не выкарыстоўваюць формы слоў, утвораныя з дапамогай суфіксаў, якім уласціва памяншальнае ці грубае значэнне. Словы, утвораныя ад аднакаранёвых формаў з дапамогай суфіксаў, у навуковай лексіцы ўяўляюць сабою самастойныя тэрміны, якія адпавядаюць розным паняццям: корань і карнявішча, вока і вочка. У батаніцы галоўка — гэта не маленькая галава, а форма простага суквецця, у анатоміі жалудачак — не маленькі жалудак (страўнік), а аддзел сэрца, з якога кроў паступае ў крывяноснае русла.

Такім чынам, стаўшы тэрмінам, слова губляе сувязь са словам, ад якога яно ўтварылася, і становіцца адзінкай тэрміналогіі.

Значны пласт тэрміналагічнай лексікі складаюць тэрміны-інтэрнацыяналізмы—словы або спалучэнні слоў, пашыраныя ў многіх няроднасных мовах і агульнапрынятыя ў міжнароднай тэрміналогіі, якія супадаюць па сваёй знешняй форме і лексічным значэнні (Internet (Інтэрнэт), Word, ноўтбук, паскаль, камп’ютэр, ват і інш.). Шматлікія навуковыя тэрміны не з’яўляюцца «чыстымі» інтэрнацыяналізмамі, а маюць у складзе інтэрнацыянальныя словаўтваральныя элементы тыпу: а-, астра-, мікра-, бія-, дэ-, лог-, ультра-, супер- і інш., напрыклад, апазіцыя, астраномія, мікраструктура, біясфера, дэмантаж, марфалогія, ультрагук, суперфасфат і інш.

 

 

2.2 Асаблівасці словаўтварэння беларускай тэрміналогіі (прадуктыўныя спосабы і сродкі)

 

Да ліку найбольш прадуктыўных спосабаў утварэння тэрмінаў адносяцца наступныя:

1.Лексіка-семантычны спосаб — спосаб, пры якім шляхам пераасэнсавання агульналітаратурныя словы набываюць новае тэрміналагічнае значэнне: калена — сустаў, які злучае бярдовую і галёначную косці; месца згібу нагі (мед.); у музычным творы: асобная частка, закончаны матыў (муз.); барабан — ударны, мембранны музычны інструмент у выглядзе шырокага цыліндра, верх і ніз якога абцягнуты скурай (муз.); цыліндрычная частка будынка, якая падтрымлівае купал.

2.Сінтаксічны спосаб — спосаб утварэння тэрмінаў шляхам рознага тыпу спалучэнняў: прыметнік + назоўнік, назоўнік + назоўнік і назоўнік + прыметнік + назоўнік: рыначная эканоміка, рыначныя адносіны, балансавая рэнтабельнасць, патэнцыяльная энергія, якасць прадукцыі, доўгатэрміновыя эканамічныя нарматывы і інш.

3.Суфіксальны(у тым ліку нульсуфіксальны) спосаб:

- ад уласных імёнаў і назваў з дапамогай суфіксаў -ізм- (-ызм-),
-эізм-, -янств- (-іянств-), -ій (-ый), -іт-, -еўск- (-ск-), -ўств-, -ав-
(Канфуцый — канфуцыянства, Хрыстос — хрысціянства, Талстой — талстоўства);

- для абазначэння працэсаў — суфіксы -нн-, -енн-, -энн-, -онн- (узнаўленне, даследаванне, утварэнне, самакіраванне і інш.), для абазначэння прадметнасці — суфікс -к- (гаспадарка, наладка), суфікс
-нік- (карыстальнік, прадпрымальнік);

- пры дапамозе нулявога суфікса для ўтварэння аддзеяслоўных назоўнікаў (актыў, выпуск, дагавор);

- пры дапамозе інтэрнацыянальных суфіксаў -ізм-, -ізафікацы-(я), -фікацы-(я), -іст-, -аж-, -ацы-(я) і інш. (пратэкцыянізм, інвентарызацыя, арбітраж, эканаміст).

4.Прэфіксальны спосаб (прыставачны спосаб):

- пры дапамозе інтэрнацыянальных прэфіксаў: ультра-, экстра-, супер-, інтэр-, анты- і інш. (ультрагук, экстраардынарны, інтэрпаляцыя);

- пры дапамозе ўласнабеларускіх прэфіксаў без-, проці-, звыш-,
не-, у-, ва-, за-, ад-,
якія часта служаць і для ўтварэння тэрмінаў-антонімаў (звышпрыбытак, процідзеянне, наяўны разлік — безнаяўны разлік, вытворчы — пазавытворчы, нармаваны час — ненармаваны час).

5. Прэфіксальна-суфіксальны спосаб характэрны адначасовым далучэннем да асновы прыстаўкі і суфікса (міжбанкаўскі, нерэнтабельнасць).

6. Аснова- і словаскладанне:

- пры дапамозе грэка-лацінскіх і інтэрнацыянальных элементаў: -граф, -графія, -лог, -логія, макра-, мікра-, -фон, бія-, аэра-, астра-, -мер, -трон, аўта-, -фон, -стат, электра-, авія-, метр-, відэа- і інш. (аўтабіяграфія, храналогія, мікраэканоміка, макраэканоміка);

- пры дапамозе ўласнабеларускіх асноў (платаздольнасць, самаакупнасць).

7. Складанасуфіксальны — асноваскладанне з адначасовым далучэннем суфіксаў: шматразовы, самакіраванне, аднатыпны і інш.

8. Абрэвіятурны спосаб — утварэнне складанаскарочаных слоў шляхам складання назваў першых літар або гукаў некалькіх слоў, цэлага слова і назваў першых літар або гукаў некалькіх слоў, спалучэннем частак слоў або цэлага слова і часткі, цэлага слова і назваў першых літар астатніх слоў, а таксама некаторых іншых спалучэнняў: НТП (навукова-тэхнічны прагрэс), НВП (нацыянальны валавы прадукт) і інш.

 

 

2.3 З гісторыі беларускай навуковай тэрміналогіі [6, с. 7—14]

 

Узнікненне і фарміраванне беларускай тэрміналогіі — працяглы і перарывісты працэс. Розныя фактары, як адмоўныя, так і станоўчыя, на працягу стагоддзяў уплывалі на яе развіццё. Так, у XIV—XVI стст. фарміраванню беларускай тэрміналогіі садзейнічалі наступныя абставіны. Па-першае, з другой паловы XIV ст. пісьмовая мова, якая склалася да таго часу на тэрыторыі Беларусі і Украіны, стала дзяржаўнай у Вялікім княстве Літоўскім. Гэта акалічнасць спрыяла ўсебаковаму развіццю старабеларускай мовы, фарміраванню яе асноўных стыляў, у тым ліку і навуковага. Па-другое, у першай палове XVI ст. ўзнікла, а к сярэдзіне XVI ст. на Беларусі атрымала шырокае распаўсюджанне кнігадрукаванне, якое ў пэўнай ступені станоўча паўплывала на выпрацоўку лексічных норм, пашырэнне слоўніка, замацаванне новых паняццяў у моўнай практыцы.

У ХІV—ХVІ стст. найбольш развітымі галінамі тэрміналогіі былі тыя, якія абслугоўвалі гаспадарчую, грамадскую і навуковую сферы жыцця беларускага народа (грамадска-палітычная, гандлёвая, сельскагаспадарчая, прамысловая, ваенная тэрміналогія, а таксама тэрміналогія мовазнаўства, астраноміі, матэматыкі і інш.). Аднак праца па фарміраванні і уніфікацыі тэрміналогіі як самастойны від тэрміналагічнай дзейнасці ў старабеларускай мове не вялася (такое заключэнне можна зрабіць па тых помніках старабеларускай мовы, якія захаваліся), хоць сінанімічныя замены тэрмінаў, глосы, «прыточнікі» і слоўнікі таго часу, безумоўна, выконвалі таксама, і функцыі ўнармавання і уніфікацыі тэрміналогіі.

К канцу XVI ст. сувязі з тым, што Беларусь у выніку Люблінскай уніі аказалася ў складзе Рэчы Паспалітай, пачынаецца актыўны працэс паланізацыі беларускага і ўкраінскага насельніцтва Вялікага княства Літоўскага. Беларуская мова паступова страчвае сваю поўнафункцыянальнасць, выцясняецца з афіцыйнай сферы польскай і лацінскай мовамі.

Забарона беларускай мовы Варшаўскім сеймам у 1696 г. і негатыўныя адносіны да яе царскага ўрада Расіі выклікалі больш чым стогадовы разрыў паміж пісьмовымі традыцыямі старабеларускай і сучаснай беларускай мовы ў ХVІІ—ХVШ стст., адмоўна ўздзейнічалі на пераемнасць натуральнага фарміравання тэрміналагічнай лексікі, бо замацаванне навуковых тэрмінаў адбываецца перш за ўсё ў працэсе іх ужывання ў друкаваных выданнях. Лексікаграфічная і ўласна тэрміналагічная праца ў такіх сацыяльных умовах наогул не магла быць арганізавана.

Уласна тэрміналагічная праца пачала праводзіцца праз навуковыя і навукова-папулярныя публікацыі ў паслякастрычніцкі час. Гэтыя публікацыі садзейнічалі ўкараненню навуковай тэрміналогіі ў дадзены перыяд і дапамагалі далейшаму станаўленню беларускай літаратурнай мовы, а таксама развіццю ўсіх яе стыляў.

У распрацоўку тэрміналогіі разнастайных галін ведаў значны ўклад унеслі народныя пісьменнікі Беларусі Янка Купала і Якуб Колас. Вялікую работу ў галіне тэрміналогіі правялі ў 20-я гг. XX ст. навукоўцы, якія былі складальнікамі адпаведных выпускаў тэрміналагічных зборнікаў, а таксама прымалі актыўны ўдзел у абмеркаванні прынцыпаў стварэння тэрміналогіі для беларускай нацыянальнай сярэдняй і вышэйшай школы.

Асновы беларускай нацыянальнай тэрміналогіі былі закладзены ў 20-я гг. XX ст. Так, у 1919 г. створаны Беларускі школьны савет, які разглядаў і распрацоўваў асноўныя тэрміны для беларускай пачатковай школы. У 1921 г. была арганізавана Навукова-тэрміналагічная камісія, на базе якой у пачатку 1922 г. быў заснаваны Інстытут беларускай культуры, у складзе якога тры галіновыя тэрміналагічныя камісіі працавалі над стварэннем беларускай нацыянальнай тэрміналогіі па розных галінах ведаў.

Усяго на працягу 20-х гг. было выдадзена больш двух дзесяткаў тэрміналагічных руска-беларускіх (беларуска-рускіх) слоўнікаў. Так, у 1923 г. выходзіць чацвёрты выпуск Беларускай навуковай тэрміналогіі, дзе быў надрукаваны слоўнік тэрмінаў логікі і псіхалогіі.

Аднак не ўсе выдадзеныя слоўнікі аказаліся аднолькава каштоўнымі, і нават лепшыя з іх мелі тыя або іншыя недахопы як у падборы матэрыялу, так і ў яго падачы.

Стваральнікі беларускай тэрміналогіі ў аснову фарміравання тэрміналагічнай лексікі паклалі прынцып арыентацыі на ўнутрымоўныя структурна-семантычныя магчымасці беларускай мовы. Яна фарміравалася наступнымі шляхамі:

1. Увядзенне ў склад той ці іншай тэрміналогіі агульнаўжывальных слоў: лад, стан (тэрміны мовазнаўства), астача, велічыня (тэрміны матэматыкі) і г. д.

2. Утварэнне шматлікіх неалагізмаў: нізкавокасць (блізарукасць), выклічча (выклічнік) і інш.

3. Выкарыстанне дыялектных слоў: лужны (шчолачны), аблуда (памылковая думка) і інш.

Практыка паказала, што прынцып арыентацыі на ўласныя моўныя рэсурсы нярэдка перарастаў у прынцып выключнага выкарыстання гэтых рэсурсаў, у выніку чаго ў склад тэрміналогіі ўводзіліся вузкадыялектныя словы: глыза (глыба); прапаноўваліся няўдалыя пераклады тэрмінаў інтэрнацыянальнага характару і ім аддавалася перавага: бязболле (амнезія), здань (галюцынацыя), нячуласць (анастэзія); ствараліся штучныя неалагізмы: развязанне (рашэнне); змяняліся асобныя тэрміны, калі іх выкарыстанне тлумачылася ўплывам рускай мовы: кісліна (кіслата).

Ужо ў другой палове 20-х гг. XX ст. у працэсе моўнай практыкі паступова пачала выяўляцца недасканаласць шмат якіх тэрмінаў, створаных на вузкадыялектнай аснове, штучных неалагізмаў, няўдалых перакладаў.

Напрыканцы 30-х гг. ядро беларускай нацыянальнай тэрміналогіі ў асноўным было ўжо акрэслена, але праблема развіцця і ўдасканалення тэрміналогіі па-ранейшаму заставалася актуальнай. Моўная сітуацыя ва ўмовах усталявання таталітарнага рэжыму склалася так, што мэтанакіраваная тэрмінатворчасць пачала згортвацца. У першае пасляваеннае дзесяцігоддзе ў рэспубліцы не было агульнага цэнтра распрацоўкі і ўпарадкавання тэрміналагічнай лексікі.

Толькі ў 1955 г. у Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук БССР ствараецца сектар тэрміналогіі, які функцыянаваў да 1965 г. За гэты час былі падрыхтаваны і выдадзены наступныя слоўнікі: «Русско-белорусско-латинский словарь ботанической терминологии» (Мінск, 1967); «Русско-белорусский словарь сельскохозяйственной терминологии» (рукапіс); «Русско-белорусский словарь общественно-политической терминологии» (Мінск, 1970); «Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў» (Мінск, 1962); «Кароткі слоўнік літаратуразнаўчай тэрміналогіі» (Мінск, 1963). Гэтыя слоўнікі ствараліся на аснове прынцыпу збліжэння беларускай тэрміналогіі з рускай. З 1965 па
1979 г. ў рэспубліцы не было спецыяльнага тэрміналагічнага цэнтра.

Зрух у развіцці беларускай тэрміналогіі адбыўся ў 70-80-я гг., калі распачалася праца над «Беларускай Савецкай Энцыклапедыяй», а таксама «Тлумачальным слоўнікам беларускай мовы», новымі рэдакцыямі беларуска-рускага і руска-беларускага слоўнікаў. Пры Галоўнай рэдакцыі энцыклапедыі была створана і паспяхова працавала прадстаўнічая Камісія па навуковай і тэхнічнай тэрміналогіі пад кіраўніцтвам народнага пісьменніка Беларусі К. Крапівы. Камісія правяла вялікую работу па ўпарадкаванні ўжо існуючай тэрміналогіі і стварэнні шматлікіх новых тэрмінаў. Многія з гэтых тэрмінаў былі ўтвораны шляхам выкарыстання існуючай у беларускай мове лексікі і на аснове законаў беларускага словаўтварэння. Аднак гаварыць аб якой-небудзь паўнаце ў адлюстраванні гэтымі слоўнікамі спецыяльнай тэрміналогіі нельга. Усе названыя выданні ставілі сабе іншую задачу, і перыферыйная тэрміналагічная лексіка не магла прэтэндаваць на паўнату лексікаграфічнай апрацоўкі.

У 1979 г. у рэспубліцы створана Тэрміналагічная камісія Акадэміі Навук БССР, якая складалася з дзевяці секцый і ўключала вядучых вучоных, спецыялістаў розных галін ведаў. Асноўнымі задачамі камісіі з’яўляліся: распрацоўка тэрміналагічных асноў і методыкі ўпарадкавання беларускай тэрміналогіі; практычнае ўпарадкаванне тэрміналогіі і падрыхтоўка слоўнікаў, сістэматызацыя рускай тэрміналогіі вядучых у рэспубліцы галін навукі і тэхнікі; кансультацыя ўстаноў і арганізацый рэспублікі па пытаннях тэрміналогіі і рэкамендацыі навукова-даследчым і навучальным установам па пытаннях распрацоўкі тэрміналагічнай тэматыкі; падрыхтоўка і выданне тэрміналагічных зборнікаў, абмеркаванне і рэкамендацыя да друку тэрміналагічных выданняў, падрыхтаваных навуковымі ўстановамі рэспублікі.

У 1991 г. Тэрміналагічная камісія была ператворана ў Рэспубліканскую тэрміналагічную камісію пры АН Беларусі. За перыяд з 1991 па 1995 гг. Камісія выдала пяць выпускаў «Тэрміналагічнага зборніка». Паколькі адна Рэспубліканская тэрміналагічная камісія не магла вырашыць усе праблемы фарміравання беларускай тэрміналогіі, а ў 90-я гг. у сувязі з пераходам выкладання шэрагу дысцыплін у ВНУ на беларускую мову з’явілася неабходнасць у стварэнні перакладных тэрміналагічных слоўнікаў, то былі створаны Тэрміналагічная камісія Таварыства беларускай мовы, Тэрміналагічны цэнтр БДУ і шэраг камісій, груп, творчых калектываў у многіх ведамствах, вышэйшых навучальных установах і інш.

Але, нягледзячы на такую плённую працу, распрацоўка нацыянальнай навуковай тэрміналогіі знаходзіцца яшчэ на пачатковым этапе. Актуальнымі застаюцца пытанні даследавання традыцый і здабыткаў тэрміналагічнай працы 20—30-х гг., збору і аналізу народных тэрмінаў і наменклатуры з пункту погляду шляхоў папаўнення сучаснай тэрміналогіі, адчуваецца вострая патрэба ў распрацоўцы галіновых тэрміналагічных сістэм.

 

Гласарый

Агульнанавуковы тэрмін — тэрмін, якія выкарыстоўваецца ў розных галінах навукі і належыць навуковаму стылю мовы ў цэлым.

Вузкаспецыяльны тэрмін — тэрмін, які замацаваны за пэўнымі навуковымі дысцыплінамі, галінамі вытворчасці і тэхнікі.

Дэтэрміналагiзацыя — працэс, калі тэрмiн пачынае ўжывацца па-за межамi вузкай спецыяльнай сферы i набывае агульналiтаратурны статус.

Тэрмін (ад лац. terminus — граніца, мяжа) — спецыяльнае слова ці словазлучэнне, створанае для дакладнага выражэння спецыяльных паняццяў і абазначэння спецыяльных прадметаў.

Тэрміналогія — раздзел мовазнаўства, які вывучае сістэму тэрмінаў, іх граматычную арганізацыю і законы функцыянавання.

Тэрміны-інтэрнацыяналізмы —словы або спалучэнні слоў, пашыраныя ў многіх няроднасных мовах і агульнапрынятыя ў міжнароднай тэрміналогіі, якія супадаюць па сваёй знешняй форме і лексічным значэнні.


Дата добавления: 2015-11-26; просмотров: 663 | Нарушение авторских прав



mybiblioteka.su - 2015-2024 год. (0.014 сек.)