Читайте также:
|
|
Лексікалогія як раздзел мовазнаўства. Сувязь лексікалогіі з іншымі лінгвістычнымі дысцыплінамі
Лексікалогія – раздзел мовазнаўства, які вывучае лексіку мовы. У лексікалогіі даецца азначэнне слова як асноўнай адзінкі мовы, высвятляюцца шляхі развіцця значэнняў слова, вызначаецца іх стылістычнае адрозненне. Лексікалогія звязана з іншымі раздзеламі лінгвістыкі, якія вывучаюць слова: стылістыкай, лексікаграфіяй, фразеалогіяй і інш.
Стылістыка – вывучае спосабы выкарыстання моўных сродкаў у залежнасці ад мэты паведамлення.
Лексікаграфія – вывучае тэорыю і практыку складання слоўнікаў розных тыпаў.
Фразеалогія – вывучае і апісвае ўстойлівыя словазлучэнні, іх паходжанне, значэнне і класіфікацыю.
Лексічны склад мовы пастаянна змяняецца: адны словы выходзяць з актыўнага ўжывання, знікаюць, другія – з’яўляюцца. У гэтых адносінах лексіка мовы рэзка адрозніваецца ад фанетыкі, якая ўключае некалькі дзесяткаў вельмі ўстойлівых адзінак, і ад граматыкі, дзе колькасць адзінак не больш за некалькі соцень, і яны на працягу доўгага часу змяняюцца нязначна.
Слова як адзінка мовы. Лексічнае і граматычнае значэнні слова
Слова — гэта асноўная адзінка мовы, у ім замацаваны і адлюстраваны вынікі пазнавальнай дзейнасці чалавека на працягу многіх тысячагоддзяў.
Слова выконвае важныя функцыі: служыць сродкам называння прадметаў і з'яў навакольнага свету, з'яўляецца будаўнічым матэрыялам для словазлучэнняў і сказаў.
Слова мае шэраг асаблівасцей:
· Аднаўляльнасць (мы не ствараем іх кожны раз, а выкарыстоўваем як гатовыя, вядомыя нам, г. зн. аднаўляем)
· Ўстойлівасць (выражаецца ўстойлівасцю яго гукавога складу, марфемнай будовы і значэння)
· Ізаляванасць (слова з'яўляецца назвай пэўнага аб'екта рэчаіснасці і носьбітам цэласнага значэння, яно можа быць вычленена з кантэксту)
С л о в а — гэта фанетычна і граматычна аформленая адзінка мовы, якая мае пэўнае значэнне і служыць сродкам моўных зносін.
Адна з характэрных уласцівасцей слова — яго абагульняльны характар. Усякае слова — прадукт развіцця грамадства і чалавечага мыслення, таму ў словах адбіваюцца агульныя ўяўленні людзей аб прадметах і з'явах навакольнага свету.
3 дапамогай органаў пачуццяў чалавек успрымае прадметы і з'явы аб'ектыўнай рэчаіснасці, якія адлюстроўваюцца ў яго свядомасці ў выглядзе паняццяў.
П а н я ц ц е — гэта вынік успрымання і абагульнення ў свядомасці людзей істотных прымет і ўласцівасцей прадметаў і з'яў. Самі паняцці ўзнікаюць і афармляюцца з дапамогай паўназначных слоў ці словазлучэнняў, якія набываюць пэўнае значэнне.
Лексічнае і граматычнае значэнне слова
Словы самастойных часцін мовы маюць лексічнае і граматычнае значэнне.
Лексічнае значэнне — гэта ўнутраны, рэальны змест слова. Так, слова невад мае значэнне 'вялікая рыбалоўная сетка'. Выражаецца лексічнае значэнне асновай слова: вясёлы, добры, дуб, голуб, сем, чытаць.
Лексічныя значэнні слоў, гістарычна ўстаноўленыя грамадствам, суадносяцца з пэўнымі прадметамі, дзеяннямі, з'явамі і характарызуюцца ўстойлівасцю.
Граматычнае значэнне ўласціва цэламу класу слоў, напрыклад, словы парта, вада, рака, зямля маюць рознае лексічнае, але аднолькавае граматычнае значэнне: усім ім уласціва прадметнасць, яны маюць род, змяняюцца па ліках і склонах. Адзначаныя граматычныя значэнні аб'ядноўваюць гэтыя словы ў адну часціну мовы — назоўнік. Граматычнае значэнне выражаецца канчаткам або канчаткам і прыназоўнікам адначасова, прыстаўкай, націскам, праяўляецца ў граматычных катэгорыях роду, ліку, склону, трывання, часу, ладу.
Слова ўяўляе сабой адзінства лексічнага і граматычнага значэнняў.
Дата добавления: 2015-11-26; просмотров: 3019 | Нарушение авторских прав