Студопедия
Случайная страница | ТОМ-1 | ТОМ-2 | ТОМ-3
АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатика
ИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханика
ОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторика
СоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансы
ХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника

Эпiсталярныя крынiцы.

Важную групу або катэгорыю гiсторыка-лiтаратурных крынiц складае эпiсталярная спадчына — пiсьмы, запiскi, пасланнi i г.д.

Андрэй Платонаў неяк сказаў: “Па-мойму, дастаткова сабраць пiсьмы людзей i апублiкаваць iх — i атрымаецца лiтаратура сусветнага значэння”[114]. Сапраўды, пiсьмо, як, можа, нiякi iншы дакумент, здольнае спынiць iмгненне, паказаць чалавека з усiмi яго асабiстымi клопатамi i грамадскiмi сувязямi ў нейкi адметны момант жыцця. Неабходна адрознiваць афiцыйную i прыватную перапiску. Прыватнае пiсьмо — гэта пiсьмовы асабiсты зварот аўтара да пэўнай асобы (цi некалькiх асоб). Устойлiвымi элементамi эпiсталярнага помнiка з’яўляецца ўказанне адрасату, месца напiсання, даты напiсання, зварот да адрасату, подпiс аўтара пiсьма[115]. Але ў змесце прыватнага пiсьма аўтар зусiм свабодны — ён можа пiсаць аб службовых, сямейных, асабiстых справах. Звычайна пiсьмо пiшацца не для друку, не для ўсеагульнага i нават частковага азнаямлення з iм трэцiх асоб.

Вывучаючы прыватную перапiску, неабходна валодаць звесткамi па гiсторыi пошты, яе ўстаноў, арыентавацца ў знаках (помнiках) паштовага звароту — марках, паштовых штэмпелях i iнш.

У сваiм развiццi эпiсталярныя крынiцы таксама прайшлi шэраг этапаў. Пiсьмы, як форма зносiн мiж людзьмi, былi распаўсюджаны ўжо з глыбокай старажытнасцi (пiсьмы на бярасце i iнш.). У Вялiкiм княстве асаблiва пашыраецца перапiска ў XVI ст. Вельмi цiкавым помнiкам XVI ст., напрыклад, з’яўляецца пiсьмо Мiхаiла Глiнскага епiскапу Луку Ватцэльроду, напiсанае на паўлiсце паперы 12 жнiўня 1506 г. праз тыдзень пасля перамогi, атрыманай пад Клецкам. Яно дазваляе ўдакладнiць структуру i памеры войскаў, ўдакладняе дзень галоўнай бiтвы (5 жнiўня) i колькасць страт. Пiсьмо князя епiскапу Ватцэльроду, з якiм ён быў у сяброўскiх адносiнах, мае яшчэ iншае, больш iстотнае значэнне. Яно было напiсана ў перадсмяротныя днi караля Аляксандра, калi пераможца з-пад Клецку, выратавальнiк Лiтвы, па абвiнавачванню яго апанентаў, быццам бы прэтэндаваў на ягелонскую спадчыну, на вялiкакняскi пасад. Гэта простае пiсьмо без упамiнку аб заслугах, якiя за iм прызнае складальнiк Хронiкi Быхаўца, развенчвае легенду, якая вырасла вакол гэтага разгрома татар, вакол асобы ваеначальнiка, увасабленнем якой з’яўляецца верш Мацея Стрыйкоўскага.

У другой палове XVI ст. iх вельмi складана адрознiць ад iншых вiдаў апавядальных крынiц. У форме пiсьмаў складаюцца дзённiкi (Я.Збароўскi), эпiсталярная форма служыць для выяўлення сваёй думкi, поглядаў i вельмi складана размежаваць прыватную i афiцыйную перапiску (пiсьмы аршанскага старасты Ф.Кмiты-Чарнабыльскага). Вядомы таксама пасланнi, што прыпiсваюцца старцу Арцемiю, якi быў асуджаны за вальнадумства ў рэлiгiйных пытаннях Маскоўскiм Саборам 1554 г. i ўцёк у Лiтву[116]. Таксама прыкладам можа служыць перапiска канцлера Вялiкага княства Лiтоўскага Льва Сапегi, апублiкаваная А.Прахаскам[117], дзе ўтрымлiваюцца пiсьмы да Л.Сапегi (у прыватнасцi 93 пiсьмы караля Жыгiмонта, што тычацца абавязкаў Сапегi як канцлера i як сенатара, вельмi цiкавыя пiсьмы Iпацiя Пацея). Заўважна iмкненне Л.Сапегi як дзяржаўнага дзеяча ўзняцца над прыватнымi iнтарэсамi. I ўсё ж у такiх пiсьмах (як I.Купцэвiчу 12 сакавiка 1622 г.) ва ўсёй велiчнасцi паўстае i асоба канцлера — чалавека разважлiвага, асцярожнага, патрыёта сваёй Айчыны. Прыватнае пiсьмо I.Купцэвiчу было яму папярэджаннем, якое той не пачуў i загiнуў.

У XVIII ст. i асаблiва ў XIX ст. колькасць пiсьмаў iстотна павялiчваецца. Вельмi цiкавыя пiсьмы майстроў мастацкага слова — лiтаратараў.

Пiсьмы (ёсць i другi раўназначны беларускi тэрмiн — “лiсты”), перапiска пiсьменнiкаў з сябрамi i сучаснiкамi — надзвычай каштоўная частка iх рукапiснай спадчыны. Нават таропкая дзелавая перапiска можа шмат дапамагчы ва ўстанаўленнi фактаў бiяграфii пiсьменнiка, яго сувязей, жыццёвых i творчых планаў i г.д. Пiсьмо можа выкарыстоўвацца гiсторыкамi ў самых розных планах: гiсторыя нашага кнiгадрукавання, чытацкага попыту, тэатра i г.д. Трэба згадзiцца з М.Бельчыкавым, якi адзначаў: “Пiсьмы — амальгама. Звесткi аднаго значэння цесна сплятаюцца ў iх з iншымi. Нярэдка ў межах аднаго пiсьма ўскрываецца некалькi разнародных пластоў выказванняў: бiяграфiчных, лiтаратурна-грамадскiх, псiхалагiчных, iдэалагiчных i iнш.”.

Эпiсталярная спадчына беларускiх пiсьменнiкаў XIX ст. захавалася i вывучана ў неаднолькавай ступенi.

Калi перапiска некаторых пiсьменнiкаў свету (сярод iх, напрыклад, Б.Шоу, Л.Талстой, М.Горкi) налiчвае многiя тысячы нумароў, то ў дачыненнi да нашага яшчэ досыць сцiплага Парнаса мiнулага стагоддзя размова iдзе ў лепшым выпадку пра некалькi дзесяткаў эпiсталярных адзiнак. На ўлiку лiтаральна кожнае пiсьмо.

Вялiкiя страты па розных прычынах на працягу гадоў панесла карэспандэнцыя таго ж В.Дунiна-Марцынкевiча (досыць сказаць, што не захавалася яго сяброўская перапiска з С.Манюшкам).

Надзвычай карыснай для нашага лiтаратуразнаўства ды i гiстарычнай навукi наогул была б поўная навуковая публiкацыя эпiсталярыi Баршчэўскага.

Багата прадстаўлена ў публiкацыях i даследаваннях эпiсталярная спадчына Яна Чачота. Каля 100 яго пiсьмаў 1820-1822 гг. да сяброў-фiламатаў надрукавана ў 1913 г. Я.Чубакам у зборнiку “Карэспандэнцыя фiламатаў” з серыi “Архiвум фiламатаў”. Нядаўна выбраная перапiска фiламатаў, у тым лiку Чачота, выдадзена асобнай кнiгай у Варшаве[118].

Эпiсталярная спадчына А.Вярыгi-Дарэўскага даволi багата прадстаўлена ў зборнiку “Пачынальнiкi”.

У 1981 г., да 150-годдзя з дня нараджэння пiсьменнiка, з’явiлася публiкацыя У.Мархеля “З эпiсталярнай спыдчыны Вiнцэся Каратынскага”[119].

У неаднолькавай ступенi захавалася эпiсталярная спадчына нашых пiсьменнiкаў апошнiх дзесяцiгоддзяў XIX ст. Мы не ведаем на сёння нiводнага пiсьма А.Абуховiча i Ф.Тапчэўскага. Затое досыць паспяхова выяўляецца i вывучаецца даследчыкамi карэспандэнцыя Ф.Багушэвiча, А.Ельскага, Я.Лучыны, А.Гурыновiча.

Надзвычай актыўную перапiску з сучаснiкамi вёў В.Савiч-Заблоцкi, асоба i дзейнасць якога апошнiм часам усё больш прыцягвае ўвагу нашых даследчыкаў. Яго багатая эпiсталярная спадчына яшчэ не да канца выяўлена i вывучана.

Часам пiсьменнiк паведамляў у сваiх пiсьмах унiкальныя звесткi, невядомыя пакуль што па iншых крынiцах. Напрыклад, толькi з гэтых пiсьмаў мы даведалiся цяпер аб iснаваннi ў Пецярбургу ў 1868 г. беларускага культурна-асветнага таварыства “Крывiцкi Вязок”, удзельнiкам якога быў Савiч-Заблоцкi, аб спробах выдання беларускiх газет на пачатку 1880-х гадоў.

Прыватны характар пiсьма не заўсёды захоўваў яго ад прачытання сучаснiкамi. У Расiйскай iмперыi правадзiлася перлюстрацыя пiсьмаў. Яшчэ большы кантроль за перапiскай iснаваў ў Савецкiм Саюзе. Мала хто мог спадзявацца на захаванне тайны перапiскi. Таму вывучэнне эпiсталярных комплексаў павiнна праводзiцца ў спалучэннi з iншымi крынiцамi, пры ўважлiвым аналiзе псiхалагiчных характарыстык аўтара, асаблiвасцей яго дзейнасцi i паводзiн.

 

ДАДАТАК


Дата добавления: 2015-12-07; просмотров: 77 | Нарушение авторских прав



mybiblioteka.su - 2015-2024 год. (0.006 сек.)