Студопедия
Случайная страница | ТОМ-1 | ТОМ-2 | ТОМ-3
АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатика
ИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханика
ОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторика
СоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансы
ХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника

Статыстычныя крыніцы навейшага часу.

Читайте также:
  1. Агіяграфічныя крыніцы.
  2. Дакументы справаводства савецкага часу.
  3. Заканадаўчыя дакументы навейшага часу.
  4. Мемуарная літаратура навейшага часу.
  5. Статыстычныя крыніцы другой паловы ХІХ -- пачатку ХХ стст.
  6. Статыстычныя матэрыялы.

4.5.1. Арганізацыя статыстычнага ўліку. Бальшавікі, у прыватнасці У.І.Ленін, надавалі вялікае значэнне статыстыцы. Ужо ў 1918 г. было арганізавана Цэнтральнае статыстычнае упраўленне РСФСР. ЦСУ РСФСР на той час арганізавала збор звестак па Смаленскай, Віцебскай, Магілеўскай губернях. Пад непасрэдным кантролем ЦСУ РСФСР у снежні 1918 г. пры Мінскім губернскім рэўкаме было арганізавана Мінскае статыстычнае бюро. У лютым 1919 г. быў створаны Цэнтральны статыстычны аддзел БССР (але з утварэннем Літоўска-Беларускай ССР скасаваны). Пасля вызвалення Мінска ў ліпені 1920 г. ад польскіх захопнікаў была адноўлена дзейнасць Мінскага губернскага статыстычнага бюро (ЦСБ) БССР. У лістападзе 1924 г. ЦСБ пераўтворана ў Цэнтральнае статыстычнае ўпраўленне (ЦСУ) БССР.

Хутка і аператыўна развівалася статыстыка Усерасійскага (з 1922 г. – Усесаюзнага) Савета Народнай гаспадаркі (УСНГ) і адпаведна СНГ Беларускай ССР. Статыстычныя органы УСНГ адказвалі за арганізацыю бягучай статыстыкі і ахоплівалі большасць прадпрыемстваў.

У студзені 1930 г. ЦСУ БССР было з’ліквідавана, а яго функцыі перададзены сектару народнагаспадарчага ўліку Дзяржплана БССР. Зліцце планавых і статыстычных органаў прывяло да значнага звужэння дзейнасці апошніх і скарчэння праводзімых работ. З'явіліся ідэі аб адміранні статыстыкі ва ўмовах сацыялізму і замене яго бухгалтарскім улікам. Была з’ліквідавана большасць статыстычных устаноў, іх функцыі перададзены бухгалтэрыям. Гэта нанесла безумоўныя страты развіццю статыстычнай справы. Між іншым развал статыстыкі негатыўна паўплываў на эканоміку. На зыходзе 1931 г кіраўніцтва СССР паспешліва ідзе на стварэнне Цэнтральнага ўпраўлення народна-гаспадарчага ўліку (ЦУНГУ СССР). Яно па-ранейшаму ўваходзіла ў склад Дзяржплана, але з пэўнай аўтаноміяй. Кіраўнік ЦУНГУ М.Асінскі аб’явіў вайну скажэнням інфармацыі.

Адпаведныя змены адбыліся і ў рэспубліцы. У 1932 г. на аснове сектару народнагаспадарчага ўліку Дзяржплана БССР было створана Упраўленне народнагаспадарчага ўліку БССР. Рэспубліканскае упраўленне атрымала інструкцыі ЦУНГУ аб правядзенні прамысловых і сельскагаспадарчых перапісаў і кантрольнага ўліку устаноў аховы здароўя. Паляпшэнню справы павінна было садзейнічаць рашэнне аб крымінальнай адказнасці за прадстаўленне недакладных звестак аб выкананні планаў. Працэс паляпшэння спраў у галіне статыстыкі быў перарваны рэпрэсіямі сярэдзіны 1930-х гг.

Пачатак вайны акрэсліў неабходнасць змен. У 1941 г. ЦУНГУ пры Дзяржплане СССР было пераўтворана ў ЦСУ, а ў 1948 г. выдзелілася са складу Дзяржплана ў ЦСУ пры Савеце Міністраў СССР. Адпаведна была адноўлена дзейнасць ЦСУ БССР. Статыстычныя ўстановы БССР па-ранейшаму функцыяніравалі як састаўное звяно статыстычнай службы ў СССР[64].

З 1990 г. дзейнічае Дзяржаўны камітэт Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь па статыстыцы і аналізу. Камітэту падпарадкаваны раенныя і гарадскія аддзелы, абласныя і Мінскае гарадское упраўленні.

4.5.2. Дэмаграфічная статыстыка. Савецкi ўрад амаль з першых дзен вызначыў мерапрыемствы па паляпшэнню ўлiку насельнiцтва. Ужо 18 снежня 1917 г. быў выдадзены дэкрэт аб увядзеннi спецыяльных кнiг для запiсаў актаў грамадзянскага стану – нараджэнняў, смерцяў, шлюбаў, а напачатку наступнага 1918 г. функцыi рэгістрацыi гэтых актаў ад царквы былi перададзены грамадзянскiм органам. Безумоўна, шэраг цяжкасцей напачатку перашкаджаў дакладнаму ўлiку. Аднак па меры умацавання Савецкай улады, яе органаў на месцах да сярэдзiны 1920-х гг. справы з улiкам насельнiцтва iстотна палепшылiся. Звесткi аб натуральным[65] руху насельнiцтва публiкавалiся да 1929 г. i пасля пэўнага перапынку – з сярэдзiны 1950 г. Пры гэтым з 1973 г. са старонак статыстычных выданняў паступова знiкаюць звесткi аб дзiцячай смяротнасцi. У 1972 г. былi апублiкаваны апошнiя таблiцы сярэдняй працягласцi жыцця i ў 1976 г. у апошнi раз з’явiлiся ў друку паўзроставыя каэфiцыенты смяротнасцi. Натуральны рух насельніцтва, такiм чынам, быў зведзены да нараджальнасцi.

Асаблiвае месца ў дэмаграфiчнай статыстыцы навейшага часу належыць перапiсам. Усяго за гады Савецкай ўлады было праведзена 8 перапiсаў насельнiцтва: у 1920, 1926, 1937, 1939, 1959, 1970, 1979, 1989 гг.

У 1920 г. Беларусь была вызвалена ад палякаў, але да моманту перапісу (28.08.1920) перагаворы з Польшчай не закончыліся і пагранічная лінія яшчэ не была вызначана. Сярод насельніцтва хадзілі чуткі аб магчымасці перадачы Беларусі пад пратэктарат Польшчы і многія беларусы лічылі за лепшае назвацца рускімі. Многiя раёны не былi ахоплены перапiсам – панаваў бандытызм. Таму матэрыялы перапiсу 1920 г. нельга лiчыць дакладнымi.

Больш насычаны канкрэтнымі фактамі па гісторыі Беларусі матэрыялы перапісу 1923 г., апублікаваныя ў перыядычным выданні ЦСУ (“Труды ЦСУ”, т.ХХ). Акрамя дадзеных выключна эканамічнага зместу, яны ўтрымліваюць звесткі аб узроставай дынаміцы, нацыянальным складзе. У пэўнай ступені зніжае каштоўнасць азначаных матэрыялаў тое, што перапіс датычыўся толькі гарадоў і мястэчак Беларусі, а таксама праведзенае ў 1924 г. размежаванне павялічанай тэрыторыі БССР на акругі і раены. Менавіта апошняе прывяло да несупаставімасці большасці звестак з паказчыкамі наступных перапісаў. У гэтым сэнсе больш карыснымі бачацца апублікаваныя ў 1925 г. “Вынікі адміністрацыйнага сьпісу паселішчаў і гаспадарак БССР на 1 студзеня 1925 г.”. Такая распрацоўка якраз і была выклікана істотнымі цяжкасцямі, узнікшымі з-за немагчымасці карыстацца ранейшымі статыстычнымі матэрыяламі. Адсюль – спроба высветліць дэмаграфічныя, эканамічныя і іншыя народнагаспадарчыя паказчыкі не толькі па 10 акругах БССР, але і па кожным сельскім савеце.

Каштоўнасць “Вынікаў...” павялічваецца праведзеным у 1926 г. усесаюзным перапісам (па стану на 17 снежня). Да таго ж перапіс, якi ахапіў 12 акруг БССР, захаваў вядомую пераемнасць з папярэднімі. Праграма перапісу 1926 г. вызначалася зместам 4-х апытальных фармуляраў: асабістага лістка, дадаткаваных да яго ў гарадах і паселішчах сямейнай карты і ўладальніцкай ведамасці, а таксама пасяленнага спісу гаспадароў дома (у сельскай мясцовасці). Выклікаюць цікавасць і асаблівасці апытання па азначанай праграме. Так пры адказе на пытанне аб мове рэгістратар не павінен быў пытацца: “Ваша родная мова”, а прыкладна ў такой форме: “якою мовай вы найлепш валодаеце?”, або “на якой мове вы звычайна гаворыце?”. Зразумела, пры гэтым патрэбна прымаць ва ўвагу кампанію па беларусізацыі, што праводзілася ў БССР з 1924 г.

Ніводны з папярэдніх і наступных перапісаў насельніцтва не быў апублікаваны ў такім аб’еме, як перапіс 1926 г. (56 тамоў). Ад распрацоўкі папярэдніх перапісаў ен адрозніваецца і арганізацыйнай цэласнасцю сістэмы абагульнення матэрыялаў. Спачатку выступае праблема этнічная, насельніцтва як сукупнасці народнасцей. І ў спалучэнні з гэтым разглядаюцца іншыя характарыстыкі: адносіны да працы, сацыяльнай групы, полу, узросту і г.д. Так, том Х (народнасць, родная мова, узрост, граматнасць) утрымлівае звесткі аб тым, што на тэрыторыі Беларусі пражывалі таксама грэкі, фіны, зыране, чувашы, інгушы, асеціны, шведы, французы; аб іх узроставай структуры, месцапражыванні і г.д. Том XVII (заняткі) асвятляе этнічную структуру розных прафесійных груп па галінах народнай гаспадаркі ў розных акругах БССР. Тут таксама маецца каштоўны матэрыял для характарыстыкі галоўных і дадатковых заняткаў самадзейнага насельніцтва з вызначэннем яго этнічнай прыналежнасці.

Безумоўна, вельмі цікава было б (асабліва для вывучэння масштабаў рэпрэсій) параўнаць паказчыкі народанасельніцтва БССР ў 1926 г. і ў канцы 1930-х гг. Аднак публікацыя вынікаў перапісу 1939 г. была праведзена толькі часткова (“Вестник статистики”. -1956. - № 6). Што жа датычыцца перапісу 1937 г., то да нядаўняга часу яго матэрыялы ўвогуле лічыліся загінуўшымі. У 1991 г. апублікаваны знойдзеныя ў архівах звесткі (Всесоюзная перепись населения 1937 г. Краткие итоги). Аднак выкарыстоўваць іх патрэбна з пэўнымі ўдакладненнямі. Як сведчыць з апублікаванай ў Менску ў 1936 г. брашуры ў дапамогу садзейнічання брыгадам перапісу, апошні разглядаўся як “масавая палітычная работа” і павінен быў канстатаваць велізарныя поспехі СССР (у дачыненні да росту насельніцтва таксама). Адначасова, параўноўваючы звесткі па гарадах і абагуленыя па БССР, патрэбна ўлічваць, што ў адрозненне ад перапісу 1926., ахапіўшага ў гарадах пастаяннае жыхарства, перапіс 1937 г. закранаў толькі наяўнае насельніцтва.

Асноўнымі дакументамі наступнага перапісу, праведзенага ў 1939 г., з’яўляліся перапісны ліст, інструкцыя па яго запаўненню, кантрольны бланк, даведка аб ходзе перапісу. Праграма перапісу 1939 г. мела шэраг істотных адрозненняў ад папярэдніх пералікаў. У гэтым перапісе было пастаўлена пытанне аб нацыянальнасці, у той час як у перапісе 1926 г. ставілася пытанне аб народнасці. Акрамя пытання аб граматнасці наогул вызначалася пытанне аб яго ўзроўні. Асобныя з папярэдніх вынікаў перапісу 1939 г. былі апублікаваны ў друку 2 чэрвеня 1939 г. і 29 красавіка 1940 г. Больш поўная распрацоўка з’явілася ў часопісе “Вестник статистики” толькі ў 1956 г. (№ 6).

Некалькі перапісаў насельніцтва было праведзена за перыяд знаходжання беларускіх земляў пад уладай Польшчы. Па-першае, гэта перапіс насельніцтва 1919 г. на тэрыторыі, кіруемай польскім Грамадзянскім упраўленнем усходніх земляў. Яго звесткі вызначаліся як недакладныя самімі польскімі статыстыкамі. Больш поўным па ахопу і ўліку насельніцтва быў усеагульны перапіс насельніцтва Польскай Рэспублікі 1921 г. Адной з галоўных праблем, якая дыскутуецца да сенняшняга дня, з’яўляецца колькасць беларусаў на тэрыторыі, уключанай у склад Польшчы па Рыжскай мірнай дамове 1921 г. Ва ўсякім разе, можна згадзіцца з тымі даследчыкамі, якія падкрэсліваюць, што пад час перапісу праводзілася падмена паняццяў: значная колькасць беларусаў-каталікаў была залічана палякамі. Яшчэ ў большай ступені такія скажэнні характэрны для перапісу насельніцтва 1931 г., калі выразна акрэслілася палітыка паланізацыі.

У перыяд вайны правядзенне перапісаў стала немагчымым. Умовы вайны вымушалі праводзіць разлікі насельніцтва часцей і ў пэўных тэрытарыяльных межах. Статыстычныя органы вызначалі колькасць эвакуіраванага насельніцтва, збіралі і распрацоўвалі дадзеныя аб насельніцтве, што знаходзілася на картачным забяспячэнні.

У пасляваенны час задача правядзення перапісу стала больш актуальнай, аднак ажыццяўленне такіх планаў стала рэальным толькі у канцы 1950-х гг. У 1959 г. быў праведзены Чацверты Усесаюзны перапіс насельніцтва. У перапісны ліст быў унесены цэлы шэраг змен у параўнанні з 1939 г. Найперш гэта датычылася адукацыі (лічылася, што няграматных не засталося і гэтае пытанне было знята), пытанне аб узроўні адукацыі было пашырана: неабходна было вызначыць вышэйшую, незакончаную вышэйшую, сярэднюю, сярэднюю спецыяльную, сярэднюю агульнаадукацыйную, сямігадовую альбо пачатковую адукацыю. Вынікі перапісу 1959 г. былі апублікаваны ў 16 зборніках – зводны том па СССР і зборнікі па кожнай з 15 саюзных рэспублік[66]. Значэнне азначанай публікацыі павялічваецца тым, што звесткі прыводзяцца ў параўнанні з аналагічнымі дадзенымі папярэдніх перапісаў насельніцтва (найперш, з перапісам 1939 г.).

Перапіс 1959 г. дазваляе ахарактарызаваць насельніцтва СССР у цэлым і ў тэрытарыяльным аспекце па розных сацыяльна-вытворчых і дэмаграфічных прыкметах.

Аднак, неабходна адзначыць і пэўную абмежаванасць распрацоўкі яе матэрыялаў у параўнанні з перапісамі 1920 і 1926 гг. Так, па перапісах 1920 і 1926 гг. вывучаліся сямейнае становішча, міграцыі насельніцтва і працягласць яго пражывання.

Пэўныя недахопы папярэдняй работы статыстыкі імкнуліся выправіць пад час чарговага перапісу 1970 г. У прыватнасці тры новыя пытанні датычыліся міграцыі насельніцтва. Пытанне аб працягласці жыцця ў дадзеным населеным пункце давала магчымасць атрымаць звесткі аб размеркаванні жыхароў на старажылаў і наваселаў, параўнаць іх сацыяльна-эканамічныя характарыстыкі. Ім былі зададзены пытанні аб папярэднім месцы жыхарства і аб матывах перамены яго. Гэта ў сваю чаргу дазволіла вызначыць накірункі міграцыйных плыняў, іх інтэўсіўнасць. Адпаведна шырэй і праграма распрацоўкі перапісу 1970 г. (56 табліц замест 36 у папярэднім). Больш таго, перапіс 1970 г. быў першым, у якім побач з пытаннямі абавязковага характару, астатнія 7 пытанняў (заняткі, месца работы, грамадская групы, працягласць работы і тры пытанні аб міграцыі) задаваліся толькі пастаянным жыхарам кожнага чацвертага жылога памяшкання. Вынікі перапісу 1970 г. апублікаваны ЦСУ у сямі тамах і ў адрозненне ад папярэдняй публікацыі аб’яднаны не тэрытарыяльна (па рэспубліках), а тэматычна[67]. Пры тым дадзеныя перапісу супастаўляюцца з адпаведнымі дадзенымі перапісу 1959 г. (па асобных – 1920 і 1926 гг.)

Перапіс 1979 г. не утрымліваў істотных змен, аднак распрацоўка яго праводзілася па пашыранай праграме. Што ж датычыцца публікацыі яго вынікаў, то яны толькі крыху па аб’ему пераўзыйшлі перапіс 1920 г. Адзіны том выйшаў у свет толькі праз пяць з паловай гадоў. Вынікі перапісу 1989 г. увогуле амаль не публікаваліся. Выйшла ў свет толькі некалькі брашурак па яго матэрыялах[68], а таксама публікаваліся асобныя звесткі ў перыядычных выданнях[69]

4.5.3. Статыстыка сельскай гаспадаркі. Ваенныя дзеянні на тэрыторыі Беларусі ў 1917-1920 гг. безумоўна не з’яўляліся спрыяльнымі ўмовамі для статыстычнай працы. Да таго ж палітыка харчразверсткі яшчэ магла засноўвацца на набліжаных, агульных уяўленнях аб велічыні ўраджаю і запасаў асобных сельскагаспадарчых прадуктаў. Аднак асэнсаванне неабходнасці змен у эканамічнай палітыцы патрабавала дакладнага вывучэння праблемы. І ўрэшце ў 1920 г. ЦСУ РСФСР праводзіць першы ў савецкай краіне сельскагаспадарчы перапіс.

Увогуле ў гісторыі савецкай сельскагаспадарчай статыстыкі акрэсліваюцца два асноўныя перыяды: першы – да 1930 г., другі – з пачатку суцэльнай калектывізацыі вескі. На працягу першага перыяду вывучэнне спраў у сельскай гаспадарцы праводзілася ЦСУ. У цэнтры ўвагі статыстыкі 1920-х гг. знаходзілася індывідуальная гаспадарка. Склаліся наступныя формы абследаванняў: дынамічныя ці “гнездавыя” перапісы, вясеннія (асеннія) апытанні і бюджэтныя абследаванні. З пачаткам жа масавай калектывізацыі статыстычнае вывучэнне базіруецца на гадавых справаздачах калгасаў і саўгасаў, да таго ж гэтае вывучэнне праводзілася пад кантролем тых, хто распрацоўваў планавыя паказчыкі.

Такім чынам, пачатак статыстычнага вывучэння сельскай гаспадарскі можна звязваць з перапісам 1920 г. Перапіс ахапіў пераважную большасць сельскагаспадарчых рэгіенаў краіны. Аднак праграма вывучэння была абмежаванай, надзейнасць паказчыкаў, збіраемых ва ўмовах ваеннага часу з’яўлялася невысокай, сам матэрыял іх ў пасляваенны час хутка састарэў.

Большае значэнне мела апытанне насельніцтва аб формах землекарыстання, праведзенае сярод iншых рэгiёнаў ва Усходняй Беларусі ў апошнія месяцы 1920 г. Анкеты запаўняліся не кожным селянінам паасобку, а адказнымі работнікамі сельскіх Саветаў. Аднак не магчымыя пагрэшнасці азначанага апытання сталі перашкодай для публікацыі яго вынікаў. Галоўнае: гэта не адпавядала канцэпцыі аб росце цікавасці вяскоўцаў да калектыўных гаспадарак і ідэалагічнай схеме аб “прышчэпаўшчыне”. Бо на пытанне: “Пры якой з формаў землекарыстання дасягаецца лепшая апрацоўка глебы” каля 88% апытаных адказалі: “пры хутарской”, і 78% рэспандэнтаў вызначылі: насельніцтва іх сельсаветаў імкнецца пераважна да хутарской формы.

У 1920-х гадах найбольш распаўсюджанымі былі два віды выбарачных абследаванняў: дынамічныя (ці гнездавыя) перапісы і асенне-вясеннія апытанні. Дынаміныя перапісы праводзіліся штогод з 1921 па 1929 г. (выключаючы 1928 г.) пераважна ў адных і тых жа тыповых для дадзенай прыродна-гаспадарчай зоны групаў паселішчаў (“гнездах”). Сістэматычнае назіранне за адной і той жа групай гаспадарак праводзілася па шырокай праграме (рабочая сіла, пасеўная плошча, пагалоўе жывелы, наяўнасць машын і абсталявання, а таксама арэнда зямлі, жывелы, інвентару, наем рабочай сілы). У развіцці дынамічных перапісаў вызначаюць два перыяды. Першы (1920-26), калі ўся ўвага была сканцэнтравана на вывучэнні “сацыяльна-арганічнай эвалюцыі” і другі (1927-29), калі асноўным стала вывучэнне сацыяльна-вытворчых адносін унутры вескі. Сапраўды, спроба вызначэння груп у 1920-24 гг. на аснове непасрэдных класавых прыкмет не ўдалася. Пераход да нэпа на весцы перадвызначыў неабходнасць змен, якія акрэсліліся ў развіцці дынамічных перапісаў да 1927 г. Быў зменены сам прынцып закладкі “гнездаў” шляхам іх звязкі з вытворчым накірункам дадзенай мясцовасці. Тыповасць раена вызначалася ў залежнасці ад таго, якая з галін сельскай гаспадаркі давала найбольшы прыбытак. Перавага новай сетке акрэслівалася і тым, што амаль не перавысіўшы папярэднюю па колькасці гаспадарак, яна раўнамерна размеркавалася па ўсей тэрыторыі СССР. Пры тым асаблівая ўвага ў праграме 1927 г. звярталася на вызначэнне сацыяльнага складу насельніцтва, абслугоўваемага крэдытнай кааперацыяй і на сацыяльна-класавыя аспекты ўвогуле[70].

Пэўным мінусам азначаных абследаванняў можна лічыць ўсе ж нераспрацаванасць і неабгрунтаванасць асобных крытэрыяў для вызначэння сацыяльна-класавай структуры насельніцтва з улікам спецыфікі сельскагаспадарчай вытворчасці асобных рэгіенаў СССР (напрыклад мяса-малочнай жывелагадоўлі на Беларусі). Істотным недахопам дынамічных абследаванняў з’яўляецца недастатковасць долі вывучаемых гаспадарак і цяжкасці распаўсюджвання дадзеных на больш шырокую тэрыторыю.

Непасрэднае выкарыстанне лічбавага матэрыялу дынамічных перапісаў немагчыма без папярэдняга выяўлення формаў існавання крыніцы, іх месцазнаходжання, колькасных і якасных асаблівасцей. Акрамя матэрыялаў, якія адклаліся ў цэнтральных архівах СССР (зараз РФ), значная іх частка знаходзіцца ў фондзе ЦСУ Нацыянальнага архіва РБ і адпаведных абласных фондах. Што датычыцца публікацый, то найбольш раннія вынікі перапісаў змяшчаліся ў “Працах ЦСУ” (1921-22 гг.). Асноўная ж маса публікацый адносіцца па часу выхаду у свет да другой паловы 1920-х гг. У гэты час выйшлі і некаторыя рэспубліканскія зборнікі[71].

Правядзенне вясеннiх апытанняў мела асноўнай мэтай атрыманне статыстычных звестак аб важнейшых паказчыках гаспадаркі на момант заканчэння вясенняга севу, найперш, аб стане ўсяго земляробства і жывелагадоўлі. Гэтыя дадзеныя былі неабходны для вызначэння памераў сельскагаспадарчай вытворчасці ў бягучым годзе і ў першую чаргу валавага збору збожжавых. Перапіс улічваў як насельніцтва, так і пэўныя гаспадарчыя аспекты: жывелу, інвентар, асабліва падрабязна пасевы розных культур. Акрамя вытворчых картачка-фармуляр вясенняга апытання ўключала звесткі аб сацыяльных адносінах па найму-здачы інвентару і жывелы і найму-продажу рабочай сілы.

Абследаванні праводзіліся сіламі валасных статыстыкаў з прыцягненнем работнікаў валвыканкамаў, настаўнікаў, дабраахвотных карэспандэнтаў і іншых асоб. Але, у сувязi з тым, што вясенняе апытанне праводзілася часцей адначасова з падатковым улікам ў даволі сціслыя тэрміны. Таму галоўнай акалічнасцю, гэта асабліва істотна зніжала даставернасць, з’яўляўся спосаб абследавання (вуснае апытанне галавы гаспадаркі аб памерах пасеву па кожнай паасобнай культуры). Зразумела, сяляне паніжалі велічыню засеяных плошчаў і колькасць жывелы, ураджайнасць. Ацэнка памераў гэтага паніжэння як у цэлым па краіне, так і па асобных тэрыторыях, была ў 1920-я гг. прадметам заўседных дыскусій між ЦСУ і Дзяржпланам. У вынiку прымаліся адпаведныя папраўкі на недаўлік. Але ў канцы 1920-х гг. для дадатковага удакладнення азначаных матэрыялаў выкарыстоўвалі кантрольныя абмеры і нават аэрафотаздымкі. Зводкі першапачатковых дадзеных вясенніх 10%-ых перапісаў шырока друкаваліся ў статыстычных зборніках ЦСУ СССР, а таксама выдаваліся ў спецыяльных публікацыях мясцовых статыстычных бюро[72].

Абследаваннем, блізкім да суцэльнага, з’яўляўся правадзімы штогод фінансавымі установамі краіны падатковы ўлік. З 1923 г. пачалося выданне зборніка “Сельское хозяйство Союза ССР в... году по данным налоговых сводок по единому сельхозналогу” (да 1930 г.). У гэтых зводных выданнях прыводзiліся галоўныя паказчыкі сельскагаспадарчай вытворчасці па тэрыторыях. Аднак фіскальныя інтарэсы, безумоўна, ўплывалі на дакладнасць дадзеных. Да таго ж змены ў адміністрацыйна-тэрытарыяльным дзяленні Беларускай ССР (6 паветаў, 10 акруг, 12 акруг, 8 акруг і г.д.) і ў падаткаабкладанні не даюць магчымасці параўнаць большасць звестак, прасачыць дынаміку развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці на працягу 1920-х гг.

Бюджэтныя абследаваннi сялянскіх гаспадарак, якiя праводзіліся ў 1920-х гг., заслугоўваюць асаблiвай увагi. Прыкладнае супадзенне ва ўмовах дробнатаварнай вытворчасці як аб’ектаў статыстычнага назірання сялянскай сям’і і сялянскай гаспадаркі дазволіла злучыць у межах адзінага абследавання аналіз сялянскай вытворчасці і спажывання. Побач з тым вывучаліся такія аспекты, як склад сям’і, землекарыстанне, фондаўзброенасць, адносіны найма, арэндныя, крэдытныя і рынкавыя адносіны. Дэтальнасць і сістэматычнасць дазваляюць акрэсліць гэтыя абследаванні як адну з асноўных крыніц аб дакалгаснай весцы. Iх матэрыялы шырока публікаваліся. Па пасеву (па кошту асноўных сродкаў вытворчасці) дадзеныя публікаваліся па найбольш поўнай, а індывідуальныя бюджэты -- звычайна па скарочанай праграме. Аднак неабходнасць уліку усей інфармацыі, якія утрымліваюць ленты распрацоўкі і бюджэтны бланк, вымушае даследчыкаў звяртацца у архівы[73].

У другой палове 1920-х пачынаецца статыстычнае вывучэнне і калектыўных гаспадарак. Звесткі аб калектывах друкаваліся ў згаданым вышэй выданні “Сельское хозяйство Союза СССР в... году по данным налоговых сводок по единому сельхозналогу”, а таксама ў асобных зборніках[74]. Пры вывучэнні звестак азначаных публікацый патрэбна мець ва ўвазе, што колькасны рост калектываў не заўседы адлюстроўваў рэальныя змены ў настроях сялян. Так, напрыклад, з 1924 г. колькасць калектываў, арганізаваных сялянамі, хутка скарачалася, а агульныя лічбы ўзрасталі за кошт стварэння яўрэйскіх арцеляў і г.д.

І ўсе ж публікацыі аб калгасах 1920-х гг. істотна адрозніваліся ад адпаведных выданняў 1930-х гг. З 1930-х г. у аснову статыстычных звестак кладуцца гадавыя справаздачы калгасаў і саўгасаў. Гэта паступова зніжае якасць інфармацыі. У найбольшай ступенi вызначаецца істотная фальсіфікацыя вытворчасці збожжа. З пачатку 1930-х гг. узнікае ідэя ўліку біялагічнай ураджайнасці (на практыцы яна пачала ажыццяўляцца з 1934 г.). Пры гэтым улічваўся ўраджай “на карню”. Магчымыя страты пры транспарціроўцы, сушцы, ачыстцы збожжа прымаліся ва ўвагу не заўседы, а з 1939 г. пра іх забыліся зусім.

Прыкладна такая методыка праіснавала да сярэдзіны 1950-х гг., калі ўпершыню апублікаваны дадзеныя па валаваму збору як свірнавы (“амбарны” - русск.) ураджай. Але ўжо з сярэдзіны 1960-х гг. фарміруюцца іншыя накірункі скажэнняў, пачынае фігураваць так званая “бункерная” вага (а між іншым розніца паміж бункернай вагой і фактычнай – пасля ачысткі і сушкі – можа дасягаць чвэрці ўраджаю). Растуць прыпіскі, калі ўраджайнасць “павялічвалі” за кошт няўлічаных плошчаў, а надоі -- за кошт няўлічаных кароў. Пры тым здадзеную на мяса з прыватнай гаспадаркі жывелу асобна не пазначалі. Так складвалася статыстычная дэзінфармацыя.

4.5.4. Статыстыка прамысловасці. Адным з першых мерапрыемстваў створанага ў 1918 г. ЦСУ РСФСР (аддзелы асноўнай прамысловай статыстыкі і бягучай прамысловай статыстыкі) было правядзенне першага прамысловага і прафесійнага перапісу (крытычны дзень - 31 жніўня 1918 г.). Асноўная публікацыі дадзеных[75] перапісу ўключае 32 табліцы. Апошнія утрымліваюць галоўным чынам абсалютныя паказчыкі (у натуры і кошце). Але трэба ўлічваць, што ў тыя гады катастрафічнае абясцэньванне валюты зводзіла да нуля значэнне коштавых паказчыкаў. На заводах папяровыя грошы выдавалі рулонамі. Пры тым у розных раенах ступень інфляцыі была неаднолькавай. Для выкарыстання асноўных табліц неабходна перагрупоўка матэрыялу, перавод абсалютных паказчыкаў у адносныя[76]. Перапіс ахапіў 31 губерню, на якую увосень 1918 г. распаўсюджвалася Савецкая ўлада (у тым ліку Смаленскую, Віцебскую і Магілеўскую). На жаль, шмат якія істотныя пытанні прамысловага перапісу не былі абагульнены (у прыватнасці, бланк “Б” – “Арганізацыя кіравання”) і гісторыкам неабходна звяртацца да першапачатковых матэрыялаў[77]. Што ж датычыцца перапісаў 1920 і 1923 гг., то пры іх правядзенні не было вызначана дакладнае размежаванне буйной і дробнай прамысловасці, таму публікацыі дадзеных несупаставімыя, бо перапіс 1923 г. праводзіўся толькі ў гарадах.

Бягучая прамысловая статыстыка ЦСУ ў першай палове 1920-х гг. знаходзілася ў нездавальняючым стане. З пачаткам індустрыялізацыі становішча пачынае змяняцца. Перапісы прамысловасці з 1925-26 гг. былі заменены штогадовымі абследаваннямі фабрык і заводаў (звесткі аб руху сыравіны, зменах у абсталяванні, стане энергетычнай базы і г.д.). Пры публікацыі статыстычных дадзеных упершыню была ўведзена новая класіфікацыя галіновай структуры прамысловасці. Падзел па вытворчасцях (занадта складаны і заблытаны) быў заменены дзьвюма асноўнымі эканамічнымі групамі: вытворчасць сродкаў вытворчасці і вытворчасць сродкаў спажывання. Абследаванні былі праведзены ў 1925/26, 1926/27, 1927/28, 1928/29 г.[78]. Іх дадзеныя маюць вялікае значэнне для вывучэння працэсу індустрыялізацыі. Дарэчы з 1 кастрычніка 1926 г. былі ўведзены новыя формы гадавых справаздач, якiя ў асобных прадпрыемстваў да гэтага часу дасягалі 7,5 тысяч старонак. Былі зроблены першыя спробы машыннай апрацоўкі дакументаў. З 1927 г. СССР пачаў выпускаць уласныя лічыльныя машыны.

Разам з тым, нельга не адзначыць і шэраг недахопаў. Улік зараз ішоў не ў натуральных адзінках, як раней – а па кошту вырабленай прадукцыі. Між іншым, аптовыя цэны рэзка ўзрасталі (ішло рэзкае абнаўленне наменклатуры (асартыменту) прадукцыі). З 1930-х гг. з непаладкамі ў статыстыцы не было каму змагацца. ЦСУ ліквідуецца. Статыстыка прамысловасці пачынае грунтавацца на распрацоўцы гадавых справаздач прадпрыемстваў. Дробная прамысловасць, аднак (што асабліва істотна для БССР), працягвала ўлічвацца на аснове спецыяльных перапісаў, правядзенне якіх з пачатку 1930-х гг. становіцца рэгулярным. Толькі ў 1964 г. яны былі заменены бягучым улікам і справаздачнасцю. Гэты факт неабходна ўлічваць пры аналізе публікацый статыстычных дадзеных.

Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў паступова аднаўляецца і дзейнасць статыстычных органаў. Ва ўмовах дэфіцыту рабочых рук найбольшае значэнне набывае ўлік прафесійна-кваліфікацыйнага складу рабочых прамысловасці (1945, 1947, 1953, 1954 і г.д.)[79]. Аднак і ў пасляваенны час існавала шмат нявырашаных праблем. Зборам статыстычных звестак на прадпрыемствах займаліся больш 20 аддзелаў і служб. Адсутнічалі каардынацыя iх дзеянняў і падрабязны эканоміка-статыстычны аналіз дадзеных. Пры вывучэнні статыстычных матэрыялаў, неабходна ўлічваць і асобныя мерапрыемствы Савецкага ўрада, рэформы ў прамысловасці і транспарце. Так у штогодніках “Народное хозяйство...” з 1965-66 гг. улік прадукцыі вызначаецца пераважна ў рублях, а не ў фізічных велічынях. І гэтыя паказчыкі ў рублях на працягу 1970-х па-ранейшаму хутка растуць, што стварае ілюзію дабрабыту. Між іншым, прадпрыемствы выкарыстоўвалі ўсе сродкі, каб павялічыць цану вырабленай прадукцыі (абнаўленне асартыменту, выпуск прадукцыі са знакам “Н” – “навінка” і г.д.). У выніку, пры перавыкананні планаў прадпрыемствамі фактычнае спажыванне тавараў насельніцтвам не толькі не ўзрастала, але часам і скарачалася. Акрамя таго, неабходна мець на ўвазе і такую рэч, як двайны ўлік (улік кошту тканіны, а пасля пашытай з яе вопраткі, абнаўлення яе асартыменту і г.д.).

 


Дата добавления: 2015-12-07; просмотров: 74 | Нарушение авторских прав



mybiblioteka.su - 2015-2024 год. (0.01 сек.)