Читайте также: |
|
Пасля смерці Альгерда вялікім князем літоўскім становіцца старэйшы сын Альгерда ад другога шлюбу Ягайла (1377 - 1392). Супраць гэтага выступіў старэйшы сын ад першага шлюбу Андрэй Полацкі, які знайшоў падтрымку ў Пскове, Маскве і Лівоніі, аднак пасля аблогі войскам Ягайлы Полацка вымушаны быў эміграваць (1378). Але палачане таксама прагналі стаўленіка Ягайлы, яго брата Скіргайлу (1379), і туды неўзабаве вярнуўся Андрэй. У 1381 г. супраць Ягайлы ўзняў паўстанне Кейстут (1381 – 1382), які на некаторы час здолеў захапіць уладу. Аднак у 1382 г. Ягайла з дапамогай Тэўтонскага Ордэна, палачан, віцеблян і віленцаў вярнуў уладу. Кейстут быз вераломна забіты ў замку ў Крэве, а ягоны сын Вітаўт уцёк да крыжакоў. За аказаную падтрымку Ягайла перадаў Тэўтонскаму Ордэну палову Жамойці.
Ягайлу ўдалося вярнуць сабе ўладу, аднак становішча яго было хісткім. Супраць яго працягвалі барацьбу моцныя канкурэнты – Вітаўт і Андрэй Полацкі, якія мелі моцную падтрымку сярод баярства ў адпаведна заходняй і ўсходняй частках краіны і абапіраліся на знешнепалітычныя сілы (крыжацкія Ордэны, Маскоўскае княства). Баяры ВКЛ патрабавалі гарантый свайго пануючага сацыяльнага становішча. У дадзеных умовах Ягайла знайшоў знешнепалітычнага саюзніка ў абліччы Польскага каралеўства, вынікам чаго стаў заключаны палітычны саюз. Сярод асноўных прычын дадзенага саюзу можна вылучыць наступныя:
– агульная для Польшчы і ВКЛ небяспека з боку крыжакоў;
– імкненне Ягайлы заручыцца падтрымкай Польшчы ва ўнутрыпалітычнай барацьбе ў ВКЛ;
– імкненне каталіцкай царквы шляхам уніі ВКЛ з каталіцкай дзяржавай распаўсюдзіць каталіцызм на новых тэрыторыях.
Формай саюзу стаў дынастычны шлюб. У 1382 г. пасля смерці польскага караля Людвіка Баварскага каралевай была абвешчана яго малалетняя дачка Ядвіга. Шляхам шлюбу Ядвігі з Ягайлам польская палітычная эліта імкнуліся атрымаць пасады і землі ў ВКЛ, знайсці моцнага партнёра у барацьбе супраць нямецкай экспансіі.
15 жніўня 1385 г. у замку Крэва быў падпісаны дзяржаўна-палітычны саюз паміж ВКЛ і Польскім каралеўствам – Крэўская унія. Асноўныя палажэнні Крэўскай уніі:
- Ягайла ў выніку шлюбу з польскай каралевай Ядвігай станавіўся польскім каралём;
- Польскае каралеўства і ВКЛ аб’ядноўваліся ў адну дзяржаву на чале з адзіным манархам, праводзілі сумесную знешнюю палітыку. Пры гэтым кожная з дзяржаў захоўвала сваю сістэму кіравання, праводзіла самастойную ўнутраную палітыку;
- Ягайла абавязваўся ахрысціць у каталіцкую веру язычніцкае насельніцтва ВКЛ.
Акт Крэўскай уніі быў падпісаны шэрагам буйнейшых прадстаўнікоў палітычнай эліты ВКЛ. У сакавіку 1386 г. Ягайла стаў польскім каралём пад імем Уладыслаў ІІ. Ягайла, а таксама значная частка знаці ВКЛ прынялі каталіцызм.
У 1387 г. па ініцыятыве Ягайлы ў ВКЛ было створана каталіцкае Віленскае біскупства; пачалося масавае хрышчэнне язычніцкага балцкага насельніцтва ў каталіцкую веру. У 1387 г. Ягайла выдаў прывілей, паводле якога князі і баяры, якія пераходзілі ў каталіцызм, атрымлівалі правы недатыкальнасці асобы і маёмасці, поўнай уласнасці на іх родавыя маёнткі з правам свабодна распараджацца імі, залежныя ад баяр сяляне вызваляліся ад шэрагу дзяржаўных павіннасцяў. Правы баяр-католікаў, такім чынам, прыраўноўваліся да правоў шляхты Польскага каралеўства, што падкрэслівала інтэграцыйную палітыку Ягайлы.
Разам з тым аб’яднанне з Польшчай і ўвядзенне каталіцызму выклікала незадаволенасць палітыкай Ягайлы з боку значнай часткі арыстакратыі ВКЛ, асабліва праваслаўнага веравызнання. Гэта выкарысталі палітычныя канкурэнты Ягайлы ў барацьбе за ўладу ў ВКЛ. У 1386 – 1387 гг. супраць Ягайлы распачынае вайну Андрэй, што скончылася яго паражэннем. У 1388-1392 гг. адбываецца грамадзянская вайна паміж прыхільнікамі Ягайлы і Вітаўта, якога падтрымлівалі крыжакі. У выніку Ягайла быў вымушаны пайсці на саступкі. У 1392 г. было падпісана Востраўскае пагадненне. Паводле яго, Вітаўт атрымліваў уладу ў ВКЛ у якасці намесніка Ягайлы, які па-ранейшаму лічыўся вялікім князем літоўскім. Фактычна ў выніку пагаднення рэальная ўлада ў ВКЛ перайшла да Вітаўта, які пачаў праводзіць самастойную палітыку ў адносінах да Польшчы.
Такім чынам, Крэўская унія стала падзеяй, якая вызначыла ўцягванне Вялікага княства Літоўскага ў арбіту цеснай інтэграцыі з Польскім каралеўствам і ў палітычную сістэму заходнееўрапескага каталіцкага свету. У той жа час унія не прывяла да трывалага дзяржаўнага аб’яднання ВКЛ і Польшчы; яе рэальным вынікам сталі дынастычны (адзінства кіруючай дынастыі) і знешнепалітычны саюз дзвюх дзяржаў.
Дата добавления: 2015-11-14; просмотров: 117 | Нарушение авторских прав
<== предыдущая страница | | | следующая страница ==> |
Унутраная і знешняя палітыка ВКЛ у другой палове 13 – 14 стст. | | | Унутраная і знешняя палітыка ВКЛ у 15 – першай палове 16 стст. |