Читайте также:
|
|
З першых дзён вайны асноўная частка насельніцтва Беларусі стала на шлях барацьбы супраць акупантаў. Гэта была барацьба за свабоду і незалежнасць савецкай Радзімы. Жорсткасць акупацыйнага рэжыму толькі ўзмацняла нянавісць да нямецка-фашысцкіх захопнікаў, супраціўленне станавілася ўсё больш упартым і непрымірымым. Арганізатарамі яго ў пачатковы перыяд вайны былі не толькі дзяржаўныя і партыйныя органы, кіруючыя партработнікі, але і радавыя грамадзяне рэспублікі. Партызанскія атрады і групы часта ўзнікалі на базе народнага апалчэння, знішчальных батальёнаў, аснову многіх партызанскіх падраздзяленняў складалі камандзіры і байцы Чырвонай Арміі, якія апынуліся ў тыле гітлераўскіх войск.
У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны быў сфарміраваны і ўступіў у барацьбу з ворагам Пінскі партызанскі атрад, які ўзначаліў В.З. Корж. У гэты ж час пачаў дзейнічаць атрад пад кіраўніцтвам Ц.П. Бумажкова і Ф.І. Паўлоўскага ў Кастрычніцкім раёне Палескай вобласці. У ліпені 1941 г. рабочыя кардоннай фабрыкі ў пасёлку Пудаць Суражскага раёна Віцебскай вобласці стварылі атрад, які ўзначаліў дырэктар фабрыкі М.П. Шмыроў (бацька Мінай).
На захопленай ворагам тэрыторыі стваралася сетка падпольных цэнтраў, арганізацый і груп. Важную ролю ў станаўленні і ўмацаванні падполля і партызанскага руху адыгралі першыя падпольныя партыйныя камітэты: Пінскі, Гомельскі і Мінскі абкомы, Мінскі і Гомельскі гаркомы, Багушэўскі, Барысаўскі, Ельскі, Лоеўскі, Петрыкаўскі, Рагачоўскі, Расонскі, Рудзянскі, Чэрыкаўскі, Чырвонаслабодскі і іншыя райкомы.
Гераічнай і трагічнай старонкай ў гісторыю барацьбы супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў увайшло Мінскае падполле, арганізатарамі якога былі І.К. Кавалёў, І.П. Казінец, У.С. Амельянюк, І.І. Матусевіч і інш. З першых дзён акупацыі Мінска, які гітлераўцы ахрысцілі “страляючым горадам”, падпольшчыкі ажыццяўлялі дыверсіі на чыгуначным вузле, прадпрыемствах і ў фашысцкіх установах, збіралі і перадавалі цераз сувязных у партызанскія атрады зброю, медыкаменты, звесткі аб руху нямецкіх ваенных эшалонаў, планы размяшчэння ваенных аб’ектаў у горадзе і г.д. Самаахвярна змагаліся з ворагам падпольшчыкі Магілёва, Віцебска, Оршы, Жлобіна, Брэста, Гродна і іншых гарадоў і пасёлкаў рэспублікі.
Да канца 1941 г. у Беларусі, паводле няпоўных даных, былі арганізаваны і дзейнічалі 247 партызанскіх атрадаў і падпольных груп. Аднак у першыя месяцы вайны партызаны не мелі патрэбнай падрыхтоўкі, матэрыяльнага забеспячэння, узаемадзеяння з вайсковым камандаваннем і г.д.
Вялікі ўплыў на ўздым народнага руху супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў аказала бітва пад Масквой. Контрнаступленне савецкіх войск пад Масквой перайшло ў агульнае наступленне па ўсяму фронту і працягвалася да красавіка 1942 г. У канцы 1941 г. – пачатку 1942 г. савецкія войскі выйшлі да граніцы Беларусі, і з імі на Віцебскім напрамку ў непасрэднае ўзаемадзеянне ўступілі партызанскія атрады Я.З. Захарава, Д.Ф. Райцава, М.П. Шмырова і інш. У выніку сумесных дзеянняў часцей Чырвонай Арміі Калінінскага фронту і партызанскіх атрадаў быў вызвалены тракт Усвяты–Сураж і ўтвораны 40-кіламетровы праход у лініі нямецкага фронту (“Суражскія”, альбо “Віцебскія”, вароты). Цераз іх на акупіраваную ворагам тэрыторыю з Вялікай зямлі накіроўваліся арганізатарскія і дыверсійныя групы, узбраенне, боепрыпасы і інш.
Расла колькасць і актыўнасць народных мсціўцаў. Гэта дало магчымасць на базе асобных атрадаў стварыць буйныя партызанскія фарміраванні – брыгады і злучэнні, баявыя дзеянні якіх каардынаваліся з войскамі Чырвонай Арміі. Для кіраўніцтва ўсімі партызанскімі сіламі краіны пастановай Дзяржаўнага Камітэта Абароны ад 30 мая 1942 г. пры Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандавання быў створаны Цэнтральны штаб партызанскага руху, які ўзначаліў сакратар ЦК КП(б)Б П.К. Панамарэнка. Некалькі пазней былі арганізаваны Беларускі, Украінскі і іншыя штабы партызанскага руху.
Удасканальвалася і аператыўнае кіраўніцтва падпольнымі арганізацыямі і партызанскімі фарміраваннямі. У савецкім тыле была створана спецыяльная школа (Асобы беларускі збор) для падрыхтоўкі падпольшчыкаў і партызан. Важную ролю ва ўмацаванні шэрагаў партызан адыграла “Партызанская прысяга”, тэкст якой быў зацверджаны ЦК КП(б)Б у маі 1942 г.
У рабоце сярод насельніцтва вялікае значэнне надавалася сродкам масавай інфармацыі і распаўсюджванню цэнтральных газет, зводак Саўінфармбюро, выданню падпольных газет і лістовак. У маі 1942 г. мінскія падпольшчыкі выпусцілі першы нумар газеты “Звязда”. У пачатку 1943 г. было адноўлена выданне “Звязды” як цэнтральнага органа КП(б)Б. Усяго ў акупіраванай Беларусі выдавалася больш за 170 падпольных часопісаў і газет.
Асабліва прыкметна актывізаваўся партызанскі рух у сувязі з умацаваннем дзеючых падпольных камітэтаў і пашырэннем іх сеткі. Узначальвалі барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі на тэрыторыі акупіраванай Беларусі 203 абкомы, міжрайкомы, міжрайпартцэнтры, гаркомы і райкомы Кампартыі Беларусі, больш за 1200 пярвічных партарганізацый. Значны ўклад у барацьбу ўносіла камсамольскае падполле, узначальваемае М.В. Зімяніным, К.Т. Мазуравым, С.В. Прытыцкім. Яно ўключала 224 абласныя, міжраённыя, гарадскія і раённыя камітэты камсамола і больш за 5,5 тыс. пярвічных камсамольскіх арганізацый, у якіх было аб’яднана звыш 100 тыс. юнакоў і дзяўчат.
У заходніх абласцях Беларусі барацьбу з акупантамі вялі антыфашысцкія камітэты, арганізацыі, групы, якія аб’ядноўвалі больш за 12 тыс. чалавек. Яны распаўсюджвалі лістоўкі, збіралі для партызан зброю, боепрыпасы, прадукты харчавання.
Такім чынам, нарастала ўсенародная барацьба супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, загартоўваўся партызанскі рух, узмацнілася баявая дзейнасць партызан. Калі ў снежні 1941 г. у Беларусі змагаліся 50 партызанскіх атрадаў, то ў лістападзе 1942 г. – 352, а ў час бітвы на Курскай дузе ў ліпені 1943 г. – 658 атрадаў.
Партызанскі рух на Беларусі з’яўляўся сапраўды ўсенародным: 1255 партызанскіх атрадаў аб’ядноўваліся ў 213 брыгад з колькасцю звыш 370 тыс. чалавек. У гарадах і вёсках барацьбу з акупантамі вялі патрыёты-падпольшчыкі. У мінскім падполлі змагалася звыш 9 тыс. патрыётаў. Толькі ў другой палове 1943 г. яны правялі больш за 50 дыверсій, у тым ліку дыверсійную акцыю, у выніку якой быў знішчаны генеральны камісар Беларусі В. Кубэ. Прысуд над ім выканалі беларускія патрыёты А. Мазанік і М. Осіпава.
У ноч на 30 ліпеня 1943 г. на Асіповіцкім чыгуначным вузле Ф. Крыловіч узарваў дзвюма магнітнымі мінамі эшалон з гаручым, у выніку чаго ўзнік пажар, які знішчыў 4 эшалоны, у тым ліку 1 з танкамі “Тыгр”, 63 вагоны са снарадамі, авіябомбамі, мінамі, 31 цыстэрну з гаручым. Былі таксама пашкоджаны вугальны склад, блокпост, дэпо. Гэта – адна з найбуйнейшых дыверсійных аперацый другой сусветнай вайны.
Яшчэ ў часы вайны стаў шырока вядомым подзвіг К.С. Заслонава – падпольшчыка з Оршы, В.З. Харужай з Віцебска, патрыётаў з Обаля, Скідзеля, іншых населеных пунктаў. Усяго ў Беларусі дзейнічала пад кіраўніцтвам падпольных партыйных і камсамольскіх арганізацый 70 тыс. падпольшчыкаў.
Магутны партызанскі рух і гераічная барацьба падпольшчыкаў умацоўвалі веру насельніцтва ў перамогу, падрывалі і разладжвалі тыл гітлераўскай арміі, трымалі акупантаў у страху і напружанні.
Галоўныя ўдары беларускія партызаны і падпольшчыкі наносілі па варожых камунікацыях. З 1942 г. партызаны ўстанавілі кантроль за рухам на магістралях Брэст–Гомель, Мінск–Орша і інш.
Грандыёзнай па маштабах і эфектыўнай па выніках была “рэйкавая вайна” – масавы падрыў чыгунак з мэтай дэзарганізацыі ваенных перавозак для гітлераўскай арміі. Першы этап яе пачаўся ў час контрнаступлення савецкіх войск пад Курскам і працягваўся з 3 жніўня да сярэдзіны верасня 1943 г. У другой палове верасня – кастрычніку 1943 г., калі Чырвоная Армія ўступіла на тэрыторыю Беларусі, прайшоў другі этап “рэйкавай вайны”. У выніку двух этапаў перавозкі для групы армій “Цэнтр” значна скараціліся, да таго ж праціўнік вымушаны быў павялічыць колькасць дывізій для аховы сваіх камунікацый. Трэці этап “рэйкавай вайны”, які праводзіўся напярэдадні і ў ходзе вызвалення Беларусі, таксама меў важнае аператыўна-стратэгічнае значэнне.
Партызаны кантралявалі многія шашэйныя і амаль усе грунтавыя дарогі, грамілі штабы, склады і гарнізоны захопнікаў. Толькі ў 1943 г. было знішчана больш за 300 варожых гарнізонаў, 217 паліцэйскіх участкаў і валасных упраў.
Значны ўрон акупантам наносілі партызанскія рэйды, якія не толькі дэзарганізоўвалі тыл праціўніка, але і садзейнічалі развіццю партызанскага руху.
Рэйды партызанскіх фарміраванняў займалі важнае месца ў разгортванні партызанскага руху ў заходніх абласцях Беларусі. Да зімы 1943/44 г. баявымі рэйдамі выйшлі ў заходнія вобласці рэспублікі 12 брыгад, 14 асобных атрадаў, больш за 7 тыс. партызан. Партызанскія фарміраванні замацаваліся ў Баранавіцкай, Брэсцкай, Вілейскай, Беластоцкай абласцях і разам з мясцовымі партызанамі ўтварылі ўздоўж заходніх граніц Беларусі амаль суцэльны партызанскі фронт.
У ходзе барацьбы з ворагам партызанскія атрады і брыгады вызвалілі тысячы населеных пунктаў, у тым ліку шэраг райцэнтраў. На вызваленай тэрыторыі ўтварыліся партызанскія зоны. Першыя з іх на Беларусі ўзніклі ўвосень 1941 г. У канцы 1943 г. партызаны кантралявалі ўжо каля 58 % тэрыторыі рэспублікі. Існавала больш за 20 партызанскіх зон: Акцябрска-Любанская, Барысаўска-Бягомльская, Клічаўская, Полацка-Лепельская, Расонска-Асвейская, Івянецка-Налібоцкая, Сенненска-Аршанская, Суражская і інш.
Аб’яднанымі сіламі беларускіх, рускіх, украінскіх, латышскіх і літоўскіх партызан былі створаны партызанскія зоны ў раёнах Беларусі, сумежных з суседнімі рэспублікамі. У выніку аб’яднання некаторых з іх утварыліся партызанскія краі. Адзін з такіх краёў дзейнічаў на стыку БССР, РСФСР і Латвіі і ахопліваў 14 раёнаў на плошчы 10 тыс. км2 з насельніцтвам больш за 200 тыс. чалавек. Вялікі партызанскі край існаваў таксама ў міжрэччы Дняпра, Прыпяці і Дзясны.
Кіраўніцтва ўсёй дзейнасцю насельніцтва і партызан на тэрыторыі партызанскіх зон ажыццяўлялі падпольныя абкомы і райкомы партыі. Яны абапіраліся на ўзброеныя сілы партызанскіх злучэнняў і насельніцтва, аднаўлялі ў вызваленых раёнах савецкую ўладу. У многіх раёнах былі адноўлены, створаны і дзейнічалі выканкомы Саветаў дэпутатаў працоўных. Ролю і функцыі органаў савецкай улады выконвалі найчасцей партызанскія атрады, спецыяльна створаныя народнымі мсціўцамі камендатуры, якія вырашалі гаспадарчыя і іншыя пытанні.
Партызанскія зоны станавіліся сапраўднымі баявымі фарпостамі ўсенароднага супраціўлення ворагу, базай і своеасаблівым тылам, дзе партызаны прымалі самалёты з Вялікай зямлі, рыхтавалі рэзервы. Партызаны праводзілі сярод насельніцтва масава-палітычную работу, распаўсюджвалі газеты, лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро. У некаторых партызанскіх зонах працавалі школы, медыцынскія пункты, якія абслугоўвалі партызан і насельніцтва. Сам факт існавання ў глыбокім тыле ворага партызанскіх зон меў важнае палітычнае значэнне, садзейнічаў росту ўсенароднага супраціўлення гітлераўцам.
Партызаны, падпольшчыкі не здолелі б адны весці паспяховую барацьбу, калі б не дапамога большасці насельніцтва Беларусі, якое ўсімі сродкамі і сіламі супраціўлялася ваенным, эканамічным і палітычным мерапрыемствам акупантаў, падтрымлівала народных мсціўцаў. Мірныя жыхары забяспечвалі партызан харчаваннем, адзеннем, абуткам, збіралі зброю і боепрыпасы, выконвалі абавязкі сувязных і разведчыкаў, а нярэдка прымалі непасрэдны ўдзел у баявых аперацыях супраць акупантаў.
За тры гады гераічнай барацьбы ў тыле ворага, з чэрвеня 1941 г. да ліпеня 1944 г., патрыёты Беларусі нанеслі вялікі ўрон акупантам у тэхніцы і жывой сіле. Яны знішчылі амаль паўмільёна гітлераўцаў і паліцэйскіх. Было пушчана пад адхон 11 128 эшалонаў і 34 бронепаязды, разгромлена 29 чыгуначных станцый, 948 гарнізонаў і штабоў, падарвана і спалена 18 700 аўтамашын, 939 ваенных складоў, 819 чыгуначных і 4710 іншых мастоў, збіта 305 самалётаў, падбіта 1355 танкаў і бронемашын, захоплена вялікая колькасць трафеяў. Нездарма гітлераўскі намеснік у Беларусі В. Кубэ дакладваў у Берлін, што ў тыле арміі “Цэнтр” фактычна існуе другі фронт – партызанскі.
За мужнасць і адвагу больш як 140 тыс. беларускіх партызан і падпольшчыкаў узнагароджаны ордэнамі і медалямі, а 88 з іх, у тым ліку Ц.П. Бумажкову, Ф.І. Паўлоўскаму (першым з савецкіх партызан), М.П. Шмырову, І.П. Казінцу, К.С. Заслонаву, В.І. Казлову, У.Е. Лабанку, П.М. Машэраву, Ефрасінні Зяньковай, Марату Казею, прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Аднак беларусы добра ведаюць, што адным ім, без дапамогі і падтрымкі ўсіх народаў Савецкага Саюза і іншых краін, не ўдалося б выжыць у той страшэннай вайне. З савецкага тылу партызаны атрымлівалі сродкі сувязі, медыкаменты, узбраенне і г.д. Толькі з лета 1942 г. па сакавік 1944 г. з-за лініі фронту было перапраўлена 80 тыс. вінтовак, аўтаматаў, кулямётаў, 100 млн патронаў да іх, 400 т узрыўчаткі. Савецкія ваенныя лётчыкі вывезлі з варожага тылу больш за 11 тыс. беларускіх дзяцей і раненых партызан. У злучэннях беларускіх партызан ваявалі 100 тыс. рускіх, дзесяткі тысяч украінцаў, тысячы латышоў, эстонцаў, грузін, армян, азербайджанцаў – прадстаўнікоў амаль усіх нацыянальнасцей Савецкага Саюза.
На тэрыторыі Беларусі змагаліся і прадстаўнікі народаў іншых краін – палякі, чэхі, славакі, венгры, бельгійцы, аўстрыйцы, галандцы, італьянцы, немцы і інш. Усяго на тэрыторыі Беларусі змагаліся каля 4 тыс. замежных антыфашыстаў.
Аналіз сацыяльнага і нацыянальнага складу партызан Беларусі паказвае, што іх касцяк складалі сяляне і рабочыя – 56,1 %, служачых было 20,5 %, навучэнцаў – 12,2, вайскоўцаў – 11,2 %. Пры гэтым моладзь да 25 гадоў уключна складала 54 %. Беларусаў сярод партызан было 71,1 %.
Дата добавления: 2015-07-11; просмотров: 165 | Нарушение авторских прав