Студопедия
Случайная страница | ТОМ-1 | ТОМ-2 | ТОМ-3
АрхитектураБиологияГеографияДругоеИностранные языки
ИнформатикаИсторияКультураЛитератураМатематика
МедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогика
ПолитикаПравоПрограммированиеПсихологияРелигия
СоциологияСпортСтроительствоФизикаФилософия
ФинансыХимияЭкологияЭкономикаЭлектроника

Дакументальная трылогія пра 1794 год



Дакументальная трылогія пра 1794 год

Звычайна такія зборнікі дакументаў выходзяць падчас юбілейных урачыстасцяў, якія шырока адзначаюцца на высокіх дзяржаўных узроўнях. Аднак побач з нядаўна адсвяткаванымі на Беларусі 200-годдзямі вялікіх паэтаў Адама Міцкевіча (1998) і Аляксандра Пушкіна (1999) аналагічны юбілей Паўстання 1794 года (іначай яго яшчэ называюць Паўстаннем пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі) не ўганараваўся значнымі выданнямі. Апроч хіба перапеўных, прысвечаных асобе самога дыктатара, нашага слыннага земляка з фальварка Марачоўшчына, што непадалёк ад Косава Палескага ў былым Слонiмскiм павеце (цяпер Iвацэвiцкi раён Брэсцкай вобл.). Хоць паўстанне 1794 года вызначальнае для нас тым, што яно было першым вызвольным рухам на нашай роднай зямлі, імпульсы якога паўставалі вулканічным гневам не толькі ў ХІХ стагоддзі — звыш дзесятка адкрытых збройных ваенных паўстанняў - інсурэкцый - рэвалюцый і шматлікіх патаемных змоваў-таварыстваў-саюзаў, скіраваных супраць расійскага царызму (1807, 1812, 1823 — 1824, 1826, 1830 — 1831, 1833, 1838, 1843, 1846, 1849, 1855, 1863 — 1864...), але і ў ХХ стагоддзі (Слуцкі збройны чын 1920 г.).

Нібы адчуваючы віну за няздзейсненае, гісторык-архівіст Яўген Анішчанка аднаасобна кінуўся наўздагон здзяйсняць няздзейсненае. І вось на працягу трох апошніх гадоў беларуская археаграфія папоўнілася трыма дакументальнымі зборнікамі:

1) Восстание и война 1794 года в литовской провинции
(По документам российских архивов) / Сост., ред. и предисл. Е. К. Анищенко. — М.: Книжный дом “ЧеРо”, 2000. 176 с. [Выдавецкая анатацыя сведчыць: “Настоящий сборник впервые полностью представляет важнейшие документы военно-государственной элиты Российской империи периода ее борьбы с восстанием 1794 г. в Великом княжестве Литовском. Среди них — манифесты руководства восстания, показания лазутчиков, активистов и участников движения, переписка по поводу карательных операций” ]. Усяго апублікавана 93 дакументы.

2) Восстание и война 1794 года в литовской провинции (По документам архивов Москвы и Минска) / Сост., ред. и предисл. Е. К. Анищенко. — Мн.: Общественное объединение “Молодежное научное общество”, 2001. 210 с. [У анатацыі пазначана: “ Настоящий сборник впервые знакомит широкую общественность с делопроизводством элиты Российской империи о зарождении восстания 1794 года в Великом княжестве Литовском, его инициаторах и их идейных замыслах, участии населения в пропагандистских и мобилизационных акциях руководителей движения. Подавляющая часть документов также впервые раскрывает военно-оперативную обстановку на местах сражений, детали самих боевых операций. За редким исключением тексты воспроизводятся полностью. Сборник адресован историкам, преподавателям, учителям и студентам”. Литературный редактор ведущий научный редактор изд-ва “ Беларуская Энціклопедыя ” [(sic!)] Ефросинья Павловна Фещенко.] Усяго апублікавана 168 дакументаў.



3) Стогн. Паўстанне і вайна 1794 года ў літоўскай правінцыі. Дакументы / Пад рэдакцыяй старшага навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Яўгена Анішчанкі. — Мн.: “Пейто”, 2002. 208 с. [“ Дадзены зборнік упершыню прадстаўляе важнейшыя дакументы ваенна-палітычнага кіраўніцтва Расійскай імперыі часу яе барацьбы з паўстаннем 1794 г. у Вялікім княстве Літоўскім. Сярод іх — маніфесты кіраўнікоў паўстання, сведчанні лазутчыкаў, актывістаў і ўдзельнікаў вызваленчага руху, перапіска адносна карных аперацый. Адрасавана гісторыкам, выкладчыкам, студэнтам — усім, хто цікавіцца малавядомымі з’явамі мінулага” ]. Усяго апублікавана 115 дакументаў.

Выданне касцюшкаўскай дакументальнай “трылогіі” — з’ява прыкметная ў вывучэнні нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 года, паколькі да самага апошняга часу гэтай гераічнай старонцы нашага мінулага прысвячаліся пераважна польскамоўныя дакументальныя крыніцы. Гісторык Я. Анішчанка скіраваў свой позірк на ўсход і ў маскоўскіх архівах назбіраў нямала цікавых матэрыялаў. За гэта будучыя гісторыкі адудзячаць яму прыхільнасцю. Ды і нам, сучаснікам, няма чаго скупіцца на прыхільнае слова. Паколькі, як зазначае ў прадмовах да сваіх дакументальных зборнікаў складальнік, вялікая каштоўнасць іх не толькі для краязнаўцаў (тых, хто найперш скіраваны на вывучэнне свайго роднага кутка), але і для ўсіх, “ хто зацікаўлены ў самастойным i непрадузятым веданні мінулага ”.

А такой мажлівасці — непрадузятага, аб’ектыўнага вывучэння мінулага нашага вялікага краю мы былі пазбаўлены не адно дзесяцігоддзе. Што і даводзіцца канстатаваць са шкадаваннем. Таму належала б у тых самых уступных прадмоўках з пэўным разуменнем паставіцца да прац сваіх папярэднікаў (Ул. Пічэты, А. Грыцкевіча, Я. Юхо, Н. Мазоўкі і інш.), а не залічваць іх заплечна да ненавуковых “інсінуацый”. Такая крытычная ангажаванасць дазваляе і нам судзіць складальніка адпаведнай меркай.

Памятаючы пра ўсё станоўчае і каштоўнае ў матэрыялах (“ усе яны друкуюцца практычна ўпершыню ”), прыгледзімся да пэўных недапрацовак гісторыка-архівіста, які выступіў у новым для сябе амплуа рэдактара-складальніка. А недахопы прысутнічаюць. Спынімся з заўвагамі на апошнім выданні, паколькі яно беларускамоўнае і, значыць, у першую чаргу скіравана да айчыннага чытача. Тым больш, што і Археграфічная камісія Камітэта па архівах і справаводству пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, як сведчыць тытульная старонка, мае да яго дачыненне.

Тое, што надпіс на вокладцы “Стогн. Паўстанне і вайна 1794 года ў літоўскай правінцыі. Новыя дакументы” адрозніваецца ад тытульнай старонкі (проста Дакументы), дапушчальна у выдавецкай практыцы, прадыктаванай сваімі рэкламна-рынкавымі прыёмамі. Але ўжо афармленне тытульнай старонкі паказвае на неадпаведнасць з адваротам тытула. Калі тытул аформлены па законах калектыўнай манаграфіі ці дакументальнага зборніка — “ Пад рэдакцыяй старшага навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Яўгена Анішчанкі ”, то на адвароце старонкі ў бібліяграфічным апісанні выдання яно цалкам апушчана. Затое ў аўтарскім праве прысутнічае новае ўдакладненне: “ Яўген Анішчанка, укладанне, рэдагаванне, прадмова ”, што высвечвае аўтарскую ролю самога рэдактара-складальніка, ягоны аднаасобны ўнёсак.

Адсутнасць уласна выдавецкага рэдактара (выдавецта “Пейто”) адмоўна паўплывала на стылістыку выдання. Менш чым дзесятак прадмоўных старонак поўніцца моўнымі, стылістычнымі агрэхамі, дзе тэкст месцамі чытаецца з кульганнем: “ абасобленым ад Кароны і Касцюшкі выступленні”, “ фігурыраваў ”, “надта шчуплая ў адносінах да разглядаемай тэмы”, “ Аб недапушчальнасці ўраўноўвання ”, “ Інструкцыя Мінскага ваяводства... клапацілася ”(!!)... А на старонцы 9 яны суседзяць з карэктарскімі агрэхамі настолькі, што цяжка разабраць ці гэта звычайны карэктарскі недагляд (“такім лозунгам віленскія кіраўнікі хацелі ўзнавіць карпаратыўнае адзінства ўсяе шляхты, паруша[на]е Вялікім сеймам”; “нацыянальна- вызхваленчага руху”), ці намаганне ўзбіцца на адметны аўтарскі стыль (“ што знаць са страху перад народам дэманстратыўна пераапраналася ў евангельскія лахманы”; “пазбавіў немаёмную шляхту выбарчых або палітычных правоў”; “не маем права зневажаць самасвядомасцю продкаў i адвольна мяняць ix мінулае самаатоесамленне на сучаснае” і г. д.). Яўны факталагічны пасаж чытаецца на старонцы 11: “Матэрыялы датаваны na новаму стылю, але захаваны двайны запіс (у час укладання кнігі розніца паміж старым i новым стылем складала 11 дзён)”. Насамрэч, падрыхтаваныя Я. Анішчанкам зборнікі выходзілі ў ХХІ стагоддзі, калі розніца паміж новым і старым стылем засталася гэткай, як і ў ХХ ст. — 13 дзён. Таму дакладней было б сказаць: падчас паўстання 1794 года розніца...

Гэткім жа недаглядам бачыцца ўжыты загаловак “ Змест ” (с. 197). Дакладней было б яго назваць “ Спісам дакументаў ”, паколькі змест патрабуе адлюстравання прыкладзенага ў зборніку “ Імяннога спіса ” (с. 188 — 195) і “ Спасылак ” (с. 204 — 207). Каштоўнасць спіса невялі­кая, паколькі ён, што называецца, “голы”: укладальнік не парупіўся зрабіць да яго адпаведныя тэксту кнігі адсылкі. І чытач не зможа яго належным чынам скарыстаць: адшукаць патрэбнае яму прозвішча-персаналію. У “Імянным спісе” не пазначаны старонкі, на якіх згаданы персаналіі.

Што ж да “ Спасылак ”, даводзіцца з прыкрасцю канстатаваць: толь­кі на дзвюх старонках (204 — 205) налічваецца да паўсотні памылак. З незразумелай паслядоўнасцю, калі трэба пісаць polski, wileński — вока рэжа połski, wiłeński. І наадварот, словы з цвёрдым “ л ” (тыпу chłopski, Wrocław) напісаны праз “л” мяккае (chlopski Wroclaw). І г. д. і г. д.

Відавочна, што і на старшага навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі НАНБ патрэбен рэдактар, паколькі далёка не ўсе “ каштоўныя парады, выказаныя пры чытанні рукапісу ” (с. 11) былі ўлічаны складальнікам.

Археаграфічнае афармленне ўсяго зборніка ў цэлым адпавядае пастаўленым укладальнікам умовам: “ Большасць выкарыстаных крыніц складзена i захоўвецца ў архівах на рускай мове. У дадзенай кнізе гэтыя дакументы прыведзены ў адпаведнасці з арыгіналамі з захаваннем ix моўных i стылістычных асаблівасцяў. Выпадкі перакладаў дакументаў пазначаны асобна. Напісанне геаграфічных месцаў захавана ў ix тагачаснай форме. Загалоўкі дакументаў выдзелены назвай, якая дакладна перадае ix змест. Імёны i даты, вызначаныя ўскосным шляхам, заключаны ў дужкі. Назвы архіваў, сігнатуры спраў, назвы друкаваных выданняў прыводзяцца на мове арыгіналаў. Каб дабіцца яснасці i зразумеласці пыхлівых тэкстаў, пунктуацыя доўгіх цытат наўмысна зменена. У тых жа мэтах, але радзей грувасткія тэксты раздзелены на абзацы. У некаторых выпадках геаграфічныя назвы падаюцца з вялікай літары. Усе выпраўленні, зробленыя складальнікам, заключаны ў дужкі.

Дакументы сістэматызаваны ў зборніку na храналагічнаму прынцыпу, na датах ix складання, адпраўлення i атрымання…

Тым не менш, пры знаёмстве з тэкстамі і загалоўкамі да іх іншы раз кі­даецца ў вочы іх рэдактарская недапрацаванасць. Чаго каштуе толькі апра­цоўка дак. № 2, дзе ў загалоўку сказана пра “інд ы йскага (“ін­д и йского”) філосафа”, а ў тэксце ўсюды ўжываецца назва “індз е йцы”.

Сам загаловак для зборніка выбраны вельмі ўдалы, у чым бачыцца заслуга Віктара Хурсіка, дзякуючы арганізацыйным i фінансавым высілкам якога апошні зборнік пабачыў чытача. Загаловак адметны сваёй мастацкай ёмістасцю, якой пазайздросціў бы нават раманіст. Магчыма, у будучым не аднаму з празаікаў заманіцца скарыстаць яго для свайго гістарычнага палатна. А тое, што на падставе “дакументальнай трылогіі”, падрыхтаванай Я. Анішчанкам, можна стварыць мастацкую старонку падзей напрыканцы змагарнага ХVІІІ стагоддзя з трагічнай назвай “Стогн”, — бясспрэчна.

Наклад апошняга зборнічка невялікі — усяго 150 паасобнікаў. Але адсутнасць яго ў продажы сведчыць, што кожная цікавая кніга знойдзе свайго ўдзячнага чытача. Толькі нельга яго расчароўваць. А падставы для расчаравання аўтар-складальнік дае сам.

Пажадаем аўтару-складальніку ўважліва прыгледзецца да археаграфічнай падрыхтоўкі і культуры публікацыі гістарычных крыніц, як тое робіцца ў нашых бліжэйшых суседзяў на захад ці на ўсход. Мажліва, ахвяруючы нейкім чынам і сваімі архіўнымі пошукамі.

Зрэшты, не ў гэтым бачыцца галоўнае. Гісторыку-архівісту, якім па праву лічыцца Яўген Анішчанка, галоўным уяўляецца выдаць на-гара дзесяткі, сотні дакументаў, да якіх ягоная даследчыцкая рука часам дакранаецца ўпершыню. Аднак нейкі мінімум археаграфічнай культуры ў кніжным выданні павінен захоўвацца. Павінна ж існаваць мяжа, за якой ужо губляецца навуковая каштоўнасць і даецца воля папулярнасці.

А да чаго прыводзіць папулізм — гісторык добра ведае.

 


Дата добавления: 2015-08-29; просмотров: 78 | Нарушение авторских прав




<== предыдущая лекция | следующая лекция ==>
Автономная некоммерческая организация | 2.2Документальное оформление материально-производственных запасов

mybiblioteka.su - 2015-2024 год. (0.007 сек.)