Студопедия
Случайная страница | ТОМ-1 | ТОМ-2 | ТОМ-3
АрхитектураБиологияГеографияДругоеИностранные языки
ИнформатикаИсторияКультураЛитератураМатематика
МедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогика
ПолитикаПравоПрограммированиеПсихологияРелигия
СоциологияСпортСтроительствоФизикаФилософия
ФинансыХимияЭкологияЭкономикаЭлектроника

Быў халодны i пагодлiвы красавiцкi дзень, гадзiннiкi бiлi трынаццаць гадзiн. Ўiнстан Смiт, утулiўшы галаву ў плечы, спрабаваў схавацца ад злога ветру. Ён праслiзнуў праз шкляныя дзверы ў дамовы блок 4 страница



 

На згадку пра Вялiкага Брата твар Ўiнстана на iмгненне асвятлiўся. Але Сайм усё ж адразу заўважыў, што не здолеў захапiць Ўiнстана.

 

- Ты не можаш па-сапраўднаму ацанiць навамоўе, Ўiнстан, - сказаў ён амаль са смуткам. - Нават калi ты пiшаш на iм, ты ўсё роўна думаеш на старамоўi. Я чытаў некалькi тваiх артыкулаў, што ты час ад часу пiшаш у "Таймз". Яны вельмi добрыя, але гэта ўсяго толькi пераклады. Ты яшчэ вельмi прывязаны да старамоўя з усiмi яго няяснасцямi i непатрэбнымi адценнямi думкi. Ты яшчэ не адчуў прыгажосцi знiшчэння слоў. Цi ведаеш ты, што навамоўе - адзiная ў свеце мова, дзе колькасць слоў з кожным годам памяншаецца?

 

Не, Ўiнстан гэтага не ведаў. Ён усмiхнуўся, паспрабаваўшы паказаць на твары разуменне, але не наважыўся адказаць. Сайм зноў адкусiў кавалак чорнага хлеба, хутка праглынуў i казаў далей:

 

- Цi ж ты не бачыш, што мэта навамоўя - скарацiць абсяг дзеяння думкi. Урэшце мы зробiм немагчымым само iснаванне думзлачынстваў, бо проста не будзе слоў, якiмi iх можна будзе выказаць. Кожнае паняцце, якое калi-небудзь трэба будзе выказаць, будзе азначацца толькi адным словам, пры гэтым яго сэнс будзе дакладна акрэслены, а розныя дадатковыя адценнi значэння будуць злiквiдаваныя i забытыя. Сёння, у Адзiнаццатым выданнi мы ўжо недалёкiя ад гэтага. Але працэс увесь час будзе працягвацца, яшчэ доўга нават пасля нашай смерцi. З кожным годам будзе ўсё менш i менш слоў, абсяг свядомасцi будзе ўсё вузейшы i вузейшы. Вядома ж, ужо сёння не iснуе нiякiх падстаў для апраўдання думзлачынстваў. Гэта проста пытанне самадысцыплiны, кантролю рэчаiснасцi. Але ўрэшце i гэта не спатрэбiцца. Рэвалюцыя пераможа канчаткова, калi мы створым дасканалую мову. Навамоўе ёсць Ангсоц, Ангсоц ёсць навамоўе, - дадаў ён з таямнiчым задавальненнем. - Цi задумваўся ты калi над тым, што ў 2050 годзе не застанецца нiводнага чалавека, якi ўвогуле здолеў бы зразумець нашу цяперашнюю размову?

 

- Акрамя... - хацеў запярэчыць Ўiнстан, але не скончыў.

 

Ён збiраўся сказаць: "Акрамя пролаў", але стрымаўся, бо не быў цалкам упэўнены, што такая заўвага не падасца праявай ненадзейнасцi. Аднак Сайм адгадаў, што ён хацеў сказаць.

 

- Пролы - не людзi, - сказаў ён безуважна. - У 2050 годзе, а можа, яшчэ i раней, сапраўднае веданне старамоўя будзе немагчымае. Уся лiтаратура мiнулага будзе знiшчана. Чосэр, Шэкспiр, Мiлтан, Байран будуць iснаваць толькi ў навамоўных перакладах i будуць не проста перакладзеныя, а ператвораныя ў супрацьлегласць таму, чым яны былi. Нават партыйная лiтаратура не пазбегне пераробкi. Нават лозунгi будуць гучаць iнакш. Як, напрыклад, захаваецца лозунг "Свабода гэта рабства", калi само паняцце свабоды будзе злiквiдаванае? Увесь сусвет думкi будзе выглядаць iначай. Увогуле не будзе iснаваць нiякай думкi прынамсi, у тым сэнсе, якi мы цяпер укладаем у гэтае паняцце. Добранадзейнасць значыць нядуманне - адсутнасць патрэбы ў думаннi. Добранадзейнасць у бяздумнасцi.



 

Калi-небудзь Сайма выпараць, адчуў Ўiнстан у глыбiнi душы. Ён занадта разумны. Ён бачыць занадта ясна i гаворыць занадта шчыра. Партыi такiя людзi не падабаюцца. Калi-небудзь ён знiкне. Гэта ў яго напiсана на твары.

 

Ўiнстан даеў хлеб i сыр. Ён павярнуўся на крэсле трошкi ўбок, каб выпiць каву. За столiкам злева ад яго чалавек з пранiзлiвым голасам працягваў сваю бязлiтасную прамову. Нейкая маладая жанчына, напэўна, яго сакратарка, што сядзела спiнай да Ўiнстана, уважлiва яго слухала i, здавалася, заўзята яго падтрымлiвала. Час ад часу да Ўiнстана даляталi заўвагi накшталт: "Вы маеце рацыю. Я цалкам з вамi згаджаюся", прамоўленыя голасам, якi, вiдаць, належаў маладой i не надта разумнай асобе. Але першы голас не сцiхаў нi на хвiлiну, нават тады, калi гаварыла дзяўчына. Ўiнстан ведаў мужчыну з твару, але ведаў пра яго толькi тое, што ён займае нейкую важную пасаду ў аддзеле мастацкай лiтаратуры. Гэта быў чалавек гадоў трыццацi з мускулiстай шыяй i вялiкiм рухавым ротам. Ягоная галава была трошкi адхiлена назад, ён быў павернуты якраз так, што шкельцы акуляраў адбiвалi святло, i таму Ўiнстан бачыў замест вачэй два пустыя блiскучыя круглячкi. Як нi дзiўна, але было амаль немагчыма зразумець хоць адно слова з таго бурлiвага патоку, што вырываўся з яго рота. Толькi аднаго разу Ўiнстан пачуў больш зразумелы ўрывак: "...поўнае i канчатковае выкараненне гольдштэйнiзму", - вылецела вельмi хутка, адным кавалкам, як нейкае цвёрдае цела. Астатняе было незразумелым краканнем: кра-кра-кра... Аднак, нават не чуючы, што кажа гэты чалавек, можна было не сумнявацца ў змесце яго прамовы. Цi ён цяпер абвiнавачваў Гольдштэйна i патрабаваў больш суровых захадаў супраць думзлачынцаў i сабатажнiкаў, цi ён выкрываў зверствы эўразiйскiх салдатаў, цi ён услаўляў Вялiкага Брата або герояў Малабарскага фронту - гэта было ўжо не так iстотна. Што б ён нi казаў, можна было быць пэўным, што кожнае яго слова слушнае, iдэалагiчна вытрыманае i адпавядае прынцыпам Ангсоцу.

 

Пакуль Ўiнстан разглядаў бязвокi твар, нiжняя скiвiца якога хадзiла ўверх i ўнiз, у яго з'явiлася дзiўнае пачуццё, што гэта быў не сапраўды чалавек, а нейкi манекен i што яго прамова нараджалася не ў мазгу, а ў ягонай глотцы. Тое, што пры гэтым чулася, хоць i складалася са слоў, аднак не было чалавечай мовай у сапраўдным сэнсе слова; гэта былi несвядомыя, цалкам аўтаматычна вымаўленыя гукi, падобныя да качынага кракання.

 

Сайм на хвiлiну замоўк i пачаў кончыкам лыжкi складаць нейкiя ўзоры з рэштак полiўкi. Голас за суседнiм столiкам не сцiхаў, ён быў добра чутны, нягледзячы на гаману навокал.

 

- У навамоўi ёсць адно слова, - сказаў Сайм, - не ведаю, цi ты яго калi чуў: качакрак. Гэта адно з найцiкавейшых слоў, бо мае два супрацьлеглыя значэннi. Ужытае ў дачыненнi да ворага яно з'яўляецца лаянкай; сказанае ж аб некiм, хто падзяляе твае погляды, яно з'яўляецца пахвалой.

 

Без сумнення Сайма выпараць, зноў падумаў Ўiнстан з нейкiм шкадаваннем, хоць i ведаў дакладна, што Сайм ставiўся да яго з пагардай i мог бы выдаць яго як думзлачынца, калi б на гэта была хоць якая прычына. Нешта ў Сайма было не ў парадку. Яму нечага бракавала: тактоўнасцi, стрыманасцi, нейкай уратавальнай дурасцi. Яго нельга было назваць нядобранадзейным. Ён верыў у прынцыпы Ангсоцу, паважаў Вялiкага Брата, радаваўся перамогам, ненавiдзеў адступнiкаў не толькi з пераканання, зацята i непахiсна, але i свядома, з пранiкнёнасцю, якой бракуе звычайным сябрам Партыi. I ўсё ж было ў iм штосьцi, што выклiкала падазрэннi. Ён казаў такое, чаго лепей было б не казаць. Ён прачытаў зашмат кнiг i быў сталы наведнiк кавярнi "Каштан", улюбёнага прыстанiшча мастакоў i музыкантаў. Не было такога закона, нават неафiцыйнага, якi б забараняў наведваць гэтую кавярню, i ўсё ж гэтая ўстанова мела благую славу. Старыя партыйныя дзеячы, што страцiлi ласку ў кiраўнiцтва, часта наведвалi гэтую кавярню, перш чым знiкалi назаўсёды. Казалi нават, што самога Гольдштэйна бачылi тут часам некалькi гадоў цi дзесяцiгоддзяў таму. Лёс Сайма было няцяжка прадбачыць. I, аднак, не было нiякага сумнення, што Сайм, калi б ён хоць на хвiлiнку даведаўся пра патаемныя намеры Ўiнстана, адразу выдаў бы яго Палiцыi Думак. Магчыма, што гэта зрабiў бы i любы iншы, але Сайм хутчэй за ўсiх. Заўзятай адданасцi на гэта было недастаткова. Добранадзейнасць была ў бяздумнасцi.

 

Сайм падняў вочы. "Сюды iдзе Парсанс", - сказаў ён.

 

Ён сказаў гэта такiм тонам, што, здавалася, у думках ён дадаў: "Гэты iдыёт". I сапраўды, Парсанс, сусед Ўiнстана ў дамовым блоку "Перамога", прабiваўся скрозь натоўп - тоўсценькi невялiчкi чалавек з бялявымi валасамi i жабiным тварам. У свае трыццаць пяць гадоў ён меў ужо ладны трыбух, але быў яшчэ рухавы i маладжавы. Усiм сваiм выглядам ён нагадваў хлопца-пераростка, ды так моцна, што, нягледзячы на яго цяперашнi камбiнезон, яго цяжка было ўявiць iнакш, як у кароткiх сiнiх шортах, шэрай кашулi i з чырвоным шпiёнскiм гальштукам. Калi спрабуеш уявiць яго, адразу бачыш голыя каленкi i пухленькiя ручкi з закасанымi рукавамi. Як толькi выпадала найменшая нагода, накшталт калектыўнай вандроўкi або нейкай iншай формы фiзiчных практыкаванняў, ён заўсёды надзяваў шорты. Ён бадзёра прывiтаўся i сеў за стол, пры гэтым адразу пачуўся моцны пах поту. Кропелькi поту спрэс пакрывалi яго ружовы твар. Яго здольнасць пацець была неверагодная. У Доме Культуры заўсёды можна было вызначыць па вiльготнай ручцы ракеткi, што Парсанс толькi што гуляў у настольны тэнiс. Сайм дастаў шматок паперы, на якiм была напiсаная доўгая калонка слоў, i пачаў уважлiва iх вывучаць, трымаючы ў руцэ чарнакрэс.

 

- Паглядзiце, як ён працуе пад час перапынку! - сказаў Парсанс i штурхнуў Ўiнстана ў бок. - Вось гэта стараннасць! Што ў вас там, стары? Напэўна, штосьцi занадта мудрагелiстае для мяне. Смiт, стары, зараз я вам скажу, чаму я вас шукаю. Гэта наконт складкi, што вы мне яшчэ не здалi.

 

- Што за складка? - спытаўся Ўiнстан i аўтаматычным рухам намацаў у кiшэнi грошы. Амаль чвэрць яго заробку iшла на розныя добраахвотныя складкi, якiх было так шмат, што цяжка было iх усе запомнiць.

 

- На Тыдзень Нянавiсцi. Ну, вы ж ведаеце, збор складак па кватэрах. Я адказны за наш блок. Мы ўжо шчыруем, як можам, будзе нешта грандыёзнае. Магу сказаць, што я буду не я, калi наш стары добры блок "Перамога" не вывесiць найпрыгажэйшых у горадзе сцягоў. Вы абяцалi мне два даляры.

 

Ўiнстан выцягнуў з кiшэнi дзве тлуста-брудныя паперкi i перадаў iх Парсансу, якi адзначыў прынятую складку ў маленькiм нататнiку старанным почыркам малапiсьменнага чалавека.

 

- Дарэчы, стары, - сказаў ён, - я чуў, што мой падшыванец стрэлiў у вас учора з рагаткi. Я за гэта добра яго адлупцаваў i сказаў, што, калi такое паўторыцца, я адбяру ў яго рагатку.

 

- Ён проста быў не ў гуморы, бо яму не дазволiлi пайсцi на павешанне, сказаў Ўiнстан.

 

- Ну, нiчога, але ж якi ў яго добры кiрунак думкi, вам не здаецца? Хай мае малыя трошкi i гарэзныя, але ж заўзятасцi iм не бракуе! У iх у галаве толькi iхнiя шпiёнскiя справы, ну i, вядома, вайна. Ведаеце, што зрабiла ў тую суботу мая дачушка, калi яе атрад хадзiў у вандроўку ў Бэркхэмстэд? Яна i яшчэ дзве дзяўчынкi цiшком уцяклi ад астатнiх i ўвесь вечар iшлi след у след за нейкiм падазроным чалавекам. Яны iшлi гэтак дзве гадзiны, па самай лясной гушчэчы, i калi прыйшлi ў Эмэрсхэм, здалi яго палiцэйскаму патрулю.

 

- Чаму яны гэтак зрабiлi? - спытаўся ўражаны Ўiнстан.

 

Парсанс урачыста працягваў:

 

- Майму дзiцяцi здалося, што той быў нiбыта накшталт варожага агента яго, напрыклад, маглi скiнуць з парашутам. Але што самае галоўнае, стары, што ёй перш за ўсё кiнулася ў вочы? Яна заўважыла, што ў яго былi нейкiя дзiўныя чаравiкi - яна сказала, што раней нiколi не бачыла, каб такiя хто насiў. Тады яна падумала, што гэта быў нейкi замежнiк. Разумная галоўка як на сямiгадовую смаркачку, га?

 

- Што сталася з тым чалавекам? - пацiкавiўся Ўiнстан.

 

- Ну, гэта я ўжо, напэўна, не здолею сказаць. Але я б не здзiвiўся, калi б... - Парсанс паказаў з пальцаў пiсталет i ляснуў языком, падрабляючы гук стрэлу.

 

- Добра, - сказаў няўважна Сайм, не паднiмаючы вачэй з паперы.

 

- Вядома, мы не павiнны рызыкаваць, - паслухмяна згадзiўся Ўiнстан.

 

- Урэшце, цяпер усё ж iдзе вайна, - адказаў Парсанс.

 

Быццам пацвярджаючы яго словы, з тэлегляда, што вiсеў якраз над iмi, грымнулi фанфары. Гэтым разам, аднак, перадавалася не паведамленне пра перамогу на фронце, а ўсяго толькi абвестка Мiнiстэрства Дастатку.

 

- Таварышы! - закрычаў з запалам маладжавы голас. - Увага, таварышы! Мы маем для вас вельмi добрую навiну. Мы перамаглi ў працоўнай бiтве! Апошнiя афiцыйныя справаздачы пра вытворчасць тавараў народнага спажывання ўсiх катэгорый паказваюць, што ўзровень жыцця ў параўнаннi з мiнулым годам павысiўся не менш чым на дваццаць адсоткаў. Ва ўсёй Акiянii сёння ранiцай адбылiся стыхiйныя дэманстрацыi, пад час якiх працоўныя прадпрыемстваў i ўстановаў маршыравалi са сцягамi па вулiцах, каб выказаць удзячнасць Вялiкаму Брату за новае шчаслiвае жыццё, якiм надарыла нас яго мудрае кiраўнiцтва. А зараз паслухайце ўдакладненыя лiчбы: харчовыя прадукты...

 

Словы "наша новае шчаслiвае жыццё" былi паўтораны некалькi разоў. Апошнiм часам яны сталi ўлюбёным выразам Мiнiстэрства Дастатку. Парсанс, увага якога была абуджана фанфарамi, слухаў з нейкай здзiўленай урачыстасцю, нейкай павучальнай нудлiвасцю. Ён не мог сачыць за лiчбамi, але быў упэўнены, што яны нейкiм чынам давалi падставу для задавальнення. Ён дастаў вялiкую брудную люльку з напалову скураным тытунём. З нормай тытуню сто грамаў на тыдзень рэдка можна было напоўнiць люльку да краёў. Ўiнстан палiў цыгарэту "Перамога", старанна трымаючы яе гарызантальна. Наступная раздача была толькi заўтра, а ў яго заставалася толькi чатыры цыгарэты. На хвiлiнку ён адключыўся ад гаманы ў зале i прыслухаўся да патоку слоў, што валiў з тэлегляда. Як выявiлася, адбылiся нават дэманстрацыi, каб падзякаваць Вялiкаму Брату за павышэнне нормы шакаладу да дваццацi грамаў на тыдзень. Але ж толькi ўчора, як ён памятаў, было паведамлена, што норма скарачаецца да дваццацi грамаў. Цi магчыма, каб прайшло ўсяго толькi дваццаць чатыры гадзiны, а народ ужо праглынуў гэтую хлусню? Так, яны праглынулi. Парсанс праглынуў лёгка, з дурасцю жывёлiны. Бязвокае стварэнне за суседнiм столiкам праглынула фанатычна, з запалам, з шалёным жаданнем знайсцi, выкрыць i выпарыць таго, хто наважыцца сцвярджаць, што на тым тыднi норма складала трыццаць грамаў. Сайм таксама праглынуў, але, вядома ж, больш складаным чынам, не без прысутнасцi двухдумства. Значыць, ён, Ўiнстан, быў адзiны, хто яшчэ меў памяць?

 

А казачныя лiчбы ўсё яшчэ гучалi з тэлегляда. У параўнаннi з мiнулым годам было болей ежы, болей адзення,болей дамоў, болей мэблi, болей посуду,болей палiва, болей караблёў, болей верталётаў, болей кнiг, болей дзяцей - болей усяго, акрамя хвароб, злачынстваў i вар'яцтваў. Штогод, штохвiлiны ўсё навокал перажывала бурны росквiт. Як i Сайм, Ўiнстан цяпер узброiўся лыжкай i вырабляў з рэштак полiўкi на стале разнастайныя ўзоры. Ён з прыкрасцю разважаў пра фiзiчныя асаблiвасцi жыцця. Цi заўсёды яно было такое? Цi заўсёды ежа здавалася яму такой смачнай? Ён агледзеў сталоўку. Нiзкая столь, напханая да берагоў зала, сцены, брудныя ад незлiчоных дотыкаў. Паўгiнаныя металiчныя сталы i крэслы, так цесна папрытыканыя адно да аднаго, што седзячы можна было дакрануцца локцем да суседа. Пагнутыя лыжкi, мiсы са шчарбатымi краямi, вялiкiя белыя кубкi, блiскучыя ад тлушчу, бруд куды нi глянь. I над усiм гэтым кiслы смурод ад дрэннага джыну, ад нiзкаякаснай кавы, ад полiўкi з металiчным прысмакам i ад бруднага адзення. I ўвесь час у страўнiку i на скуры адчуванне гiдкасцi, нiбы нейкi пратэст, пачуццё, быццам цябе ашукалi з тым, на што ты меў права. I, аднак, яго памяць не захавала нiчога iншага. Наколькi ёя помнiў, ежы не хапала нiколi, шкарпэткi i споднiкi ў людзей заўсёды былi ў дзiрках, мэбля заўсёды была паламаная i нетрывалая, кватэры недастаткова ацяплялiся, у метро было не ўбiцца, дамы развальвалiся, хлеб быў толькi чорны, гарбата была рэдкасцю, кава смярдзела, цыгарэт было замала. Усё было дарагое, усяго не хапала, удосталь было толькi сiнтэтычнага джыну. I хоць з гадамi ўсё навокал горшала, гэта нiкому не здавалася ненатуральным; не здавалася ненармальным, што ўвесь час балiць сэрца ад няўтульнасцi i бруду, недахопу тавараў, бясконцых зiм, дзiравых шкарпэтак, заўсёды сапсаваных лiфтаў, сцюдзёнай вады, пясочнага мыла, пакрышаных цыгарэт, штучных харчовых прадуктаў з падазроным смакам. Чаму нясцерпнасць усяго гэтага мог адчуць толькi той, хто захаваў нешта накшталт памяцi продкаў пра тое, што калiсьцi ўсё было зусiм iнакшае?

 

Ён яшчэ раз агледзеў сталоўку. Амаль усе людзi навокал былi брыдкiя i засталiся б брыдкiмi i тады, калi б насiлi не аднолькавыя сiнiя камбiнезоны, а нешта iншае. У дальнiм канцы залы сядзеў адзiн за столiкам маленькi, надзiва падобны да жука чалавек, i пiў каву, пры гэтым яго вочкi недаверлiва зiркалi то ў адзiн, то ў другi бок. Як лёгка можна было паверыць, калi толькi не глядзець вакол сябе, што абвешчаны Партыяй фiзiчны iдэал - высокiя дужыя хлопцы i паўнагрудыя дзяўчаты, бялявыя, жыццярадасныя, загарэлыя i бесклапотныя - сапраўды iснаваў i нават пераважаў. У сапраўднасцi ж, наколькi можна было меркаваць, большасць людзей ва Ўзлётна-пасадачнай паласе No.1 былi маленькiя, чарнявыя i брыдкiя. Было дзiўна, як гэты жукападобны тып шырока распаўсюдзiўся ў Мiнiстэрствах: маленькiя каржакаватыя людзi, што ўжо ў дзяцiнстве былi тоўстыя, з кароткiмi нагамi, рэдкiмi нервовымi рухамi i азызлымi абыякавымi тварамi з вельмi маленькiмi вачыма. Здавалася, што пад панаваннем Партыi гэты тып людзей дасягаў усё большага росквiту.

 

Паведамленне Мiнiстэрства Дастатку скончылася фанфарамi, якiя змянiлiся духавой музыкай. Парсанс, якога навала лiчбаў прывяла ў стан няўцямнага захаплення, дастаў з рота люльку.

 

- Мiнiстэрства Дастатку сапраўды шмат чаго дасягнула сёлета, - сказаў ён з выглядам знаўцы. - Дарэчы, Смiт, цi ў вас выпадкам няма лёзаў для галення, якiя вы маглi б мне саступiць?

 

- Нiводнага, - адказаў Ўiнстан. - Я сам галюся ўжо шосты тыдзень адным лязом.

 

- А... Я толькi хацеў у вас спытацца...

 

- На жаль, - сказаў Ўiнстан.

 

Качыны голас за суседнiм столiкам, якi пад час паведамлення змоўк, загучаў зноў на поўную моц. Невядома чаму, Ўiнстану раптам прыгадалася панi Парсанс з яе кудлатымi валасамi i пылам у зморшчынах на твары. Праз два гады дзецi здадуць яе Палiцыi Думак. Панi Парсанс выпараць. Бязвокую iстоту з качыным голасам нiколi не выпараць. Маленькiх жукападобных людзей, што так спрытна сноўдаюць па калiдорах Мiнiстэрстваў, таксама нiколi не выпараць. I дзяўчыну з чорнымi валасамi з аддзела мастацкай лiтаратуры - яе таксама нiколi не выпараць. Яму здавалася, што ён iнстынктыўна адчувае, хто застанецца жыць, а хто будзе знiшчаны, хоць i нельга было адразу сказаць, адкуль гэтае адчуванне.

 

У гэты момант ён раптам прачнуўся ад сваiх летуценняў. Дзяўчына за суседнiм столiкам напалову павярнулася i глядзела цяпер на яго. Гэта была тая самая чорнавалосая дзяўчына. Яна глядзела на яго крадком, але з дзiўнай пранiклiвасцю. Калi iх позiркi сустрэлiся, яна зноў адвярнулася.

 

Ўiнстан аблiўся халодным потам. Яго працяў дзiкi страх. Пасля страх суняўся, але засталася нейкая неадчэпная трывога. Чаму яна назiрала за iм? Чаму яна ўвесь час ходзiць за iм? На жаль, ён ужо не мог прыгадаць, цi сядзела яна за столiкам, калi ён прыйшоў, цi прыйшла пазней. Ва ўсялякiм разе, учора, пад час Двуххвiлiнкi Нянавiсцi, яна села якраз за iм, хоць не мела на гэта нiякай пiльнай патрэбы. Цалкам верагодна, што яе заданнем было ўважлiва прыслухоўвацца, цi дастаткова актыўна ён далучаецца да ўхвальных воклiчаў.

 

Да яго зноў вярнулася думка: магчыма, яна i не была агентам Палiцыi Думак, але вiжы-аматары яшчэ болей небяспечныя. Ён не ведаў, як доўга яна за iм ужо назiрала, можа, усяго пяць хвiлiн, i магчыма, што ён не ўвесь гэты час добра кантраляваў свой твар. Было страшэнна небяспечна даваць сваiм думкам неяк выяўляцца на твары пад час публiчных мерапрыемстваў або ў полi зроку тэлегляда. Найменшая дробязь магла выдаць. Нервовая дрыготка, несвядомы трывожны позiрк, звычка мармытаць сабе пад нос - усё магло абудзiць падазрэнне. Адзiн толькi недарэчны выраз твару (напрыклад, недаверлiвы позiрк пад час паведамлення пра вайсковыя перамогi) быў ужо сам па сабе злачынствам. У навамоўi было нават адмысловае слова - тварзлачынства.

 

Дзяўчына зноў павярнулася да яго спiнай. Можа, яна за iм i не сачыла, можа, яна выпадкова другi дзень запар сядзела так блiзка ад яго. Цыгарэта патухла, i ён асцярожна паклаў яе на край стала. Ён дапалiць яе пасля працы, калi толькi за гэты час з яе не высыплецца тытунь. Цалкам магчыма, што асоба за суседнiм столiкам была агентам Палiцыi Думак, i вельмi верагодна, што праз тры днi яго кiнуць у сутарэннi Мiнiстэрства Любовi - але ўсё роўна ён не меў права змарнаваць недакурак! Сайм склаў сваю паперку i засунуў у кiшэню. Парсанс зноў пачаў сваю балбатню.

 

- Я вам не расказваў, стары, - сказаў ён усмiхаючыся, з люлькай у зубах, як мае дзеткi падпалiлi спаднiцу старой гандлярцы на рынку, бо ўбачылi, што яна загортвае сасiскi ў плакат з партрэтам Вялiкага Брата? Яны крадком падышлi да яе ззаду i падпалiлi спаднiцу запалкамi. Думаю, ладна яе падсмалiлi. Во падшыванцы, га? Але ж чуйныя, як паляўнiчыя сабакi! Сёння яны атрымлiваюць у шпiёнах першакласную падрыхтоўку - нават лепшую, чым у мае часы. Чым, вы думаеце, iх апошнiм часам узброiлi? Слухавымi трубкамi, каб падслухоўваць праз замочную шчылiну! Мая дачка прынесла адну ўчора дадому - паспрабавалi яе на дзвярах у спальню, i выявiлася, што чуваць у два разы лепей, чым калi проста прыставiць вуха. Вядома, гэта толькi цацка, вы ж разумееце. Але, ва ўсялякiм разе, гэта скiроўвае iх думкi ў добры бок, цi не гэтак?

 

У гэты момант з тэлегляда пачуўся пранiзлiвы свiст. Гэта быў сiгнал пачатку работы. Усе трое ўскочылi з крэслаў, каб працiснуцца скрозь натоўп да лiфта, i з Ўiнстанавай цыгарэты высыпаўся астатнi тытунь.

 

 

Ўiнстан пiсаў у сваiм дзённiку:

 

Гэта было тры гады таму. Адным цёмным вечарам, у адным з вузкiх завулкаў побач з адным вялiкiм вакзалам. Яна стаяла каля падваротнi пад цьмяным вулiчным лiхтаром. У яе быў малады, густа нафарбаваны твар. Якраз гэтая фарба, падобная да белай маскi, мяне i прыцягнула, а таксама ярка-чырвоныя вусны. Жанчыны з Партыi нiколi не фарбуюцца. На вулiцы не было нiкога, тэлегляда таксама не было. Яна сказала: два даляры. Я...

 

Пiсаць раптам стала вельмi цяжка. Ён заплюшчыў вочы i нацiснуў на павекi пальцамi, спрабуючы выгнаць з думак вобраз, што не даваў яму спакою. Ён адчуў амаль непераможнае жаданне выкрыкнуць на поўны голас брудныя словы лаянкi. Або разбегчыся i выцяцца галавою аб сцяну, або перакулiць стол i шпурнуць чарнiлiцу праз акно - зрабiць што-небудзь гвалтоўнае, аглушальнае, балючае, каб пазбавiцца ад пакутлiвых успамiнаў.

 

Найгоршы вораг, разважаў ён, - гэта твае ўласныя нервы. Кожную хвiлiну ўнутранае напружанне магло выявiцца ў вонкавых сiмптомах. Яму прыгадаўся адзiн чалавек, якога ён спаткаў на вулiцы пару тыдняў таму: зусiм звычайны на выгляд чалавек, сябра Партыi трыццацi пяцi або сарака гадоў, даволi высокi i худы, з партфелем пад пахай. Памiж iмi заставалася колькi метраў, калi левая палова твару чалавека сутаргава перасмыкнулася. Той самы рух паўтарыўся яшчэ раз у той момант, калi яны размiнулiся: гэта быў кароткi, амаль незаўважны рух, сутарга, iмгненная, як пстрычок фотаапарата, але вiдавочна хранiчная. Ён згадаў, што тады падумаў: небарака, тваё становiшча безнадзейнае! I самае жахлiвае ў гэтым было тое, што хутчэй за ўсё той чалавек рабiў гэты рух зусiм несвядома. Найвялiкшай жа небяспекай было размаўляць праз сон. Наколькi ён ведаў, засцерагчыся ад гэтага не было нiякай магчымасцi.

 

Ён уздыхнуў i стаў пiсаць далей:

 

Я ўвайшоў з ёй у падваротню, прайшоў праз заднi двор i трапiў у нейкую кухню ў падвальным паверсе дома. Ля сцяны стаяў ложак, стол i на iм цьмяная лямпа. Яна...

 

Яму зрабiлася гiдка. Захацелася плюнуць. Адначасова з думкай пра жанчыну яму прыгадалася Кэтрын, яго жонка. Ўiнстан быў жанаты - цi, прынамсi, быў калiсьцi жанаты; магчыма, ён быў жанаты яшчэ i цяпер, бо, наколькi ён ведаў, яго жонка не памерла. Яму здалося, што ён зноў удыхае цёплы, задушлiвы пах кухнi ў падвальным паверсе, пах клапоў, бруднай бялiзны i агiднай таннай, але ўсё ж прывабнай парфумы. Жанчыны з Партыi нiколi не карысталiся парфумай, гэта ўвогуле немагчыма было сабе ўявiць. Толькi пролы карысталiся парфумай. У ягоным уяўленнi гэты пах быў чамусьцi звязаны з распустай.

 

Калi ён пайшоў з гэтай жанчынай, гэта было яго першай правiннасцю за амаль два гады. Зносiны з прастытуткай былi, вядома ж, забароненыя, але гэта быў адзiн з тых законаў, якi час ад часу можна было наважыцца парушыць. Гэта было небяспечна, але гэта не было справай жыцця i смерцi. Быць заспетым з прастытуткай значыла пяць гадоў лагераў прымусовай працы, але не болей, калi не дапушчана iншых правiннасцяў. А гэта ўжо было вельмi проста, калi абладзiць так, каб цябе не заспелi за справай. У бедных кварталах было шмат жанчын, якiя гатовыя прадацца. Некаторых нават можна мець за бутэльку джыну, зрэшты, забароненага для пролаў. Партыя нават схiлялася цiшком да таго, каб спрыяць прастытуцыi як сродку разняволення iнстынктаў, якiя немагчыма цалкам заглушыць. Да найбруднейшае распусты ставiлiся спакойна, пакуль яна была неперыядычнай i не прыносiла радасцi i калi ў ёй бралi ўдзел толькi жанчыны прыгнечаных i пагарджаных класаў. З другога боку, недаравальным злачынствам была распуста мiж сябрамi Партыi. Усё ж - хоць i гэта было адно са злачынстваў, у якiх нязменна прызнавалiся абвiнавачаныя пад час вялiкiх чыстак, - цяжка было сабе ўявiць, што гэткае сапраўды магло адбывацца.

 

Мэтай Партыi было не толькi не дапусцiць заснаваных на вернасцi сувязяў памiж мужчынамi i жанчынамi, якiя яна, магчыма, была б няздольная кантраляваць. Яе сапраўдным, патаемным намерам было пазбавiць палавы акт усялякае радасцi. Не так само каханне, як эротыка разглядалася як нешта варожае, i ў шлюбе, i па-за iм. Усе шлюбы памiж сябрамi Партыi адбывалiся толькi з дазволу адмысловае камiсii, i гэты дазвол не даваўся - хоць гэты прынцып i не быў дакладна вызначаны, - калi пара пакiдала ўражанне, што яны маюць адно да аднаго нейкую фiзiчную цягу. Адзiнай прызнанай мэтай шлюбу было нараджэнне дзяцей для служэння Партыi. Палавы акт лiчыўся неiстотнай i даволi непрыемнай справай, накшталт клiзмы. I гэтае палажэнне не было выразна акрэслена, яно ўскосна прышчаплялася кожнаму сябру Партыi яшчэ з маленства. Iснавалi нават арганiзацыi, накшталт Антысексуальнага Саюза Моладзi, якiя выступалi за поўную бясшлюбнасць абодвух полаў. Усе дзецi мусiлi быць зачатыя шляхам штучнага апладнення (у навамоўi - штучнаплод) i выхаваныя ў дзяржаўных установах. Ўiнстан вельмi добра ведаў, што ўсё гэта было не надта сур'ёзна, але гэта не пярэчыла агульнай партыйнай iдэалогii. Партыя iмкнулася знiшчыць палавы iнстынкт або, калi яго немагчыма было знiшчыць, перакруцiць i апаганiць. Ён не ведаў, чаму так было, але здавалася натуральным, што так павiнна быць. I што да жанчын, дык тут намаганнi Партыi мелi поўны поспех.

 

Ён зноў падумаў пра Кэтрын. Прайшло ўжо пэўна дзевяць, дзесяць - амаль адзiнаццаць гадоў, як яны рассталiся. Было дзiўна, як рэдка ён пра яе думаў. Ён мог цэлымi днямi нават не згадваць, што ён быў жанаты. Яны пражылi разам толькi месяцаў пятнаццаць. Партыя не дазваляла разводаў, але дапускала расстанне ў выпадку бяздзетнага шлюбу.

 

Кэтрын была высокая бялявая жанчына, яна мела зграбную постаць i далiкатныя рухi. У яе быў адважны арлiны твар, якi можна было назваць высакародным, пакуль не заўважыш, што за iм абсалютна нiчога няма. Ужо на самым пачатку свайго жыцця з Кэтрын ён прыйшоў да думкi - можа, таму, што ён ведаў яе блiжэй, чым iншых людзей, - што яна найдурнейшая, найзвычайнейшая i найпусцейшая iстота, якую ён толькi бачыў у жыццi. У яе ў галаве не было нiякiх думак, адны толькi лозунгi, i не iснавала нiводнага глупства, якое яна не прыняла б з радасцю, калi б толькi Партыя яго ёй падсунула. Ён цiшком даў ёй мянушку "жывы гуказапiс". I ўсё ж ён здолеў бы з ёй пражыць, калi б не адна рэч - палавое жыццё.

 

Калi ён да яе дакранаўся, здавалася, што яна ўздрыгвала i дранцвела. Калi ён яе абдымаў, яму здавалася, што ён абдымае драўляную ляльку. I калi яна тулiла яго да сябе, у яго ўзнiкала дзiўнае пачуццё, быццам адначасова яна з усяе моцы адпiхвае яго ад сябе. Уражанне гэтае ўзнiкала з-за напружанасцi яе мускулаў. Звычайна яна ляжала, заплюшчыўшы вочы, не супрацiўлялася i не дапамагала, а толькi падпарадкоўвалася. Спачатку Ўiнстану было надзвычай няёмка, а з цягам часу зрабiлася агiдна. Але i тады ён здолеў бы вытрымаць супольнае з ёй жыццё, калi б толькi яны дамовiлiся, што будуць жыць кожнае само па сабе. Але, надзiва, якраз Кэтрын была супраць. Яна казала, што яны мусяць, калi гэта магчыма, нарадзiць дзiця. Такiм чынам, палавы акт адбываўся рэгулярна раз на тыдзень, выключаючы выпадкi, калi ён быў немагчымы. Звычайна ўжо ранiцай адпаведнага дня яна нагадвала яму пра гэта, як пра нешта, што павiнна абавязкова адбыцца ўвечары i пра што нельга забыцца. Дзеля гэтага ў яе было два азначэннi: "зрабiць дзiця" i "выканаць наш партыйны абавязак". Неўзабаве ў Ўiнстана развiлося пачуццё сапраўднага страху, калi наблiжаўся прызначаны дзень. Але, на шчасце, дзiця так i не з'явiлася на свет, i ўрэшце яна адмовiлася ад спробаў. Неўзабаве пасля гэтага яны рассталiся.

 

Ўiнстан цiха ўздыхнуў. Пасля зноў узяў пяро i напiсаў далей у дзённiку:

 

Яна кiнулася ў ложак i адразу, без нiякага папярэджання, самым брыдкiм i агiдным чынам, якi толькi можна сабе ўявiць, задрала спаднiцу. Я...

 

Ён уявiў сабе, як ён стаiць у цьмяным святле лямпы, ноздры раздзiрае пах клапоў i таннай парфумы, а душу поўнiць пачуццё прыгнечанасцi i абурэння, i нават у гэты момант яго мучыць думка пра белае цела Кэтрын, якое гiпнатычная сiла Партыi ператварыла ў лёд. Чаму так павiнна быць заўсёды? Чаму ён не мог мець сваёй жанчыны замест гэтай бруднай валтузнi раз на некалькi гадоў? Але сапраўднае каханне было амаль неверагодным. Жанчыны з Партыi былi ўсе аднолькавыя. Устрыманне было iм прышчэплена гэтаксама глыбока, як i вернасць Партыi. Праз стараннае ранняе выхаванне, праз спартовыя гульнi i халодную ваду, праз усю тую бязглуздзiцу, што ўбiвалася iм у галовы ў школе, у Шпiёнах i ў Саюзе Моладзi, праз лекцыi, парады, песнi, партыйныя лозунгi i вайсковую музыку - праз усё гэта натуральныя пачуццi былi выкаранены. Розум казаў яму, што мусiлi быць выключэннi, але сэрца не верыла ў гэта. Жанчыны, як i хацела Партыя, былi абсалютна непахiсныя. Яму вельмi хацелася, нават больш, чым быць каханым, знесцi гэтыя муры цноты, хай сабе хоць адзiн раз у жыццi. Акт палавога злiцця, выкананы з радасцю, быў паўстаннем. Палавое жаданне было думзлачынствам. Нават калi б ён абудзiў Кэтрын - калi б толькi гэта ў яго магло атрымацца, - гэта лiчылася б спакушэннем, хоць яна i была яго жонкай.


Дата добавления: 2015-10-21; просмотров: 43 | Нарушение авторских прав







mybiblioteka.su - 2015-2024 год. (0.024 сек.)







<== предыдущая лекция | следующая лекция ==>