Студопедия
Случайная страница | ТОМ-1 | ТОМ-2 | ТОМ-3
АрхитектураБиологияГеографияДругоеИностранные языки
ИнформатикаИсторияКультураЛитератураМатематика
МедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогика
ПолитикаПравоПрограммированиеПсихологияРелигия
СоциологияСпортСтроительствоФизикаФилософия
ФинансыХимияЭкологияЭкономикаЭлектроника

Назоўны склон. Большасць назоўнікаў мужчынскага роду першага скланення мае нулявы канчатак. Назоўнікі з ацэначнымі суфіксамі -іск- (-ыск-), -ішч- (-ышч-) маюць канчатак -а, на-прыклад: агніска,



Назоўны склон. Большасць назоўнікаў мужчынскага роду першага скланення мае нулявы канчатак. Назоўнікі з ацэначнымі суфіксамі -іск- (-ыск-), -ішч- (-ышч-) маюць канчатак -а, на-прыклад: агніска, вятрыска, даміска, дамішча, насішча.

Націскны канчатак -о мае назоўнік Дняпро, а таксама ўлас-ныя мужчынскія імёны тыпу Пятро, Паўло, якія скланяюцца як агульныя назоўнікі.

 

Родны склон. Назоўнікі першага скланення мужчынскага роду ў родным склоне маюць канчатак -а (-я) або -у (-ю). Размежаванне гэтых канчаткаў залежыць у асноўным ад семантыкі назоўніка. На сённяшні дзень можна прывесці пералік лексіка-семантычных прыкмет і выдзеліць асноўныя групы назоўнікаў, за якімі замацоўваецца адзін з названых канчаткаў

 

Канчатак -а (-я) маюць назоўнікі, якія абазначаюць:

 

1) агульныя і ўласныя назвы людзей (за выключэннем зборных назваў тыпу люд — люду, народ — народу), а таксама назвы жывёл: вучня, настаўніка, трактарыста, педагога, чытача, токара, Івана, Міхася, Якубовіча, аленя, ваўка, вужа, дразда, жука, зайца, камара, каня, пеўня, салаўя;

2) канкрэтныя прадметы рэчаіснасці, што паддаюцца лічэнню, або іх часткі: агурка, айсберга, бурака, вулея, гадзінніка, камбайна, касцюма, каўняра, кургана, маятніка, пня, руля, рычага, стала, стога, тралейбуса, чахла, яблыка;

3) органы і часткі цела чалавека, жывёлы: зуба, ілба, капыта, носа, падбародка, пальца, рога, рота, страўніка, хваста, хрыбта, языка, але: твару;

4) навуковыя і тэхнічныя тэрміны: абзаца, аксюмарана, алфавіта, апострафа, атама, балета, верша, вадэвіля, вугля, дыялога, інтэграла, катода, катэта, каэфіцыента, квадрата, конуса, косінуса, круга, куба, мерыдыяна, модуля, назоўніка, параметра, перпендыкуляра, ромба, радыуса, санета, сінуса, сказа, склона, суфікса, сюжэта, твора, трохвугольніка, харэя, эліпса, ямба;

5) меры даўжыні, плошчы, вагі, аб'ёму, акрэсленыя адрэзкі часу, грашовыя і іншыя адзінкі вымярэння: ампера, акра, ара, аўторка, вечара, вольта, гектара, герца, года, грама, дзесятка, дзюйма, кілаграма, кіламетра, літра, месяца, метра, мільёна, панядзелка, пенса, пуда, пятака, рубля, сакавіка, семестра, снежня, тыдня, франка, цэнтнера, чацвярга, чырвонца.

Але: веку, ранку, без году тыдзень, з году ў год;

6) грамадскія арганізацыі, прадпрыемствы, установы, вайсковыя падраздзяленні: гарнізона, дывізіёна, завода, інстытута, калгаса, кааператыва, камітэта, камбіната, клуба, палка, прафсаюза, саўгаса, трэста, узвода, штаба;



7) назвы танцаў, народных, спартыўных і картачных гульняў: баскетбола, бейсбола, бокса, брыджа, валейбола, вальса, кракавяка, крыжачка, паланеза, пас'янса, покера, прэферанса, танца, тустэпа, тэніса, факстрота, футбола, хакея, чардаша;

8) агульныя і ўласныя назвы населеных пунктаў і мясцовасцей, геаграфічныя і астранамічныя назвы, гідронімы: горада, пасёлка, раёна, райцэнтра, хутара, Лондана, Магілёва, Мінска, Полацка, Рыма, Алжыра, В'етнама; архіпелага, акіяна, вострава, кантынента, мыса, ручая, узгорка, Фіёрда, Алтая, Крьша, Урала, Марса, Месяца, Рака (сузор'е), Сатурна, Буга, Нёмана, Паліка (возера).

Канчатак -а маюць таксама назоўнікі з ацэначнымі суфіксамі -ішч-а (-ышч-а), -іск-а (-ыск-а): дамішча, халадзішча, вятрыска, даміска.

Канчатак -у (-ю) маюць:


1. Абстрактныя назоўнікі, якія абазначаюць:

а) абстрактна-разумовыя паняцці (у тым ліку назвы грамадска-палітычных, эканамічных, рэлігійных і іншых фармацый і напрамкаў): валюнтарызму, капіталізму, рамантызму, сацыялізму, дарвінізму, цэнтралізму, атэізму, гуманізму, рэалізму, пацыфізму, прагрэсу; адцягненыя якасці, прыметы і пад.: абавязку, аўтарытэту, вопыту, густу, ідэалу, інтэлекту, кампрамісу, кантрасту, клопату, колеру, крызісу, лёсу, матыву, нораву, нюансу, нябыту, патрыятызму, поспеху, прагрэсу, прынцыпу, розуму, характару, блакіту, гераізму, гумару, задору;

б) дзеянні, працэсы, стан, розныя адчуванні, пачуцці і пад.: абеду, аб'езду, ад'езду, адпачынку, бою, вываду, гоману, даходу, загаду, замесу, зачыну, звароту, кашлю, крыку, лёту, ляманту, маршу, масажу, набору, нагрэву, накіду, намалоту, павароту, падагрэву, пад'ёму, памолу, пачыну, пералёту, перапісу, разліку, старту, штурму, шуму, апетыту, болю, голаду, гневу, гумару, задору, жалю, смутку, страху, сну, сораму, спакою;

в) розныя формы прасторы, месца, а таксама неакрэсленыя прамежкі часу: абшару, верху, выгану, гаю, долу, космасу, краю, ландшафту, лесастэпу, логу, лесу, лугу, маршруту, масіву, нізу, прастору, разлогу, свету, стэпу, сусвету, сухадолу, схілу, узлеску, узмежку, інтэрвалу, моманту, тэрміну.

Некаторыя з пералічаных назоўнікаў могуць ужывацца з суфіксам -ок. У такім выпадку ў родным склоне яны ўжываюцца з канчаткам -а: верх — вяршок — вяршка, луг — лужок — лужка, лес — лясок — ляска, гай — гаёк — гайка, сад — садок — садка;

г) розныя захворванні: апендыцыту, бранхіту, вогніку, гаймарыту, грыпу, дальтанізму, інфаркту, ішыясу, коклюшу, паралічу, плеўрыту, поліміэліту, радыкуліту, рахіту, рэўматызму, стаўбняку, тыфу, яшчуру;
д) з'явы прыроды, стыхійныя бедствы, розныя падзеі ў грамадскім жыцці: агню, ветравею, ветру, ветрыку, віхру, галалёду, голаду, грому, дажджу, досвітку, замаражу, змроку, інею, марозу, норду, патоку, павадку, самуму, сіверу, світанку, смерчу, сухавею, туману, урагану, холаду (халадку), кірмашу, фестывалю, фэсту.

2. Матэрыяльна-рэчыўныя назоўнікі, якія абазначаюць уласна рэчывы, хімічныя элементы, матэрыялы, прадукты харчавання, лекі і пад.: алюмінію, асфальту, бензіну, вадароду, воску, гіпсу, глею, жвіру, здору, кампосту, кіслароду, клею, крухмалу, лаўсану, лёду, маргарыну, металу, мёду (мядку), натрыю, нашатыру, парафіну, парашку, пластэліну, пластыру, попелу, пораху, пылу (пылку), пяску, раствору, радону, рысу, салідолу, сіласу, сіропу, соладу, стэарыну, сульфату, сургучу, сурыку, сырцу, тварагу (тваражку), цукру, цынку, цыменту, ячменю, бастону, крэпдэшыну, паркалю, шавіёту, шоўку, шыфону, біфштэксу, гуляшу, кактэйлю, квасу (кваску), кефіру, рамштэксу, ростбіфу, супу, халадніку, шашлыку, аспірыну, анальгіну, валідолу, кальцэксу, пеніцыліну, пірамідону, папазолу. Але: аўса, бітка, хлеба, таксама торта, варэніка, бліна (разнавіднасць выпечкі). Тое ж: Мінгаз — Мінгаза (назва арганізацыі), «Крышталь» — «Крышталя» (назва хакейнай каманды).

3. Назоўнікі са зборным значэннем: актыву, аўтатранспарту, багажу, грузу, гурту, інвентару, кансіліуму, лістажу, літражу, люду, натоўпу, посуду, рою, рэпертуару, тавару, танажу, тыражу, тэкстылю, утылю, фальклору, флоту, фуражу, хору.

Да гэтай групы можна аднесці таксама назвы раслін (траў, злакаў, кустовых раслін), у якіх форма адзіночнага ліку абазначае непадзельную множнасць як нешта адзінкавае: агрэсту, арэшніку, асінніку, асоту, барвенку, бэзу, бярэзніку, верасу (вераску), вішняку, гушчару, дубняку, зябру, кукалю, лопуху, малачаю, павою, палыну, плюшчу, ракітніку, рэвеню, сасонніку, сіўцу, сланечніку, чабору (чабарку), ячменю.

 

Аднак у залежнасці ад таго, разумеецца прадметнасць, абазначаная тым ці іншым назоўнікам, як канкрэтнае паняцце, як асобная адзінка ці як сукупнасць прадметаў, як выражэнне якасці, уласцівасці, дзеяння, як нейкае адцягненае паняцце ў моўнай практыцы сустракаюцца выпадкі дублетных форм з канчаткамі -а і -у. Напрыклад, назоўнікі арыгінал, лабірынт, малюнак, п'едэстал, твор, якія могуць ужывацца ў пераносным значэнні, усведамляюцца часам носьбітамі мовы як абстрактныя паняцці, ужываюцца з канчаткам -у, які для прыведзеных слоў патрэбна трактаваць як адступленне ад нормы: прыступкі алімпійскага п'едэсталу гонару, надрукаваны тэкст блізкі да аўтарскага арыгіналу, знайсці выхад з лабірынту, дакладнасць знешняга малюнку вобразу, падзеі новага твору пісьменніка.

Назоўнікі статак, табар, табун, экіпаж (у значэнні 'асабовы састаў карабля, самалёта, танка' і пад.), аркестр, якія па сваёй семантыцы набліжаюцца да зборных назоўнікаў, таксама сустракаюцца з канчаткам -у: Уся ў полі людская сямейка, За сошкай шнуруе араты, Ля статку іграе жалейка (Я. Купала). Сяргейка забег наперад статку і ляснуў бізуном (В. Хомчанка). Гэта парася мне Шончына сястра са свайго статку прынесла (А. Асіпенка). З раніцы дымілі ў лесе кастры і керагазы вясёлага, бесклапотнага табару гараджан (I. Навуменка). — Патравілі мужыкі сенажаць. Цэлы табун кароў па сенажаці прайшоў, а Ермалай Трыфанавіч, – ён кінуў галавой у бок на аканома, — не забраў табуну, пашкадаваў мужыкоў (П. Галавач). Паміж цэлага людскога табуну (С. Баранавых). Пакрыўка ўваходнага люказоркалёта была адкінута — яшчэ адно сведчанне гібелі экіпажу (У Шыцік). Разбурыўшы сутонную муць, На крыллях сцюдзёнага ветру Коўзаюцца і плывуць Гарачыя гукі аркестру (А. Александровіч).

У творах мастацкай літаратуры з канчаткам -у сустракаюцца некаторыя назоўнікі, якія абазначаюць канкрэтныя рэаліі, на-прыклад, ганак, парог, мост, нос, рот: Ужо з першай ступені ганку вы будзеце прыемна ўраджаны чысцінёй (з газет). Як жа гэтага многа ў адзінокім жыцці, Калі гора з парогу не жадае зысці (А. Бачыла). Засцялю імі [яловымі лапкамі] усе я дарожкі, Пакладу дываном ля парогу (С. Гаўрусёў). Ужо і зіма — убок, Не згледзіш — май ля парогу (К. Цвірка). — Няма табе граху, ні посту! Хоць у палонку кідай з мосту (Я. Колас). Сашка нават носу не паказаў на вуліцу (Р. Шкраба). Дзе сава і сыч, там носу не тыч (пагаворка). Тоненькія маршчынкі сабраліся на яе лбе і каля роту (К. Чорны). 3 роту плылі сіняватыя дымкі пару (3. Бядуля). Пад застрэшкай, каля плоту, Пчол гамоніць рой (Я. Колас). Ля плоту стаяў чалавек і шырокай чорнай барадой (А. Асіпенка). Не стрымаўся, войкнуў і сеў на лаўку, прытуліўся спінаю да дашчатага плоту (А. Кулакоўскі).

 

Ва ўсіх прыведзеных прыкладах нарматыўным трэба лічыць капчатак -а. У радзе выпадкаў канчаткі -а і -у ўжываюцца для дыферэнцыяцыі значэнняў назоўнікаў, якія выступаюць найменнямі адзінкавых канкрэтных прадметаў, з аднаго боку, і найменнямі матэрыялаў, рэчываў, дзеянняў, з другога. Напрыклад: агрэгата (канструктыўнае спалучэнне ў адно цэлае некалькіх машын, апаратаў для эфектыўнай сумеснай работы) — агрэгату (сукупнасць мінералаў, якія складаюць горную пароду; рэчыва, утворанае механічным спалучэннем аднародных або разнародных частак); адбоя (маркіровачны малаток) — адбою (гукавы сігнал, які апавяшчае аб заканчэнні чаго-н.; перапынак у працы, дзеянні); апарата (прыбор, прыстасаванне) — апарату (сукупнасць органаў, якія выконваюць пэўную функцыю ў арганізме; сукупнасць устаноў); бялка (частка яйца) — бялку (складанае арганічнае рэчыва); выхада (дзверы, вароты) — выхаду (дзеянне паводле дзеяслова выйсці — выходзіць); гардэроба (шафа для адзення; месца ў грамадскім будынку для захоўвання верхняга аддзення) — гардэробу (усё адзенне аднаго чалавека); гука (лінгвістычны тэрмін) — гуку (ваганні паветра, якія мы ўспрымаем слыхам); дагавора (дакумент) — дагавору (дзеянне паводле дзеяслова дагаварыцца); дазора (невялікі атрад, які пасылаюць для аховы ці разведкі) — дазору (абход для агляду, разведкі); дома (будынак) — дому (радня, родныя мясціны; таксама ў словазлучэннях, якія па значэнні набліжаюцца да прыслоўяў: атрымаць з дому пісьмо, адбіцца ад дому, даўно з дому); завода (прамысловае прадпрыемства; спецыяльная гаспадарка па развядзенні пародзістых коней; прыстасаванне ў механізме, якое прыводзіць яго ў дзеянне) — заводу (дзеянне паводле дзеяслова заводзіць — завесці, асобая адборная парода свойскай жывёлы); загада (дакумент) — загаду (дзеянне паводле дзеяслова загадваць — загадаць); закона (дэкрэт, пастанова) — закону (агульнапрынятыя правілы, звычаі); з'езда (форма грамадскай дзейнасці) — з'езду (дзеянне паводле дзеяслова з'язджацца — з'ехацца, з'язджаць — з'ехаць); знака (метка, канкрэтнае абазначэнне, літара) — знаку (след, прыкмета і інш.); інструмента (усякая прылада для выканання пэўнай работы) — інструменту (сукупнасць прылад для пэўнай работы); каменя (абломак цвёрдай горнай пароды; кусок каштоўнага металу, ювелірна апрацаваны) — каменю (цвёрдая горная парода ў выглядзе суцэльнай масы); каранціна (санітарны пункт) — каранціну (часовая ізаляцыя хворых); курса (сістэматычны выклад якой-н. навукі) — курсу (напрамак руху); лістапада (назва месяца) — лістападу (ападанне лісця восенню; час ападання лісця); лома (прылада) — лому (ломаныя або прыдатныя толькі для пераапрацоўкі прадметы, часцей за ўсё металічныя); народа (у іменных спалучэннях са значэннем нацыя: перамога народа, радасць народа, для беларускага народа) — народу (у зборным значэнні: многа (мала, столькі) народу, народу там сабралася); пад'езда (уваход у будынак) — пад'езду (дзеянне паводле дзеяслова пад'яжджаць, пад'ехаць); папіруса (трапічная расліна; рукапіс на матэрыяле з гэтай расліны) — папірусу (матэрыял для пісьма, які вырабляўся з гэтай расліны); парашка (лекавае рэчыва пэўнай дазіроўкі ў раздробленым выглядзе) — парашку (раздробленае на дробныя частачкі цвёрдае рэчыва); пейзажа (малюнак краявіду; адзін з жанраў мастацкага жывапісу) — пейзажу (агульны выгляд мясцовасці; краявід); перавода (грашовае адпраўленне праз банк, па пошце, тэлеграфе; бланк для такога адпраўлення) — пераводу (дзеянне паводле дзеяслова пераводзіць – перавесці); пераезда (месца, дзе можна пераехаць цераз што-н.) – пераезду (дзеянне паводле дзеяслова пераехаць — пераязджаць); перахода (месца, па якому можна пераходзіць) — пераходу (дзеянне паводле дзеяслова перайсці — пераходзіць); пропуска (дакумент) — пропуску (дзеянне паводле дзеяслова прапускаць — прапусціць; адсутнасць, выключэнне чаго-н.; няяўка на заняткі);

раз'езда (невялікае кавалерыйскае падраздзяленне, якое пасылаюць на разведку; чыгуначны раз'езд) — раз'езду (дзеянне паводле дзеяслова раз'ехацца); рахун-ка (дакумент) — рахунку (фінансавыя аперацыі); стана (стаянка, лагер) — стану (фігура чалавека, вайсковыя, ваюючыя бакі; граматычны тэрмін); суда (установа) — суду (думка, вывад); талента (пра асобнага чалавека) — таленту (прыродныя здольнасці); тытана (характарыстыка чалавека, асобны прадмет) — тытану (хімічны элемент); узвода (вайсковае падраздзяленне; частка затвора) — узводу (дзеянне паводле дзеяслова ўзводзіць — узвесці); чына (пра чалавека) — чыну (пасада). Ва ўсіх прыведзеных вышэй парах першыя члены супрацьпастаўлення аб'яднаны па агульнай для іх лексіка-семантычнай прыкмеце, а іменна па абазначэнні канкрэтных прадметаў, якія паддаюцца лічэнню.

 

У залежнасці ад значэння ў родным склоне ўжываецца канчатак -а (-я) або -у (-ю) у назоўніках, якія выступаюць як найменні дрэў (бук, вяз, граб, дуб, каштан, клён, ясень, явар). Калі гэтыя назоўнікі абазначаюць асобныя дрэвы, у родным склоне ўжываецца канчатак -а (-я), калі ж яны абазначаюць драўніну, г. зн. маюць значэнне рэчыўнасці, тады ўжываецца канчатак -у (-ю): у галінах старога вяза, галіны дуба і ў лесе шмат дубу, стол з ясеню, бочка з дубу.

Некаторыя назвы раслін таксама могуць ужывацца канчатка-мі -а (-я) або -у (-ю). Залежыць гэта таксама ад таго, абазначае назоўнік адну расліну ці сукупнасць, непадзельную множнасць гэтых раслін. Напрыклад: сарваць кветку люціка, рамонка і на лузе столькі рамонку.
Заўвага: У сучаснай моўнай практыцы назіраецца тэндэнцыя да пашырэння канчатка -у (-ю) у формах роднага склону адзіночнага ліку назоўнікаў мужчынскага роду і замацаванне іх у якасці нарматыўных.

 


Дата добавления: 2015-08-28; просмотров: 253 | Нарушение авторских прав




<== предыдущая лекция | следующая лекция ==>
В детский сад - без прививок. | Розвиток PR у незалежній Україні.

mybiblioteka.su - 2015-2024 год. (0.009 сек.)