Студопедия
Случайная страница | ТОМ-1 | ТОМ-2 | ТОМ-3
АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатика
ИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханика
ОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторика
СоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансы
ХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника

Развіццё і функцыянаванне беларускай літаратурнай мовы ў XX — пачатку XXI ст.

Читайте также:
  1. Актыўная і пасіўная лексіка ў беларускай мове
  2. Асноўныя этапы фарміравання беларускай мовы. Старабеларуская літаратурная мова ХІV—ХVІ ст.
  3. З гісторыі беларускай лексікаграфіі
  4. ІІ. Развіццёвая частка
  5. ІІ. Развіццёвая частка
  6. Канцэпцыя літаратурнай адукацыі.
  7. Лексіка беларускай мовы паводле паходжання

 

Пачатак ХХ ст. звязаны з дзейнасцю на ніве нацыянальнага адраджэння такіх постацей, як Іван і Антон Луцкевічы, Алаіза Пашкевіч (Цётка), Вацлаў Іваноўскі і інш. Менавіта яны былі ініцыятарамі стварэння ў 1902 г. нелегальнай газеты «Свабода», выданне якой было амаль цалкам канфіскавана.

У 1905 г. адбываецца Лютаўская рэвалюцыя, пасля якой імператар Мікалай ІІ прымае пастанову «О малыхъ народахъ и ихъ языкахъ», паводле якой дазваляе ўсім народнасцям, што насяляюць землі Расійскай імперыі, выдаваць газеты, друкаваць кнігі, навучацца ў школах на той мове, якой яны валодаюць. Менавіта з гэтага часу пачынаецца легальная дзейнасць беларускіх адраджэнцаў.

У 1906 г. выходзіць першая легальная беларуская газета «Наша доля» (выйшла ўсяго шэсць нумароў). Газета была зачынена ўладамі па прычыне сваёй рэакцыйнай накіраванасці. Аднак у тым жа 1906 г. выходзіць другая легальная газета «Наша Ніва», якая накіравала сваю асноўную дзейнасць на сялянскую аўдыторыю. Амаль увесь час існавання газеты (па 1915 г.) галоўным яе рэдактарам быў Іван Дамінікавіч Луцэвіч (Янка Купала). У газеце друкаваліся творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Цёткі, Алеся Гаруна, Змітрака Бядулі, Максіма Гарэцкага і інш. Газета друкавалася двума шрыфтамі — лацініцай і кірыліцай да 1912 г.

У 1917 г. адбываецца Кастрычніцкая рэвалюцыя, да ўлады прыходзяць бальшавікі, якія абвяшчаюць незалежнасць ад царызму, аддаюць зямлю народу. 25 сакавіка 1918 г. была ўтворана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР). Аднак пачаўся працэс цэнтралізавання ўсіх вызваленых краін у адну — Савецкі Саюз, таму 1 студзеня 1919 г. было вырашана пераўтварыць БНР у Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку (БССР).

З гэтай падзеі і пачалася гісторыя станаўлення беларускай мовы на савецкай прасторы. Важна адзначыць, што пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора (18 сакавіка 1921 г.) паміж СССР і Польшчай, які скончыў савецка-польскую вайну 1920 г., уся Заходняя Беларусь засталася пад уладай Польшчы. Уз’яднанне заходняй і ўсходняй частак адбылося толькі 17 верасня 1939 г.

У 1918 г. Браніславам Тарашкевічам была выдадзена «Беларуская граматыка для школ», якая вытрымала сем перавыданняў і да Другой сусветнай вайны была амаль адзіным падручнікам для навучання беларускай мове ў школе. Кніга была выдадзена двума шрыфтамі — на кірыліцы (76 с.) і лацініцы (112 с.). Гэтая праца — першая спроба вызначыць арфаграфічныя і граматычныя нормы сучаснай беларускай мовы.

У 20—30-х гг. ХХ ст. пачынае дзейнічаць палітыка беларусізацыі, «накіраваная на заканадаўчае замацаванне за беларускай мовай функцый дзяржаўнай мовы» [2, с. 78]. У гэты ж час актыўна пачынае развівацца навука. У 1922 г. быў створаны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт), на базе якога ў гэтым жа годзе ўтварыліся Беларускі дзяржаўны універсітэт (БДУ) і Акадэмія навук БССР.

Пры Акадэміі навук пачынаюць дзейнічаць дзве камісіі — тэрміналагічная і дыялекталагічная. Асноўнай задачай тэрміналагічнай камісіі было складанне тэрміналогіі ўсіх галін навукі і тэхнікі на беларускай мове. «За кароткі перыяд (1922—1930 гг.) было выдадзена 24 выпускі «Беларускай навуковай тэрміналогіі» па розных галінах ведаў. У якасці метадычнага прынцыпу па выпрацоўцы беларускай навуковай тэрміналогіі на пачатку 1920-х гадоў было прынята палажэнне, што ў аснову яе павінны быць пакладзены словы жывой народнай мовы» [2, с. 568].

Асноўная работа дыялекталагічнай камісіі была скіравана на збіранне слоў народных гаворак, поўнае абследаванне дыялектных арэалаў Беларусі. Такія вывучэнні павінны былі праводзіцца найперш для ўзбагачэння беларускай мовы словамі з жывой народнай мовы, для назапашвання матэрыялаў па беларускай дыялекталогіі ў мэтах лінгвістычных даследаванняў.

У 20-я гг. вучонымі неаднаразова падымалася пытанне аб рэфармаванні беларускай мовы. Таму з 14 па 21 лістапада 1926 г. ў Мінску была арганізавана Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі. Канферэнцыя выклікала незвычайную цікавасць грамадства. «Значэнне канферэнцыі было ў тым, што яна ўпершыню пры шырокім удзеле айчынных і замежных спецыялістаў абагульніла дасягненні беларускай філалагічнай навукі і намеціла галоўныя кірункі далейшага развіцця» [2, с. 20—21]. Аднак пастановы канферэнцыі аб рэфармаванні беларускай графікі і арфаграфіі не набылі юрыдычнага статусу, хаця «некаторыя з іх потым былі ўлічаны пры распрацоўцы правапісных праектаў 1930 і 1933 гг.» [2, с. 21].

У 1933 г. Савет народных камісараў БССР прыняў пастанову «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу», якая ўпершыню ў гісторыі беларускай мовы ўзаконіла (закадыфікавала) яе арфаграфічныя і некаторыя граматычныя нормы. Пастанова ў беларускай лінгвістыцы вядома як дастаткова няўдалая, накіраваная на збліжэнне беларускай мовы з рускаю. Паводле рэформы ў 1934 г. быў выдадзены «Правапіс беларускай мовы», які дзейнічаў да 1 студзеня 1958 г.

У пасляваенныя гады пры Акадэміі навук БССР была створана Арфаграфічная камісія на чале з Кандратам Кандратавічам Атраховічам (Кандрат Крапіва) і Канстанцінам Міхайлавічам Міцкевічам (Якуб Колас). У 1951 г. камісія распрацавала «Праект змен і ўдакладненняў беларускага правапісу», які дастаткова шырока абмяркоўваўся ў беларускім грамадстве. Вынікам абмеркавання стала пастанова Савета Міністраў БССР «Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу», якая была прынята 11 мая 1957 г. З улікам гэтай пастановы былі выдадзены «Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (1959).

У савецкі перыяд беларуская мова існавала ў цесным узаемадзеянні з рускай. У канцы 80-х — пачатку 90-х гг. ХХ ст. у СССР адбываюцца шматлікія змены па лібералізацыі палітычнага курса, зніжэнні цэнтралізаванай улады, таму ў грамадстве пачынае паўставаць пытанне аб захаванні беларускай мовы як асноўнага сродку зносін беларускага народа, захавальніка культурнай спадчыны і традыцыі.

У верасні 1989 г. была створана камісія па распрацоўцы праекта закона «Аб мовах у БССР». Абмеркаванне праекта было надзвычай шырокім, вядома, што ў Вярхоўны Савет БССР прыйшло больш за 20 тыс. лістоў з водгукамі на ўвядзенне закона. Аналіз грамадскай думкі паказаў, што большасць людзей падтрымліваюць увядзенне адзінай дзяржаўнай мовы на тэрыторыі Беларусі — беларускай. Таму 26 студзеня 1990 г. быў прыняты закон «Аб мовах у БССР», які аднавіў дзяржаўны статус беларускай мовы, былі ўнесеныя адпаведныя змены ў Канстытуцыю БССР.

Закон «Аб мовах у БССР» складаўся з шасці раздзелаў (агульныя палажэнні; мова дзяржаўных, партыйных органаў, прадпрыемстваў, устаноў і грамадскіх арганізацый; мова адукацыі, навукі і культуры; мова інфармацыі і сувязі; мова найменняў; садзейнічанне нацыянальна-культурнаму развіццю беларусаў, якія жывуць за межамі БССР) і 36 артыкулаў. Дзеянне закону было разлічана на 10 гадоў, паступовы пераход на беларускую мову павінен быў завяршыцца да 2000 г. У 1995 г. быў праведзены рэферэндум, у якім акрамя пытанняў па зменах геральдыкі было ўведзена пытанне аб уключэнні другой дзяржаўнай мовы — рускай. Дадзенае палажэнне было прынята на рэферэндуме, таму пачынаючы з 1995 г. і да нашых дзён у краіне назіраецца сітуацыя дзвухмоўя, або білінгвізму.

23 ліпеня 2008 г. Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь падпісаны закон «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», які прадугледжвае Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь да 1 верасня 2010 года забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасці з гэтым законам, прыняць іншыя меры, неабходныя для рэалізацыі палажэнняў гэтага закона.

Гласарый

Агульнаўсходнеславянскі перыяд — этап утварэння беларускай мовы з VI ст. па ХІ ст.

Беларусізацыя — афіцыйная палітыка Кампартыі і ўрада БССР у 1920 — пачатку 1930-х гг., накіраваная на заканадаўчае замацаванне за беларускай мовай функцый дзяржаўнай мовы.

Закон «Аб мовах у Беларускай ССР» — прыняты на XIV сесіі Вярхоўнага Савета БССР адзінаццатага склікання 26 студзеня 1990 г. прававы дакумент аб статусе беларускай мовы як дзяржаўнай мовы.

Перыяд сучаснай беларускай мовы — перыяд развіцця беларускай мовы з ХІХ ст. і да нашых дзён.

Праславянскі перыяд — перыяд, калі з індаеўрапейскай мовы вылучылася праславянская мова (з ІІІ тыс. да н. э. па VI ст. н. э.).

Старабеларускі перыяд — першы этап развіцця беларускай мовы (з ХІІ па
ХVIII стст.).

 


Дата добавления: 2015-11-26; просмотров: 977 | Нарушение авторских прав



mybiblioteka.su - 2015-2024 год. (0.008 сек.)