Студопедия
Случайная страница | ТОМ-1 | ТОМ-2 | ТОМ-3
АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатика
ИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханика
ОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторика
СоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансы
ХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника

Афіцыйна-справавы стыль і яго функцыянальна-камунікатыўныя характарыстыкі

Читайте также:
  1. Афіцыйна-справавы стыль. Асноўныя рысы афіцыйна-справавога стылю
  2. Канфесійны стыль
  3. Навуковы стыль і яго асноўныя падстылі
  4. Навуковы стыль і яго асноўныя падстылі
  5. Публіцыстычны стыль
  6. Публіцыстычны стыль і яго асноўныя асаблівасці

Мова дзяржаўных актаў, пастаноў, законаў, статутаў, міжнародных пагадненняў, дакументацыя ўстаноў, арганізацый, а таксама асабістых заяў, дакладных, даверанасцей і г.д. мае агульныя рысы, якія абумоўлены функцыянаваннем у адміністрацыйна-прававой дзейнасці. Тэксты, рэалізаваныя ў сферы гэтай камунікатыўнай дзейнасці, адносяцца да афіцыйна-справавога стылю [7]. Моўныя асаблівасці гэтага стылю знаходзяцца ў прамой залежнасці ад жанру і зместу дзелавога дакумента, абумоўлены яго задачамі і патрабаваннямі – выразіць волю заканадаўца, прадпісаць паводзіны, давесці што-небудзь да ведама каго-небудзь.

У складзе афіцыйна-справавога стылю даследчыкі выдзяляюць наступныя падстылі: 1) уласна заканадаўчы (закон, указ, грамадзянскія і крымінальныя акты, статуты); 2) дыпламатычны (нота, мемарандум, камюніке, пагадненне, канвенцыя); 3) адміністрацыйна-канцылярскі (акт, распараджэнне, загад, дзелавыя паперы, заява, характарыстыка, аўтабіяграфія, даверанасць, распіска).

У навуковай літаратуры прынята падраздзяляць жанры дзелавой мовы на вусныя і пісьмовыя. Афіцыйна-справавы стыль рэалізуецца пераважна ў пісьмовай форме. Гэта віды дакументацыі, не зарыентаваныя на вусную форму выкладу, напрыклад, указ, загад, пастанова, інструкцыя, справавыя пісьмы, кодэксы і г.д. Для вуснай формы справавых зносін характэрны такія жанры справавой мовы, як дзелавая размова: кадравая, праблемная, арганізацыйная, творчая, прыём наведвальнікаў і іншыя яе разнавіднасці (перагаворы, прэзентацыі, справавая тэлефонная размова, прэсканферэнцыя, сход акцыянераў і г.д.). Спецыфічным жанрам вусных справавых зносін можна лічыць справавую спрэчку, дыскусію, палеміку, дэбаты, інструктаж, выступленне на судовым працэсе і г.д. Некаторыя з іх хоць і абапіраюцца на раней падрыхтаваны (часткова ці поўнасцю) пісьмовы тэкст, аднак маюць прыкметныя адрозненні: аўтары імкнуцца пазбягаць спецыфічных кніжных зваротаў афіцыйна-справавога стылю і выкарыстоўваюць элементы жывога размоўнага стылю, таму што сухая канцылярская мова цяжкая для вуснага ўспрыняцця (У.В. Анічэнка).

Для афіцыйна-справавога стылю характэрны дзве функцыі: інфармацыйная (паведамленне) і пабуджальная (уздзеянне). Так, даведка заключае ў сабе інфармацыю, загад – наказ (што трэба зрабіць), а пратакол – адначасова і інфармацыю (Слухалі...), і загад (Пастанавілі). Паспяховасць выканання гэтых функцый залежыць ад наступных якасцей:

1) доказнасць праяўляецца перш за ўсё ў наяўнасці дакладных, бясспрэчных фактаў, лічбавых паказчыкаў, у выкарыстанні стандартных фармулёвак, пазбаўленых двухсэнсоўнасці, паралельных сінтаксічных канструкцый, якія аблягчаюць успрыняцце тэксту;

2) аб’ектыўнасць і нейтральнасць выкладу фактаў (паколькі звязаны з прававымі нормамі жыцця грамадства);

3) інфармацыйнасць і ў той жа час кароткасць, якія падмацоўваюцца наяўнасцю дадатковых неабходных звестак, што ідуць, напрыклад, як дадатак да афіцыйнага пісьма;

4) лагічнасць, яснасць, адсутнасць двухсэнсоўнасці, пераканаўчасць, эканомія моўных сродкаў;

5) адсутнасць эмоцый, наяўнасць своеасаблівага этыкету, які мае надзвычай важнае значэнне для афіцыйнай карэспандэнцыі, якая з’яўляецца асноўным сродкам сувязі прадпрыемства, установы і г.д. з навакольным светам. Напрыклад, клічнік пасля звароту падкрэслівае значнасць і афіцыйнасць пісьма: Паважаныя калегі! Выкарыстанне пабочных канструкцый са значэннем эмоцый пазбаўляе выклад катэгарычнасці. Параўн.: Мы вымушаны Вам адказаць. – На жаль, мы вымушаны Вам адказаць.

У адпаведнасці з этыкетам замест займенніка я выкарыстоўваюцца пасіўныя канструкцыі: Я выканаў – мною выканана. Рэдка ўжываецца займеннік ён. Параўн.: Да нас прыехаў прафесар Іваноў. Прафесар зараз прачытае нам лекцыю.... Займеннік вы заўсёды выкарыстоўваецца са значэннем пашаны, павышанай увагі: Як Вам ужо вядома, мы вельмі зацікаўлены ў Вашай прадукцыі;

6) стандартнае размяшчэнне матэрыялу, нярэдкая абавязковасць формы. Адметнай рысай стылю з'яўляецца высокая ступень стандартызацыі, якая закранае як форму дакумента, так і моўныя сродкі. У афіцыйна-справавым стылі шырока выкарыстоўваюцца так званыя канцылярскія штампы. Штамп – моўны зварот, які шматразова паўтараецца, шаблонны, трафарэтны, зацяганы выраз з цьмянай экспрэсіўнасцю: дагаворныя бакі, узяць на кантроль і г.д. [14].

Такім чынам, захаванне пералічаных якасцей – адзін з важнейшых элементаў правільнага стварэння афіцыйнага дакумента.


Дата добавления: 2015-12-08; просмотров: 271 | Нарушение авторских прав



mybiblioteka.su - 2015-2024 год. (0.007 сек.)