Студопедия
Случайная страница | ТОМ-1 | ТОМ-2 | ТОМ-3
АрхитектураБиологияГеографияДругоеИностранные языки
ИнформатикаИсторияКультураЛитератураМатематика
МедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогика
ПолитикаПравоПрограммированиеПсихологияРелигия
СоциологияСпортСтроительствоФизикаФилософия
ФинансыХимияЭкологияЭкономикаЭлектроника

Люблінская ўнія

У пошуках новай уніі. Унутрыпалітычнае жыццё Вялікага княства Літоўскага ў 60-я гг. ХVІ ст. характарызавалася крызіснымі з’явамі, якія выспявалі ўжо даўно і сягалі сваімі каранямі Крэўскай уніі 1385 г. Яны былі звязаны з супярэчнасцямі ў асяроддзі пануючага стану, якія часам выліваліся ў адкрытае супрацьстаянне паміж магнатамі і шляхтай. Магнаты сканцэнтравалі і сваіх руках практычна неабмежаваную рэальную ўладу і непадзельна панавалі і вышэйшым органе саслоўнага прадстаўніцтва – сойме. Дэлегаты павятовых шляхецкіх соймікаў з’яўляліся, фактычна статыстамі і зацвярджалі асноўныя рашэнні, папярэдне ўжо падрыхтаваныя панамі-радай.

Адсутнасць рэальнай палітычнай улады ў руках шляхты знаходзілася ў супярэчнасці з яе аграмадным патэнцыялам, які выяўляўся найперш у тым, што шляхецкае феадальнае апалчэнне працягвала лічыцца асновай вайсковай сістэмы ВКЛ, а наёмныя атрады таксама не ў апошнюю чаргу аплочваліся за кошт грошай, сабраных у шляхецкіх маёнтках. Гэты фактар з’яўляўся тым больш значным, што ў ХVІ ст. дзяржаве даводзілася весці амаль няспынныя войны. Гэта патрабавала мабілізацыі ўсіх вайсковых рэсурсаў і давала важкі козыр шляхце для рэалізацыі сваіх палітычных амбіцый. Вопыт палітычнага збліжэння Вялікага Княства і Польшчы на працягу панавання дынастыі Ягелонаў, знаёмства з польскім дзяржаўным ладам падчас навучання ў кракаўскім універсітэце, знаходжання выхадцаў з ВКЛ пры двары каралёў і вялікіх князёў, а таксама вайсковае супрацоўніцтва ваенна-служылага люду абодвух дзяржаў рабіў абсалютна натуральным зварот шляхты ВКЛ да вопыту бліжэйшага заходняга суседа і саюзніка, дзе шляхецкія вольнасці паспелі стаць ці не асновай дзяржаўнага ладу і ўвайшлі ва ўсе сферы жыцця грамадства.

Імкненне шляхты да цеснага саюза з Польшчай выклікала заклапочанасць і супрацьдзеянне з боку буйных феадалаў, для якіх пашырэнне ў ВКЛ польскіх парадкаў азначала б канец іх непадзельнага панавання ў краіне. Праціўнікаў зменення палітычнага статуса дзяпржавы ўзначаліў найбольш уплывовы магнат Вялікага Княства, віленскі ваявода, канцлер і маршалак земскі Мікалай Радзівіл Чорны.

Узмацненню ўнутраных супярэчнасцяў у Вялікім княстве Літоўскім паспрыяла абвастрэнне міжнароднай напружанасці, якая вылілася ў ваенны канфлікт з Маскоўскай дзяржаве за панаванне ў Лівоніі. З аднаго боку гэта стымулявала жаданне шырокіх колаў шляхты падзяліць цяжкасці вядзення вайны са сваім натуральным саюзнікам, а з другога – павышала запатрабаванасць яе вайсковых паслуг давала шляхце дадатковыя аргументы для дасягнення палітычных мэтаў. Польшча, у сваю чаргу, таксама была не супраць далейшага палітычнага збліжэння з ВКЛ, дзе шматлікая, але малазямельная польская шляхта разлічвала атрымаць новыя маёнткі і пасады.Знаходзячыся ў дынастычным саюзе пачынаючы з Крэўскай уніі 1385 г., абедзве дзяржавы перыядычна ішлі на чарговыя збліжэнні, выкліканыя, як правіла, смерцю чарговага манарха ці пагаршэннем палітычнага становішча Вялікага Княства. Аднак гэта заўсёды суправаджалася існаваннем у ВКЛ незалежніцкіх настрояў, якія актуалізаваліся пасля пераадоленне чарговага крызіса. На гэты раз перспектыва збліжэння з Польшчай бачылася кіруючымі коламі Вялікага Княства ў такім самым рэчышчы – як форма часовага ваенна-палітычнага саюзу. Аднак адразу ж выявілася несупадзенне бачання перспектыў саюзу не толькі паміж ВКЛ і Польшчай, але і паміж магнатэрыяй і шляхтай Вялікага княства Літоўскага.

Ужо ў 1562 г. пад Віцебскам шляхта паспалітага рушэння арганізавала палявы з’езд, на якім яна звярнулася да караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста з просьбай склікання агульнага сойма па пытаннях уніі. Прапаноўвалася сумеснае выбранне караля, супольнае вырашэнне пытанняў абароны дзяржавы, а таксама ўраўнанне ў правах шляхты Кароны і Вялікага Княства. Курс шляхты на збліжэнне абодвух дзяржаў знайшоў разуменне і падтрымку не толькі ў польскіх феадалаў, але і ў Жыгімонта Аўгуста, які актыўна заняўся падрыхтоўкай уніі. Важным этапам у гэтым працэсе стаў Віленскі сойм 1563 г. Тут была ўтворана дэлегацыя, якая павінна была весці абмяркоўваць умовы уніі з польскім сеймам. Магнатэрыя ВКЛ адстойвалі цэласнасць, абасобленасць і самастойнасць дзяржавы, імкнучыся захаваць яе суверэнітэт у максімальна магчымай ступені. Польскі ж бок, маючы перад вачамі прыклад Крэўскай уніі 1385 г., настойваў на поўнай інкарпарацыі Вялікага Княства ў склад Польшчы. Перамовы працягнуліся на Варшаўскім сойме 1563 – 1564 гг., Бельскім сойме 1564 г., Брэсцкім сойме 1566 г., палявым сойме ў Лебедзеве. Важным крокам, які павінен быў прадэманстраваць станоўчае стаўленне Жыгімонта Аўгуста да уніі, стала ягоная адмова на Варшаўскім сейме ад спадчынных правоў на ВКЛ і перадача іх Польшчы.

З мэтай змякчэння прапольскіх настрояў шляхты магнацкая вярхушка пайшла на шэраг мер па змяненню ўнутранага ўстройства і дзяржаўнай палітыкі Вялікага княства Літоўскага. У 1563 г. адбылося ўраўнанне ў правах шляхты розных веравызнанняў. Гэты крок быў аблегчаны тым, што спектр хрысціянскіх канфесій на той час не абмяжоўваўся каталіцтвам і праваслаўем. Значнае распаўсюджанне атрымалі розныя накірункі пратэстанцтва, да якой належалі і прадстаўнікі палітычнай эліты краіны, не выключаючы Мікалая Радзівіла Чорнага, які вызнаваў кальвінізм. Тым не менш, пастанова Віленскага сойма 1563 г. аб адмене канфесійных абмежаванняў спрыяла ліквідацыі рэлігійных супярэчнасцяў у асяроддзі пануючага стана і мела на мэце ўсталяванне саслоўнай згоды.

Несумненна папулісцкія мэты пераследавала і судовая рэформа 1564 г., праведзеная па польскаму ўзору. Паводле яе, уся тэрыторыя дзяржавы дзялілася на паветы, у кожным з якіх утвараліся земскія, гродскія (замкавыя) і падкаморскія суды з акрэсленай кампетэнцыяй. У паветах збіраліся павятовыя соймікі шляхты, якія дэлегавалі дэпутатаў на вальны сойм. У 1566 г. у адміністрацыйны падзел дзяржавы былі ўнесены змяненні – было ўведзена 5 новых ваяводстваў, якіх цяпер налічвалася 13. Кампетэнцыя ваяводаў, у сувязі з увядзеннем павятовых судоў, моцна абмяжоўвалася і зводзілася, у шэрагу выпадкаў, да ўзначальвання мясцовых узброеных сілаў.

Судова-адміністрацыйныя рэформы падрывалі даўнія імунітэтныя правы буйной зямельнай арыстакратыі, што судзейнічала ліквідацыі унутраных перагародак у асяроддзі феадалаў і спрыяла афармленню агульнага шляхецкага саслоўя. Новы стан рэчаў быў замацаваны ІІ Статутам ВКЛ, які быў уведзены ў дзеянне 1 сакавіка 1566 г.

Праведзеныя рэформы нейкім чынам згладзілі супярэчнасці ў асяроддзі пануючага саслоўя ВКЛ. Аднак яны не змаглі спыніць нарастаўшых праунійных настрояў. Няўдачы ў Лівонскай вайне паставілі пытанне пра збліжэнне з Польшчай настолькі востра, што яго сталі шукаць не толькі шырокія шляхецкія колы, але і прадстаўнікі палітычнай эліты дзяржавы.

Люблінскі сейм і яго непасрэдныя вынікі. 10 студзеня 1569 г. у Любліне распачалася праца сумеснага сейма, на якім разглядаліся пытанні цеснага саюза паміж Польшчай і Вялікім княствам Літоўскім. Абодва бакі прапанавалі свае ўмовы новай уніі. Прадстаўнікі Вялікага Княства ўпарта адстойвалі свае пазіцыі па максімальнаму захаванню самастойнасці дзяржавы. Падрыхтаваны магнацкай партыяй праект, які прадугледжваў захаванне ў ВКЛ асобных органаў улады і сойма, сустрэў супрацьдзеянне з боку палякаў. Пасля напружаных, але малаперспектыўных дыскусій паслы ВКЛ пайшлі на дэмарш і 1 сакавіка дэманстратыўна пакінулі сейм. Скарыстаўшы гэты факт, а таксама цяжкае становішча Вялікага Княства і выразныя прапольскія настроі дэпутатаў некаторых паветаў, палякі дамагліся ад караля далучэння да Кароны значнай часткі заходніх і паўднёвых тэрыторый свайго саюзніка. У выніку Вялікае княства Літоўскае пазбавілася Падляшша, Валыні, Падолля і Кіеўшчыны. Ягоныя межы звузіліся фактычна да межаў Беларусі і Літвы, а Польшча умомант і бяскроўным шляхам атрымала землі, якія служылі прадметам напружанага супрацьстаяння Вільні і Кракава яшчэ ў ХІV – ХV стст. Магнацкая партыя Вялікага Княства была абурана, але пад націскам абставінаў і агульных настрояў у шляхецкім грамадстве мусіла аднавіць перамовы.

1 ліпеня 1569 г. была падпісана Люблінская унія. Паводле яе ўмоў утваралася новая дзяржава – Рэч Паспалітая “абодвух народаў”, пад якімі разумеліся “шляхецкія народы” Польшчы і ВКЛ. Вышэйшым заканадаўчым органам дзяржавы абвяшчаўся супольны сейм. Ён збіраўся на тэрыторыі Польшчы – у Варшаве, а для каранацыі манархаў – у Кракаве і складаўся з дзвюх палат – сената і пасольскай ізбы. У сенат уваходзілі магнаты, іерархі каталіцкага касцёла, прадстаўнікі цэнтральнай і мясцовай адміністрацыі. У пасольскую ізбу выбіралася па два дэпутаты ад кожнага павета. Правядзенне асобных сеймаў забараняляся. Адмяняліся таксама асобныя працэдуры па выбранню караля польскага і вялікага князя літоўскага. Іх функцыі зараз павінны былі сумяшчацца манархам пачынаючы з моманта каранацыі.

Правядзенне знешняй палітыкі ў Рэчы Паспалітай павінна было знаходзіцца ў агульнай кампетэнцыі. Абвяшчалася роўнасць шляхты на ўсёй тэрыторыі дзяржавы, што прадугледжвала бесперашкоднае ўзаемнае набыццё шляхтай Кароны і Вялікага Княства зямельнай маёмасці на землях абодвух суб’ектаў Рэчы Паспалітай. У той жа час гэтыя суб’екты цалкам захоўвалі свой адміністратыўны апарат, асобнае заканадаўства і судовую арганізацыю, якія, праўда, у выніку праведзеных у ВКЛ рэформаў, мелі значнае падабенства. Вільня атрымала права на выпуск аднолькавых з Польшчай грошай, мытную сістэму, узброеныя сілы, тытулатуру, герб і дзяржаўную пячатку. Калі ў Польшчы мовай справаводства заставалася лаціна, то ў Вялікім княстве Літоўскім афіцыйны статус па-ранейшаму мела старабеларуская мова. Такім чынам, дзяржаўнае ўстройства Рэчы Паспалітай сумяшчала як унітарныя, так і федэратыўныя прынцыпы. Вялікае княства Літоўскае захоўвала ў ёй пэўную самастойнасць.

Непасрэдным унутрыпалітычным вынікам заключэння Люблінскай уніі стала ўмацаванне пазіцый шляхты. Яшчэ больш яны ўзмацніліся пасля смерці ў 1572 г. Жыгімінта ІІ Аўгуста, апошняга прадстаўніка дынастыі Ягелонаў, права якіх на вялікакняскі трон было спадчынным і толькі адносна залежала ад волі шляхты. Чарговым каралём і вялікім князем быў выбраны французскі прынц Генрых Валуа, ад якога дамагліся падпісання дакумента, вядомага як “Генрыхавы артыкулы”, якія налічвалі 18 пунктаў. Яны абвяшчалі Рэч Паспалітую шляхецкай рэспублікай на чале з выбарным каралём, які не меў права прызначаць сабе пераемніка альбо прызначаць ягоных выбараў пры сваім жыцці. Улада караля моцна абмяжоўвалася сеймам, які павінен быў склікацца кожныя два гады. Прадугледжвалася таксама магчымасць пазачарговых шляхецкіх з’ездаў. Манарх не валодаў заканадаўчымі і судовымі паўнамоцтвамі, пазбаўляўся права склікання паспалітага рушэння і зносінаў з іншымі дзяржавамі, але ў той жа час абавязваўся падтрымліваць рэлігійны мір у краіне. Абмяжоўвалася ягонае права збірання падаткаў. У мірны час дзейнасць караля павінна была кантралявацца шаснаццацю сенатарамі-рэзідэнтамі. У выпадку невыканання каралём сваіх абавязкаў ягоныя падданыя вызваляліся ад падпарадкавання манарху. Такім чынам, “Генрыхавы артыкулы” зрабілі залежнасць караля ад волі шляхецкага “народа” яшчэ больш юрыдычна аформленай.

Што да знешнепалітычных наступстваў заключэння Люблінскай уніі, то напачатку і тут у поўнай меры спраўдзіліся чаканні прыхільнікаў збліжэння з Польшчай, якія чакалі ад яго роста ваеннай магутнасці дзяржавы.

Парасткі літвінскага сепаратызма Разам з тым, вынікі Люблінскай уніі ўспрымаліся ў Вялікім княстве Літоўскім неадназначна. Рэч Паспалітая фармальна мела раўнапраўны характар, аднак у рэальнасці, сыходзячы з розных дэмаграфічных умоў польшча атрымала пэўныя палітычныя перавагі перад Вялікім Княствам. У сейме і сенаце дамінавала больш шматлікае польскае прадстаўніцтва. Са 180 паслоў, выбраных у сейм дзяржавы з зямель абодвух суб’ектаў, толькі 46 прадстаўлялі Вялікае княства Літоўскае, у тым ліку ад беларускіх паветаў было 34 дэпутаты. Разгортванне ў Рэчы Паспалітай контррэфармацыі азначала адыход урада аб’яднанай дзяржавы ад палітыкі верацярпімасці і мэтанакіраваны курс на насаджэння каталіцтва іпольскай культуры. Гэта асабліва хваравіта ўспрымалася насельніцтвам беларускіх зямель, дзе традыцыйна значныя пазіцыі займала праваслаўе. Незадаволенасць феадалаў Вялікага Княства выклікала права палякаў набываць тут маёнткі і пасады, што стварала мясцовай шляхце невяспечнага канкурэнта з боку шматлікіх выхадцаў з Кароны, якія часта былі не супраць паправіць на літоўскай службе сваё матэрыяльнае становішча. У выніку нават шляхта ВКЛ, якая атрымала ад уніі пэўныя палітычныя выгады, не кажучы ўжо пра магнатаў, страціўшых частку былой палітычнай улады, праяўляла атрыпольскія, сепаратысцкія настроі. Яны выяўляліся ў непрыманні новай сітуацыі і настальгіі па “залатых часах”, калі палітычны народ Вялікага княства Літоўскага меў магчымасць цалкам распараджацца лёсам сваёй дзяржавы.

Незадаволенасць вынікамі Люблінскай уніяй праявілася ўжо пасля смерці Жыгімонта Аўгуста, калі прадстаўнікі ВКЛ прад’явілі прэтэнзіі на землі, якія адыйшлі да Кароны, а таксама здолелі дабіцца асобнай прысягі манарха Вялікаму княству Літоўскаму. Імкненне да большай самастойнасці прывяло да з’яўлення ў 70 – 80-х гг. ХVІ ст. своеасаблівых праяў сепаратнага парламентарызму – склікання “генеральнага сойміка” (збіраўся на тэрыторыі Беларусі – у Ваўкавыску, а пасля ў Слоніме), які папярэднічаў агульнаму сейму ў Варшаве і на якім выпрацоўвалася адзіная праграма дэпутатаў ад ВКЛ, а таксама “генеральнага з’езда”, альбо “канвакацыі”. На канвакацыі разглядаліся некаторыя пытанні, якія раней знаходзіліся ў кампетэнцыі вальных соймаў ВКЛ і тычыліся абароны, падаткаў і фінансаў.

Апазіцыйныя настроі і ўчынкі Знаходзілі яны сваё праяўленне як у словах, так і ў справах пануючага саслоўя Вялікага княства Літоўскага. У лісце аршанскага старосты Філона Кміты-Чарнабыльскага да трокскага кашталяна Астафія Валовіча, які быў напісаны ўсяго праз 5 гадоў пасля уніі – у жніўні 1574 г., – гаварылася: «Не дай бог ляху быць каралём, выража Літву і тым больш Русь», бо польская знаць «даўно рэзаць пачалі ліцвіна». Яшчэ больш рэзка супраць прапольскай палітыкі Жыгімонта-Аўгуста, агюшняга караля з Дынастыі Ягелонаў, пры якім склалася унія, ліцвінская шляхта выказалася ў сатырычным памфлеце «Прамова Мялешкі», што датуецца 1589 г.: «Прэч Жыгімонта караля! Таго і да людзей няма чаго прылічаць, бо Падляшша і Валынь нашыя згубіў, ляхам патураючы».

Што ж тады прываблівала значную частку шляхты Вялікага княства Літоўскага? Да чаго яна імкнулася? Да старыны, да тых, з яе пункту гледжання, «залатых часоў», калі Вялікае княства самастойна вызначала і праводзіла сваю палітыку.

У той жа «Прамове Мялешкі» з замілаваннем згадваецца першая палова XVI ст.: «Але аб Жыгімонце першым салодкая памяць. Ён ляхаў з іх хітрасцю вельмі не любіў, а Літву і Русь нашу любіцельна мілаваў».

Антыпольскія словы не разыходзіліся са справамі ліцвінскіх палітыкаў. Насуперак люблінскаму акту уніі на працягу 70 – 80-гг. XVI ст. у Вялікім княстве рэгулярна збіраліся агульна-дзяржаўныя соймы. Прычым у час безкаралеўя ў Рэчы Паспалітай 1574 – 1576 гг. на сойме ў Вільні разглядалася пытанне аб выбары караля. Успомніце, што згодна пастановы аб уніі гэта маглі рабіць польскі і ліцвінскі бакі толькі суцельна.

Далейшае развіццё падзей уносіла свае карэктывы ў дамову ад 1 ліпеня 1569 г. У 1581 г. ствараецца асобная вышэйшая судовая інстанцыя для Вялікага княства – Галоўны трыбунал, які стаў адказам на стварэнне ў 1578 г. “Кароннага трыбунала”. Гэта быў вышэйшы судовы орган, у які выбіралася па два прадстаўнікі ад кожнага павета і які збіраўся па чарзе ў Вільні, Менску і Навагрудку.

Вяршыняй праяўлення сепаратызма Вялікага княства Літоўскага стала прыняцце ў 1588г. ІІІ Статута, які з’явіўся адным з найбольш дасканалым зводам прававых нормаў свайго часу і праіснаваў на землях Беларусі і Літвы да 1840 г. У Статут увайшоў шэраг прагрэсіўных для свайго часу палажэнняў, такіх як дэклараванне рэлігійнай талерантнасці, прэзумпцыя бязвіннасці, прынцып індывідуальнай адказнасці і г.д. З яго ўвядзеннем фактычна скасоўваліся многія пастановы Люблінскай уніі, акты якой, паміж іншым, нават не ўзгадваліся ў тэксце Статута. Так, напрыклад, важнейшыя знешнепалітычныя пытанні аддаваліся ў разгляд вальных соймаў Вялікага Княства. Статут зацвярджаў асобнае заканадаўства, тэрытарыяльныя межы, дзяржаўны апарат, войска, фінансы. Адчувальным ударам па інтарэсах польскай шляхты была адмена права палякаў, так сама як і ўсіх іншаземцаў на набыццё ў межах ВКЛ зямельнай маёмасці і займання тут дзяржаўных пасадаў. Супраць насаджэння польскай мовы і культуры быў скіраваны артыкул І раздзела ІV, які падцвердзіў дзяржаўны статус старабеларускай (“рускай”) мовы. Але самым важкім здабыткам у барацьбе за дзяржаўную самастойнасць Вялікага княства Літоўскага было прыняцце Статута 1588 г. Ён, па сутнасці, скасоўваў многія пастановы Люблінскай уніі.

Літва квітнет русчызною» Барацьбой за дасягненне самастойнасці з'явілася змаганне ў паслялюблінскі перыяд за захаванне дзяржаўнасці старабеларускай мовы ў ВКЛ, адстойванне адвечных на гэтай зямлі ўсходнеславянскіх духоўных каштоўнасцей. Палымяным іх прапагандыстам быў дробны полацкі шляхціц Васіль Цяпінскі. У прадмове да выдадзенага ім каля 1580 г. на старабеларускай мове «Евангелля» ён адзначаў, што «зацный, славный, довстіпный» народ беларускі мае даўнія і багатыя гістарычныя і культурныя традыцыі. А таму кнігавыдавец заклікаў «велікіх княжат», паноў, духавенства не ўжываць «полские або иные писма», а развіваць адукацыю на роднай мове.

Гэты голас дробнага беларускага шляхціца з-пад Лепеля падтрымліваў магнат, рэдактар і адзін са складальнікаў Статута 1588 г. Леў Сапега. У прадмове да яго Сапега з годнасцю адзначаў: «Не чужой якой моваю, але сваёю ўласнай правы пісаныя маем». Больш таго, артыкул 1 раздзела IV Статута зацвярджаў дзяржаўнасць старабеларускай мовы.. Постаці гісторыі. Леў Іванавіч Сапега (1557—1633) – вядомы палітычны, грамадскі дзеяч Вялікага княства Літоўскага. Адзін з самых знакамітых і таленавітых прадстаўнікоў сапежанскага роду. Ён прызначаўся на пасады пісара дзяржаўнай канцылярыі, падканцлера, канцлера, віленскага ваяводы, гетмана вялікага літоўскага. Займаючы вышэйшыя дзяржаўныя «ўрады» (пасады), Леў Іванавіч праявіў сябе як выдатны дыпламат, дасведчаны прававед, мудры дзяржаўны муж. Усе свае веды, а меў заходнюю універсітэцкую адукацыю, таленты, багацці клаў на служэнне айчыне – Вялікаму княству Літоўскаму. Абараняў яго незалежнасць ад Масквы і Польшчы. У сваёй практыцы палітычнага дзеяча ставіў дзяржаўныя інтарэсы вышэй за царкоўныя ці асабістыя. Адвечным помнікам Льву Сапегу стаў падрыхтаваны і выдадзены з яго дапамогай Статут 1588 г.

Незалежнае Вялікае княства Трыццацігоддзе, якое прайшло пасля Любліна, пераканала велікакняжацкую шляхту ў тым, што і надалей яна будзе займаць вядучыя пазіцыі ў сваёй дзяржаве. Гэта было заканадаўча гарантавана Статутам Вялікага княства Літоўскага 1588 г. Практыка ж выканання статутных норм наогул надала ўпэўненасці шляхце Вялікага княства Літоўскага ў сваім трывалым становішчы ў краіне.

Варта згадаць выпадкі з гэтай практыкі за розныя стагоддзі. На пачатку 90-х гг. XVI ст. кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт III Ваза (вкл і кп 1587-1632) прызначыў віленскім епіскапам паляка Бернарда Мацяеўскага. Гэта прызначэнне павінен быў зацвердзіць канцлер Вялікага княства Літоўскага Леў Сапега. Але яно супярэчыла статутнай норме, што забараняла чужаземцам займаць кіруючыя пасады ў княстве. І канцлер, які з'яўляўся адным са складальнікаў і выдаўцом Статута, не прыціснуў велікакняжацкую пячатку да каралеўскага ўказа. Наколькі прынцыповым было гэта пытанне сведчыць вытрымка з ліста Льва Сапегі:«Тады паддайцеся ва ўсім палякам, адмоўцеся ад літоўскай пячаткі, маршальскага жэзлу і гетманскай булавы. І няхай будуць польскія жэзлы, пячаткі і булава, ды і агульны скарб... Ці загінуць, ці дабіцца таго, каб ліцвін быў віленскім епіскапам». Пасля зацятай, доўгай – з 1591 па 1600 г. – барацьбы гэта пасада была аддадзена духоўнай асобе Вялікага княства Бенядзікту Войне.

Спрабавалі ў 1752 г. прызначыць таксама паляка на пасаду віленскага каноніка. Але і ў гэтым выпадку артыкулы Статута не былі парушаны. Як і паўтара стагоддзя назад, прызначэння не адбылося.Уступкі ліцвінам Упэўненасць у непарушнасці сваёй вядучай ролі ў дзяржаве ўжо не патрабавала ад велікакняжацкай шляхты змагання за асобныя соймы, асобнае выбранне вялікага князя, асобную дзяржаўную мову. Праўда, водгаласкі тых незалежніцкіх настрояў, якія былі вельмі моцнымі ў апошняй трэці XVI ст., яшчэ калі-нікалі адчуваліся ў XVII ст. Яны ўвасабляліся ў спробах аднаўлення поўнай дзяржаўнай самастойнасці Вялікага княства. Гэта здаралася ў часы цяжкага знешнепалітычнага станювішча Рэчы Паспалітай. Так, у 50-х гг. XVII ст. Радзівілы спрабавалі разарваць унію з Польшчай. У другой палове 90-х гг. таго ж стагоддзя супраць караля Рэчы Паспалітай выступілі Сапегі, якія мелі намер стаць на чале самастойнага Вялікага княства Літоўскага. Пасля такіх выступленняў кіруючыя колы Рэчы Паспалітай ішлі на ўступкі шляхце Вялікага княства. Так, на сойме 1673 г. было прынята рашэнне, па якому кожны трэці сойм павінен збірацца ў «Вялікім княстве Літоўскім, у горадзе Гародні». На ім мусіў старшынстваваць адзін з ліцвінскіх дэпутатаў. Гэта было скасаваннем яшчэ аднаго пункта Люблінскай уніі, па якому соймы меліся адбывацца толькі на тэрыторыі Польшчы. У 1696 г. велікакняжацкая шляхта поўнасцю ўраўноўвалася ў правах з польскай у адносінах узмацнення кантролю над дзейнасцю вышэйшых службовых асоб. Такім чынам, першапачатковыя намеры Польшчы паставіць усходняга суседа ў падначаленае становішча не спраўдзіліся.

Паланізацыя беларускай шляхты Узрастаючы ўплыў Польскай Кароны выразна сказваўся ў так званай паланізацыі. Шырокі народны пласт паланізацыя амаль што не чапляла, яна была пераважна шляхецка-элітарнай.

Беларуска-літоўская шляхта апалячвалася праз далучэнне да «залатых польскіх шляхецкіх вольнасцей». Яна дамагалася ўсё большых і большых прывілеяў. Так, шляхце, як «польскай, так і літоўскай... і ўсіх зямель і правінцый, што ўваходзілі ў Рэч Паспалітую», надаваліся правы поўнага кантролю за дзейнасцю караля. Пэўна немагчыма было не спакусіцца на гакія вольнасці, што поўнасцю абмяжоўвалі ўладу першай асобы ў краіне і прадстаўлялі шляхце афіцыйнае права не падпарадкоўвацца каралю, калі той адмовіцца ад выканання шляхецкіх прывілеяў. І велікакняжацкая шляхта паступова прыхіналася да шляхты польскай. Пераймаючы ўзоры грамадскага ладу Польшчы, дзелячы з заходнімі суседзямі ўладу, яна ўсё больш паварочвалася да «пальшчызны» ўвогуле. Гэта ў першую чаргу да каталіцызму, які далучаў яе да польскай культуры і мовы. У Рэчы Паспалітай з цягам часу фарміруецца новая супольнасць – «народ шляхецкі», які аб'ядноўваўся не толькі адзінымі правамі і прывілеямі, але і адзінай рэлігіяй (каталіцызмам), і адзінай мовай (польскай). Шырокае апалячванне беларускай шляхты прывяло ў другой палове XVII ст. да сітуацыі, што «люду простаму» – сялянам і гарадскім нізам супрацьстаялі «паны-ляхі».

Але нельга гаварыць аб «панаванні» і «валадарніцтве» на беларускіх, як і на землях усяго Вялікага княства Літоўскага, польскіх феадалаў у XVII – XVIII стст. Гаспадарылі ў княстве свае, «тутэйшыя» паны-землеўласнікі. Яны былі амаль цалкам апалячаныя. Але апалячаныя і палякі гэта далёка не адно і тое ж. Тым больш, што самасвядомасць большасці беларускай шляхты ў XVII—XVIII стст. заставалася ліцвінскай. Уся шляхта ведала і ў жыцці карысталася беларускай гаворкай.

Прычым нельга не ўлічваць і тое, што пры паланізацыі беларускіх родаў у XVII – XVIII стст. адбываліся, няхай сабе і не такія адчувальныя, зваротныя працэсы. Напрыклад, шляхціц з Мазоўша Станіслаў Сасін, які жыў у Берасцейскім ваяводстве, паступова на працягу канца XVII – першай паловы XVIII ст. «атутэйшыўся». Збудаваў дзве праваслаўныя царквы. Унук яго ўжо меў імя Васіль і быў пахаваны пры царкве.

Такім чынам, Рэч Паспалітая XVII – XVIII стст. паўстае шляхецкай, федэратыўнай, шматэтнічнай дзяржавай. Называлі яе ў тыя часы «дзяржава абодвух народаў» – палякаў і ліцвінаў. Дзяржавай розных народаў — перш за ўсё палякаў, літоўцаў, беларусаў і ўкраінцаў – мы можам вызначыць колішнюю Рэч Паспалітую з пункту гледжання сучасных этнічных уяўленняў.

Вайна Рэчы Паспалітай са Швецыяй (1600 – 1629 гг.). Першы манарх з дынастыі Вазаў – Жыгімонт ІІІ – не карыстаўся папулярнасцю сярод палітычнага народа і не пакінуў пасля сябе такой памяці, як Ягайлавічы або Стэфан Баторы. Яго збліжэнне з Габсбургамі, злоўжыванне ўладай, нецярплівасць да іншаверцаў выклікалі недавер шляхты да каралеўскага двара. Для ажыццяўлення сваіх знешнепалітычных планаў Жыгімонт III быў гатовы ахвяраваць дзяржавай. У 1592 г. Жыгімонт ІІІ пачаў тайныя перамовы з Габсбургамі. Жыгімонт жадаў аддаць сваю карону Вене ўзамен на грошы і падтрымку ў вайне за швецкі прастол. Калі гэта стала вядома ў Рэчы Паспалітай, супраць Жыгімонта выступіў польскі канцлер Ян Замойскі. Пасля смерці Замойскага ў 1605 г. рух супраць Жыгімонта Вазы ўзначаліў ваявода Кракаўскі Міхал Зэбжыдоўскі і кашталян Віленскі Януш Радзівіл.

У 1606г. прыхільнікі Зэбжыдоўскага і Радзівіла абвясцілі рокаш супраць Жыгімонта Вазы. Рокаш – узброены саюз шляхты, які мае на мэце абмеркаваць факт парушэння яе правоў вышэйшымі саноўнікамі ці каралём. Акрамя разрыву цесных адносін з Габсбургамі, удзельнікі рокашу дамагаліся рэлігійнай свабоды для пратэстантаў і патрабавалі скасавання Брэсцкай уніі. Хаця ў 1607 г. войскі Жыгімонта разграмілі праціўніка, але хвалявапні працягваліся. У выніку ў 1609 г. Сойм вырашыў зусім не караць удзельнікаў рокашу, а толькі прымусіць іх папрасіць у караля прабачэння.

Амбіцыі Жыгімонта ІІІ (1587 – 1632 гг.) неўзабаве ўцягнулі Рэч Паспалітую ў новыя войны. Дэтранізаваны ў 1599 г. шведскім парламентам, ён не збіраўся канчаткова губляць шведскую карону і пайшоў на сілавое вырашэнне спрэчак. Імкнучыся вярнуць сабе трон, Жыгімонт Ваза распачаў вайну. Каб атрымаць падтрымку шляхты, Жыгімонт III ахвяраваў Рэчы Паспалітай землі Эстоніі, занятай шведамі, што абярнулася вайной са Швецыяй. У 1600 г. вялікае шведскае войска пад кіраўніцтвам герцага Карла (з 1604 г. – кароль Карл IX) уступіла ў Лівонію. Яно хутка захапіла Эстонію, падышло да Рыгі і аблажыла яе. Супраць шведаў кароль Рэчы Паспалітай накіраваў войска на чале з гетманамі Крыштафам Радзівілам і Янам Хадкевічам. Рашаючая бітва адбылася 27 верасня 1605 г. каля Кірхгольма (Саласпілса), што ў 13 км ад Рыгі. Шведская армія, якая мела значную перавагу над войскам ВКЛ, была разбіта арміяй, якой камандаваў Ян Кароль Хадкевіч і страціла дзве трэці свайго складу.

Гэты трыумф праславіў імя гетмана на ўсю Еўропу, але радыкальных пераменаў у найне не адбылося. Беларуска-літоўскія сілы мусілі працягваць дзеянні ў надзвычай цяжкіх умовах, пры недахопе фінансаў і не-папулярнасці вайны.

Перамога войска ВКЛ выратавала Рыгу, аднак шведы не былі выгнаны з Лівоніі і вайна працягвалася. У 1621 г. кароль Швецыі Густаў ІІ Адольф (сын Карла IX), узмацніўшы армію і падпісаўшы мір з Даніяй і Расіяй, захапіў большую частку Лівоніі і Рыгу. У хуткім часе шведы занялі Падзвінне, Панямонне і пачалі наступленне на Польшчу. У 1622 г. было падпісана асобнае перамір’е магнатаў ВКЛ са Швецыяй, а ў 1629 г. у Альтмарку (цяпер горад Новы Тарг у Польшчы) – паміж дзвюма дзяржавамі перамір’е на 6 гадоў.

Такім чынам, мэты Рэчы Паспалітай у вайне са Швецыяй на захоп Прыбалтыкі не былі дасягнуты. Прыбалтыка была падзелена: Швецыя атрымала Эстонію, Відземе(з Рыгай), Рэч Паспалітая – Латгалле і Курляндскае герцагства. Але такія вынікі вайны не задаволілі ні адзін з бакоў.

Войны Рэчы Паспалітам з Маскоўскай дзяржавай (1604 – 1618, 1632—1634 гг.). У пачатку XVII ст. вышэйшыя магнацка-шляхецкія колы Рэчы Паспалітай вырашылі выкарыстаць крызісную сітуацыю ў Маскоўскай дзяржаве. У 1598 г. памёр цар Фёдар Іванавіч і наступіў «Смутны час», які даваў ім надзею на далучэнне новых зямель на Усходзе. У асяроддзі магнатаў узнікла ідэя – пасадзіць на маскоўскі трон свайго стаўленіка, які б абвясціў сябе царэвічам Дзмітрыем – сынам Івана IV. Новая вайна пачалася неяк зусім непрыкметна. Увосень 1604 г. з тэрыторыі Ўкраіны на Маскву з 3 тысячамі ахвотнікаў накіраваўся як быццам цудам ацалелы царэвіч Дзмітрый – сын Івана IV Васільевіча, што, як лічылася, быў забіты ў 1591 г. ва Углічы. У карыслівых інтарэсах на папярэдне складзеных умовах яго падтрымалі князі Вішнявецкія ды сандамірскі ваявода Юры Мнішак, а таксама сам Жыгімонт III Ваза, які спадзяваўся шляхам умяшання ва ўнутраныя справы царства прынамсі уключыць Маскву ў антышведскую кааліцыю.

У 1604 г. войска самадзейнай шляхты, казакаў і татар на чале з самазванцам Дзмітрыем (верагодна, былым манахам Рыгорам Атрэп’евым) выступіла ў напрамку Масквы. На гэтым шляху войскі Ілжэдзмітрыя сталі хутка папаўняцца незадаволеным рускім людам, да яго далучылася і частка маскоўскага войска. Пасля раптоўнай смерці цара Барыса Гадунова (23 красавіка 1605), які рыхтаваў супраць Рэчы Паспалітай міжнародную кааліцыю, плануючы ўключыць у яе Імперыю Габсбургаў, Сямігароддзе і Малдавію, дзякуючы падтрымцы маскоўскага баярства Самазванец увайшоў у Маскву і каранаваўся ў Крамлі ў 1605 г.

Урад Рэчы Паспалітай паспрабаваў скарыстаць новую сітуацыю і заключыць ваенны саюз з Расіяй. Пасольства Аляксандра Гасеўскага прывезла цару Дзмітрыю праект «вечнага злучэння» дзвюх дзяржаў, асноўныя пункты якога паўтаралі той жа праект уніі, які прадстаўляў у Крамлі ў 1600 г. канцлер Леў Сапега. Аднак знаходжанне Ілжэдзмітрыя на маскоўскім прастоле было нядоўгім. Чуткі аб прыхільнасці новага цара да каталіцкай веры і яго патаемных сувязях з уладамі Рэчы Паспалітай выклікалі баярскую змову, у выніку якой Ілжэдзмітрый быў забіты. Царом стаў былы баярын Васіль Шуйскі. Але яму не ўдалося спыніць разлады ў Маскоўскай дзяржаве. Адносіны з Масквой зноў рэзка абвастрыліся. Шляхта беларускіх паветаў баялася маскоўскай агрэсіі як помсты за авантуру першага Самазванца.

Крызіс, выкліканы паўстаннем, даў падставу гаварыць пра знешнюю небяспеку для Рэчы Паспалітай, і праўрадавыя колы выкарысталі сітуацыю для прапаганды прэвентыўнай вайны. Тады і актуалізавалася справа другога Самазванца – Андрэя Нагога, які вясной 1607 г. з’явіўся ў Шклове і абвясціў сябе новым цудам уратаваным «царом Дзмітрыем». Перайшоўшы мяжу, ён апынуўся ў Старадубе і, сабраўшы войска з авантурыстаў, таксама рушыў на Маскоўскае царства. У Вялікім Княстве яго падтрымалі менскі ваявода Ян Пац і ўсвяцкі стараста Ян Пётр Сапега, які павёў да Самазванца аддзел нанятых шляхцічаў.

Новы царэвіч выклікаў сімпатыі шырокіх колаў у самой Расіі, ахопленай тады сялянскай вайной Івана Балотнікава. Паўстанцы, якія пацярпелі паражэнне ад арміі цара Васіля Шуйскага, спадзяваліся на дапамогу з боку Рэчы Паспалітай і накіравалі пасланца да караля. Не атрымаўшы адказу з Варшавы, яны агітавалі «людзей рыцарскіх» у Мсціславе, Оршы, Менску і іншых беларускіх гарадах, заклікалі падтрымаць «цара Дзмітрыя», абяцаючы за гэта вялікую плату. Да Дзмітрыя далучаліся ў асноўным аматары прыгодаў і маладыя шляхцічы з бедных сямей, якія спадзяваліся за кошт ваеннай здабычы і рыцарскіх заслугаў паправіць сваё становішча. Як зазначыў аўтар Баркулабаўскага летапісу, гэта быў «люд гуляшнй, люд свовольный». Але найболей у лагеры самазванага царэвіча сабралася самой «масквы». У пачатку 1608 г. Дзмітры II кантраляваў ужо палову Маскоўскага царства і быў ледзь спынены арміяй Шуйскага перад самай сталіцай, у вёсцы Тушын, таму атрымаў мянушку “тушынскі злодзей”.

Маскоўскі цар папрасіў дапамогі ў Швецыі і ў сакавіку 1609 г. у Выбаргу заключыў з Карлам IX ваенны саюз, скіраваны супраць Рэчы Паспалітай. Шведскія палкі Дэлагардзі і Горна далучыліся да арміі Міхаіла Скопіна-Шуйскага. У тэксце дамовы цар Васіль Шуйскі тытулаваў сябе «князем Полацкім», што сведчыла пра планы адваявання зямель, замацаваных у складзе ВКЛ артыкуламі Ям-Запольскага міру 1582 г. Апраўдваючыся небяспекай маскоўска-шведскага альянсу, але больш кіруючыся асабістымі амбіцыямі, Жыгімонт Ваза, абвясціўшы, што «яго продак Ягайла быў сынам княжны рускай» і тым самым мае правы на маскоўскі прастол, пачаў адкрытыя ваенныя дзеянні супраць Маскоўскай дзяржавы. Адным з галоўных ініцыятараў ваеннага паходу быў канцлер ВКЛ Леў Сапега. У 1610 г. войска Рэчы Паспалітай захапіла Смаленск і рушыла на Маскву. Маскоўскае баярства звергла Шуйскага і ўпусціла шляхецкае войска пад кіраўніцтвам гетмана Станіслава Жалкеўскага ў сталіцу. Тут баяры абралі у 1610 г. царом сына Жыгімонта Вазы – Уладзіслава IV. Аднак Жыгімонт Ваза, апасаючыся за жыццё сына, не пусціў яго ў Маскву.

Грабяжы шляхецкіх, казацкіх атрадаў і шведскіх войскаў выклікалі абурэнне насельніцтва. Праваслаўная царква звярнулася з заклікамі да фарміравання народных апалчэнняў. Да сталіцы ў 1612 г. прыйшло апалчэнне на чале з ніжагародскім старастам Кузьмой Мініным і князем Дзмітрыем Пажарскім. Заціснуты ў Крамлі польскі гарнізон пасля доўгай абароны капітуляваў. Маскоўскія баяры на Земскім саборы 1613 г. абралі царом Міхаіла Раманава і актывізавалі ваенныя дзеянні, пераймаючы ініцыятыву. Так у 1613 – 14 г. землі Беларусі беспакарана ваявалі палкі новага маскоўскага цара Міхаіла Раманава і шматтысячныя банды казакоў.

Каб хутчэй і хоць з якой перамогай скончыць авантуру, у 1617 г. у апошні паход на Маскву павёў войска каралевіч Уладыслаў і вялікі гетман Ян Хадкевіч, да якіх далучыліся і ўкраінскія казакі гетмана Пятра Сагайдачнага. Спробы зноў заняць сталіцу не мелі поспеху, затое падштурхнулі маскоўскі ўрад да перамоў. У 1618 г. у Дэўліне (недалёка ад Сергіева Пасада) была падпісана мірная дамова на 14,5 гадоў, паводле якой у склад Вялікага Княства Літоўскага акрамя Смаленска ўвайшлі Мажайск, Дарагабуж і Вязьма, а да Кароны адышлі землі Чарнігаўская і Северская. Каралевіч Уладыслаў заставаўся з тытулам маскоўскага цара.

Яшчэ да завяршэння Дзмітрыяды праз рабаўнічыя напады казакоў на турэцкія ўладанні дайшло да трэцяй вайны – адкрытага канфлікту з Асманскай імперыяй. У 1620 г. туркі разграмілі пад Цэцурай сілы кароннага гетмана Станіслава Жулкеўскага і ўварваліся на тэрыторыю Ўкраіны. На наступны год султан Асман II абяцаў спустошыць усю Рэч Паспалітую. Толькі гераізм абаронцаў лагера пад Хацінам на Днястры, дзе злучанымі сіламі да апошняй хвіліны жыцця кіраваў 60-гадовы гетман Ян Кароль Хадкевіч, скаваў велізарную турэцкую армію і дазволіў у кастрычніку 1621 г. заключыць з Портай мір. Падпісаны трактат пакінуў нязменнай ранейшую мяжу па Днястры і вывеў Рэч Паспалітую з небяспечнай вайны.

У 1632 г., пасля абрання каралём Рэчы Паспалітай Уладзіслава IV, маскоўскі цар Міхаіл Раманаў паспрабаваў вярнуць Смаленск. Вайна завяршылася 27 мая 1634 г. падпісаннем міра ў Белай што на рацэ Палянаўка (паміж Дарагабужам і Вязьмай). Палянаўскі мір пацвердзіў асноўныя ўмовы Дэвулінскага пагаднення. Разлічваючы на саюз Масквы ў вайне са Швецыяй, Уладыслаў IV адмовіўся ад царскага тытула Па яго ўмовах, Уладзіслаў IV за выкуп адмаўляўся ад сваіх правоў на маскоўскі прастол і тытул, а маскоўскі цар атрымаў права ўключаць у тытул дадатак – «усяе Русі» (без прэтэнзій на землі «Малой Русі»)


Дата добавления: 2015-11-30; просмотров: 66 | Нарушение авторских прав



mybiblioteka.su - 2015-2024 год. (0.016 сек.)