Студопедия
Случайная страница | ТОМ-1 | ТОМ-2 | ТОМ-3
АрхитектураБиологияГеографияДругоеИностранные языки
ИнформатикаИсторияКультураЛитератураМатематика
МедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогика
ПолитикаПравоПрограммированиеПсихологияРелигия
СоциологияСпортСтроительствоФизикаФилософия
ФинансыХимияЭкологияЭкономикаЭлектроника

Спакон вякоў самай распаўсюджанай формай інфармацыі з’яўляецца вербальная (слоўная) форма ў выглядзе вуснага ці пісьмовага маўлення. Працэсы перадачы інфармацыі сродкамі мовы атрымалі назву



 

УВОДЗІНЫ

Спакон вякоў самай распаўсюджанай формай інфармацыі з’яўляецца вербальная (слоўная) форма ў выглядзе вуснага ці пісьмовага маўлення. Працэсы перадачы інфармацыі сродкамі мовы атрымалі назву камунікацыі, а сукупнасць усіх сродкаў, прызначаных для ажыццяўлення гэтых мэт называецца сродкамі або сістэмамі камунікацыі. Умоўна можна падзяліць усе сістэмы (сродкі) камунікацыі на дзве групы: сістэма масавай камунікацыі – радыё, тэлебачанне, друк і інш. і сістэма камунікацыі паміж асобамі (індывідамі) – тэлефон, тэлеграф, перапіска, гутаркі, экзамены і інш. Працэс інфармацыі і моўныя зносіны людзей адбываецца праз асноўная віды маўленчай дзейнасці – гаварэнне, слуханне, чытанне, пісьмо. Тэхнічныя сродкі абмену інфармацыяй з’яўляюцца дапаможнымі да асноўных, бо служыць толькі дзеля павелічэння і пашырэння зоны дзеяння вербальных форм інфармацыі.
Сучасная беларуская мова – адна з асноўных форм існавання беларускай нацыянальнай культуры. Яна выкарыстоўваецца ва ўсіх сферах вусных і пісьмовых зносін, таму выступае як вуснае маўленне і пісьмова-кніжнае маўленне. Адрозніваюць гэтыя формы на ўсіх узроўнях – фанетычным, марфалагічным, сінтаксічным, фразеалагічным, лексічным і стылістычным. Культура мовы (маўленне) – гэта найперш валоданне нормамі вуснай і пісьмовай форм літаратурнй мовы, а таксама ўменне выкарыстоўваць разнастайныя сродкі ў адпаведнасці з мэтамі і зместам маўлення. Увогуле, тэрміны “мова” і “маўленне” часцей за ўсё падаюцца ў нашым мовазнаўстве як тоесныя. Аднак паміж мовай і маўленнем ёсць пэўныя адрозненні: мова – сістэма знакаў, якія абазначаюць рэчаіснасць; маўленне – спосаб перадачы думкі праз мову. Мова – з’ява калектыўная, а маўленне можа быць індывідуальным, унутранным, знешнім і інш. Абагульняючы, маўленне – гэта валоданне моваю, працэс моўных зносін паміж людзьмі, перадача думкі на адлегласць і інш.
Як ужо адзначалася вышэй, працэсам і вынікам маўленчай дзейнасці людзей з’яўляюцца выказванні і тэксты, у якіх фіксуюцца спосабы афармлення думкі; яе прадметна-сэнсавая, структурна-моўная і камунікатыўная цэласнасць. Часцей за ўсё рабоце над самастойным канструляваннем выказванняў папярэднічае аналіз спосабаў фарміравання і фармулявання чужых думак, зафіксаваных у разнастайных тэкстах, якія, як правіла, адлюстроўваюць вусную і пісьмовую формы маўлення, гутарковыя і кніжныя стылі, дыялогі і маналогі як формы моўных зносін. Увогуле ж задача камунікацыі заключаецца ў тым, каб у свядомасці слухача (чытача) узнікла такая ж інфармацыя, якую перадае той, хто гаворыць (піша). Практычна выходзіць так, што паміж інфармацыяй перададзенай (выражанай) і інфармацыяй, якая ўзнікла ў свядомасці слухача ці чытача, усталёўваецца большае ці меншае падабенства. І чым яно большае, тым лепш ажыццяўляюцца камунікатыўныя задачы, тым большыя дасягненні нават пры элементарным камунікатыўным акце: аўтар (адрасант) – тэкст – адрасат. Пры адсутнасці любога з названных кампанентаў элементарнага акта камунікацыі не адбудзецца. У паляпшэнні камунікатыўнай функцыі мовы актыўную ролю выконваюць камунікатыўныя якасці маўлення – правільнасць, дакладнасць, лагічнасць, чысціня, дарэчнасць, выразнасць і багацце (разнастайнасць).




АСНОЎНАЯ ЧАСТКА

1. ПРАВІЛЬНАСЦЬ МАЎЛЕННЯ

Маўленне лічыцца правільным, калі ў ім адсутнічаюць парушэнні агульнапрынятых, агульнаабавязковых літаратурных норм і само яно як звязная мова адпавядае ўсім законам сучаснай беларускай мовы.
Беларуская мова адрозніваецца, напрыклад, ад дыялектычнай мовы, прастамоўя ўзаконенымі нормамі. Сучаснай беларускай літаратурнай мове ўласцівы арфаэпічныя і акцэнталагічныя, арфаграфічныя і пунктуацыйныя, лексічныя, словаўтваральныя, марфалагічныя, сінтаксічныя, фразеалагічныя і стылістычныя нормы.
Арфаэпічныя нормы – гэта правілы вымаўлення галосных і зычных гукаў, правілы вамаўленняў гукавых спалучэнняў, правілы інтанацыі. Паводле норм сучаснай беларускай арфаэпіі, вельмі выразна вымаўляюцца галосныя пад націскам, а зычныя – перад галоснымі і санорнымі, г. зн. калі яны знаходзяцца ў моцнай пазіцыі і на іх мала ўздзейнічаюць суседнія гукі як унутры слоў, так і на іхняй мяжы. У іншых выпадках не мяняюць сваёй якасці і з’яўляюцца гукамі поўнага ўтварэння толькі ы, й, р. Усе астатнія відазмяняюцца ў большай ці меншай меры або зусім пераходзяць у іншыя гукі. Напрыклад, у спрадвечна беларускіх словах о, э не пад націскам заўсёды пераходзяць у а, у пасля галосных пераходзіць у ў, пры змякчэнні д і т відазмяняюцца ў дз і ц і інш. Як і на стыку прыстаўкі з коранем у межах слова, так і на стыку слоў і словазлучэнняў у межах сказа і можа пераходзіць у ы.
Вымаўленне некаторых зычных і іх спалучэнняў надзвычай цесна звязана з фізіялогіяй гукаў беларускай мовы, з работай органаў маўлення беларусаў. Так, шыпячыя ж, ш, дж, ч, губна-губны ў і вібрант р практычна не могуць вымаўляцца мякка, й – цвёрда, а дж, дз, і дзь – як два гукі. У беларусаў г фрыкатыўны, або шчылінны; выбуховым ён бывае толькі у запазычаных словах тыпу гуз, гузік, ганак і вытворных ад іх, а таксама як вынік асіміляцыі ў словах вакзал, пакгаўз або на стыку слоў накшталт юнак быў працаўнік добры і інш. Губна-губныя б, п, м, ў губна-губныя в, ф не могуць быць мяккімі ў канцы слоў ці перад іншымі мяккімі зычнымі; яны ж, як і д, т, г, к, х, й, р, не могуць быць падоўжанымі. Асімілятыўная мяккасць адбываецца перад любымі мяккімі, акрамя гі, кі, хі і г. д. Зычныя зь, сь, нь, ль, дзь, ць, ж, ш, ч у становішчы паміж галоснымі на месцы былых усходнеславянскіх спалучэнняў “мяккі зычны -ь+й” вымаўляюцца як падоўжаныя. А вось л, н перад мяккімі дзь, ць, нь, й вымаўляюцца толькі як мяккія, але перад іншымі мяккімі зычнымі могуць вымаўляцца і мягка і цвёрда.
З XI да XVI ст. беларуская мова набыла такія спецыфічныя рысы ў фанетыцы і арфаэпіі, як поўнагалоссе, прыстаўныя і ўстаўныя галосныя, чаргаванне галосных і зычных, асіміляцыя і дысіміляцыя зычных, выпадзенне і сцвярджэнне зычных.
Вымаўленне заўжды суправаджаецца пэўнай інтанацыяй. Інтанацыйныя нормы сучаснай беларускай мовы фактычна растварыліся ў акцэнталагічных, пунктуацыйных і сінтаксічных. З дапамогай інтанацыі ўстанаўліваюцца сэнсава-граматычныя разнавіднасці сувязі паміж асобнымі часткамі выказванняў, падзяляюцца сказы на апавядальныя, пытальныя, пабуджальныя і клічныя, вызначаюцца ўзаемаадносіны паміж членамі сказа і іх сінтаксічныя функцыі, акрэсліваецца эмацыянальнасць і экспрэсіўнасць выказвання і інш.
Акцэнталагічныя, або акцэнтуацыйныя нормы – гэта сістэма націску ў сучаснай беларускай мове. Пры яго дапамозе адрозніваюць розныя словы і словаформы ў межах адной часціны мовы і розных часцін мовы. Асобнае месца адводзіцца лагічнаму націску як інтанацыйнаму выдзяленню важнага ў сэнсавых адносінах слова з мэтай сканцэнтраваць на ім увагу.
Арфаграфічныя нормы – гэта правілы перадачы гукаў і іх спалучэнняў, увогуле вуснай мовы на пісьме, пры дапамозе сродкаў пісьмовага маўлення. Мы павінны засвоіць такія правілы, як правапіс галосных, зычных, мяккага знака і апострафа, правілы злітнага і паўзлітнага напісання, правілы пераносу слоў, ужыванне вялікай літары і ўмоўных скарачэнняў.
Пунктуацыйныя нормы патрабуюць правільнай пастаноўкі знакаў прыпынку ў пісьмовым тыксце. Дзесяць знакаў прыпынку, а таксама спалучэнне некаторых з іх даюць магчымасць расчляніць пісьмовае маўленне на сэнсава граматычныя адрэзкі дзеля правільнага ўспрымання асобнага выказвання ці суцэльнага тэксту.
Лексічныя нормы замацаваны ў тлумачальных слоўніках, а таксама падручніках і дапаможніках па беларускай мове. Слова павінна быць агульнавядомым, агульназразумелым і ўжывацца з пэўным значэннем. Нарматыўнае слова павінна адпавядаць унутранным законам беларускай мовы, яе сістэмы і структуры. Лексічныя нормы хутчэй за іншыя архаізуюцца з цягам часу, адлюстроўваючы рухомасць жывой, гутарковай мовы розных сфер і пластоў нашага грамадства. Аднак лексічныя нормы беларускай мовы – гэта адлюстраванне гістарычных заканамернасцей развіцця нашай нацыянальнай мовы, якія замацаваліся ў лепшых узорах літаратуры і якія пастаянна выкарыстоўваюцца адукаванай часткай нашага грамадства.
Словаўтваральныя нормы патрабуюць правільнага падзелу слоў на значымыя чаткі (карані і афіксы), а таксама веданне спосабаў і законай беларускай мовы, паводле якіх утвараюцца новыя словы. Асноўныя аб’екты словаўтварэння – гэта словаўтваральныя прыстаўкі і суфіксы, інтэрфіксы і постфіксы, словаўтваральныя асновы і спосабы словаўтварэння.
Марфалагічныя нормы – гэта правілы формаўтварэння і словазмянення ў галіне самастойных часцін мовы. Яны цесна звязаны з сінтаксічнымі нормамі – правіламі пабудовы словазлучэнняў і сказаў. Таму большасць даследчыкаў беларускай мовы разглядаюць марфалагічныя і сінтаксічныя нормы ў сукупнасці і называюць іх граматычнымі, бо вызначаюць ужыванне словаформ і словаспалучэнняў у словазлучэннях і сказах. У звязнай мове кожная граматычная форма спалучаецца з іншымі словаформамі ці асобнымі словамі паводле правіл сінтаксічнай сувязі ў словазлучэннях і сказах праз канчаткі, прыназоўнікі і злучнікі, парадак слоў у цеснай сувязі з інтанацыяй.
Важнай адзнакай правільнасці маўлення з’яўляецца захаванне агульнапрынятай лексічнай і сінтаксічнай спалучальнасці слоў, г.зн. уласцівасць іх утвараць устойлівыя і свабодныя словазлучэнні або складаныя і састаўныя назвы пэўных паняццеў. Вялікая ўвага ўдзяляецца ўзаемадзеянню двух ці больш словазлучэнняў, у выніку чаго нараджаецца новае.
Фразеалагічныя нормы патрабуюць аднатыпнага і раўнацэннага ўжывання фразеалагізмаў, прынятага ў дадзены перыяд моўным калектывам і ўсвядомленага ім як правільнае і ўзорнае. Гэта правільнасць выбару фразеалагічнай адзінкі, аптымальнасць выбару фразеалагічнай адзінкі, аптымальнасць яе прымянення з захаваннем спецыфічных уласцівасцей: своеасаблівай арфаграфіі, пунктуацыі, акцэнтуацыі, спалучальнасці кампанентаў і г.д.
Стылістычныя нормы рэгулююць ужыванне моўных сродкаў з функцыянальна-стылістычнай і эмацыянальна-экспрэсіўнай афарбоўкай, а таксама нейтральных сродкаў у адпаведнасці са зместам і мэтай выказвання, умовамі маўленчых зносін і г.д. Валодаці стылістычнымі нормамі – г.зн. умець правільна ствараць той ці іншы тэкст, прытрымліваючыся пэўных заканамернасцей адбору і арганізацыі маўленчых сродкаў у функцыянальных стылях, а таксама адзінства дадзенага функцыянальнага стылю.


2. ДАКЛАДНАСЦЬ МАЎЛЕННЯ

Дакладнасць маўлення – гэта адэкватнасць думкі рэчаіснаму прадмету ці яго паняційнаму ўзнаўленню. Мастацкае маўленне своеасаблівае, бо ў ім прадметная і паняційная дакладнасць грунтуецца на вобразнай дакладнасці, якая часцей за ўсё будуецца на рэчыўным, словаўтваральным і эстэтычным значэннях слова. Карацей кажучы, прамое і пераноснае значэнні слоў, уласцівасць слова быць мнагазначным і спалучацца з разнастайнымі іншымі словамі ці іх значэннямі патрабуюць пільнай увагі, каб знайсці і выбраць з мноства адзіна патрэбнае.
Даўно даказана, што лінгвістычнымі ўмовамі забеспячэння дакладнасці маўлення з’яўляюцца тры фактары:
1) веданне сінанімічных магчымасцей мовы; умелы выбар з сінанімічнага рада неабходнай моўнай адзінкі забяспечвае дакладнасць маўлення;
2) веданне шматзначнасці слова, словазлучэння, сказа; умелае размежаванне полісеміі забяспечвае дакладнасць маўлення;
3) веданне аманіміі і параніміі; уменне размяжоўваць амонімы, а таксама паронімы забяспечвае дакладнасць як вуснага, так і пісьмовага маўлення.
Сінонімы выкарыстоўваюцца ва ўсіх стылях сучаснай беларускай літаратурнай мовы, а некаторыя ў навуковым і афіцыйным маўленні сталі нават своеасаблівымі моўнымі штампамі і трафарэтамі. Своеасаблівымі сінонімамі з’яўляюцца эўфеізмы – культурныя словы і выразы, якія ужываюцца замест грубаватых.
Са шматзначнасцю і аманіміяй слоў патрэбна абыходзіцца вельмі далікатна і асцярожна. І па сёнешні дзень можна сустрэць шмат у якіх газетах такія мнагазначныя і аманімічныя загалоўкі (дакладней, двухсэнсавыя), заснаваныя на недаглядах як аўтараў, так і рэдактараў. І шматзначнасць, і аманімія трэба адрозніваць ад параніміі і паранамазіі. Паранімія – гэта ўласцівасць беларускіх слоў быць блізкімі па будове і гучанню, але рознымі і далёкімі па значэнні, г.зн. паронімамі. Паранамазія – гэта свядомае, стылістычнае збліжэнне сэнсава і структурна розных слоў, што маюць знешняе гукавое падабенства.
У вусным маўленні з’явы аманіміі, параніміі, паранамазіі выкарыстоўваецца часцей за ўсё ў сатырычна-каламбурным плане. Аднак бываюць нярэдкія выпадкі блытання значэнняў слоў-амонімаў і слоў-паронімаў, асабліва ў штодзённых гутарках і, галоўным чынам, людзьмі, што не клапоцяцца пра культуру свайго маўлення.

 

3. ЛАГІЧНАСЦЬ МАЎЛЕННЯ

Маўленне лагічнае, калі сэнсавыя сувязі паміж яго асноўнымі элементамі (словамі, словазлучэннямі, сказамі) адпавядаюць законам логікі, законам мыслення беларусаў. Нават недакладна выкарыстанае слова робіць маўленне нелагічным.
Вядома, што асобнае слова – гэта не звязнае выказванне, як і лексіка-семантычная сістэма – гэта не маўленне. Аднак, як гаворыць народная мудрасць, блізкія людзі могуць зразумець адзін аднаго нават з паўслова.
Нашы словы – гыта перададзеныя з пакалення ў пакаленне агульныя назвы, сімвалы прадметаў і іх прымет, дзеянняў і працэсаў, прыметы прыметаў, дзеянняў і інш. Гэта своеасаблівыя “адбіткі”, “сляды” рэчаіснасці або вынікі разумовай дзейнасці чалавека. Калі гэтыя назвы вымавіць ці ўключыць у працэс “гаварэння – слухання”, то яны ажываюць і выклікаюць у субяседніка разнастайныя (найперш патрэбныя, мэтанакіраваныя) уяўленні, адчуванні, пачуцці.
Лагічнасць маўлення грунтуецца пераважна на сінтаксічным узроўні, г.зн. пры пабудове выказванняў і тэкстаў на аснове ўзаемадзеяння слова як выказніка і ўтрымальніка паняцця з іншымі словамі, што дапамагаюць сцвярджаць ці адмаўляць ісціну, заключаную ў думцы.
Да лінгвістычных сродкаў, што забяспечваюць лагічнасць маўлення, адносяцца, акрамя дакладнага словаўжывання, яшчэ і правільны парадак слоў, правільны выбар патрэбнай сінтаксічнай канструкцыі, а таксама правільны выбар сродкаў і лагічнай, і сінтаксічнай сувязі паміж часткамі выказвання (тэксту). Таксама ў тэкстах адводзіцца вялікая роля абзацам і параграфам.
Парушэнні, выкліканыя незахаваннем носьбітамі беларускай мовы адзначаных асаблівасцей лагічнасці маўлення, сустракаюцца вельмі часта як у вусных выказваннях, так і ў пісьмовых. Напрыклад: несумяшчальныя, несуадносныя паняцці аб’ядноўваюцца ў аднародны рад; нелагічная сувязь займеннікаў з папярэднімі назоўнікамі ці займеннікамі і інш. Вельмі часта парушаюць лагічнасць маўлення плеаназмы і таўталогія як разнавіднасці збыткоўнай інфармацыі.
Гаворачы пра лагічнасць маўлення, патрэбна сказаць пра адзінства прадметнай і паняційнай лагічнасці, якое заключаецца ў адпаведнасці адносін моўных адзінак у маўленні і сэнсавых сувязей паміж імі, адносінам і сувязям прадметаў і з’яў рэчаіснасці з адлюстраваннем у маўленні структуры лагічнай думкі і яе лагічнага развіцця. Неадпаведнасць прадметнай і паняційнай лагічнасці прыводзіць да рознага роду лагічных памылак.
Ствараючы найпрасцейшыя выказванні на аснове вуснай і пісьмовай мовы, шматлікія носьбіты сучаснай беларускай мовы дапускаюць наступныя лагічныя памылкі:
1) прапускаюць істотныя факты ці дэталі, якія цягнуць за сабой парушэнні звязнасці выказвання (тэксту);
2) робяць неабгрунтаваныя, бяздоказныя высновы, якія супярэчаць сказанаму раней;
3) ужываюць адзін і тойжа тэрмін у розных значэннях нават у адным змесце;
4) могуць зрабіць выказванне тыпу “Асіміляцыя – гэта прыпадабненне” (так званае “лагічнае кола”);
Сучасная стылічтыка беларускай літаратурнай мовы дазваляе праяўляцца лагічнасці маўлення ў кожным стыле своеасабліва.


4. ЧЫСЦІНЯ МАЎЛЕННЯ

Чыстае маўленне тады, калі ў ім адсутнічаюць беспадстаўна ўжытыя моўныя адзінкі, неўласцівыя беларускай літаратурнай мове. Чысціня маўлення дасягаецца адзінствам формы і зместу, правільным падборам і арганізацыяй моўных сродкаў у строгай адпаведнасці са стылем і задачамі выказвання (тэксту), з дакладнасцю перадачы патрэбнай інфармацыі і яе эмацыянальным ці рацыянальным уздзеяннем. Кожны стыль сучаснай беларускай мовы мае свае спецыфічныя асаблівасці (нормы) у сістэме адбору і выкарыстання агульнапрынятых сродкаў камунікацыі, інфармацыі, намінацыі і г.д. Таму словаўжыванне найперш залежыць ад выпрацаваных навукай і практыкай стылістычных патрабаванняў.
Самым балючым пытаннем сучаснай беларускай літаратурнай мовы, яе слова- і фразеаўжывання з’яўляецца пытанне пра архаізмы, дыялектызмы і русізмы. Дыялектызмы, як і жарганізмы з вульгарызмамі, увогуле супрацьпастаўлены ўнармаванай літаратурнай мове. І русізмаў, якія патокам хлынулі ў сучасную беларускую мову паслякастрычніцкага перыяду, зараз дыферэнцыйны падыход, нават у такой галіне, як навуковая тэрміналогія.
Жаргонная лексіка і фразеалогія бытуе ў пэўных сацыяльных ці дэкласаваных групоўках. Так званы “маладзёжны слэнг” развіваецца побач з літаратурнымі нормамі як свайго роду маўленчая канфрантацыя, калі можна так назваць гэту тэндэнцыю ў адносінах да літаратурнай мовы. Сённяшняе вуснае маўленне некаторых маладых людзей – гэта кангламерат або увогуле рознастылёвая “трасянка”.
Існуюць такія моўныя адзінкі, як моўныя штампы і трафарэты, або канцылярызмы. Гэта такія словы і выразы, якія падобна да фразеалагічных сродкаў мовы ўключаюцца ў маўленне як адноўленныя ў памяці, гатовыя да прымянення, але ў адрозненні ад іх не з’яўляюцца ўстойлівымі, адшліфаванымі папярэднімі пакаленнямі.
Культура сучаснай беларускай мовы не дазваляе ўжываць канцылярызмы без матывацыі ва ўсіх стылях беларускай літаратурнай мовы апрача афіцыйна-справавога, дзе яны рэгламентуюцца стылістычнай нормай.


5. ДАРЭЧНАСЦЬ МАЎЛЕННЯ

Дарэчнасць (рус. уместность) – адно з цэнтральных паняццяў і культуры маўлення як практычнай дысцыпліны, і стылістыкі беларускай мовы як тэарытычнага курса. Маўленне лічыцца дарэчным, калі выкарыстаныя ў ім моўныя сродкі адпавядаюць стылю, жанру, часу, месцу, мэтам і ўмовам камунікацыі ці інфармацыі.
Улічваючы тое, што моўныя стылі – гэта грамадска ўсвядомленыя, функцыянальна абумоўленыя і ўнутрана аб’яднаныя разнавіднасці мовы ці маўлення, якія склаліся гістарычна і залежыць ад характару і зместу выказвання, а таксама спосабы і прыёмы выкарыстання мовы як сродку зносін, неабходна адрозніваць сферы грамадскага жыцця, дзе складваюцца ўсе стылі літаратурнай мовы. Так у сферы афіцыйных і справавых зносін сфарміраваўся і бытуе афіцыйна-справавы стыль – стыль дзяржаўных дакумуентаў, указаў, законаў, кодэксаў, актаў, даверанасцей, пратаколаў і г.д., у публіцыстычнай сферы, або ў сферы грамадска-палітычных зносін – публіцыстычны стыль, а ў сферы навуковых зносін – навуковы стыль. На сучасным этапе развіцця стыляў даследчыкі вылучаюць яшчэ і падстылі: заканадаўчы, канцылярскі, папулярны, паэтычны, празаічны, драматургічны і інш. Аднак найчасцей моўныя сродкі, што абслугоўваюць стылі і падстылі, аб’ядноўваюць у два пласты: вусна-гутарковыя, ці сродкі вусных стыляў маўлення, і кніжна-пісьмовыя, ці сродкі пісьмовых стыляў маўлення.
Ужо адзначалася, што кожны стыль сучаснай беларускай мовы мае свае спецыфічныя нормы, і таму прыдатнае і патрэбнае ў адным стылі можа не падыходзіць да другога ці будзе зусім недарэчнае ў ім. Значыць, трымацца адзінства стылю – асноўнае патрабаванне як стылістыкі, так і культуры маўлення.

 

6. ВЫРАЗНАСЦЬ МАЎЛЕННЯ

Добрае, зразумелае і яскравае маўленне забяспечваецца не толькі правільнасцю, дакладнасцю, лагічнасцю і дарэчнасцю, але і выразнасцю, якая дасягаецца за кошт пазіцыі слова ў кантэксце, уплыву кантэксту на ўспрыняцце слухача ці чытача, месца слова ў арганізацыі інфармацыі (вуснай ці пісьмовай), яго трапнасці.
Выразнасць маўлення – гэта яго экспрэсія, вобразнасць, звязаная з выкарыстаннем эпітэтаў, метафар, параўнанняў, паралелізму і г.д.
Значную выразнасць прыдаюць разнастайным выказванням (тэкстам) такія гатовыя афарыстычныя сродкі, як прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы, перыфразы і інш. Правільнае і дакладнае ўжыванне іх ажыўляе маўленне, ліквідуе сухасць выкладу, аднастайнасць, абыякавасць, халоднасць, раўнадушша, увогуле ўсялякую невыразнасць маўлення. Той хто карыстаецца мовай у выніку маўленчай дзейнасці, павінен памятаць, што любая думка будзе перададзена ў вусна-гутарковым ці кніжна-пісьмовым выглядзе – патрабуе стопрацэнтнай адэкватнасці, або так званай “слоўнай нагляднасці”. Інакш жаданне паразуменне ператворыцца ў непаразуменне.
Абедзве формы нашага маўлення маюць і сваю спецыфіку: вусная – гэта спантанная, жывая, гукавая, разнастайная паводле інтанацыі, жэстаў, мімікі і інш., пісьмовая – прадуманая, скампанаваная, адшліфаваная з усіх бакоў, насычаная кніжнай вобразнасцю, заснаваная на лексіка-сінтаксічных магчымасцях, на здабытках мовы мастацкай літаратуры, на лепшых узорах усіх стыляў пісьмова-кніжнага маўлення. Можна спаслацца на такую вучэбную дысцыпліну, як выразнае чытанне, што вучыць умела карыстацца асаблівасцямі як вуснай, так і пісьмовай разнавіднасці беларускай літаратурнай мовы.
Выразнасць маўлення ствараецца найперш самім выказваннем, тэкстам ці нават падтэкстам. У пісьмовым маўленні пэўную ролю адыгрываюць напісанні з вялікай ці малой літары (напрыклад, у байцы К. Крапівы “Дыпламаваны Баран”), выдзяленне шрыфтам, кампаноўка тэксту, структура абзацаў і інш.
У многіх выпадках дапамагаюць у дасягненні выразнасці маўлення непасрэдныя звароты да слухача ці чытача з рознымі рытарычнымі ці пытальна-рытарычнымі канструкцыямі, воклічамі-заклікамі ды самаперабівамі-недагаворкамі. Шырока выкарыстоўваецца і пытальна-адказавая форма, якая дае пэўны эфект і ў літаратурна-мастацкім маўленні. Літаратурна-мастацкаму маўленню прыдаюць спецыфічнасць нават знарочыста прыдуманыя пісьменнікамі двухсэнсоўкі або асацыятыўная мнагазначнасць слоў, словазлучэнняў, сказаў.
Як і дарэчнасць маўлення, выразнасць у кожным стылі мае сваю спецыфіку і мэтазгоднасць выкарыстання вобразна-выяўленчых сродкаў. Напрыклад афіцыйна-справавы стыль не патрабуе ніякай экспрэсіі, можа поўнасцю абыходзіцца без прыказак і прымавак, у той час як гутарковы і мастацкі стылі аніяк не могуць абысціся без эмацыянальнасці ды экспрэсіўнасці. І маўленне вучонага, і маўленне адваката, і маўленне настаўніка павінны мець сваю так званую функцыянальна-стылістычную афарбоўку, якая ў залежнасці ад маўленчай сітуацыі апіраецца на патрэбную (пэўную) дозу эмацыянальнасці і экспрэсіўнасці.
Выразнасць маўлення павінна кантралявацца самім стваральнікам маўлення заўсёды і на ўсіх узроўнях, асабліва на лексічным, фразеалагічным, сінтаксічным і стылістычным.
Павышэнне выразнасці і займальнасці маўлення садзейнічаюць спецыяльныя лексікаграфічныя працы, г.зн. слоўнікі эпітэтаў, метафар, параўнанняў і інш.


7. БАГАЦЦЕ МАЎЛЕННЯ

Багацце маўлення – гэта яго аптымальная насычанасць рознымі сродкамі нацыянальнай мовы, прытым без нематываванага іх паўтарэння як пры гаварэнні, так і пры пісьме.
Але трэба адрозніваць багацце мовы і багацце маўлення. Багацце мовы – гэта лексіка-фразеалагічны фонд, семантыка-стылістычныя і сінтаксічныя рэсурсы. Багацце (разнастайнасць) маўлення – камунікатыўная якасць, якая вызначаецца ўменнем носьбітаў мовы карыстацца яе скарбамі ў розных сферах зносін.
Пра колькаснае багацце сродкаў той ці іншай мовы цяжка разважаць, але пра якаснае выкарыстанне яе, гаварыць можна. Напрыклад, пра багацце лексікі і фразеалогіі беларускай мовы сведчаць калі не слоўнік, то ўсе пісьмовыя крыніцы, г.зн. усё тое, што напісана на нашай мове, пачынаючы з самай глыбокай старажытнасці і канчаючы сённяшнім часам. Вядома, магчымасці жывой народна-дыялектнай і вусна-гутарковай разнавіднаці нашай літаратурнай мовы яшчэ большыя, так што нельга ўсё гэта багацце ні зафіксаваць, ні падлічыць.
Багацце і беднасць маўлення асобных індывідаў залежыць ад іх адукацыі, жыццёвага вопыту, умення гаварыць і пісаць, іх адносін да мовы як сродку зносін і інш. Вызначаецца багацце маўлення, як правіла, на аснове ўліку частаты ўжывання тым ці іншым індывідам слоў, словазлучэнняў, сказаў. Асабліва часта, нематываваныя паўторы тых самых моўных адзінак, аднастайнасць выкладу (выражэння думкі) сведчыць пра беднае вуснае ці пісьмовае маўленне аўтара як стваральніка выказвання ці тэксту. Праўда, тут трэба ўлічваць і нормы функцыянальных стыляў літаратурнай мовы, як напрыклад, у афіцыўна-справавым і навуковым стылях часцей дапускаюцца паўторы, чым іх сінанімічныя замены.
Багацце маўлення – гэта не толькі развіццё сінанімікі і варыянтнасці літаратурнай мовы, але і ўменне карыстацца ўсім скарбам нацыянальнай мовы, найперш, апрабаванымі ўжо сінонімамі і варыянтамі.
Багаццю і разнавіднасці маўлення садзейнічае ўзаемадзеянне функцыянальных стыляў сучаснай беларускай літаратурнай мовы, а таксама знарочыста-матываванага змяшэння элементаў разнастайных стыляў. Таму паступова пацвярджаецца моўнай практыкай існаванне штодзённа-бытавога і афіцыйнага гутарковага маўлення, заканадаўчага, адміністрацыйна-канцылярскага і дыпламатычнага падстыляў у афіцыйна-справавым стылі, уласна навуковага, навукова-папулярнага і навучальнага падстыляў у навуковым стылі і г.д. У сучасным расійскім мовазнаўстве актыўна вядзецца гаворка пра такія стылі, як навукова-справавы, вытворча-тэхнічны, канфісіянальны, а таксама разнастайныя жанрава-сітуацыйныя стылі, якія збліжаюцца з індывідуальнымі, але маюць надіндывідуальны характар.
Багацце маўлення непарыўна звязана з формай і зместам, якія ў сваю чаргу залежаць і ад фунуцыянальных стыляў, і ад моўна-выяўленчых сродкаў. Ды і астатнія камунікатыўныя якасці маўлення уласцівыя кожнаму выказванню (тэксту), але ўсе яны знаходзяцца ў прапарцыянальнай залежнасці ад стылістычных, лексічных, фразеалагічных і граматычных норм. Вольнае адыходжанне ці нават ігнараванне агульнапрынятых норм, прыводзіць як да пэўных маўленчых памылак, так і да разнастайных ляпсусаў, кур’ёзаў і недарэчнасцей.
Беднасць маўлення нельга ліквідаваць частым ужываннем разнастайнай лексікі, фразеалогіі, марфемікі, рытма-мелодыкі. Акрамя дарэчнасці, павінна дзейнічаць і мера ўжывання ўсіх сродкаў, якая вызначаецца інтэлектам, чуццём і пачуццём мовы, стаўленнем аўтара да агульнанароднага, элітарнага, стылістычна абмежаванага і рэгіянальнага. Колькасць словаўжывання не заўсёды з’яўляецца паказчыкам багацця і разнастайнасці маўлення.

ВЫВАД

Прырода стварыла людзей такімі, што ім недастаткова ўтрымліваць “голую” інфармацыю: яна, як і сам чалавек, павінна быць аздобленая, г.зн. прыгожая. Недарэмна яшчэ ў свій час А.П. Чэхаў выказаўся, што ў чалавека павінна быць усё прыгожае: і твар, і адзенне, і думкі, і ўчынкі. Але прыгажосць маўлення, як і сама родная мова – надзвычай тонкая прылада: залішняе “расквечванне” думкі псуе маўленне, як і заштампаванасць яго. Той, хто гаворыць ці піша, павінен найперш дбаць пра ўспрыняцце ягонага маўлення, павінен не апускацца да так званага “сюсюкання”. Займальнасць маўлення, асабліва вуснага, выконвае не апошнюю ролю.
Трэба памятаць, што вымаўленне заўжды суправаджаецца пэўнай інтанацыяй. Інтанацыйныя нормы сучаснай беларускай мовы фактычна растварыліся ў акцэнталагічных, пунктуацыйных і сінтаксічных. З дапамогай інтанацыі ўстанаўліваюцца сэнсава-граматычныя разнавіднасці сувязі паміж асобнымі часткамі выказванняў, падзяляюцца сказы на апавядальныя, пытальныя, пабуджальныя і клічныя, вызначаюцца ўзаемаадносіны паміж членамі сказа і іх сінтаксічныя функцыі, акрэсліваецца эмацыянальнасць і экспрэсіўнасць выказвання і інш. Мы павінны засвоіць такія правілы, як правапіс галосных, зычных, мяккага знака і апострафа, правілы злітнага і паўзлітнага напісання, правілы пераносу слоў, ужыванне вялікай літары і ўмоўных скарачэнняў.
На сёнешнім, перабудоўным этапе развіццё і самой беларускай мовы, і яе культуры як лінгвістычнай дысцыпліны ці асобнай галіны методыкі галоўным чынам залежыць ад нашага настаўніка. Ад таго, якую зойме пазіцыю і ўвогуле якім стане ў самыя бліжэйшыя гады настаўнік не толькі беларускай мовы, але і ўсіх астатніх прадметаў, у асноўным будзе залежыць і перспектыва беларускай мовы як дзяржаўнай мовы суверэннай Рэспублікі Беларусь, і культура сучаснага беларускага маўлення, і ўся беларуская нацыянальная культура.
Закончыць я хачу словамі вялікага майстра “жывога кніжнага слова” К.Чорнага: “Літаратура – гэта адна з галоўнейшых галін нашай культуры. І стварэнне літаратуры – гэта не ёсць забаўка чалавека, якога завуць пісьменнікам. Стварэнне літаратуры – найадказнейшая вытворчасць”. І яшчэ: “Мова твора павінна быць па-мастацку простаю, жывою, гэтакаю, якою яна жыве, а не прыдумліваецца”.
ЛІТАРАТУРА

А. КАЎРУС Культура слова. Мінск. “Народная асвета” 1983
с.22-31
А. КАЎРУС Стылістыка беларускай мовы. Мінск. “Народная асвета”1980 с.38-40
М. АБАБУРАК Культура беларускай мовы. Мінск. “Вышэйшая школа” 1994 с.10-65

 


Дата добавления: 2015-10-21; просмотров: 196 | Нарушение авторских прав




<== предыдущая лекция | следующая лекция ==>
ПРЕДУПРЕЖДАЕМ, что в соответствии с Правилами пользования жилыми помещениями, содержания жилых и вспомогательных помещений жилых домов в Республике Беларусь | Венецианский купец Shakespeare The Merchant of Venice 1 страница

mybiblioteka.su - 2015-2024 год. (0.014 сек.)