Студопедия
Случайная страница | ТОМ-1 | ТОМ-2 | ТОМ-3
АрхитектураБиологияГеографияДругоеИностранные языки
ИнформатикаИсторияКультураЛитератураМатематика
МедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогика
ПолитикаПравоПрограммированиеПсихологияРелигия
СоциологияСпортСтроительствоФизикаФилософия
ФинансыХимияЭкологияЭкономикаЭлектроника

Авальны партрэт (The Oval Portrait) 1 страница



Эдгар Алан По

апавяданні

 

 

Авальны партрэт (The Oval Portrait)

апавяданне

Пераклад з ангельскай

Ганна Янкута



 

Замак, у які мой слуга рызыкнуў заламіцца дзеля таго, каб пазбавіць мяне, моцна зраненага, неабходнасці правесці ноч на адкрытай прасторы, быў адным з тых вялізных змрочна-шыкоўных будынкаў, чые насупленыя абрысы часта сустракаюцца сярод Апенінаў – не радзей, чым у фантазіях місіс Рэдкліф [1]. Мяркуючы па ўсім, зусім нядаўна яго часова пакінулі. Мы размясціліся ў адным з самых сціплых і найменш мэбляваных пакояў, што знаходзіўся ў самай аддаленай вежачцы. Багатае і старадаўняе ўбранне пакоя ўжо амаль сатлела. На сценах віселі габелены і мноства разнастайных геральдычных знакаў, а побач з усім гэтым – шматлікія яркія сучасныя карціны ў рамах, багата ўпрыгожаных залатымі арабескамі. Гэтыя карціны, якія віселі не толькі па ўсіх сценах, але і ў самых патаемных куточках, што цалкам адпавядала вычварнай архітэктуры замку, – гэтыя карціны пад уплывам трызнення, што толькі-толькі пачало мяне мучыць, прыцягнулі маю ўвагу. Ужо надышла ноч, і я загадаў Пэдра зачыніць цяжкія аканіцы, запаліць свечкі ў высокім кандэлябры, што стаяў ля ўзгалоўя майго ложка, і расхінуць махрыстыя гардзіны з чорнага аксаміту вакол яго. Усё гэта было неабходна дзеля таго, каб у выпадку бяссоння я мог хаця б заняць сябе сузіраннем карцінаў і чытаннем маленькай знойдзенай на падушцы кнігі, прысвечанай іх апісанню і разгляду.

Доўга, доўга чытаў я – і пільна, вельмі пільна ўглядаўся ў карціны. Час бег хутка, бавіўся прыемна і неўзабаве наблізіўся да апоўначы. Мяне пачаў раздражняць кандэлябр, што стаяў у нязручным месцы, і каб не будзіць заснулага слугу, я з цяжкасцю працягнуў руку і пераставіў яго. Цяпер святло падала акурат на кнігу.

Аднак дзеянне гэтае мела зусім неспадзяваны вынік. Святло шматлікіх свечак (а іх насамрэч было шмат) выхапіла з цемры той куточак пакоя, што дагэтуль хаваўся ў цені ад балдахіну, і ў яркім ззянні я ўбачыў раней не заўважаную карціну. Гэта быў партрэт маладой дзяўчыны, якая толькі-толькі пачала ўбірацца ў пару спелага жаноцтва. Я мімаходзь зірнуў на карціну і заплюшчыў вочы. Мне самому цяжка было патлумачыць, чаму я зрабіў менавіта так. Аднак пакуль мае павекі заставаліся апушчанымі, я прыдумаў прычыну гэтага. Мне трэба было выйграць час, каб засяродзіцца і ўпэўніцца, што зрок не падмануў мяне, каб супакоіцца, утаймаваць фантазію і падрыхтавацца да больш цвярозага і ўпэўненага агляду. Праз некалькі імгненняў я зноў уважліва паглядзеў на карціну.



Тое, што я ўбачыў, не падлягала сумневам; святло свечак, што падала на палатно, адразу ж развеяла здранцвенне, якое паралізавала ўсе мае пачуцці, і імгненна вярнула мяне да жыцця.

Як я ўжо сказаў, на карціне была намаляваная маладая дзяўчына, дакладней, яе галава і плечы, выкананыя ў так званай тэхніцы віньетак, вельмі падобнай да ўлюбёнай тэхнікі Салі [2]. Рукі, грудзі, нават асляпляльныя валасы паступова пераходзілі ў невыразны і таямнічы цень, які ўтвараў фон карціны. Рама авальнае формы была багата пазалочаная і ўпрыгожаная арнаментам у маўрытанскім стылі. Ніколі не бачыў я прыгажэйшага мастацкага твора, чым гэтая карціна, аднак ні тэхніка выканання, ні несмяротная чароўнасць твару не змагла б так нечакана і так глыбока ўразіць мяне. І менш за ўсё магло так стацца, што мая абуджаная фантазія пераблытае гэты твар з тварам жывога чалавека. Я адразу заўважыў, што асаблівасці выявы, віньеткі і рамы павінныя імгненна развеяць такое ўражанне і нават папярэдзіць яго. У развагах над гэтым пытаннем я каля гадзіны правёў напаўседзячы, напаўлежачы, не адрываючы погляду ад карціны. Нарэшце я зразумеў сакрэт гэтага эфекту і, задаволены, лёг у ложак. Я заўважыў, што прыцягальная моц карціны тлумачыцца поўнай жыццепадобнасцю выразу твару, які спачатку здзівіў, а пасля заблытаў, уразіў і падпарадкаваў сабе. З глыбокім і амаль пабожным трымценнем я вярнуў кандэлябр на былое месца. Прычына майго хвалявання знікла з поля зроку, і я схапіўся за кніжку, у якой апісваліся карціны і іх гісторыі. Разгарнуўшы яе на старонцы, дзе апавядалася пра авальны партрэт, я прачытаў наступныя невыразныя і па-старадаўняму вытанчаныя словы:

Яна была дзяўчынай рэдкае прыгажосці, але весялосць яе пераўзыходзіла прывабнасць. У злавесную гадзіну яна ўбачыла мастака, і пакахала яго, і выйшла за яго замуж. Ён, апантаны, працавіты й суворы, ужо быў заручаны з Мастацтвам. Яна, дзяўчына рэдкае прыгажосці, чыя весялосць пераўзыходзіць нават прывабнасць, гарэзная, як маладое аленяня, усміхаецца і свеціцца, усіх любіць і пра ўсіх клапоціцца, ненавідзіць толькі Мастацтва, сваю суперніцу, баіцца толькі палітры й пэндзляў ды іншых капрызных інструментаў, што адбіраюць у яе твар каханага. І з жахам слухала яна мастака, калі той сказаў, што жадае намаляваць нават яе, сваю маладую жонку. Аднак была яна сарамлівай і паслухмянай і цягам многіх тыдняў пакорліва сядзела ў цёмным пакоі ў вежы, дзе бледныя палотны асвятляліся толькі каганцамі. А ён, мастак, знаходзіў асалоду толькі ў сваёй працы, якой аддаваўся кожную гадзіну, кожны дзень. Апантаны, утрапёны й пануры, ён заблукаў у сваіх марах і не бачыў, што прывіднае святло самотнай вежы аслабляе здароўе і душу яго жонкі, чыё згасанне заўважаюць усе, апроч яго. Але яна ўсміхалася і заставалася спакойнай і цярплівай, бо бачыла, якое глыбокае і гарачае задавальненне атрымлівае мастак (а ён быў вельмі знакаміты), днямі й начамі малюючы яе, якая так яго кахае і аднак кожны дзень робіцца ўсё больш прыгнечанай і слабой. Тыя, хто заўважаў, што партрэт як дзве кроплі вады падобны да яе, гаварылі пра карціну як пра сапраўдны цуд, як пра сведчанне не столькі таленту мастака, колькі яго моцнага кахання да той, якую ён так дасканала выявіў. Аднак калі праца набліжалася да завяршэння, гасцям забаранілі наведваць вежу, бо апантаны мастак аддаўся працы з усёй палкасцю і рэдка адводзіў погляд ад палатна нават дзеля таго, каб паглядзець на сваю жонку. Ён не жадаў заўважаць, што фарбы, якія клаліся на палатно, знікалі з твару той, што сядзела перад ім. Праз некалькі тыдняў, калі амаль уся праца была выкананая і заставалася толькі крыху падмаляваць рот і накласці адно адценне на вока, душа жанчыны раптам ярка ўспыхнула, нібыта полымя каганца. І калі рот быў дамаляваны і адценне накладзенае, зачараваны мастак стаў перад сваім творам, і, зірнуўшы на карціну і задрыжаўшы, ён, аслупянелы й агаломшаны, гучна ўскрыкнуў: “Гэта ж само жыццё!”, павярнуўся да каханай і ўбачыў: яна была мёртвай!

 

 

[1] Эн Рэдкліф (1764 – 1823) – ангельская пісьменніца, адна з першых аўтараў гатычных раманаў, сярод якіх самыя вядомыя – “Італьянец” (1797), “Удальфскія таямніцы” (1794). Дзеянне многіх гатычных раманаў (у тым ліку названых) адбываецца за мяжой, часта – у Італіі.

[2] Томас Салі (1783 – 1872) – амерыканскі мастак, ангелец з паходжання, аўтар жаночых партрэтаў.

Пераклад з ангельскай – Ганна Янкута

 

 

Востраў феі (The Island of the Fay)

Апавяданне

Пераклад з ангельскай

Ганна Янкута

 

Nullus enim locus sine genio est [1].

Сервій [2]

 

 

“La musique, — кажа Мармантэль [3] у тых “Contes Moraux” [4], якія ва ўсіх перакладах мы настойліва называем “Маральнымі гісторыямі”, нібыта насміхаючыся над іх духам, — la musique est le seul des talents qui jouissent de lui-même; tous les autres veulent des temoins” [5]. Тут ён блытае асалоду, якую атрымліваюць ад прыемных гукаў, са здольнасцю іх ствараць. Музычны талент не больш, чым любы іншы, можа дарыць поўнае задавальненне, калі іншая асоба, што можа ацаніць практыкаванні ў ім, адсутнічае. Тое, што ён стварае ўражанні, насалоджвацца якімі цалкам можна ў адзіноце, толькі яднае яго з іншымі талентамі. Ідэя, якую апавядальнік не змог ясна выказаць ці якой ахвяраваў дзеля такога любімага яго нацыяй вострага слоўца, — гэта, несумненна, вельмі разумная ідэя, паводле якой музыку найвышэйшага кшталту мы можам глыбока ацаніць толькі тады, калі мы зусім адны. З такой думкай адразу ж пагодзяцца ўсе тыя, хто цэніць ліру і дзеля яе самой, і дзеля яе духоўнага ўплыву. Аднак ёсць адна асалода, усё яшчэ дасяжная для заняпалага чалавецтва і, магчыма, адзіная, якая ў спалучэнні з самотай дае яшчэ мацнейшы вынік, чым музыка. Я гавару пра шчасце, якое спазнаецца ў сузіранні прыроды. Сапраўды, чалавек, які хоча ўбачыць славу Божую на зямлі, мусіць убачыць яе ў адзіноце. Прынамсі для мяне жыццё, не толькі чалавечае, але і жыццё любое формы, за выключэннем нямой зеляніны, што вырастае з зямлі, — гэта пляма на краявідзе, бунт супраць генія пейзажу. Я сапраўды люблю разглядаць цёмныя даліны, і шэрыя скалы, і ціхія ўсмешкі азёр, і лясы, што ўздыхаюць у трывожнай дрымоце, і ганарлівыя відушчыя горы, што сузіраюць усё звысоку, — я люблю разглядаць іх як велізарныя часткі аднаго бязмежнага цэлага, надзеленага розумам і жыццём, таго цэлага, чыя форма (блізкая да сферы) самая ёмістая і дасканалая, чыя сцежка ляжыць сярод з’яднаных у адну сям’ю планет, чый сціплы служка — месяц, чый уладар, які ў сваю чаргу служыць іншаму ўладару, — сонца, чыё жыццё — вечнасць, чыя думка — гэта думка Бога, чыя асалода — веды, чые лёсы губляюцца ў бязмежжы, чыё ўяўленне пра нас роўнае нашаму ўласнаму ўяўленню пра найдрабнейшыя жывыя арганізмы, што кішаць у нашых мазгах, — і істота гэтая ў выніку здаецца нам зусім матэрыяльнай і неадушаўлёнай, такой, якімі, відаць, тыя арганізмы ўяўляюць і нас.

Нашыя тэлескопы і матэматычныя даследаванні ўвесь час пераконваюць нас, нягледзячы на крывадушнасць самай неадукаванай часткі духавенства, што прастора і, адпаведна, аб’ём маюць у вачах Усявышняга значэнне. Цыклы, згодна з якімі круцяцца зоры, лепш за ўсё прыдатныя для руху найбольшай колькасці нябесных целаў, якая выключае іх сутыкненне. Формы гэтых целаў акурат такія, каб змясціць найбольшую колькасць матэрыі на дадзенай паверхні, а сама паверхня мусіць засяліцца самай шчыльнай папуляцыяй — больш шчыльнай, чым тая, якой можна засяліць такую самую, але інакш арганізаваную паверхню. І тое, што прастора сама па сабе бясконцая, — не аргумент супраць таго, што аб’ём Бога турбуе, бо для яго запаўнення можа існаваць бясконцая колькасць матэрыі. І калі мы так выразна бачым, што надзяленне матэрыі жыццём — гэта прынцып, прычым, наколькі мы можам меркаваць, галоўны прынцып Боскай дзейнасці, наўрад ці будзе лагічным уяўляць, што ён абмяжоўваецца сферай найдрабнейшага, дзе мы кожны дзень бачым яго праявы, і не распаўсюджваецца на вялікае. Калі мы да бясконцасці знаходзім цыклы ў іншых цыклах, і ўсе яны круцяцца вакол аднаго аддаленага цэнтра, якім ёсць Бог, то ці не варта нам аналагічным чынам уявіць сабе існаванне жыцця ўнутры жыцця, меншае ў большым, і ўсё гэта — у боскім духу? Карацей кажучы, праз сваю саманадзейнасць мы жахліва памыляемся, лічачы, што чалавек у сваім цяперашнім ці будучым існаванні мае для сусвету большае значэнне, чым тыя шырокія “землі даліны”, якія ён арэ і якімі пагарджае, адмаўляючыся бачыць у іх душу толькі таму, што не заўважаў яе ў дзеянні [6].

Такія і падобныя да іх фантазіі заўсёды надавалі маім роздумам у гарах, ці ў лясах, ці на беразе ракі альбо акіяна адценне таго, што ў штодзённым жыцці звычайна называюць фантастычным. Мае частыя блуканні сярод такіх краявідаў былі поўныя пошукаў і часцей за ўсё самотныя, і цікаўнасць, з якой я бадзяўся па многіх цяністых глыбокіх далінах ці глядзеў на нябёсы, адлюстраваныя ў многіх чыстых азёрах, была істотна паглыбленая думкай пра тое, што я бадзяюся і гляджу ў адзіноце. Гэты легкадумны француз [7] сказаў аднойчы ў дачыненні да вядомай працы Цымермана, што “la solitude est une belle chose; mais il faut quelqu’un pour vous dire que la solitude est une belle chose?” [8] Нельга адмовіць гэтай фразе ў дасціпнасці, але такой неабходнасці і няма.

Менавіта падчас адной з маіх самотных вандровак па аддаленым закутку сярод гор, маркотных звілістых рэк і меланхалічных сонных азёраў я выпадкова наткнуўся на ручаіну з востравам. Я натрапіў на іх у зялёны чэрвеньскі час і паваліўся на дзёран у цені невядомага мне пахкага куста, каб занурыцца ў сузіранне і дрымоту. Я адчуваў, што толькі так змагу разгледзець адкрытую мне карціну — настолькі яна была падобная да відзежы.

З усіх бакоў, апроч заходняга, дзе акурат сядала сонца, уздымаліся зялёныя муры лесу. Здавалася, што рачулка, якая рабіла тут рэзкі паварот і таму адразу ж знікала з вачэй, не можа знайсці выхаду з турмы і паглынаецца на ўсходзе цёмна-зялёнай лістотай, тым часам як з процілеглага боку (як уяўлялася мне, калі я, выцягнуўшыся, ляжаў і глядзеў уверх) у даліну бясшумна і несупынна зрынаўся залаты і кармазынавы вадаспад вячэрніх нябесных крыніц.

Прыкладна пасярэдзіне той невялікай прасторы, якую мог ахапіць мой летуценны позірк, на водным улонні спачываў маленькі круглы востраў, шчодра ўбраны зелянінай.

 

Змяшаліся тут бераг з ценем,

Нібы завіслі над струменем —

 

празрыстая вада так нагадвала люстэрка, што было амаль немагчыма сказаць, дзе менавіта на схіле, пакрытым смарагдавым дзёрнам, пачыналіся яе крыштальныя ўладанні.

Маё становішча дазваляла мне бачыць адначасова і ўсходнюю, і заходнюю часткі астраўка, і я заўважыў, што яны незвычайна адрозніваюцца. На захадзе востраў быў суцэльным шыкоўным гарэмам садовых прыгажунь. Ён зіхцеў і рдзеў пад касымі поглядамі сонца і весела смяяўся кветкамі. Трава там была кароткай, пругкай, з салодкім пахам, усеяная асфадэлямі. Дрэвы — гнуткія, вясёлыя, простыя, яркія, стройныя і грацыёзныя, з усходнімі абрысамі і лістотай, з гладкай, бліскучай і стракатай карой. Ва ўсім бачылася глыбокае і радаснае адчуванне жыцця, і хаця з нябёсаў сюды не даносілася ніводнага павеву, усё калыхалася ад пяшчотнага пырхання незлічоных матылькоў, якія так нагадвалі крылатыя цюльпаны [9].

 

Другі канец вострава, усходні, паглынуў найчарнейшы цень. Там панаваў змрочны, і ўсё ж прыўкрасны і ціхамірны жаль. Дрэвы былі цёмных колераў, з жалобнымі выгінамі і абрысамі — яны звіваліся ў маркотныя, урачыстыя і прывідныя фігуры, што выклікалі думкі пра смяротную скруху і заўчасную смерць. Трава пераняла цёмнае адценне ў кіпарыса, і кожная былінка бяссільна хілілася да зямлі, там і сям віднеліся ў ёй маленькія непрыглядныя грудкí, нізкія, вузкія і не вельмі доўгія, падобныя да магілаў, але толькі падобныя, хоць і парослыя скрозь рутай і размарынам. Цень ад дрэваў цяжка падаў на ваду, нібы кладучыся на дно і напаўняючы цемрай глыбіні. Мне ўявілася, што калі сонца апускаецца ўсё ніжэй і ніжэй, кожны цень паволі аддзяляецца ад камля, які даў яму жыццё, і паглынаецца ручаём, і ў тое ж імгненне дрэвы адкідваюць новыя цені, што замяняюць сваіх пахаваных папярэднікаў.

Захапіўшы маё ўяўленне, гэтая ідэя дарэшты ім завалодала, і я заблукаў у крозах. “Калі існуюць у свеце зачараваныя астравы, — сказаў я сабе, — то вось адзін з іх. Гэта прыстанак рэдкіх пяшчотных феяў, што перажылі гібель свайго племені. Гэтыя зялёныя магілы належаць ім? Ці развітваюцца яны са сваім салодкім жыццём так, як людзі? Ці не растаюць яны, паміраючы, са скрухай, ці не аддаюць патроху сваё жыццё Богу, як аддаюць цень за ценем дрэвы, ушчэнт губляючы сябе? Ці будзе жыццё феі для смерці, што зацягвае яе, тым жа, што і дрэва для вады, якая ўсмоктвае яго цень, сваю здабычу, і робіцца ўсё чарнейшай?”

Пакуль я так, прымружыўшы вочы, летуценіў, сонца спяшалася на спачынак і плынь вірыла вакол вострава, несучы на хвалях вялікія бліскучыя кавалкі белай платанавай кары, якія так мільгацелі на вадзе, што імклівае ўяўленне магло ператварыць іх у што заўгодна, — пакуль я так летуценіў, мне ўявілася, што фігурка адной з тых выдуманых мной феяў паволі выплыла з заходняй, асветленай часткі вострава ў цемру. Яна стаяла, выпрастаўшыся, у дзівосным крохкім чоўне і кіравала ім з дапамогай прывіднага вясла. Пад апошнімі промнямі ў яе абліччы праглядалася нешта радаснае, аднак скруха сказіла яе рысы, як толькі яна апынулася ў цені. Яна марудна слізгала па хвалях, пакуль урэшце не абплыла астравок і не вярнулася да святла. “Кола, якое толькі што зрабіла фея, — летуценна падумаў я, — гэта кароткі год яе жыцця. Яна праплыла праз сваю зіму і сваё лета. Цяпер яна на год наблізілася да смерці, бо я не мог не заўважыць, што, калі яна трапіла ў змрок, цень феі аддзяліўся і знік у цёмнай вадзе, зрабіўшы яе чарнату яшчэ чарнейшай”.

А вось і зноў чаўнок, а на ім — фея, але ў яе абліччы больш няўпэўненасці і турботы і менш лёгкае радасці. Яна зноў выплыла са святла ў змрок (які тут жа зрабіўся глыбейшым), і зноў яе цень аддзяліўся ад яе, і ўпаў у эбенавыя воды, і знік у іх чарнаце. Зноў і зноў рабіла фея колы вакол вострава, пакуль сонца зануралася ў дрымоту, і кожны раз, выплываючы на святло, яна рабілася ўсё маркотнейшай, слабела, бляднела і размывалася, а трапляючы ў цемру, губляла ўсё цямнейшы цень, які паглынаўся ўсё чарнейшай вадой. І ўрэшце, калі сонца зусім схавалася, фея, цяпер не больш чым прывід ранейшай сябе, журботна скіравала чаўнок у эбенавай чарнаты плынь, а ці выплыла адтуль, я сказаць не магу, бо ўсё навокал схаваў змрок, і я не бачыў больш яе чароўнага аблічча.

 

Калодзеж і ківач (The Pit and the Pendulum)

апавяданне

Пераклад з ангельскай

Юля Цімафеева

 



 

Апавяданне таксама друкуецца ў томе выбранай паэзіі, прозы і эсэістыкі Эдгара По, які неўзабаве пабачыць свет.

 

 

Impia tortorum longos hic turba furores

Sanguinis innocui, non satiata, aluit.

Sospite nunc patria, fracto nunc funeris antro,

Mors ubi dira fuit vita salusque patent. [1]

 

Я быў моцна знясілены, знясілены да смерці гэтым працяглым болем, і калі нарэшце яны мяне развязалі і дазволілі сесці, я адчуў, як пачуцці раптам пакідаюць мяне. Прысуд – страшэнны смяротны прысуд – апошняе, што яскрава ўспрыняў мой слых. А пасля гукі галасоў інквізітараў зліліся разам у нейкі невыразны гул, што, падавалася, даносіўся аднекуль праз смугу сну. Гул нагадаў маёй душы пра ідэю кругазвароту, мабыць, таму, што быў дужа падобны да рыпення млынарскага кола. Аднак толькі на імгненне, бо ў хуткім часе я ўжо нічога не чуў, хоць яшчэ крыху бачыў. Але ж як скажаў усё мой зрок! Я бачыў вусны апранутых у чорнае суддзяў. Яны падаліся мне бледнымі, белымі – бялейшымі за аркуш, на якім я пішу гэтыя словы, – і гратэскава тонкімі. У іх танклявасці было столькі волі і цвёрдасці, непахіснай рашучасці, суровай пагарды да чалавечых пакутаў. Я бачыў, як іх вусны яшчэ прамаўлялі загады, што для мяне ўжо сталі Лёсам. Бачыў, як яны крывяцца, кажучы смяротныя словы. Бачыў, як яны звязваюць гукі ў маё імя, і скаланаўся, бо ніводзін з іх не дасягаў маіх вушэй. Таксама бачыў цягам некалькіх жахлівых імгненняў трызнення лёгкае, ледзь заўважнае калыханне чорных драпіровак на сценах залі. А потым мой позірк упаў на сем вялізных свечак на стале. Спачатку была ў іх нейкая міласэрнасць, яны падаліся мне высокімі белымі анёламі, якім наканавана выратаваць мяне, але праз нейкі час раптам мой дух агарнула страшная агіда, я адчуваў, як кожная часцінка мяне ўздрыгвае, нібы ад дотыку аголенага дроту гальванічнай батарэі. Анёлы ж мігам ператварыліся ў невыразныя здані з вогненнымі галовамі, і я адразу адчуў, што чакаць дапамогі ад іх ужо не выпадае. А потым, нібы прыўкрасная мелодыя, закралася думка, як прыемна і спакойна будзе мне ў магіле. Думка падкралася мякка, употай, і зусім не адразу я ацаніў яе належным чынам. Але як толькі мой дух па-сапраўднаму адчуў яе каштоўнасць і насалодзіўся ёю, постаці суддзяў расталі перад маімі вачыма, нібы падуладныя нейкім чарам, высокія свечкі згінулі ў нябыт і згасла дазвання іх полымя, а затым усё агарнула цемра. Падавалася, усе мае пачуцці паглынае імклівае, шалёнае падзенне, нібы душа спускаецца ў Аід. Потым спакой, ціша і ноч сталі маім сусветам.

Я быў у забыцці, але ўсё ж не магу сказаць, што не ўсведамляў нічога. Не буду спрабаваць вызначыць ці нават апісаць свае адчуванні, але ўсё ж я не страціў прытомнасці цалкам. Не глыбокі сон! не трызненне! не млосць! І не смерць! Нават у магіле яшчэ не канец. Іначай для чалавека не было б несмяротнасці. Прачынаючыся ад найглыбейшага сну, мы разрываем танюткае павуцінне дрымоты. І ўжо праз хвіліну (такім кволым бывае гэтае павуцінне) і знаку таго сну не маем у памяці. А па вяртанні з забыцця мы праходзім два этапы. Першы – усведамленне разумовае і духоўнае, другі – усведамленне фізічнае, усведамленне быцця. Магчыма, дасягаючы другога этапу, мы можам успомніць уражанні ад этапу першага. Нам толькі трэба адшукаць тыя яскравыя моманты, што адбіліся ва ўспамінах глыбокай бездані, з якой мы выкараскаліся. А гэтая бездань – чым яна ёсць? Ці як нам папросту адрозніць яе цень ад ценю магілы? Але ж калі ўражанні ад таго, што я назваў першым этапам, не хочуць падпарадкавацца нашай волі і ўсплыць у памяці, тады, праз доўгі час, ці не з’яўляюцца яны да нас раптоўна, неспадзявана, а мы толькі дзівімся іх нечаканаму візіту? Той, каму не выпадала трапіць у забыццё, ніколі не заўважаў дзівосных краінаў і страшна знаёмых твараў у жары вуголля; ніколі не назіраў за танцамі сумных відзежаў у паветры, відзежаў, якіх большасць ніколі не зможа пабачыць; ніколі не заміраў, удыхаючы водар незнаёмай кветкі, і ніколі яго розум не бянтэжыла сутнасць музычнага такту, што дагэтуль нічым не прыцягваў увагі.

Сярод частых і дбайных спробаў узгадаць, сярод старанных высілкаў аднавіць у памяці хоць знак таго стану, у які занурылася мая душа і які падаваўся нябытам, я перажываў рэдкія імгненні ўдачы. У тыя кароткія, вельмі кароткія хвіліны я аднаўляў свае ўспаміны, якія, як ясным розумам я пазней пераконваюся, маглі быць водгуллем толькі таго нібыта забыцця. Цьмяныя прывіды памяці нашэптваюць мне пра высокія постаці, што моўчкі паднялі мяне і пачалі апускаць долу... ніжэй... яшчэ ніжэй, пакуль не закружылася галава ад адной думкі пра бясконцае пагружэнне. Яшчэ яны апавядаюць мне пра няясную жуду, што затаілася ў маім сэрцы праз яго дзіўны, незвычайны спакой. Потым прыйшло адчуванне раптоўнай знерухомленасці ва ўсім, нібыта тыя, хто апускаў мяне (о, гэтая жудасная світа!) дасягнулі мяжы бязмежнага і замерлі, зняможаныя сваёй цяжкай ношай. Пасля ў памяці ўваскрасае адчуванне пляскатасці і вільготнасці, а потым гэта ўсё абарочваецца шаленствам – шаленствам памяці, якая ўрываецца на забароненыя ёй тэрыторыі.

І раптам мая душа знянацку робіцца рухавай, зноў здабывае магчымасць чуць, і гукі мітуслівага сэрца аддаюцца ўвушшу. А потым усё замірае, няма нічога. Пасля зноў і гук, і рух, і дотык – дрыготкае адчуванне напаўняе маю грудную клетку. Пасля толькі ўсведамленне быцця і ніводнай думкі – такі стан цягнецца доўга. За ім – нечаканая думка, жудаснае трымценне і старанныя спробы ўсвядоміць свой сапраўдны стан. Затым моцная прага зноў стаць непрытомным. Потым імклівае ажыўленне душы і ўдалая спроба паварушыцца. І пасля я ўспамінаю ўсё: і судовы працэс, і суддзяў, і чорныя драпіроўкі, і прысуд, і млосць, і забыццё. А затым зноў не памятаю нічога з таго, што пазней вялізнымі высілкамі мне ўдалося хоць часткова ўзгадаць.

Дагэтуль я не расплюшчваў вачэй. Я адчуваў, што ляжу на спіне, нічым не звязаны. Я працягнуў руку, і, цяжкая, яна ўпала на нешта цвёрдае і вільготнае. Цягам доўгіх хвілінаў ляжала яна так, пакуль я адчайна спрабаваў уявіць, дзе я і чым ёсць. Адчайна імкнучыся да гэтага, я ўсё ж не наважваўся расплюшчыць вочы. Я вельмі баяўся кінуць першы погляд на тое, што мяне акаляе. І не столькі асцерагаўся пабачыць жудасці наўкола, колькі проста ледзянеў ад жаху, уяўляючы, што наўкола не будзе нічога. Нарэшце ў дзікім адчаі я хутка расплюшчыў вочы. І мае найгоршыя падазрэнні спраўдзіліся. Чэрань адвечнай ночы апанавала мяне. Я пачаў хапаць паветра ротам. Падавалася, бяздонная імгла насоўвалася і душыла мяне, такім невыносна шчыльным было паветра. А я ўсё ляжаў нерухома і намагаўся напружыць свой розум. Я паступова, адно за адным, прыгадваў дзеянні інквізыцыі і зыходзячы з гэтых узгадак спрабаваў зразумець, што са мной. Прысуд быў даўно выкананы, і мне здавалася, што з таго моманту прайшло ўжо даволі шмат часу. Але і на секунду я не мог дапусціць, што напраўду памёр. Такое дапушчэнне, нягледзячы на тое, што даводзіцца чытаць у раманах, цалкам супярэчыць сапраўднасці, дык дзе ж я і што са мной? Асуджаных на смерць, як я ведаў, звычайна чакала аўтадафэ, а адно з іх якраз мусіла адбыцца ў тую самую ноч, калі быў суд нада мною. Ці мяне зноў кінулі ў ранейшы склеп чакаць новага ахвярапрынашэння, што, магчыма, адбудзецца толькі праз некалькі месяцаў? Але гэтага, як я тут жа зразумеў, быць не магло. Прынесці ахвяру неабходна было адразу. Да таго ж, мой склеп дый камеры ў вязніцах Таледа мелі каменныя насцілы, і туды прабіваўся хоць які кволы прамень святла.

Ад страшнай здагадкі кроў забруіла ў маіх жылах, заіграла ў сэрцы, і на пэўны час я зноў праваліўся ў непрытомнасць. Прачнуўшыся, я адразу ж устаў на ногі. Трымценне працінала кожную клетку майго цела. Я шырока развёў рукі над галавою, па баках – паўсюль наўкол сябе. Нічога не было, і ўсё ж я баяўся зрабіць нават крок, каб не наткнуцца на сцены труны. Пот ліўся з кожнай поры майго цела і вялікімі халоднымі пацеркамі застываў на лобе. Нарэшце пакуты невядомасці сталі невыноснымі, і я асцярожна зрабіў крок наперад, выставіўшы перад сабой рукі і шырока раскрыўшы вочы, спадзеючыся заўважыць хоць ледзь прыкметны промень святла. Я зрабіў ужо шмат крокаў, але наўкола былі адно чэрань і пустэча. Я ўздыхнуў ужо вальней. Стала ясна – лёс мой яшчэ не з самых страшных.

І цяпер, калі я працягваў асцярожна прабірацца наперад, мне раптам прыгадаліся тысячы цьмяных чутак пра жахі Таледа. Пра яго сутарэнні хадзілі дзіўныя гісторыі, і хоць я заўжды лічыў іх байкамі, яны былі настолькі незвычайнымі і агіднымі, што іх можна было пераказваць толькі шэптам. Мяне пакінулі паміраць з голаду ў гэтым падзямеллі цямрэчы – ці быў прыгатаваны іншы, яшчэ больш жудасны скон? У любым разе ў канцы будзе смерць, смерць нечувана жорсткая, бо надта ж добра я ведаў норавы сваіх суддзяў. Якім чынам і калі я памру – вось што займала ці, хутчэй, бянтэжыла мяне.

Выцягнутыя наперад рукі нарэшце натыкнуліся на нешта цвёрдае. Гэта была сцяна, хутчэй за ўсё каменнай кладкі – вельмі гладкая, слізкая і халодная. Я пайшоў уздоўж яе, ступаючы з тым абачлівым недаверам, якія ўнушылі мне старажытныя хронікі. Але ўсё ж, рухаючыся такім чынам, я абсалютна не ўяўляў памераў свайго склепу, бо я мог бы папросту абысці яго вакол і вярнуцца ў тую ж кропку, адкуль пачаў, нават не здагадваючыся пра гэта, – такой роўнай і аднароднай падавалася сцяна. Таму я пачаў шукаць нож, які ляжаў у кішэні, калі мяне ўводзілі ў залю Інквізіцыі. Але яго не было. Маё адзенне замянілі на зрэбны балахон. Я хацеў усадзіць лязо ў шчыліну між кладкай і такім чынам пазначыць месца, з якога пачаў свой шлях. Цяжкасці ў гэтым не было ніякай, хаця майму хвораму ўяўленню такая задача спачатку падалася невырашальнай. Я адарваў кавалак крыса ад сваёй адзежыны і прымацаваў яго да сцяны. Абыходзячы па коле сваю вязніцу навобмацак, я б, натуральна, не прапусціў гэты баваўняны абрэзак, што знаходзіўся ў самым пачатку майго шляху. Прынамсі, я так меркаваў, але не ўзяў пад увагу ні памеры склепа, ні маю фізічную аслабленасць. Падлога была вільготная і слізкая. Я захістаўся, падаючыся наперад, потым раптам спатыкнуўся і ўпаў. Празмерная стома вымусіла мяне апусціцца долу, і ў хуткім часе мной авалодаў сон.

Прачнуўшыся і працягнуўшы руку, я знайшоў побач скібу хлеба і збанок вады. Я быў надзвычай стомлены, каб неяк абдумаць іх з’яўленне тут, але ж прагна паеў і папіў. У хуткім часе я працягнуў абыходзіць вязніцу і, хоць з цяжкасцю, але знайшоў той баваўняны лапік. Да моманту падзення я налічыў пяцьдзесят два крокі, а пасля таго, як зноў працягнуў свой шлях, налічыў яшчэ сорак восем, намацаўшы абрэзак. Такім чынам, разам атрымалася сотня крокаў і, прыняўшы, што два крокі – гэта ярд, памеры цямніцы, па маіх падліках, складалі пяцьдзесят ярдаў у дыяметры. Аднак ідучы ўздоўж сцяны, я сустракаў нямала кутоў і таму не мог меркаваць пра форму склепа, а наконт таго, што гэта быў менавіта склеп, я не меў ужо ніякіх сумневаў.

Мае блуканні былі практычна бязмэтнымі, бо нешта знайсці тут было амаль немагчыма, але ж нейкая няясная цікаўнасць штурхала мяне працягваць пошукі. Пакінуўшы вывучаць сцяну, я вырашыў перасекчы склеп наўскос. Спачатку я ступаў надзвычай асцярожна, бо падлога, хоць і здавалася цвёрдаю, была па-здрадніцку слізкая. Але нарэшце я набраўся смеласці і без асаблівых ваганняў пакрочыў даволі ўпэўнена, намагаючыся прайсці як мага больш роўным і простым шляхам. Такім чынам я адолеў дзесяць ці дванаццаць крокаў, калі раптам падраны падол майго балахона заблытаўся ў нагах. Я наступіў на яго і ўпаў, моцна ўдарыўшыся тварам.

Праз тую збянтэжанасць ад падзення я не адразу заўважыў адну дзіўную акалічнасць, якая ўжо праз некалькі секунд, хоць я ўсё яшчэ працягваў ляжаць на зямлі, прыцягнула маю ўвагу. А гэта было вось што: шчакой я ляжаў на падлозе вязніцы, а мае вусны і верхняя частка галавы ўжо ні да чаго не дакраналіся. У той жа час мой лоб быў нібы ахутаны халоднай ліпучай парай, і ноздры лавілі спецыфічны пах гнілля і цвілі. Я працягнуў руку і здрыгануўся ад думкі, што ўпаў ля самага краю круглага калодзежа, але яго глыбіню я не мог натуральным чынам вымераць зараз жа. Абмацваючы каменную кладку ніжэй за край калодзежа, я здолеў адбіць невялікі кавалачак каменю і кінуў яго ў бездань. Доўгія секунды прыслухоўваўся я да водгулля, што пакідаў каменьчык, грукаючыся аб сцены прадоння, пакуль нарэшце злавеснае гучнае рэха не адзначыла яго падзенне ў ваду. І ў той жа момант я пачуў, як недзе ўверсе хутка адчыніліся і зачыніліся дзверы, слабы прамень святла нечакана працяў імглу і тут жа знік.


Дата добавления: 2015-10-21; просмотров: 41 | Нарушение авторских прав







mybiblioteka.su - 2015-2024 год. (0.016 сек.)







<== предыдущая лекция | следующая лекция ==>