Студопедия
Случайная страница | ТОМ-1 | ТОМ-2 | ТОМ-3
АрхитектураБиологияГеографияДругоеИностранные языки
ИнформатикаИсторияКультураЛитератураМатематика
МедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогика
ПолитикаПравоПрограммированиеПсихологияРелигия
СоциологияСпортСтроительствоФизикаФилософия
ФинансыХимияЭкологияЭкономикаЭлектроника

Вершаваныя тэксты пераклаў Алег Мiнкiн 3 страница



Нягледзячы на ўзрушэнне, выклiканае выгнаннем Сняжка, жывёлы былi збянтэжаныя гэтым паведамленнем. Некаторыя з iх нават i запярэчылi б, калi б знайшлi неабходныя аргументы. Нават Баксёр быў нямала ўсхваляваны. Ён падцiснуў вушы, колькi разоў трасянуў грывай i паспрабаваў спарадкаваць свае думкi; але ўрэшце ён так i не знайшоў што сказаць. Некаторыя свiннi, аднак, выразней выявiлi сваю пазiцыю. Чатыры маладыя парсюкi, што сядзелi наперадзе, незадаволена завiшчалi i ўсе чацвёра ўскочылi на ногi i пачалi гаварыць усе разам. Але раптам сабакi, што сядзелi вакол Напалеона, пагрозлiва загыркалi, i свiннi змоўклi i селi на свае месцы. Тады авечкi забляялi сваё жахлiвае "Чатыры нагi добра, дзве нагi дрэнна", бляянне цягнулася амаль чвэрць гадзiны i паклала канец усяму абмеркаванню.

Пасля гэтага Вiскун быў упаўнаважаны прайсцiся па ўсёй ферме i растлумачыць усiм астатнiм новы парадак.

- Таварышы, - казаў ён, - я спадзяюся, што кожны з вас цэнiць ахвярнасць таварыша Напалеона, якi ўзяў на сябе гэты дадатковы цяжар. Не думайце, таварышы, што быць правадыром - гэта нешта прыемнае! Наадварот, гэта вялiкая i цяжкая адказнасць. Нiхто не верыць так глыбока, як таварыш Напалеон, што ўсе жывёлы роўныя. Ён быў бы толькi шчаслiвы даць вам магчымасць вырашаць самiм за сябе. Але ж часам вы маглi б прымаць няправiльныя рашэннi, таварышы, i што б тады было? Уявiце, што вы маглi б вырашыць падтрымаць Сняжка з ягонымi бязглуздымi ветракамi - Сняжка, якi, як мы цяпер ведаем, быў проста крымiнальнiкам.

- Ён мужна змагаўся ў Бiтве пры Хляве, - сказаў нехта.

- Адной мужнасцi мала, - сказаў Вiскун. - Адданасць i паслухмянасць значна важнейшыя. А што да Бiтвы пры Хляве, дык я думаю, прыйдзе час, калi выявiцца, што роля Сняжка ў ёй была значна перабольшаная. Дысцыплiна, таварышы, жалезная дысцыплiна! Вось лозунг сённяшняга дня. Адзiн памылковы крок, i вораг будзе тут. Бо праўда, таварышы, вы ж не хочаце, каб вярнуўся Джоўнз?

Зноў жа гэты аргумент быў неаспрэчны. Вядома ж, жывёлы не хацелi, каб вярнуўся Джоўнз; калi правядзенне спрэчак нядзельнымi ранiцамi магло б спрычынiцца да яго вяртання, гэтыя спрэчкi варта было спынiць. Баксёр, якi цяпер паспеў ужо сёе-тое абдумаць, выказаў агульны настрой, сказаўшы: "Калi гэтак кажа таварыш Напалеон, значыць, гэта праўда". I з таго часу ён узяў сабе за прымаўку "Напалеон заўсёды кажа праўду" ў дадатак да свайго асабiстага дэвiзу "Я буду працаваць яшчэ старанней".



Тым часам надвор'е перамянiлася i пачалося вясновае ворыва. Паветка, у якой Сняжок маляваў свае чарцяжы, была замкнёная, i лiчылася, што гэтыя чарцяжы былi сцертыя з падлогi. Кожную нядзелю ранiцай а дзесятай гадзiне жывёлы збiралiся ў вялiкiм гумне, каб атрымаць загады на тыдзень. Чэрап старога Маёра, цяпер ужо зусiм голы, выкапалi з магiлы ў садзе i прычапiлi на калку каля флагштока, побач са стрэльбай. Пасля ўзняцця сцяга жывёлы мусiлi ўрачыстым шыхтам прайсцiся мiма чэрапа, перш чым увайсцi ў гумно. Цяпер яны ўжо не сядзелi ўсе разам, як некалi раней. Напалеон з Вiскуном i яшчэ адным парсюком, якога звалi Малятка i якi меў незвычайны талент складаць песнi i паэмы, сядзелi наперадзе на прыўзнятай пляцоўцы, вакол iх паўколам сядзела дзевяць маладых сабак, а iншыя свiннi сядзелi ззаду. Астатнiя жывёлы сядзелi насупраць iх у сярэдзiне гумна. Напалеон чытаў загады на тыдзень, складзеныя ў грубым вайсковым стылi, i пасля аднаразовага адспявання "Звяроў Брытанii" ўсе жывёлы разыходзiлiся.

Трэцяе нядзелi пасля выгнання Сняжка жывёлы з немалым здзiўленнем пачулi паведамленне Напалеона, што вятрак усё ж будзе пабудаваны. Ён не падаў нiякiх прычынаў гэткай змены сваiх намераў, а проста папярэдзiў жывёлаў, што гэтае дадатковае заданне будзе вымагаць вельмi цяжкае працы; магчыма нават, што давядзецца скарацiць харчовыя нормы. Усе праекты былi ўжо падрыхтаваныя да апошняй драбнiцы. Адмысловы свiны камiтэт працаваў над iмi на працягу трох тыдняў. Прадугледжвалася, што пабудова ветрака, разам з iншымi перадавымi пераменамi, зойме два гады.

Гэтым вечарам Вiскун тлумачыў прыватна iншым жывёлам, што Напалеон у сапраўднасцi нiколi не быў супраць ветрака. Наадварот, якраз ён баранiў гэтую iдэю з самага пачатку, а чарцёж, якi Сняжок намаляваў на падлозе ў iнкубатары, быў выкрадзены з Напалеонавых папер. Такiм чынам, вятрак быў вынаходкай самога Напалеона. Чаму ж тады, спытаўся нехта, ён так зацята выступаў супраць яго? На гэта Вiскун з аблуднай усмешкай адказаў, што гэта была наўмысная хiтрасць таварыша Напалеона. Ён рабiў выгляд, што выступае супраць ветрака, хочучы проста пазбавiцца ад Сняжка, якi быў небяспечны элемент i дрэнна ўплываў на астатнiх. Цяпер, калi Сняжок прыбраны з дарогi, гэты праект можна было смела ажыццяўляць, не баючыся ягоных падкопаў. Гэта, сказаў Вiскун, называецца тактыкай. Ён паўтарыў некалькi разоў: "Тактыка, таварышы, тактыка!", скачучы навокал, круцячы хвастом i весела смеючыся. Жывёлы не ведалi дакладна, што значыць гэтае слова, але Вiскун гаварыў так пераканаўча, а тры сабакi, што выпадкова апынулiся пры iм, вурчэлi так пагрозлiва, што яны пагадзiлiся з яго тлумачэннямi без лiшнiх пытанняў.

VI

Увесь гэты год жывёлы працавалi, як рабы. Але яны былi шчаслiвыя; яны не шкадавалi сiлы i ахвотна iшлi на ахвяры, бо добра ведалi, што ўсё, што яны рабiлi, было для iх самiх i для тых пакаленняў, якiя прыйдуць пасля iх, а не для жменькi лайдакоў i зладзеяў, што ходзяць на дзвюх нагах.

Усю вясну i лета яны працавалi шэсцьдзесят гадзiн на тыдзень, а ў жнiўнi Напалеон паведамiў, што яны будуць працаваць таксама i ў нядзелi пасля абеду. Праца гэтая была строга добраахвотная, але любая жывёлiна, што самачынна адхiлялася ад працы, пазбаўлялася паловы сваёй харчовай нормы. I нават пры гэткiх умовах ад некаторых работ давялося адмовiцца. Ураджай быў крыху горшы, чым летась, i два палеткi, якiя планавалi засеяць караняплодамi на пачатку лета, засталiся незасеяныя, бо iх спазнiлiся ўзараць. Можна было прадбачыць, што ферму чакала цяжкая зiма.

Вятрак дадаваў штораз новых нечаканых цяжкасцяў. На ферме былi добрыя паклады вапняку, а ў адной баковачцы знайшлося шмат пяску i цэменту, так што ўсе будаўнiчыя матэрыялы былi пад рукою. Але праблемаю, якую спачатку жывёлы нiяк не маглi вырашыць, было, як разбiць камянi на кавалкi патрэбных памераў. Здавалася, што гэта нельга было зрабiць iнакш, як з дапамогаю кiркi i лома, якiмi нiводная жывёла не магла карыстацца, бо нiводная жывёла не магла стаяць на заднiх нагах. Толькi пасля некалькiх тыдняў марных намаганняў некаму прыйшла ў галаву разумная думка - выкарыстаць сiлу прыцягнення. Вялiзныя валуны, занадта вялiкiя, каб iх можна было ўжыць, параскладалi на дне кар'ера. Жывёлы абвязвалi iх вяроўкамi, i тады ўсе разам, каровы, конi, авечкi - усе, хто мог учапiцца за вяроўку, у крытычныя моманты да iх далучалiся нават свiннi - цягнулi ўгору з безнадзейнай павольнасцю да самага краю кар'ера, адтуль iх спiхалi, i яны разбiвалiся ўнiзе на кавалкi. Перавозiць бiтае каменне было параўнаўча лёгка. Конi цягнулi яго на вазах, авечкi валаклi асобныя кавалкi, нават Мюрыэль i Бэнджамiн упрэглiся ў лёгкую двухколку i везлi сваю долю. Пад канец лета сабралася дастатковая колькасць камення, i тады пад наглядам свiнняў пачалося будаўнiцтва.

Гэта была марудная i цяжкая праца. Часта бывала, што цэлы дзень iшоў на тое, каб нязмернымi намаганнямi зацягнуць адзiны валун на край кар'ера, i часам, калi яго спiхвалi ўнiз, ён не разбiваўся. Нiчога нельга было б зрабiць, калi б не Баксёр, чыя сiла, здавалася, была роўная сiле ўсiх астатнiх жывёлаў разам узятых. Калi валун слiзгаў унiз i жывёлы, якiх цягнула за iм з гары, пачыналi крычаць ад роспачы, Баксёр заўсёды напружваўся i спыняў валун. Нельга было глядзець без захаплення, як ён, з цяжкасцю адольваючы кожную цалю, узыходзiў на гару, як дыханне яго пачашчалася, як ён чапляўся за зямлю вострымi краямi падкоў, як ягоныя бакi макрэлi ад поту. Канюшынка часам папярэджвала яго, каб ён бярогся i не перясiльваўся, але Баксёр нiколi яе не слухаў. Два ягоныя дэвiзы "Я буду працаваць яшчэ старанней" i "Напалеон заўсёды кажа праўду" здавалiся яму вычарпальным адказам на ўсе пытаннi. Ён дамовiўся з пеўнiкам, каб той будзiў яго ранiцай не на паўгадзiны, а на тры чвэрцi гадзiны раней. А ў свае вольныя хвiлiны, якiх цяпер ужо выпадала небагата, ён звычайна iшоў адзiн да кар'ера, набiраў бiтага камення i без чужой дапамогi цягнуў яго да месца, дзе меўся стаяць вятрак.

Усё гэтае лета жывёлы былi няблага забяспечаныя, нягледзячы на цяжкую працу. Калi ў iх было i не болей ежы, чым у часы Джоўнза, дык, прынамсi, i не меней. Перавага ў тым, што яны кармiлi цяпер толькi самiх сябе, а не мусiлi ўтрымлiваць яшчэ пяць марнатраўных чалавечых iстотаў, была такая вялiкая, што кампенсавала шматлiкiя нягоды. Да таго ж, шмат у чым метады працы жывёлаў былi больш эканомныя i эфектыўныя. Такая праца, як, напрыклад, праполка, магла быць зроблена з стараннасцю, недасяжнай для чалавека. Зноў жа, як нiхто з жывёлаў цяпер не краў, дык не было патрэбы аддзяляць выган ад ворнай зямлi, што ашчаджала шмат працы на ўтрыманне агароджаў i веснiчак. Тым не меней з наблiжэннем восенi пачала адчувацца непрадбачаная нястача розных неабходных рэчаў. Былi вельмi патрэбныя газа, цвiкi, вяроўкi, сухары сабакам i жалеза на падковы - i ўсё гэта не выраблялася на ферме. Пазней павiнны былi спатрэбiцца таксама насенне i штучныя ўгнаеннi, розныя iнструменты i, нарэшце, абсталяванне для ветрака. Дзе гэта ўсё ўзяць, нiхто не мог сабе ўявiць.

Аднойчы ў нядзелю ранiцай, калi жывёлы сабралiся, каб атрымаць загады, Напалеон паведамiў, што ён вырашыў перайсцi да новай палiтыкi. З гэтага часу Ферма Жывёлаў мелася наладзiць гандаль з суседнiмi фермамi: вядома ж, не дзеля камерцыйных мэтаў, а проста каб набыць некаторыя матэрыялы, якiя былi пiльна неабходныя. Патрэбы ветрака маюць стаяць вышэй за ўсё, сказаў ён. I таму ён вёў перамовы аб продажы стога сена i часткi сёлетняга ўраджаю збожжа, а пасля, калi спатрэбiцца больш грошай, iх можна будзе зарабiць, прадаючы яйкi, на якiя ў Уiлiнгдоне заўсёды быў попыт. Куры, сказаў Напалеон, мусяць з радасцю пайсцi на гэтую ахвяру, бо гэта будзе iх адмысловы ўклад у пабудову ветрака.

I зноў жывёлы былi збянтэжаныя. Нiколi не мець нiякiх зносiн з чалавечымi стварэннямi, нiколi не займацца гандлем, нiколi не ўжываць грошы - цi не былi гэта адныя з першых пастановаў, прынятых на першым урачыстым Сходзе пасля выгнання Джоўнза? Усе жывёлы памяталi, як прымалiся гэтыя пастановы, цi, прынамсi, iм здавалася, што яны памятаюць. Чатыры маладыя парсюкi, якiя пратэставалi, калi Напалеон адмянiў Сходы, нясмела запярэчылi, але, пачуўшы пагрозлiвае гырканне сабакаў, адразу змоўклi. Тады, як звычайна, авечкi завялi сваё "Чатыры нагi добра, дзве нагi дрэнна", i хвiлiнная збянтэжанасць была загладжана. Нарэшце Напалеон падняў нагу, запатрабаваўшы цiшынi, i паведамiў, што ён ужо пра ўсё дамовiўся. Жывёлам не трэба будзе самiм уваходзiць у кантакт з чалавечымi iстотамi, што было б вельмi непажадана. Ён вырашыў узяць увесь гэты цяжар на свае плечы. Нехта мiстэр Уiмпэр, юрыст з Уiлiнгдона, згадзiўся быць пасярэднiкам памiж Фермай Жывёлаў i знешнiм светам i будзе заходзiць на ферму кожны панядзелак ранiцай, каб атрымаць iнструкцыi. Напалеон скончыў сваю прамову сваiм звычайным воклiчам: "Хай жыве Ферма Жывёлаў!", i, пасля праспявання "Звяроў Брытанii", жывёлы былi распушчаныя.

Пасля гэтага Вiскун абышоў ферму i супакоiў яе жыхароў. Ён запэўнiў iх, што пастанова супраць вядзення гандлю i ўжывання грошай нiколi не была прынятая i нават не прапаноўвалася. Гэта ўсё была чыстая фантазiя, каранi якой трэба шукаць у хлуснi, што iшла ад Сняжка. Некаторыя жывёлы ўсё ж крыху сумнявалiся, але Вiскун дасцiпна спытаўся ў iх: "Цi вы пэўныя, што не прыснiлi ўсё гэта, таварышы? Можа, У вас тыя пастановы запiсаныя на паперы? Цi яны ўвогуле калi-небудзь запiсвалiся?" I як сапраўды было чыстаю праўдай, што нiчога падобнага ў пiсьмовай форме не iснавала, дык жывёлы пагадзiлiся, што гэта была памылка.

Кожнага панядзелка мiстэр Уiмпэр наведваў ферму, як было дамоўлена. Гэта быў хiтраваты чалавечак з бакенбардамi, не надта вялiкi дзялок, але дастаткова кемлiвы, каб зразумець раней за iншых, што Ферме Жывёлаў спатрэбiцца пасярэднiк i што камiсiйныя працэнты будуць вартыя клопату. Жывёлы глядзелi са страхам, як ён прыходзiць i адыходзiць, i як мага пазбягалi яго. Разам з тым, бачачы, як Напалеон, стоячы на чатырох нагах, аддае загады Ўiмпэру, што стаяў на дзвюх, яны напаўнялiся гонарам i часткова пагаджалiся з новым парадкам. Iх дачыненнi з чалавечым родам цяпер не былi ўжо тыя самыя, што раней. Цяпер, калi Ферма Жывёлаў квiтнела, чалавечыя iстоты не пераставалi яе ненавiдзець, яны ненавiдзелi яе яшчэ больш чым калi. Кожны з людзей свята верыў у тое, што ферма раней цi пазней збанкрутуе i што, перадусiм, пабудова ветрака скончыцца поўным крахам. Яны зазвычай сустракалiся ў корчмах i бралiся даводзiць адзiн аднаму з дапамогай схемаў i чарцяжоў, што вятрак абавязкова мусiць завалiцца або што калi ён i будзе стаяць, дык нiколi не будзе працаваць. I ўсё ж, мiжволi, яны прасяклiся павагай да ўмельства, з якiм жывёлы вялi свае справы. Адным з паказчыкаў гэтага было тое, што яны пачалi называць Ферму Жывёлаў яе сапраўдным iмем i болей ужо не настойвалi на тым, што яна завецца Ферма Мэнар. Яны таксама кiнулi баранiць Джоўнза, якi ўжо не спадзяваўся вярнуць сабе ферму i пераехаў жыць у другi канец краiны. Калi не лiчыць Уiмпэра, нiякiх кантактаў памiж Фермай Жывёлаў i знешнiм светам пакуль што не было, але ўвесь час хадзiлi чуткi, што Напалеон збiраецца заключыць дзелавое пагадненне або з мiстэрам Пiлкiнгтанам з Фоксвуда, або з мiстэрам Фрэдэрыкам з Пiнчфiлда - але нi ў якiм разе, як было заўважана, з абодвума адначасова.

Якраз прыблiзна гэтым часам свiннi нечакана перабралiся ў сядзiбу i сталi жыць там. Зноў жывёлам падалося, нiбы яны памятаюць пастанову, што была прынятая ў сама першыя днi, i зноў Вiскун здолеў пераканаць iх, што яны памыляюцца. Было абсалютна неабходна, казаў ён, каб свiннi, якiя былi розумам фермы, мелi спакойнае памяшканне для працы. Дый годнасцi Правадыра (нядаўна ён пачаў ужываць тытул "Правадыр", гаворачы пра Напалеона) больш пасуе жыць у доме, чым у простым свiнушнiку. Тым не меней некаторыя жывёлы збянтэжылiся, пачуўшы, што свiннi не толькi ядуць на кухнi i адпачываюць у гасцёўнi, але i спяць у ложках. Баксёр не звярнуў на гэта нiякай увагi, сказаўшы, як звычайна: "Напалеон заўсёды кажа праўду!", але Канюшынка, якой здавалася, што яна дакладна памятае пастанову наконт ложкаў, пайшла да гумна i паспрабавала разабраць Сем Запаведзяў, што былi напiсаныя на сцяне. Не здолеўшы прачытаць нiчога, апроч паасобных лiтар, яна схадзiла па Мюрыэль.

- Мюрыэль, - сказала яна, - прачытай мне Чацвёртую Запаведзь. Цi няма ў ёй пра тое, каб нiколi не спаць у ложку?

Мюрыэль з цяжкасцю праслiбiзавала.

- Тут напiсана: "Нiводная жывёла не павiнна спаць у ложку на прасцiне", урэшце паведамiла яна.

Дзiўна, але Канюшынка не памятала, каб Чацвёртая Запаведзь згадвала пра прасцiну; але калi гэта было напiсана на сцяне, значыць, гэтак яно i мусiла быць. I Вiскун, якi якраз у гэты момант праходзiў мiма ў суправаджэннi двух сабакаў, здолеў выкласцi гэтую справу ў патрэбным святле.

- Дык вы, таварышы, чулi, - сказаў ён, - што мы, свiннi, спiм цяпер у ложках у сядзiбе? А чаму не? Вы ж, пэўна, не думаеце, што некалi была пастанова супраць ложкаў? Ложак проста значыць месца, на якiм спяць. Куча саломы ў стойле, калi разглядаць гэта адпаведным чынам, таксама ложак. Закон быў супраць прасцiнаў, бо гэта ўжо чалавечая выдумка. Мы падаставалi прасцiны з ложкаў у сядзiбе i спiм, закруцiўшыся ў коўдры. I гэта вельмi ўтульныя ложкi! Але не больш утульныя, чым нам патрэбна пры той разумовай працы, якую мы мусiм рабiць сёння, вось што я вам скажу, таварышы. Вы не пазбавiце нас права на адпачынак, праўда ж, таварышы? Вы ж не зробiце так, каб нам было зусiм цяжка выконваць свае абавязкi? Нiхто ж з вас не хоча, каб вярнуўся Джоўнз?

У гэтым жывёлы запэўнiлi яго без лiшнiх развагаў, i больш ужо нiхто не гаварыў, што свiннi спяць у ложках у сядзiбе. А калi праз некалькi дзён было абвешчана, што ад таго часу свiннi будуць уставаць ранiцай на гадзiну пазней за астатнiх жывёлаў, нiхто ўжо i не падумаў паскардзiцца.

Калi надышла восень, жывёлы былi змораныя, але шчаслiвыя. У iх быў цяжкi год, а пасля продажу часткi сена i збожжа запасы ежы на зiму былi не такiя ўжо i багатыя, аднак вятрак быў аддзякаю за ўсе нягоды. Цяпер ён быў ужо амаль напалову збудаваны. Пасля жнiва выдалася яшчэ колькi пагодлiвых сухiх дзянькоў, i жывёлы працавалi з большым напружаннем, лiчачы, што варта пацягаць цэлы дзень сюды-туды вялiзныя камянi, калi гэта магло ўзняць сцяну хоць яшчэ на адзiн фут. Баксёр часам нават выходзiў начамi i працаваў гадзiну цi дзве пад месячным святлом. У свае вольныя хвiлiны жывёлы хадзiлi вакол недабудаванага ветрака, захапляючыся трываласцю i перпендыкулярнасцю сцен i дзiвячыся, што яны самi здолелi зрабiць нешта гэткае незвычайнае. I толькi стары Бэнджамiн не выяўляў нiякага энтузiязму што да ветрака, хоць, як звычайна, не казаў нiчога, апрача загадкавай заўвагi, што аслы жывуць доўга.

Настаў лiстапад з лютымi паўднёва-заходнiмi вятрамi. Будаўнiцтва давялося спынiць, бо было занадта мокра, каб разводзiць цэмент. Нарэшце надарылася ноч, калi вецер быў такi моцны, што будынкi фермы хiсталiся на сваiх падмурках i некалькi плiтак дахоўкi зляцела з гуменнага даху. Куры прачнулiся, квохкаючы ад жаху, бо ўсе прыснiлi адначасова, што чулi, як недзе непадалёку стрэлiла гармата. Калi ранiцаю жывёлы павыходзiлi са стойлаў, яны ўбачылi, што флагшток павалены, а вяз, што рос на краi саду, вырваны з коранем, як моркаўка. Не паспелi яны агледзець гэта, як з усiх жывёльных глотак вырваўся крык роспачы. Перад iмi адкрылася страшнае вiдовiшча. Вятрак ляжаў у руiнах.

Не згаворваючыся, яны кiнулiся да яго. Напалеон, якi нiколi не паскараў хады, бег наперадзе ўсiх. Так, увесь плён iх змагання ляжаў зраўнаваны з зямлёю, камянi, якiя яны з такiмi намаганнямi разбiвалi i зацягвалi на ўзгорак, рассыпалiся на ўсе бакi. Не могучы спачатку вымавiць нi слова, яны стаялi, жалобна пазiраючы на крушню разваленага камення. Напалеон моўчкi хадзiў сюды-туды, раз-пораз нюхаючы зямлю. Хвост ягоны разагнуўся i нервова торгаўся з боку ў бок, што сведчыла пра напружаную разумовую дзейнасць. Раптам ён спынiўся, быццам нешта вырашыўшы.

- Таварышы, - сказаў ён спакойна, - цi ведаеце вы, хто нясе адказнасць за гэта? Цi ведаеце вы, хто той вораг, якi прыйшоў уночы i разбурыў наш вятрак? Сняжок! - I раптам ён закрычаў грымотным голасам: - Гэта ўчынiў Сняжок! З сваёй зламыснасцi, iмкнучыся сарваць нашыя планы i адпомсцiць за сваё ганебнае выгнанне, гэты здраднiк пракраўся сюды пад покрывам ночы i знiшчыў вынiкi нашай амаль гадавой працы. Таварышы, тут i цяпер я абвяшчаю Сняжку смяротны прысуд. Медаль "Жывёла-Герой" другога класа i пуд яблыкаў таму, хто выканае прысуд. Два пуды яблыкаў таму, хто зловiць яго жывога!

Жывёлы былi незвычайна ўражаныя, даведаўшыся, што Сняжок здатны на такое злачынства. Пачулiся крыкi абурэння, i кожны пачаў абдумваць, як злавiць Сняжка, калi той надумае вярнуцца. Амаль адразу ж на траве недалёка ад узгорка з ветраком былi заўважаныя свiныя сляды. Яны былi бачныя толькi на працягу некалькiх ярдаў, але было вiдаць, што яны вядуць да дзiркi ў агароджы. Напалеон прынюхаўся да iх i абвясцiў, што яны належаць Сняжку. Ён выказаў меркаванне, што Сняжок, вiдаць, прыйшоў з боку фермы Фоксвуд.

- Не будзем адкладваць на пасля, таварышы! - закрычаў Напалеон, вывучыўшы сляды. - Нас чакае шмат працы. Сёння ранiцай мы пачнём адбудоўваць вятрак i будзем будаваць яго ўсю зiму, i ў дождж, i ў сцюжу. Хай гэты няшчасны здраднiк ведае, што яму не ўдасца так проста закрэслiць нашую працу. Памятайце, таварышы, у нашых планах не павiнна быць нiякiх змен, усё мусiць быць выканана дзень у дзень. Наперад, таварышы! Няхай жыве вятрак! Няхай жыве Ферма Жывёлаў!

VII

Зiма была суровая. За шалёнымi вятрамi прыйшлi дажджы i снегапады, а пасля насталi жорсткiя маразы, якiя пачалi слабнуць толькi ў лютым. Жывёлы што ставала сiлы працягвалi адбудоўваць вятрак, добра ведаючы, што знешнi свет уважлiва сочыць за iмi i што зайздросныя чалавечыя iстоты будуць радавацца i святкаваць перамогу, калi вятрак не будзе пабудаваны ў пару.

На бяду жывёлам, чалавечыя iстоты ўдавалi, быццам не вераць, што вятрак разбурыў Сняжок: яны казалi, што ён развалiўся таму, што сцены былi занадта тонкiя. Жывёлы ведалi, што гэта няпраўда. I ўсё ж было вырашана рабiць сцены ўдвая таўсцейшыя, чым дагэтуль, што патрабавала значна большае колькасцi камення. Доўгi час кар'ер быў занесены снегам, i нiчога нельга было рабiць. Праца крыху прасунулася наперад у сухiя марозныя днi, але гэта было цяжкае выпрабаванне, i энтузiязму ў жывёлаў прыкметна паменшала. Iм увесь час было халодна, а часам i галодна. Толькi Баксёр i Канюшынка нiколi не падалi духам. Вiскун выступаў з блiскучымi прамовамi аб радасцi служэння ферме i высокай годнасцi працы, але астатнiя жывёлы значна болей натхнялiся з Баксёравай сiлы i яго нястомнага воклiчу "Я буду працаваць яшчэ старанней!".

У студзенi пачало не ставаць ежы. Норма збожжа была рэзка зменшана, i было паведамлена, што ўзамен будзе выдзяляцца дадатковая норма бульбы. Тады выявiлася, што большая частка ўраджаю бульбы памерзла ў капцах, якiя не былi як след накрытыя. Бульба зрабiлася мяккая i бясколерная, i толькi нязначная яе частка была прыдатная да ежы. Часам цэлымi днямi жывёлы нiчога не елi, апроч мякiны i буракоў. Галодная смерць, здавалася, ужо заглядала iм у твары.

Было жыццёва неабходна схаваць гэты факт ад знешняга свету. Падахвочаныя разбурэннем ветрака, чалавечыя iстоты выдумлялi новую хлусню пра Ферму Жывёлаў. Зноў пайшлi чуткi, што ўсе на ферме памiраюць з голаду i хваробаў, што яны няспынна варагуюць памiж сабою i дайшлi нават да канiбалiзму i дзетазабойства. Напалеон добра ўсведамляў, якiя былi б вынiкi, калi б за агароджаю фермы даведалiся пра сапраўднае становiшча з ежай, i ён вырашыў скарыстаць мiстэра Ўiмпэра, каб пашырыць звесткi адваротнага зместу. З гэтага часу жывёлы не павiнны былi мець нiякiх кантактаў з Уiмпэрам пад час ягоных штотыднёвых вiзiтаў, тым часам некалькi адмыслова вылучаных жывёлiн, у большасцi авечак, падвучылi казаць, нiбы мiмаходзь, у ягонай прысутнасцi, што нормы былi павышаныя. Да таго ж Напалеон загадаў напоўнiць амаль пустыя засекi ў свiрне да краёў пяском, а зверху прысыпаць рэшткамi збожжа i мукi. Прыдумаўшы нейкую патрэбу, Уiмпэра завялi ў свiран i дазволiлi яму зазiрнуць у засекi. Гэтак яго ўвялi ў зман, i ён надалей паведамляў знешняму свету, што Ферма Жывёлаў не мае нястачы ў харчах.

I, аднак, пад канец студзеня сталася вiдавочным, што трэба будзе аднекуль браць збожжа. Гэтымi днямi Напалеон рэдка паказваўся публiчна i ўвесь час праводзiў у сядзiбе, усе дзверы ў якой ахоўвалiся страхотнымi сабакамi. Калi ж ён i выходзiў на свет, дык вельмi ўрачыста, у атачэннi шасцi сабакаў, якiя шчыльна абступалi яго i вурчалi, калi нехта падыходзiў. Часта ён не паказваўся нават нядзельнымi ранiцамi, а пераказваў свае загады праз iншых свiнняў, звычайна праз Вiскуна.

Аднойчы нядзельнай ранiцай Вiскун абвясцiў, што куры, знёсшыся, адразу мусяць здаваць свае яйкi. Напалеон заключыў праз Уiмпэра кантракт на чатырыста яек у тыдзень. За атрыманыя грошы можна было б набыць дастаткова збожжа i мукi, каб пражыць да лета, калi жыццёвыя ўмовы будуць лягчэйшыя.

Калi куры пачулi гэта, яны ўзнялi страшны лямант. Iх i раней папярэджвалi, што iм, магчыма, давядзецца пайсцi на такую ахвяру, але яны не верылi, што гэтак сапраўды будзе. Яны якраз падрыхтавалiся да вясновага выседжвання i скардзiлiся, што забраць цяпер яйкi было б забойствам. Упершыню з часоў выгнання Джоўнза наспявала нешта падобнае на бунт. Узначаленыя трыма маладымi чорнымi мiноркамi, куры зрабiлi рашучую спробу сарваць Напалеонавы планы. Яны вырашылi заляцець на кроквы i несцi яйкi там, адкуль яны падалi i разбiвалiся аб падлогу. Напалеон дзейнiчаў хутка i бязлiтасна. Ён загадаў не выдаваць курам харчу i папярэдзiў, што любая жывёлiна, якая дасць курам хоць адно зернейка, будзе пакарана смерцю. Сабакi пiльна сачылi за выкананнем гэтага загаду. Куры трывалi пяць дзён, пасля здалiся i вярнулiся ў свае гнёзды. Тым часам дзевяць курэй памерла. Iх целы пахавалi ў садку, i было абвешчана, што яны памерлi ад какцыдыёзу. Уiмпэр пра гэтую справу нiчога не чуў, i яйкi дастаўлялiся бесперапынна, раз на тыдзень да фермы пад'язджаў фургон бакалейшчыка i завозiў iх у мястэчка.

Увесь гэты час Сняжка так нiхто i не бачыў. Хадзiлi чуткi, што ён хаваўся на адной з суседнiх фермаў, у Фоксвудзе або ў Пiнчфiлдзе. Да гэтага часу дачыненнi Напалеона з iншымi фермерамi крыху палепшалi. Неяк на панадворку знайшлi цэлы штабель драўнiны, складзенае там яшчэ дзесяць гадоў таму, калi вычышчалi букавы гай. Дрэва было сухое, i Ўiмпэр параiў Напалеону прадаць яго; мiстэр Пiлкiнгтан i мiстэр Фрэдэрык былi гатовыя яго купiць. Напалеон вагаўся перад выбарам пакупнiка, не могучы прыняць канчатковае рашэнне. Цiкава адзначыць, што, калi ён схiляўся да пагаднення з Фрэдэрыкам, абвяшчалася, што Сняжок хаваецца ў Фоксвудзе, калi ж ён думаў спынiць выбар на Пiлкiнгтане, казалi, што Сняжок сядзiць у Пiнчфiлдзе.

Аднойчы ранняй вясною нечакана выявiўся трывожны факт. Сняжок начамi патаемна прыходзiў на ферму. Жывёлы былi так усхваляваныя, што не маглi спаць у сваiх стойлах. Казалi, што кожнае ночы ён прабiраецца на ферму пад покрывам цемры i чынiць розную шкоду. Ён краў збожжа, перакульваў даёнкi, бiў яйкi, таптаў грады, абгрызаў кару на садовых дрэвах. Як толькi на ферме што-небудзь не ладзiлася, сталася звычаем прыпiсваць вiну Сняжку. Калi разбiвалася шыбiна або забiвалiся вадасцёкi, нехта абавязкова казаў, што ўначы прыйшоў Сняжок i зрабiў гэта, а калi згубiлiся ключы ад свiрна, уся ферма была ўпэўненая, што Сняжок закiнуў iх у калодзеж. Дзiўна, што яны верылi ў гэта нават тады, калi ключы знайшлiся пад мехам з мукою. Каровы ў адзiн голас заяўлялi, што Сняжок пракраўся ў iх стойлы i даiў iх, пакуль яны спалi. Казалi таксама, што пацукi, якiя прыносiлi нямала клопату гэтай зiмою, былi ў хаўрусе з Сняжком.

Напалеон заявiў, што неабходна правесцi поўнае расследаванне Сняжковае дзейнасцi. Выйшаўшы ў суправаджэннi сабакаў, ён уважлiва агледзеў усе гаспадарчыя будынкi, а ўсе астатнiя жывёлы сачылi за iмi на паважнай адлегласцi. Праз кожныя некалькi крокаў Напалеон спыняўся i нюхаў зямлю, шукаючы Сняжковых слядоў, якiя, як ён казаў, ён мог вызначыць па паху. Ён прынюхваўся ў кожным кутку, у гумне, у хляве, у курнiках, у гародзе, i знаходзiў Сняжковы сляды амаль усюды. Ён прыкладаў лыч да зямлi, колькi разоў глыбока ўдыхаў паветра i крычаў страшным голасам: "Сняжок! Ён быў тут! Я добра яго чую!", i, пачуўшы слова "Сняжок", сабакi гыркалi так, што кроў застывала ў жылах, i шчэрылi iклы.

Жывёлы былi не на жарт напалоханыя. Iм здавалася, што Сняжок напоўнiў паветра вакол iх сваiмi нябачнымi ўплывамi i пагражаў iм рознымi няшчасцямi. Увечары Вiскун склiкаў усiх разам i з трывогаю на твары сказаў, што мае паведамiць важную навiну.

- Таварышы! - закрычаў Вiскун, нервова падскокваючы. - Выявiлася найстрашнейшая рэч. Сняжок запрадаўся Фрэдэрыку з фермы Пiнчфiлд, якi збiраецца напасцi на нас i забраць у нас нашу ферму! Сняжок мае быць яму за праваднiка, калi пачнецца наступ. Але ёсць i страшнейшая навiна. Мы думалi, што Сняжок узняўся на бунт толькi праз сваю фанабэрыю i ганарлiвасць. Але мы памылялiся, таварышы. Ведаеце, якая была сапраўдная прычына яго бунту? Сняжок быў у хаўрусе з Джоўнзам ад самага пачатку! Увесь гэты час ён быў сакрэтным агентам Джоўнза. Усё гэта выявiлася з дакументаў, якiя засталiся пасля яго i якiя мы знайшлi толькi цяпер. На маю думку, гэтым шмат што тлумачыцца, таварышы. Цi ж мы самi не бачылi, як ён спрабаваў - на шчасце, без поспеху разбiць i знiшчыць нас у Бiтве пры Хляве?

Жывёлы былi агаломшаныя. Гэта было злачынства, якое зламыснасцю сваёй шмат перавышала разбурэнне ветрака! Але прайшло колькi хвiлiн, перш чым яны здолелi цалкам асэнсаваць гэта. Усе яны памяталi або думалi, што памятаюць, як яны бачылi Сняжка на чале жывёлаў у Бiтве пры Хляве, як ён iх падтрымлiваў i падбадаёрваў, як ён не даваў сабе перадыху нi на хвiлiну, нават калi шрацiны з Джоўнзавай стрэльбы паранiлi яму спiну. Спачатку было няпроста зразумець, як усё гэта стасавалася да паведамлення, што ён змагаўся на баку Джоўнза. Нават Баксёр, якi рэдка задаваў пытаннi, быў збiты з панталыку. Ён лёг, падклаў пад сябе пярэднiя ногi, заплюшчыў вочы i цяжкiм намаганнем паспрабаваў спарадкаваць свае думкi.

- Я не веру гэтаму, - сказаў ён. - Сняжок мужна змагаўся ў Бiтве пры Хляве. Я сам яго бачыў. Цi ж не ўзнагародзiлi мы яго адразу пасля бiтвы медалём "Жывёла-Герой" першага класа?

- Гэта была наша памылка, таварышы. Бо цяпер мы ведаем - усё гэта напiсана ў сакрэтных дакументах, якiя мы знайшлi, - што ў сапраўднасцi ён хацеў завабiць нас на загубу.

- Але ён быў паранены, - сказаў Баксёр. - Мы ўсе бачылi, як цякла кроў.

- Пра гэта было загадзя дамоўлена! - закрычаў Вiскун. - Джоўнзаў стрэл толькi трошкi яго зачапiў. Я мог бы паказаць табе адпаведную мясцiну ягоных запiсаў, калi б ты ўмеў чытаць. Задума была ў тым, што Сняжок у сама крытычны момант дасць сiгнал да ўцёкаў i адступiць перад ворагам. I яму гэта амаль удалося - я скажу нават, таварышы, што яму гэта ўдалося б, калi б не наш бясстрашны Правадыр, таварыш Напалеон. Памятаеце, як у той самы момант, калi Джоўнз i яго людзi ўбеглi на наш двор, Сняжок раптам павярнуўся i пачаў уцякаць, i большасць жывёлаў кiнулася за iм? А памятаеце, што якраз у той самы момант, калi ўсiх ахапiла панiка i ўсё здавалася загубленым, таварыш Напалеон выскачыў наперад з воклiчам "Смерць чалавецтву!" i ўкусiў Джоўнза за нагу? Вы ж памятаеце гэта, таварышы? - закрычаў Вiскун, падскокваючы на месцы.


Дата добавления: 2015-08-28; просмотров: 54 | Нарушение авторских прав







mybiblioteka.su - 2015-2024 год. (0.015 сек.)







<== предыдущая лекция | следующая лекция ==>