Студопедия
Случайная страница | ТОМ-1 | ТОМ-2 | ТОМ-3
АрхитектураБиологияГеографияДругоеИностранные языки
ИнформатикаИсторияКультураЛитератураМатематика
МедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогика
ПолитикаПравоПрограммированиеПсихологияРелигия
СоциологияСпортСтроительствоФизикаФилософия
ФинансыХимияЭкологияЭкономикаЭлектроника

У якім часе Полацкае княства дасягнула найбольшае велічы? История Беларуси в вопросах и ответах.



У якім часе Полацкае княства дасягнула найбольшае велічы? История Беларуси в вопросах и ответах.

[ Все 150 вопросов (оглавление) ] - [ Персоналии ]

 

Часам найвышэйшага ўздыму Полацкага княства сталася ХІ стагоддзе, калі на чале дзяржавы быў князь Усяслаў Чарадзей (валадарыў з 1044 да 1101 года). Трывалы падмурак гэтага росквіту быў закладзены ягоным бацькам - Брачыславам, які перадаў у спадчыну сыну моцную дзяржаву, што здолела выстаяць у нялёгкім змаганні з Кіевам. Шмат высілкаў паклаў Усяслаў, каб уладкаваць сваю Бацькаўшчыну. Імпэту князя дзівіліся сучаснікі і нашчадкі. У сваёй сталіцы - Полацку ён пабудаваў новы магутны замак, велічны Сафійскі сабор. У часе княжання Ўсяслава квітнелі рамёствы і гандаль.

 

Полацкае княства было марской дзяржавай: пад яго кантролем знаходзіліся землі ўздоўж усёй Дзвіны да Варажскага (Балтыйскага) мора. Тут паўсталі гарады Герсіка і Кукенойс (зараз на тэрыторыі Латвіі) - фарпосты Полацка на шляху да Балтыкі. Полацкая дзяржава была адным з вялікіх і магутных гаспадарстваў ранне-сярэднявечнай Эўропы побач з Польскім каралеўствам, Скандынаўскімі і Ноўгарадскім княствамі.

 

Усяслава як удалага і таленавітага ваяра паважалі і баяліся суседзі. У славутай рыцарскай песні «Слова пра паход Ігараў» пра яго сказана: «Усяслаў-князь людзям чыніў суды, радзіў князям гарады, а сам уначы ваўком рыскаў, з Кіева паспяваў да пеўняў да Тмутараканя, Хорсу вялікаму шлях перацінаў». Нейкі час Усяслаў з волі простых людзей быў нават кіеўскім князем. Але неўзабаве пакінуў гэты пасад, каб вярнуцца ў Полацак.

 

Народ лічыў Чарадзея за ваўкалака-пярэваратня. Не толькі таму, што той дзіўным чынам мог схавацца ад ворага і нечакана напасці на яго (як, напрыклад, на Нямізе пад Менскам 3 сакавіка 1067 года), але і таму, што прыязна ставіўся да паганства-язычніцтва. Усяслаў будаваў хрысціянскія бажніцы, але не вынішчаў і паганскіх. Князь шукаў згоду ў веравызнаннях, а праз іх - адзінства народа і дзяржавы. Шматлікія ваенныя паходы Чарадзея на Ноўгарад, Пскоў, Смаленск і г.д. займаюць усяго 18 гадоў з яго амаль 72-гадовага жыцця. Ён прысвяціў сябе не разбурэнню, а стварэнню - умацаванню першай беларускай дзяржавы.

 

Праз смуту стагоддзяў, з пажаўцелых старонак летапiсаў паўстаюць перад намi велiчныя постацi сыноў i дачок беларускага народа, якiя пакiнулi важкi след у яго гiсторыi i культуры. Сваiмi справамi ўславiлi яны наш родны край, назаўсёды стаўшы людзьмi-легендамi. Гэта былi дзяржаўныя i культурныя дзеячы Беларусi Рагвалод, Рагнеда, Усяслаў Чарадзей, Ефрасiння Полацкая, Кiрыла Тураўскi i яшчэ шмат i шмат выдатных асоб. Аб iхнiм жыццi i справах на карысць Бацькаўшчыны мы даведваемся са старонак летапiсаў. Так, з "Аповесцi мiнулых гадоў" i "Полацкага летапiсу" вядома, што князем першай беларускай дзяржавы быў Рагвалод. Полацкае княства было тады даволi магутнай дзяржавай, i з ёй хацелi мець ваенны i палiтычны саюз многiя суседзi. Жыццё нашых продкаў часта праходзiла ў братазабойчых войнах з суседзямi. Аб адным з такiх эпiзодаў нашай гiсторыi расказваецца ў "Аповесцi мiнулых гадоў". Да дачкi Рагвалода Рагнеды прыслаў сваiх сватоў кiеўскi князь Уладзiмiр, аднак гордая палачанка адмовiла яму. Тады разгневаны Уладзiмiр пасылае на Полацк войска. У вынiку горад быў зруйнаваны, Рагвалод забiты, а сама Рагнеда трапiла ў палон i была вывезена ў Кiеў пад прымусам. Яна робiць замах на жыццё князя, аднак пасля няўдалае спробы была выслана пад Менск разам з сынам Iзяславам. Такой мужнай, незалежнай, гордай жанчынай была родапачальнiца ўсiх полацкiх князёў. У сярэдзiне XI ст. у Полацку княжыў унук Рагнеды Усяслаў Чарадзей. Менавiта пры iм беларуская дзяржава зазнала найвышэйшы росквiт, уздым. Дастаткова прыгадаць, што ў яго княжанне быў пабудаваны велiчны Сафiйскi сабор. У "Слове пра паход Iгараў" Усяслаў характарызуецца як чараўнiк, шчыры i працавiты князь, чалавек непакорнага духу i вялiкага розуму. Прыпiсваюцца яму i незвычайныя здольнасцi да чарадзейства. Гордай пераемнiцай добрых спраў i ўчынкаў сваiх папярэднiкаў была ўнучка Усяслава Чарадзея славутая палачанка Ефрасiння Полацкая, якая заслужыла добрую памяць i ўшанаванне за сваю ахвярнасць i самаадданасць народу. Па яе заказе дойлiд Iван пабудаваў сусветна вядомую царкву Спаса ў Полацку, а ювелiр Лазар Богша зрабiў славуты крыж - неацэнны помнiк, шэдэўр старажытнабеларускага мастацтва. Ефрасiння Полацкая пашырала пiсьмовае слова, уздымала свой голас супраць княжацкiх усобiц, братазабойчых войнаў. Яна стала адной з першых кананiзаваных жанчын на ўсходнiх землях, нябеснаю заступнiцай не толькi Полацка, але i ўсёй беларускай зямлi. Але не ў адным Полацку жылi тыя, хто складаё сёння гонар нашай нацыi. У сталiцы Тураўскага княства жыў славуты пiсьменнiк, мастак, прапаведнiк, царкоўны дзеяч Кiрыла Тураўскi, якога нашы продкi называлi Златавустам. Творы К. Тураўскага, у якiх уздымалiся праблемы духоўнай дасканаласцi суайчыннiкаў, пытаннi грамадска-палiтычнага жыцця, склалi залаты фонд старажытнай лiтаратуры. Яны на працягу многiх стагоддзяў карысталiся вялiкай папулярнасцю, памнажалiся i разыходзiлiся ў сотнях рукапiсных спiсаў. Гаворку на гэтую тэму можна працягваць бясконца. Можна прыгадаць сотнi i тысячы iмёнаў тых, хто паклаў "души своя" на алтар Айчыны. Але ўсiх iх аб'ядноўвае адно: дзяржаўныя i культурныя дзеячы мiнулага былi высакароднымi, моцнымi духам, смелымi i адважнымi людзьмi. Яны са зброяй у руках баранiлi ад ворагаў сваю Айчыну, гiнулi ў сечах за вольнасць Бацькаўшчыны, выдавалi кнiгi, будавалi храмы, зберагалi i ўзбагачалi нашу спадчыну. Яны былi дзецьмi свайго часу, пачаткам нашай гiсторыi. Mы павiнны помнiць пра iх, бо ў гэтых каранях i вытоках - наша сучаснасць i будучыня.



 

 

ДЫПЛАМАТЫЯ УСЯСЛАВА ПОЛАЦКАГА I ЯГО НАШЧАДКАУ

 

КНЯЖАННЕ УСЯСЛАВА ПОЛАЦКАГА (1044-1101 ГГ.)

 

На асобе Рагвалодавага прапраўнука Усяслава сканцэнтравалася шмат легендарных і летапісных вестак. Ён шчыра працаваў на карысць Полацка, баронячы край ад націску суседзяў і нападаючы на суседнія, асабліва Кіеўскія, тэрыторыі. Не ведаў ён, што такое вольны час і адпачынак. Сучаснікі не маглі яго зразумець і не маглі згадзіцца з тым, што гэта звычайны чалавек, як усе. Народ быў перакананы ў тым, што Усяслаў меў у сабе надзвычайную сілу, што ён чараўнік. Існавала паданне, што ён нарадзіўся ад чарадзейства і меў на галаве асаблівы радзімы знак, ад якога і залежала ўся яго цудоўная надзвычайная сіла. Каб не кідаўся людзям у вочы гэты знак, князь-чарадзей заўжды насіў на галаве павязку. Сваім розумам, сваім непакорным, бурным духам князь-чараўнік надоўга застаўся ў народнай памяці.

 

Пакуль яшчэ жыў Яраслаў Мудры, Усяслаў быў у згодзе з паўднёвымі князямі. Пасля смерці Яраслава (1054 г.) ў валасцях Кіеўшчыны сталі княжыць яго сыны. На кіеўскі пасад сеў найстарэйшы сын Ізяслаў з тытулам вялікага князя, на чарнігаўскі – Святаслаў, на пераяслаўскі – Усевалад. У першыя часы і з імі Усяслаў жыў згодна, нават быў супольнікам у некаторьіх справах паўднёвых князёў.

 

Аднак на поўдні ў гэты час замест разбітых печанегаў пагрозай для Кіеўшчыны сталі полаўцы. Пачалося зноў з гэтага часу змаганне Полаччыны і Кіеўшчыны, якое працягвалася аж да смерці Усяслава. Вучоныя мяркуюць, што прычынай змагання быў Ноўгарад, які у той час залежаў да Кіева. У 1067-м годзе Усяслаў "вонзі стрекала і отворі врата Новуграду". Узяўшы ў Ноўгарадзе шмат здабычы, вярнуўся Усяслаў у Полацак. Даведаўшыся аб гэтым, паўднёвыя князі – Ізяслаў Кіеўскі, Святаслаў Чарнігаўскі і Усевалад Пераяслаўскі згадзіліся паміж сабою адпомсціць Полаччыне. Яньі сабралі вялікую ўзброеную сілу і пашлі паходам на Менск, які ў той час быў адным з багацейшых прыгарадаў Полацку. Нягледзячы на абарону, мужчыны былі пагалоўна перабіты, а жанчыны і дзеці былі раздадзены як здабыча дружыннікам кіеўскіх князёў. Неўзабаве войска кіеўскіх князёў рушыла далей па рэчцы Нямізе і тут сустрэлася з войскам Усяслававым. Маленькая рэчка 3-га сакавіка 1067 году стала сведкам страшэннай бітвы. Пясняр "Слова аб Ігаравым палку" казаў пра гэта наступным чынам: "На Немізе снопы стелют головамі, молотят цепамі булатнымі, на току жізнь кладут, веют душу от тела. Немігі кровавы брегі не жітом былі посеяны а костьмі сынов русскіх". Войска Усяслава было разбіта. Але не малыя былі страты і кіеўскіх Яраславічаў. У выніку праз нейкі час паўднёвыя князі зазвалі да сябе Усяслава, каб зрабіць з ім згоду. Усяслаў з двума сынамі і невялікаю дружынаю прыйшоў да іх, але князі схапілі яго і сыноў, закавалі ў моцныя кайданы і адвезлі ў палон у Кіеў.

 

Нядоўга быў чарадзей-князь у парубе. На другі год палону Усяслава кіеўскі князь Ізяслаў павінен быў спешна ісці паходам на полаўцаў, якія пачалі руйнаваць паўднёвыя землі Кіеўскай Русі. Полаўцы разбілі войскі князя, і абураныя кіеўляне сталі супраць свайго князя, прагналі яго, вызвалілі князя-чарадзея і запрасілі яго на кіеўскі пасад замест Ізяслава, парушыўшы, такім чынам, традыцыю замяшчэння кіеўскага пасаду Яраславічамі. На гэтым пасадзе быў Усяслаў сем месяцаў. Ён не лічыў сваё становішча моцным, бо не меў тут такой сувязі з масамі, якую меў на бацькаўшчыне.

 

Прагнаны з кіеўскага пасаду Ізяслаў звярнуўся за дапамогаю да польскага караля Баляслава. Апошні з польскімі войскамі з'явіўся ў Кіеўшчыне, каб пасадзіць Ізяслава на пасаду. Кіеўскае войска выйшла насустрач і стала пад Белгарадам. Але, не жадаючы пачынаць справу, якая магла і не мець карысці, Усяслаў кінуў войска і ўначы ўцёк у далёкую Полаччыну, дзе яго чакала падтрымка.

 

Ізноў пайшло змаганне паміж Полаччынаю і Кіеўшчынаю, паміж Рагвалодавымі ўнукамі, Ізяславічамі і Уладзімеравым племем –Яраславічамі. Сярод апошніх быў і Уладзімір Манамах, сын Усевалада Пераяслаўскага. Многа разоў пад яго кіраўніцтвам злучаліся паўднёвыя князі, каб руйнаваць Полацкую тэрыторыю, каб палоннікамі, узятымі з яе абшараў, запаўняць паўднёвыя рынкі. Два разы ўдавалася Яраславічам прагнаць Усяслава з полацкага пасаду, але ён зноў і зноў вяртаўся ў Полаччыну, бо яго падтрымлівалі палачане.

 

Апошні паход на полацкую зямлю адбыўся ў 1084 г. Уладзімір Манамах сабраў вялізнае войска і павёў яго на поўнач. Мінск быў зруйнаваны дашчэнту. Гэтым паходам, здаецца, і скончылася барацьба Усяслава з Яраславічамі. Полацкі князь быў ужо вельмі стары і пасля 57 год княжання ён памёр. Пад 1101 годам у летапісе запісана: "Преставіся Всеслав Полотьскій князь, месяца апріля в 14 день, в 9 час дне, в среду".

 

ПОЛАЦКАЯ ЗЯМЛЯ ПАСЛЯ УСЯСЛАВА

 

Пасля смерці чарадзея-князя залежныя ад Полацку гарады вялі няспыннае змаганне з галоўным горадам, а таксама і між сабою. На чале варожых гарадоў становяцца асобныя князі Рагваложага роду і вядуць змаганне як адзін з другім, так і ўсе разам з старэйшым полацкім князем. Адначасова з гэтай барацьбой меў месца працяг змагання Полацкай зямлі з Кіевам. І зноў Уладзімір Манамах зрабіў некалькі паходаў на Полацкую зямлю. Ён зруйнаваў Менск, Друцк, Оршу і Капыль.

 

У 1127 годзе кіеўскія князі зрабілі хаўрусны паход і зруйнавалі такія гарады, як Полацк, Лагойск і Ізяслаў. Урэшце кіеўскі князь Мсціслаў у 1129 годзе выгнаў з Полацку і іншых гарадоў Ізяславічаў і іх падручных князёў, а на іх месца пасадзіў сваіх сыноў і родзічаў. Гарады і вёскі пусцелі; палі, кінутыя працоўнаю рукою, зарасталі лясамі; прыгнечаныя і аграбленыя насельнікі забіраліся ў няволю. Нявольнічы гандаль пашырыўся.

 

У 1132 годзе, як кажа летапіс, разгарэлася народная помста. Паднялося паўстанне, якое ахапіла вялікія народныя масы. Народ выгнаў прышлых князёў і іх мясцовых прыхільнікаў. Выкліканыя народным рухам і вечам, вярнуліся Ізяславічы на Полацкую Русь. У 1132-1180 гг. зноў кіравалі Полацкай зямлёй Рагвалодавы ўнукі, сярод якіх трэба адзначыць унука Усяслава Васілька Рагвалодавіча і яго сына – Усяслава Васількавіча. Прыпыніліся паходы з Кіеўшчыны, таму што ўсе яе сілы былі сканцэнтраваны на поўдні. Шмат хто з насельніцтва Кіеўскай зямлі бег на поўнач з-за неспакойнай сітуацыі ў краі. А тым часам расла і ўзмацнялася Растова-Суздальская тэрыторыя Русі, якая дагэтуль не мела вялікага значэння. Усе сілы гэтай тэрыторыі ідуць на яе развіццё, і ёй зараз не да Полаччыны. Усё гэта давала магчымасць спакойна існаваць і адпачываць ад таго цяжкага жыцця, якое выпала на долю Полацкага княства ў першай трэці XII стагоддзя.

 

Пасля смерці Усяслава Васількавіча (які быў вельмі паважаны насельніцтвам за розум, справядлівасць і дабрату) ў 1180 годзе, веча, перакананае ў тым, што другога такога князя немагчыма знайсці, ухваліла ў Полацку рэспубліку. Замест князя абралі 30 старшын, якія і кіравалі рэспублікай да 1190 году.

 

Аднак немагчыма згадзіцца з тым, што рэспубліка ў Полацку ўтварылася толькі з-за таго, што веча не знайшло дастойнага кандыдата на месца князя. Трэба, такім чынам, шукаць больш грунтоўныя прычыны для такой падзеі, як змена формы кіравання. Цалкам верагодна, што, скарыстаўшы смерць князя-абаронцы інтарэсаў простых людзей, багацейшыя баяры павярнулі веча ў свой бок, скасавалі княжацкую ўладу і захапілі ў свае рукі палітычную ўладу, паклаўшы пачатак арыстакратычнай рэспублікі. Народ не быў задаволены такой рэспублікай, бо яна не давала яму месца ў справах гаспадарства. Заможныя арыстократы, злучыўшы з эканамічнай уладай уладу палітычную і не маючы пагрозы сабе з боку князя, рабілі, што хацелі, а хацелі, што было карысна ім. Абурэнне народу ў 1190 годзе скасавала гэтую рэспубліку, якая праіснавала толькі 9 год.

 

ЛІТАРАТУРА

 

 

Ігнатоўскі У.М. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. -Мн, Беларусь, 1992 г.

 

Абецэдарская А.Л., Брыгадзін П.І., Жылуновіч Л.А. Гісторыя Беларусі. Пад рэд. Каханоўскага А.Г. -- Мн, Экаперспектыва, 1996 г.

 

Касцюк М.П., Ісаенка І.Ф., Штыхаў Г.В. Нарысы гісторыі Беларусі. -- Мн, Беларусь, 1994 г.

 

 

Пачатак палітычнаму адраджэнню Полацкага княства на мяжы X-XI стст. паклаў князь Ізяслаў (Уладзіміравіч), высланы на радзіму разам са сваёй маці Рагнедай пасля яе няўдалага замаху на жыццё Уладзіміра. Разам з Ізяславам узнаўляўся род полацкіх князёў, якія нязменна называлі сябе Рагвалодавічамі (пазней Усяславічамі), а не Рурыкавічамі, як астатнія рускія князі. Ізяслаў спрыяў распаўсюджванню тут хрысціянства.

 

Другая палова XI ст. звязана з імем буйнейшага ўсходнееўрапейскага палітычнага дзеяча князя Усяслава (1044-1101). Ужо ў сучаснікаў гэта незвычайная асоба Рагвалодава нашчадка з яго палітычным розумам, хітрасцю, невычэрпнай энергіяй, з яго жыццём, поўным рашучых учынкаў, бліскучых узлётаў і трагічных падзенняў, выклікала здзіўленне, здавалася загадкавай. Усе летапісныя паданні звязваюць яго жыццё і дзейнасць з нейкімі дзівосамі. Тайна ахінае ўжо яго прыход у свет. "Его же роди мати от волхования", - піша "Аповесць мінулых гадоў". Яшчэ пры жыцці князь стаў чалавекам-легендай, а пасля смерці - героем розных паданняў, гістарычных песень і былін.

 

 

З пачатку 60-х гадоў XI ст. Усяслаў выходзіць на ўсходнееўрапейскую арэну: падтрымаў Кіеў у барацьбе з качэўнікамі; падкрэсліў дзяржаўную асобнасць Полацка і засведчыў свету яго роўнасць з Кіевам і Ноўгарадам узвядзеннем Сафійскага сабора. Выкарыстаўшы спрыяльныя палітычныя абставіны: пачатак распаду старажытнай Русі, міжусобную барацьбу, якой былі адцягнуты сілы Кіева, - "поча Всеслав рать держать". У 1065 г. ён са сваёй дружынай напаў на Пскоў, але ўзяць не змог. У 1066 г. полацкая дружына рушыла на Ноўгарад, разрабавала яго, спаліла частку горада, захапіла палонных. У знак падначалення Ноўгарада паздымалі званы з Сафійскага сабора і прывезлі ў Полацк - тут жа свая Сафія...

 

Абураныя такімі паводзінамі Яраславічы - сыны Яраслава Мудрага: Ізяслаў Кіеўскі, Святаслаў Чарнігаўскі і Усевалад Пераяслаўскі - вырашылі ўціхамірыць полацкага князя. Аб'яднанае войска падышло да Менска. "Меняне затворишася в граде", аднак выстаяць супраць злучаных сіл паўднёвай Русі не змаглі. Расправа з імі была выключна жорсткая: усе мужчыны былі перабіты, а жанчыны і дзеці ўзяты ў палон. Менск ляжаў у руінах. Менавіта ў сувязі з такімі драматычнымі падзеямі 1067 г. упершыню згадваецца ў летапісах наша цяперашняя сталіца. Яраславічы захапілі Менск, рушылі на Нямігу. Полацкая дружына выступіла насустрач ім. З сакавіка 1067 г. тут адбылася адна з самых крывавых бітваў у нашай старажытнасці: "Бысть сеча зла и мнози падоша", берагі Нямігі былі "засеяны касцьмі рускіх сыноў". Палачане былі разбіты, але Яраславічы адступілі да Оршы, куды запрасілі Усяслава на перамовы. Калі ж той з'явіўся, вераломна схапілі яго і адвезлі ў Кіеў, пасадзілі "ў поруб" - цямніцу, дзе ён прасядзеў 14 месяцаў. Аднак паўстаўшымі 15 верасня 1068 г. кіяўлянамі з вязняў Усяслаў быў раптоўна "ўзнесены" ў вялікія князі.

 

7 месяцаў ён поўнаўладна кіраваў Кіеўскай дзяржавай. У наступным 1069 г. выгнаннік - вялікі князь Ізяслаў пры падтрымцы войска польскага караля Баляслава рушыў на Кіеў адстойваць "справядлівасць". Насустрач выйшла кіеўская дружына з Усяславам на чале. Развязка была нечаканай: напярэдадні бітвы Усяслаў кінуў войска і вярнуўся ў Полацк.

 

Эпоха Усяслава была часам найбольшай магутнасці Полацкай зямлі. З яго смерцю княства падпала пад працэс феадальнага драблення, нібы ў мініяцюры паўтарыла лёс старажытнай Русі. У самастойныя ўдзелы вылучыліся Менск, Віцебск, Друцк, Ізяслаўль і Лагожск, Лукомль. Полацк, які захаваў статус "стольнага" горада, падаўляў сепаратысцкія замашкі ўдзелаў. Аднак яго ўплыў слабеў. У XII ст. даволі хутка расла палітычная роля Менска, які стаў сапернікам Полацка ў аб'яднанні зямель. На пэўны час Менск стаў значным адміністрацыйна-палітычным, вайсковым і культурным цэнтрам Беларусі. Барацьба, якая ішла паміж удзеламі Полацкай зямлі, не была сепаратысцкай, нацэленай на поўную адасобленасць. Гэта была барацьба за дамінаванне ў княстве і выяўлялася яна ў дамаганні вялікакняжацкага прастола.

 

 

У XII ст. узмацняецца актыўнасць народных мас, знаці: на старонкі летапісаў усё часцей пападаюць "палачане", "дручане", "меняне" і інш., у батальных падзеях XII ст. фігуруе народнае апалчэнне - "воі". Бясконцыя міжусобіцы патрабавалі вялікіх сродкаў і падтрымкі з боку феадалаў. Таму князі станавіліся ўсё больш залежнымі ад баярства, якое стала адыгрываць вялікую ролю ў палітычным жыцці гарадоў.

 

Развіццё феадальных адносін, рост гарадоў, узмацненне ролі гарадской вярхушкі, актывізацыя мас разам з аслабленнем княжацкай улады абумовілі складванне новага палітычнага ладу, пры якім рэальная ўлада стала належаць сходу гараджан - веча. Летапісец запісаў, што палачане "сталі кіравацца вечам, як у Вялікім Ноўгарадзе і Пскове, гаспадара над сабой не мелі". Веча існавала ў Полацку і, відаць, у Менску, Друцку, Віцебску. Яго роля ў палітычным жыцці зямлі з канца 20-30-х гг. XII ст. узмацняецца. Баярска-купецкая вярхушка выкарыстоўвала вечавыя сходы ў сваіх інтарэсах. Князям даводзілася лічыцца з воляй уплывовых баяр і купцоў, якія валодалі значнымі матэрыяльнымі сродкамі (землямі, лясамі, дамамі, гандлёвымі суднамі і г.д.), а таксама вялікімі грашовымі сумамі.

 

Паўнапраўнымі ўдзельнікамі веча прызнаваліся толькі свабодныя людзі. На сход жыхароў збіраў вечавы звон на гарадской плошчы. Князь, ураднік ці найбольш паважаны стары чалавек рабіў кароткае паведамленне аб сутнасці справы, з-за якой склікана веча. Затым ішло яе абмеркаванне. На прапановы прамоўцаў веча адказвала гоманам. Галасоў не лічылі (гэта і нельга было зрабіць), на слых вырашалі, што ўхваляюць удзельнікі. Часта большасць затыкала рот кулаком ці шапкай меншасці, каб пазбавіць яе голасу і правесці такім чынам сваё рашэнне. (Ці не адсюль прымаўка: "Ты мне рот не затыкай!").

 

Веча абмяжоўвала ўладу князя, але не знішчала яе. Полацкі князь ажыццяўляў суд і ўнутранае кіраванне, раздаваў воласці сваім васалам, мог заключыць мір. Узаемаадносіны веча і князя трэба разглядаць як першыя крокі на шляху размежавання і падзелу ўладаў - заканадаўчай (веча) і выканаўчай (князя).

 

Важнай прэрагатывай веча быў кантроль за дзейнасцю свайго князя. Яно трымала князёў у моцнай залежнасці ад сябе. Веча запрашала князя, які прымаў умовы "рада" (пагаднення), выпрацаванага гараджанамі. Істотнай асаблівасцю выбарнасці кіраўніка ў Полацкай зямлі было тое, што гэты выбар абмяжоўваўся вузкім колам асоб з мясцовай дынастыі Рагвалодавічаў - Усяславічаў, што падкрэслівала адданасць свайму княжацкаму роду.

 

Полацкае веча не раз выганяла непажаданых князёў (1128,1132,1151,1159 гг.). У XII ст. род Усяслава разросся. Князёў стала больш, чым удзелаў, і яны пакорліва зносілі сваю залежнасць ад веча, якое мяняла аднаго князя на другога. Ад новаабранага гаспадара патрабавалася прысяга - "крыж цалаваць". Факт выгнання князёў і кантроль за іх дзейнасцю сведчыць пра слабасць княжацкай улады ў Полацку. Толькі ў адным выпадку князь карыстаўся прэрагатывай у поўную меру - у якасці военачальніка. Ён нёс перад гараджанамі ўсю адказнасць за поспехі і пралікі ў ваенных дзеяннях. Гэта была галоўная функцыя ўлады князя.

 

Веча ў Полацку вырашала і іншыя найбольш важныя пытанні дзяржаўнага жыцця: раскладка павіннасцей і падаткаў, міжнародныя справы. Яго рашэнні былі абавязковыя для ўдзелаў, што нагадвала рысы арыстакратычнай рэспублікі ў палітычным ладзе старабеларускай дзяржавы. У гэтым яе падабенства з палітычным ладам Ноўгарадскай зямлі.

 

Закладзеныя ў Х-ХІ стст. падмуркі самастойнасці Полацкай зямлі сталі перадумовай таго, што ў ХІІ ст. яна паспяхова адстойвала свае межы, у пачатку ХІІІ ст. стала на абарону ўсходнееўрапейскіх інтарэсаў, уступіла ў цяжкую башпре бу з мечаносцамі.

 

Крыжовы паход германскіх рыцараў і каталіцкага духавенства ў Прыбалтыку распачаўся ў 1201 г. калі была заснавана Рыга. Мечаносцы амаль знішчылі угра-фінскія плямёны ліваў, смяротная пагроза завісла пад жамойтамі, латыголай. Полацк, які кантраляваў вусце Дзвіны, быў вымушаны тут саступіць крыжакам, аднак межы свайго княства абараніў. Разам з Псковам і Ноўгарадам быў утвораны суцэльны антыкрыжацкі фронт і мечаносцы не змаглі перанесці сваю экспансію на славянскія землі. Кульмінацыяй гэтых падзей стала бітва на лёдзе Чудскага возера, дзе ў 1242 г. ноўгарадскі князь Аляксандр ушчэнт разбіў войска крыжакаў.

 


Дата добавления: 2015-08-29; просмотров: 51 | Нарушение авторских прав




<== предыдущая лекция | следующая лекция ==>
Н+ | от Лаврентьев Александр - Вторник 29 Май 2012, 10:23

mybiblioteka.su - 2015-2024 год. (0.023 сек.)