Студопедия
Случайная страница | ТОМ-1 | ТОМ-2 | ТОМ-3
АрхитектураБиологияГеографияДругоеИностранные языки
ИнформатикаИсторияКультураЛитератураМатематика
МедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогика
ПолитикаПравоПрограммированиеПсихологияРелигия
СоциологияСпортСтроительствоФизикаФилософия
ФинансыХимияЭкологияЭкономикаЭлектроника

Этнічныя працэсы

Читайте также:
  1. Этнічныя меншасці ў Беларусі. Фарміраванне этнічнага складу насельніцтва Беларусі (ХІV – XVII стст.).

Фарміраванне беларускага этнасу. Фарміраванне этнічнай тэрыторыі. Фарміраванне беларускага этнасу пачалося ў канцы XIII ст. і завяршылася ў асноўным у XVI ст. На працягу гэтага часу пераважна ў межах сучаснай Беларусі паступова складваліся і замацоўваліся эканамічныя, культурныя, моўныя і іншыя асаблівасці тагачаснага насельніцтва, якое склала беларускі этнас. У дадзены перыяд паступова фарміравалася і этнічная тэрыторыя беларусаў. (Этнічная тэрыторыя – землі, якія заселены і абжыты пэўным этнасам.) Знешнія абрысы этнічнай тэрыторыі беларусаў у асноўным сфарміраваліся ўжо ў XIV – XV стст. Этнічная мяжа паміж этнаграфічнымі Літвой і Беларуссю, якая ўсталявалася яшчэ да XIII ст. прыкладна па лініі Мерач – Трабы (на поўдзень ад Ашмян) – воз. Свір (наваколле Браслава), у наступныя тры стагоддзі амаль не змянілася. Хаця тут доўгі час захоўвалася даволі шырокая паласа зямель са змешаным насельніцтвам, дзе развівалася і беларускае, і літоўскае асадніцтва. Некаторыя невялікія раёны з беларускім насельніцтвам меліся на тэрыторыі Аўкштайціі, у тым ліку ў Троках і Вільні, а літоўскія – на землях Беларусі, напрыклад у Абольцах (Талачынскі раён) і інш. У поліэтнічнай сталіцы ВКЛ – Вільні, мяркуючы па картах XVI ст., з вызначэннем «рускага» квартала, беларусы складалі значную частку гараджан. Паўночная мяжа этнічнай тэрыторыі беларусаў – на поўнач ад Браслава, Азярышча, Няшчарды – амаль поўнасцю супадала з. дзяржаўнай граніцай ВКЛ з Лівонскім ордэнам, пскоўскімі і наўгародскімі землямі.

Пасля Крэўскай уніі 1385 г. у асноўным усталявалася заходняя мяжа Беларусі з Польшчай. Але тут таксама меўся вельмі спецыфічны рэгіён поліэтнічнага насельніцтва (беларусы, палякі, літоўцы, яцвягі, украінцы) – заходняе Падляшша, якое прымыкала да Гарадзенскай і Берасцейскай зямель. Дзяржаўныя граніцы Кароны і ВКЛ у Падляшшы не былі дакладна акрэслены да Люблінскай уніі 1569 г.

Паўднёвы рэгіён Беларусі – Палессе – быў геаграфічна размежаваны з Украінай па басейну ракі Прыпяць з яе паўднёвымі прытокамі.

Найбольш зменлівымі ў XIV – XVI стст. былі ўсходнія межы ВКЛ. Тут у перыяд максімальнага пашырэння ВКЛ у яго уваходзілі бранскія, смаленскія і некаторыя іншыя землі. Таму насельніцтва гэтых княстваў было часова ўцягнута у этнічныя працэсы, што адбываліся на тэрыторыі Беларусі.

Пэўны ўплыў на фарміраванне этнічнай тэрыторыі беларускага этнасу аказвалі каланізацыйныя працэсы, якія развіваліся стыхійна, а з XV ст. актыўна выкарыстоўваліся палітычнымі коламі ВКЛ, магнатамі. Працэс такога засялення з удзелам беларускага, украінскага, польскага, літоўскага насельніцтва адбываўся ў Занёманні, Падляшшы, Палессі і іншых прыгранічных рэгіёнах. У сярэдзіне XV ст. этнічныя беларускія землі ў складзе ВКЛ прыкладна ў тры разы пераўзыходзілі літоўскія.

Грамадска-палітычныя ўмовы. Важнейшай палітычнай умовай для фарміравання беларускага этнасу з’явілася знаходжанне зямель Беларусі ў складзе ВКЛ і ўдзел беларусаў у яго развіцці.

Спачатку, у канцы ХІІІ – XIV ст., значную ролю ў кансалідацыі беларускага этнасу адыграла пэўная самастойнасць (аўтаномія) у рамках ВКЛ Полацкага, Віцебскага і іншых княстваў на ўсходзе Беларусі, хаця ўваходжанне ў гэты час часткі беларускіх зямель на захад ад Менска ў склад Трокскага і Віленскага княстваў некалькі ўскладняла працэс фарміравання беларускага этнасу. 3 узмацненнем цэнтралізацыі ВКЛ у часы Вітаўта (пачатак XV ст.) гэтыя фактары страцілі сваё былое значэнне. Цяпер галоўным у дадзеным працэсе стала тое, што ВКЛ ператварылася ў адну э самых магутных дзяржаў Еўропы, якая магла за6яспечыць неабходныя ўмовы для развіцця ўсіх этнічных супольнасцей ВКЛ, у тым ліку і для беларускага этнасу. А дначасова ўдзел народаў ВКЛ у абароне Айчыны пазітыўна ўплываў на развіццё этнічных адносін.

У некаторых землях ВКЛ часам зараджаліся сепаратысцкія тэндэнцыі, звычайна абумоўленыя асобнымі інтарэсамі мясцовых феадалаў, асабліва тых, хто быў звязаны роднасцю з правячай дынастыяй. Але такія праявы сепаратызму мелі месца больш у пачатковы перыяд ВКЛ і ў далейшым з узмацненнем цэнтральнай улады сталі рэдкай з’явай. Акрамя гэтага, у асяроддзі прывілеяваных пластоў насельніцтва Беларусі з’явілася паступовая тэндэнцыя да саслоўнай кансалідацыі, незалежна ад этнічнага паходжання, веравызнання і культурных традыцый.

Сацыяльна-эканамічныя ўмовы. Галоўнай умовай існавання і жыццядзейнасці любога народа з’яўляецца яго здольнасць да ўзнаўлення матэрыяльных каштоўнасцей і самога народанасельніцтва, якое магчыма толькі пры прагрэсіўным развіцці гаспадаркі (эканомікі) і паступальным удасканаленні сацыяльных адносін у грамадстве. Менавіта прагрэс у сельскай гаспадарцы і рамястве ў беларускіх землях у XIV – XVI стст. стаў той эканамічнай асновай, на якой адбывалася фарміраванне беларускага этнасу.

У XIV – XVI стст. на тэрыторыі Беларусі назіралася паступовае разбурэнне натуральнага характару сельскай гаспадаркі. Яна ўсё больш уцягвалася ў таварна-грашовыя адносіны, паміж вёскай і горадам устанаўліваліся больш шырокія гандлёвыя сувязі. Вакол буйных гарадоў складваліся рынкі, на якіх адбываўся гандаль таварамі сельскай і рамеснай вытворчасці не толькі бліжэйшых, але і значна аддаленых раёнаў Беларусі. У XV – XVI стст. у Беларусі прыкметна пашырылася сетка сухапутных дарог, якія садзейнічалі паляпшэнню гандлёвых кантактаў паміж землямі Беларусі. У выніку на аснове грамадскага падзелу працы паміж горадам і вёскай, пашырэння цесных сувязей паміж імі, а таксама рознымі рэгіёнамі Беларусі паступова складваліся агульныя рысы гаспадарчаq дзейнасці беларускага насельніцтва.

Адначасова адбывалася складванне саслоўна-класавай структуры беларускага грамадства. Да сярэдзіны XVI ст. усе асноўныя класы і саслоўі (феадалы – шляхта, духавенства, гараджане – мяшчане, сялянства) беларускага этнасу дасягнулі узроўню сталага феадальнага грамадства. Правы шляхецкага саслоўя знайшлі афармленне ў Статутах ВКЛ 1529, 1566 і 1588 гг., мяшчан у магдэбургскіх граматах на самакіраванне гарадоў. 3 усталяваннем сістэмы прыгонніцтва ў XVI ст. канчаткова пераўтварылася ў саслоўе-клас беларускае сялянства.

Фарміраванне этнічнай самасвядомасці. Працэс фарміравання этнічнай самасвядомасці беларусаў быў складаным і больш доўеім па часе, чым складванне агульных тэрытарыяльных, эканамічных, культурнрд(рыс беларускага этнасу. Усведамленне сваёй адметнасці (адрознення) ад іншых усходнеславянскіх народаў у беларусаў расцягнулася на некалькі стагоддзяў.

Асноўнай саманазвай насельніцтва Беларусі ў XIII – XVIII стст. з’яўляўся тэрмін: “русін”, “ рускі люд”, “рускі народ”. «Бібліяй Рускай» назваў свае пражскія выданні Францыск Скарына, прызначаючы іх для ўсіх беларусаў. Творчыя здольнасці «русінаў», іх багатую духоўную і моўную спадчыну апяваў у сваіх творах Васіль Цяпінскі. Разам з тым для беларусаў у той час была характэрна і так званая мясцовая («зямляцкая») самасвядомасць («палачанін», «віцяблянін», «магілёвец» і г. д.).

Узнікае пытанне: чаму менавіта назва – «рускія» – так доўга заставалася асноўным эндаэтнонімам (саманазвай) беларусаў, як, дарэчы, і іншых усходнеславянскіх этнасаў. Гэта можна растлумачыць некалькімі прычынамі. Па-першае, уплывам папярэдняга дзяржаўна-палітычнага жыцця. насельніцтва Беларусі ў межах агульнай Русі і ўдзельных «рускіх» княстваў ў XI – XIII стст., па-другое, уплывам праваслаўнай, а пазней і уніяцкай цэркваў, якія ў той ці іншай ступені ўвасаблялі пераемнасць этнічных і царкоўна-рэлігійных традыцый; і па-трэцяе, у такой поліэтнічнай дзяржаве, як ВКЛ, саманазва – «рускія» – была вызначэннем адасобленасці і адметнасці беларусаў ад іншых народаў і этнічных груп ВКЛ, Рэчы Паспалітай, а з рускім і ўкраінскім этнасамі (з апошнім пасля 1569 г.) іх адасаблялі дзяржаўныя межы і тэрытарыяльная адлегласць. Асаблівасцю ў фарміраванні этнічнай самасвядомасці беларусаў было тое, што сялянства і значная частка мяшчанства, дробнай шляхты, духавенства больш моцна, чым феадальная знаць, трымалася сваіх каранёў у культуры, побыце, у сферы царкоўна-рэлігійных традыцый.

Нарэшце, самасвядомасць менавіта гэтай часткі насельніцтва Беларусі дазволіла захаваць беларускі этнас у часы цяжкіх выпрабаванняў другой паловы XVII – XVIII ст., калі ўзмацніўся працэс паланізацыі беларусаў.

У сучаснай гістарычнай літаратуры сустракаюцца меркаванні, што беларусы, асабліва заходніх раёнаў Беларусі, часам называлі сябе «ліцвінамі» ў этнічным сэнсе. Але здаецца, што «ліцвінамі» называліся менавіта літоўцы, а таксама рознае па этнічнаму складу насельніцтва “Літвы ўласнай”. Гэта значыць, найперш жыхары Трокскага і Віленскага ваяводстваў. Акрамя таго, вельмі часта сябе называлі «ліцвінамі» тыя, хто па розных прычынах знаходзіўся за мяжой (у сэнсе «жыхар Вялікага княства Літоўскага»). 3 другой паловы XVI ст. «ліцвінамі» нярэдка называлі ўсю шляхту Беларусі і Літвы, незалежна ад яе этнічнага паходжання. I зусім памылковым з’яўляецца сцвярджэнне, што быццам насельніцтва Беларусі пачало называць сябе «беларусамі» ледзве не з XIII – XIV стст. У сапраўднасці, толькі з XVI ст. у некаторых мясцовых крыніцах сустракаецца назва вельмі блізкая да сучаснай – «беларусцы». У XVII ст. дзякі маскоўскага пасольскага прыказа так называлі некаторых палонных ці збеглых жыхароў Полацкага, Мсціслаўскага, Аршанскага і іншых усходніх рэгіёнаў Беларусі. (Некалі ў рускіх дакументах можна сустрэць назву – «ліцвіны-беларусцы».) Такім чынам, можна сцвярджаць, што назва «беларусцы» мела тэрытарыяльны або канфесійны характар і да канца XVIII ст. не выціснула з народнага ўжытку старадаўняй (традыцыйнай) саманазвы беларусаў – «рускі люд».

Фарміраванне беларускага этнасу ў XIV – XVI стст. выявілася таксама ў складванні своеасаблівага характару, псіхічнага складу, ментальнасці беларусаў. (Ментальнасць – гэта характэрныя асаблівасці светаўспрымання і светаразумення, якія фарміруюцца гістарычна і залежаць ад складу розуму і спосабу мыслення.) У характары беларусаў праяўляліся як агульначалавечыя рысы (любоў да радзімы, сям’і, ушанаванне продкаў, прыроды і інш.), так і этнічныя асаблівасці (працавітасць, міралюбівасць, лагоднасць і інш.). Гэтыя рысы фарміраваліся пад уплывам прыроднага. наваколля, пад уздзеяннем эканамічных, палітычных, сацыяльных і рэлігійных асаблівасцей жыцця таго часу і выяўляліся ў паўсядзённых паводзінах і ўчынках, звычаях і абрадах, культуры і мове. Так, напрыклад, даследчыкі адзначаюць незвычайную ўстойлівасць у асяроддзі беларусаў старажытнай абрадавай міфалогіі, своеасаблівае змяшэнне, спалучэнне язычніцкіх уяўленняў з хрысціянствам. Відаць, менавіта адсюль зыходзяць гуманізм, цярпімасць, шчырая гасціннасць, і мкненне пазбегнуць жорсткіх разбуральных адносін у сваім асяроддзі і з іншымі асобамі, тонкасць пачуццяў беларусаў. Акрамя таго, частыя варожыя набегі, войны вучылі беларусаў цярплівасці, спачувальнасці да чужых бед. Напэўна невыпадкова ў беларускім фальклоры ў параўнанні з рускім ці ўкраінскім не атрымаў такога шырокага развіцця эпічны жанр, звязаны з войнамі і сутыкненнямі. Затое вялікае пашырэнне атрымалі балады з іх глыбокім лірызмам, вытанчанасцю мастацкай формы, чарадзейныя казкі, дзе адлюстраваліся такія рысы характару беларусаў, як вынаходлівасць, кемлівасць, гумар, асуджэнне несумленка нажытага багацця жыцця і інш.

Белая Русь. Розныя меркаванні існуюць у сучаснай навуковай літаратуры і наконт паходжання назвы «Белая Русь». Ніводнае з іх не мае пераканаўчай перавагі. Сёння можна вызначыць больш-менш акрэслена толькі яе палітычна-геаграфічны змест, у якім не падлягае сумненню гістарычная сувязь паміж тэрмінамі – «Русь» і «Белая Русь».

У большасці польскіх і заходнееўрапейскіх крыніц XIV – сярэдзіны XVI ст. (карты, летапісы і г. д.) “Белая Русь” атаясамліваецца з тэрыторыяй, якая ахоплівае галоўным чынам Паўночна-Усходнюю ці Паўночна-Заходнюю Русь (Наўгародска-Пскоўскія землі і інш.). У рускіх летапісах XV ст. (Маскоўскі летапісны звод і інш.) «Белая Русь» таксама нярэдка звязваецца з тэрыторыяй “Вялікай Маскоўскай Русі”. 3 сярэдзіны XVI ст. у крыніцах усё больш выразна прасочваюцца ўяўленні аб «Белай Русі» як адасобленай уласна беларускай ці беларуска-ўкраінскай і часткова рускай тэрыторыі. Так, польскі гісторык XVI ст. Марцін Кромер у сваёй «Хроніцы» (выдадзена каля 1558 г.) не толькі зазначае, што Белая Русь мяжуе з Маскоўскай дзяржавай, але дакладна акрэслівае яе паўночную граніцу ў межах ВКЛ – па 57-й паралелі паўночнай шыраты. На поўнач ад Белай Русі, адзначае Кромер, размешчана Лівонія, на поўдні яна мяжуе з Валынню і Чырвонай Руссю. Апошняя тагачаснымі гісторыкамі атаясамлівалася з украінскімі землямі вакол Кіева. У пасланнях папскага пасла ў Польшчы Ліпамана за 1575 г. ёсць такі запіс у сувязі з гэтым: «Чырвоная Русь названа так дзеля таго, каб адрозніваць яе ад Белай Русі, якая знаходзіцца на сумежных землях Літвы і Маскоўскай дзяржавы». У «Хроніцы» Мацея Стрыйкоўскага Белая Русь у межах ВКЛ апісваецца як частка Белай Русі вялікай (інакш кажучы, старажытнай Русі, якая ахоплівала ўсе ўсходнеславянскія землі). Першае згадванне назвы «Белая Русь» самімі беларусамі ў дачыненні да этнічнай тэрыторыі беларусаў дакументальна зафіксавана ў 1592 г. На аўдыенцыі з каралём Жыгімонтам пісар велікакняжацкай канцылярыі Яраш Валовіч, які паходзіў з вядомага беларускага шляхецкага роду, выступаючы супраць кандыдатуры новага віленскага епіскапа з палякаў, спаслаўся на старажытны прыклад, калі гэтае месца займаў “шляхціч з Белай Русі”.

Такім чынам, па сукупнасці асноўных этнавызначальных адзнак (этнічная тэрыторыя, гаспадарчы ўклад, своеасаблівая культура, мова, асаблівасці характару, псіхічнага складу) можна пераканаўча гаварыць аб тым, што на працягу XIV – XVI стст. на землях Беларусі склалася новая супольнасць людзей – беларускі народ (цэласны беларускі этнас). У гэты ж час пэўную сталасць набыла этнічная самасвядомасць беларусаў, хаця дадзены працэс яшчэ не быў завершаны. За той перыяд, што Беларусь знаходзілася ў складзе ВКЛ, беларускі народ прайшоў значны шлях у сваім паступальным развіцці Для тагачаснага беларускага грамадства былі характэрны даволі развітая гаспадарка, выразна акрэслены падзел на класы-саслоўі, своеасаблівая і багатая культура.

Але далейшае этнічнае развіццё беларусаў у XVII – сярэдзіне XVIII ст. праходзіла ўжо ў іншых і вельмі складаных сацыяльна-палітычных, эканамічных і культурных умовах новага дзяржаўнага ўтварэння – Рэчы Паспалітай. У гэты перыяд, адзначаны шматлікімі войнамі, эпідэміямі і іншымі ўзрушэннямі, магчымасці развіцця беларускага этнасу былі ў значнай ступені абмежаваны. У гісторыі ВКЛ дадзены перыяд характарызуецца нарастаючымі праявамі крызісу дзяржаўна-палітычнага ладу, абвастрэннем сацыяльна-саслоўных адносін, адступленнямі ад талерантнасці ў царкоўна-рэлігійнай палітыцы, амаль поўным выцясненнем беларускай мовы і пісьменнасці з асноўных сфер палітычнага і дзяржаўнага справаводства. Тым не менш, нягледзячы на ўсё гэта, беларускі народ (найперш сяляне, мяшчане, частка шляхты і духавенства) здолеў выстаяць і захаваць свае асноўныя этнічныя рысы (мову, культуру, рэлігійныя традыцыі і г. д.).

Народная (традыцыйная) культура. Матэрыяльная культура (галоўныя заняткі, прылады працы, жыллё і гаспадарчыя пабудовы). На развіццё традыцыйнай культуры насельніцтва Беларусі ў XIV – XVI стст. уплывалі прыродна-кліматычныя і больш дынамічныя і зменлівыя сацыяльна-эканамічныя ўмовы, а таксама традыцыі побытавага і духоўнага жыцця. Прыродна-кліматычныя фактары шмат у чым вызначалі напрамкі гаспадарчай дзейнасці, тэрміны сезонных работ, характар жылля і гаспадарчых пабудоў і інш. Сацыяльна-эканамічныя фактары ўплывалі на развіццё земляробства, формы грамадскага, абшчыннага ладу, сям’і, адносіны з дзяржаўнымі, царкоўнымі ўстановамі, землеўласнікамі і інш. Традыцыі побытавага і духоўнага жыцця беларусаў праяўляліся ў агульных і спецыфічных рысах жыцця, побыту, вытворчай дзейнасці, звычаяў, вераванняў і г. д.

У тагачасных сацыяльна-эканамічных умовах пры панаванні натуральнай гаспадаркі, слабым развіцці шляхоў зносін, невялікай агульнай колькасці насельніцтва на тэрыторыі Беларусі ў XIV – XVI стст. захоўваліся значныя рэгіянальныя культурна-бытавыя адрозненні. Яны адлюстроўваліся ў характары рассялення, знешнім выглядзе пасяленняў, некаторых рысах гаспадарча-бытавога ўкладу, мясцовых гаворках і інш. Невялікія пасяленні, прыстасаваныя да ўмоў азёрна-моравага рэльефу, былі характэрны для Полацкай і Віцебскай зямель. Шматдворныя сёлы былі распаўсюджаны на поўдні Беларусі. Найбольш заселенай яе часткай было ўзвышанае берасцейскае Палессе. Далей на ўсход, асабліва за Пціччу і Убарцю, распасціраліся вялікія малазаселеныя прасторы лясоў і балот. Высокай шчыльнасцю рассялення адрозніваліся заходнія паветы (Ваўкавыскі, Гарадзенскі, Лідскі, Ашмянскі). У магілёўскім Падняпроўі, як і ва ўсёй сярэдняй паласе, пераважаў скучана-гнездавы тып рассялення.

Гаспадарчыя пабудовы ў сядзібах сялян для зручнасці размяшчаліся паблізу ад жылля, разам з апошнімі яны стваралі розную кампазіцынна-архітэктурную планіроўку. У адзначаны перыяд у Беларусі былі звычайнымі замкнутая (вяночная) і рассеяная (з адасобленымі пабудовамі) планіроўка сялянскіх двароў. Аграрная рэформа сярэдзіны XVI ст. («валочная памера») прывяла да распаўсюджання вулічнай планіроўкі па стандартнаму плану: жылы дом размяшчаўся ў адзін рад з гаспадарчымі пабудовамі, або ў два рады насупраць адмераных валок зямлі. Такі тып дваровай забудовы называўся “ пагонным” і спачатку пераважаў у заходніх паветах Беларусі, дзе размяшчаліся асноўныя велікакняжацкія ўладанні.

Большасць сельскіх жыхароў Беларусі жыла ў драўляных дамах з двума ці трыма памяшканнямі (святліца, сенцы, клець). Дамы на «падрубе» (фундаменце) пераважалі ў паўночных раёнах, зрубы на зямлі ці на драўляных плахах часцей будаваліся на поўдні. Страха накрывалася саломай або драніцай, вокны закрываліся засоўкай, бычым пузыром, зрэдку шклом. Жылыя дамы заможных мяшчан ці шляхты былі больш складанымі, часам двухпавярховымі, абаграваліся кафельнымі «галандкамі», мелі шкляныя вокны, дашчаную падлогу і г. д. Разнастайнасць і памеры гаспадарчых пабудоў залежалі ад заможнасці іх уладальнікаў, заняткаў насельніцтва. Значныя комплексы такіх будынкаў (стайні, хлявы, гумны, млыны, піўніцы і інш.) існавалі пры дварах багатай шляхты, дзе яны знаходзіліся пад наглядам чэлядзі і залежных сялян.

Асноўнымі гаспадарчымі заняткамі сельскага насельніцтва Беларусі былі земляробства, жывёлагадоўля, рамяство, промыслы. Пашырэнне ворыўных зямель і ўдасканаленне сельска-гаспадарчай вытворчасці спрыялі паступоваму пераходу ад двухпольнага да трохпольнага севазвароту (азімыя, яравыя, папар), галоўнымі землеапрацоўчымі прыладамі былі валовая ці радзей конная саха, матыкі, сярпы, бароны, зерце малацілі цапамі. Асноўнай збожжавай культурай было жыта, высяваліся таксама авёс, пшаніца, проса, каноплі, хмель, лён і інш. Сельскія рамеснікі задавальнялі амаль усе досыць сціплыя патрэбы насельніцтва ў адзенні, абутку, прадметах хатняга, ўжытку, гаспадарчым інвентары.

Дапаможнымі заняткамі да земляробства былі промыслы: збіральніцтва, паляўніцтва, бортніцтва, рыбалоўства. У XIV – XVI стст. пашырыліся некаторыя віды промыслаў, якія больш за іншых былі звязаны з працай на заказ ці з рынкам: дрэваапрацоўка, выраб жалеза ў руднях, паташу, смалы, шкла. Многія з сялян, якія займаліся промысламі, адначасова былі і рамеснікамі. Промыслы ў прыватных або велікакняжацкіх уладаннях (напрыклад, рыбалоўства, “бабровыя гоны”, загатоўка лесу) патрабавалі дазволу землеўладальнікаў, абкладваліся падаткамі.

Побытавае жыццё. Большасць сельскага насельніцтва Беларусі пражывала ў так званых нераздзеленых сем’ях, якія складаліся з некалькіх шлюбных кроўна-сваяцкіх пар: бацькі, жанатыя сыны, браты са сваімі дзецьмі, унукі. Вялікая сям’я аблягчала вядзенне гаспадаркі, выкананне павіннасцей, дагляданне старых, хворых і малалетніх. У яе рамках новыя пакаленні набывалі неабходныя сацыяльныя, вытворчыя навыкі, вывучалі родную мову, знаёміліся з нормамі і традыцыямі народа. Малыя сем’і – з адной шлюбнай пары і іх дзяцей былі больш характэрны для заможных сялян або іншых саслоўяў.

Аснову паўсядзённага харчавання беларусаў складалі прадукты земляробства, жывёлагадоўлі, гародніны з паступовым змяншэннем ролі збіральніцтва, палявання, рыбалоўства, бортніцтва. Характар мясцовага харчавання ў значнай ступені вызначаўся рэгіянальнай спецыфікай гаспадаркі, прыроднымі ўмовамі. Зразумела, што на Палессі і ў Паазер’і істотную ролю ў харчаванні адыгрывала рыба, у раўнінных раёнах з добра апрацаванай глебай – жыта, пшаніца, у лясных рэгіёнах – прадукты промыслаў і г. д. У цэлым у сялянскім харчаванні пераважала ежа з расліннай асновай: перш за ўсё хлеб, каша, так званыя «прываркі» (стравы, што ўжываліся з хлебам) – боршч, капуста, крупеня, кулеш. Гародніну ўжывалі свежай, рыхтавалі на запас. У XVIII ст. упершыню з’явілася бульба.

Асабліва цаніліся якасныя мясныя прадукты (свініна, бараніна, ялавічына, птушка), стравы, якія нярэдка гатаваліся да каляндарных і сямейных свят. Больш частымі былі такія старадаўнія стравы, як мачанка (з мясных кавалкаў з дадаткам падлівы), халадзец (студзень). Шырока выкарыстоўваліся малочныя прадукты ў натуральным выглядзе і ў якасці разнастайных дадаткаў.

Значная ўдзельная вага хлеба, квашаных і салёных прадуктаў абумовіла асаблівую схільнасць беларусаў да вялікай колькасці спажываемых напіткаў: хлебнага квасу, бярозавых і кляновых сокаў, кісялёў, медавухі, піва. Гарэлка да XVII – XVIII стст. ужывалася рэдка, спачатку як лекавы сродак пры хваробах сэрца, вачэй і інш.

Сяляне апраналіся ў доўгія да каленяў белыя палатняныя кашулі (сарочкі), штаны («нагавіцы», «порты»). Зімой насілі суконныя світы, аўчыныя кажухі, валеныя шапкі. Звычайным абуткам былі лапці, радзей – боты (сапагі), чаравікі. Традыцыйны жаночы касцюм таксама складаўся з доўгай палатнянай сарочкі свабоднага прамога крою, суконнай саматканай спадніцы з паласатай ці клетчатай тканіны (андаракі), безрукаўкі. Галаву прыкрывалі наміткамі, каптурамі (чапцамі), хусткамі, у халодную пару года ўжывалі практычна тое ж верхняе адзенне, што і мужчыны. Святочны жаночы строй (кашулі, панёвы) упрыгожваўся ўзорным раслінным ці геаметрычным арнаментам, вышыўкамі, аплікацыямі. У жаночым уборы асабліва яскрава выяўляліся этнаграфічныя асаблівасці адзення, эстэтычныя густы беларускага насельніцтва.

Традыцыйная духоўная культура. Традыцыйная духоўная культура беларусаў у XIV – XVI стст. развівалася пераважна ў тых жа формах, што і ў папярэдні перыяд. Найбольш значны ўплыў на развіццё народнай культуры (звычаі і традыцыі, эстэтычныя і этычныя погляды) аказвала хрысціянска-царкоўная культура. Спачатку (XIV – XVI стст.) у гэтым галоўную ролю адыгрывала праваслаўная царква, а ў XVII – XVIII стст. разам з ёю уніяцкая царква. Яна шмат у чым захоўвала абраднасць і каноны грэка-ўсходняй канфесіі. Для насельніцтва Беларусі ў цэлым былі характэрны талерантнасць, павага да звычаяў і рэлігійных вераванняў іншых народаў ВКЛ.

Важнейшымі часткамі традыцыйнай духоўнай культуры беларусаў былі фальклор (вусная народная паэтычная творчасць), музыка, харэаграфічнае і прыкладное мастацтва.

Сярод найбольш распаўсюджаных жанраў фальклору перавагу мелі абрадавыя і пазаабрадавыя песні, казкі, і так званыя малыя формы вуснай народнай творчасці (загадкі, выслоўі, прымаўкі). Большасць народных абрадавых песень, як і народных абрадаў, мела вельмі глыбінныя карані, захоўвала сляды яшчэ язычніцкага светапогляду, абраднасці, магічных і заклінальных функцый. У светапоглядзе беларусаў XIV – XVI стст. своеасабліва спалучаліся рысы язычніцкіх уяўленняў з хрысціянскімі вераваннямі. Таму ў гэты час язычніцкія па свайму паходжанню каляндарна-абрадавыя песні (зімнія – калядныя, вясеннія – валачобныя, асеннія – дажынкавыя і інш.), якія ў глыбокай старажытнасці былі звязаны са зменай пор года і цыклічнасцю сельскагаспадарчых работ, нярэдка прымяркоўваліся да царкоўных свят.

Магічныя функцыі ў шэрагу падобных песень прыпісваліся не толькі адушаўлёнай прыродзе, – агню, сонцу, зямлі-маці-заступніцы, але і некаторым хрысціянскім святым, якія пры гэтым нярэдка нагадвалі выхадцаў з простага мужыцкага асяроддзя. Калядныя і валачобныя песні ўсхвалялі прыгожасць, мудрасць і шчодрасць гаспадароў, іх дружную сям’ю, прадказвалі небывалы ўраджай, які быццам ужо сабраны, і г. д. Песні-заклінанні суправаджаліся тэатралізаванымі абрадамі, ваджэннем каляднай маскі – «казы» і інш. Валачобныя песні, якія выконваліся перад пачаткам вясенніх палявых работ (на Пасху), былі асабліва характэрны для Беларусі і сведчылі аб этнічнай своеасаблівасці яе духоўнай традыцыйнай культуры. Багаццем зместу і моцным эмацыянальным уздзеяннем вылучаліся сямейна-абрадавыя песні, непасрэдна прысвечаныя найбольш важным падзеям у жыцці кожнай сям’і: вясельныя, радзінныя, галашэнні.

Адным з найбольш развітых жанраў беларускага пазаабрадавага фальклору былі балады, лірыка-эпічныя песні аб каханні, якія адрозніваліся асабліва тонкай паэтычнасцю, яркай вобразнасцю, сімвалічнасцю: «Удава і сыны-карабельнікі», «Тры птушачкі каля забітага малойчыка», «Маці заклінае сына ў явар» і інш. У XVI – XVII стст. паступова распаўсюджваюцца новыя сацыяльна-бытавыя, гістарычныя песні, у якіх адлюстроўваўся лёс беларускага народа, розныя драматычныя падзеі (войны, нашэсці «баяраў-татар» і інш.). Не менш папулярнымі ў народзе былі чарадзейныя, легендарныя, сацыяльна-бытавыя казкі. У прыказках і выслоўях у сціслай афарыстычнай форме выяўляўся назапашаны народам сацыяльны і гістарычны вопыт, выказваліся адносіны да розных паводзін людзей, грамадскіх падзей і звычаяў, прадказваліся змены ў надвор’і і інш.

3 абрадавай паэзіяй быў непарыўна звязаны музычны фальклор. У абрадавых песнях пераважаў вакальны аднагалосы спеў. Харавое спяванне і элементы драматургічных дзеянняў былі характэрны для народных ігрышчаў, карагодаў. Народнымі музыкантамі шырока ўжываліся духавыя, струнныя, ударныя інструменты: ражкі, бубны, дуды, трубы, бразготкі, цымбалы, скрыпіцы. Вельмі папулярнымі былі выступленні вандроўных музыкантаў, мядзведнікаў, скамарохаў.

Народныя мастацка-эстэтычныя, традыцыі трывала захоўваліся і развіваліся ў такіх відах рамеснай вытворчасці, як дойлідства, ганчарства, ткацтва, разьба па дрэве, косці, вонкавае і арнаментальнае шыццё, пляценне, дробная пластыка. У прыкладным народным мастацтве высокую ўдзельную вагу займалі рамёствы па вырабу адзення, абутку, апрацоўцы футраў і скур, тканін, упрыгожванні прадметаў паўсядзённага ўжытку: скрынь, куфраў, посуду. Народныя майстры выраблялі і унікальныя мастацкія рэчы, у тым ліку зброю, прадметы царкоўнага інтэр’ера, скразную «рэзь», абразы, скульптурныя выявы святых. Штучная праца на заказ нярэдка прыводзіла да стварэння шэдэўраў мастацкага рамяства.

Сельскія рамеснікі абслугоўвалі пераважна вясковае насельніцтва. Тут не ўзнікалі цэхавыя арганізацыі, менш разнастайным у параўнанні з горадам быў выраб прадукцыі. Пры ўсім гэтым менавіта сельскае насельніцтва Беларусі, яго эстэтычныя і рамесніцкія традыцыі і навыкі былі той невычарпальнай крыніцай, якая заўсёды жывіла і ўзбагачала гарадское прафесійнае рамяство і надавала значнай колькасці рамесніцкай прадукцыі непаўторнае мастацкае і функцыянальнае аблічча.

Такім чынам, народная (традыцыйная) культура Беларусі XIV – XVI стст. грунтавалася на матэрыяльнай вытворчай дзейнасці народа, адпавядала яго духоўным патрэбам, густам і талентам, забяспечвала пераемнасць і развіццё культурных традыцый, жыццёвага вопыту, была асновай для развіцця прафесійнай матэрыяльнай і ў значнай ступені ўсёй нетрадыцыйнай культуры насельніцтва Беларусі.

Беларуская народнасць у XVI – XVIII стст.. «Нязмерна цяжкія часы». Так вызначыў сутнасць перыяду XVI – XVIII стст. для жыцця бсларускага народа выдатны беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч. Нашым продкам наканавана было перажыць знішчальныя войны і пакуты, голад і эпідэміі. Да гэтых, так бы мовіць, вонкавых драм дабавілася ўнутраная: асноўная частка шляхецкага саслоўя здрадзіла сваім этнакультурным і рэлігійным традыцыям. Яна ўсё больш адчувала сябе польскай, усё часцей для яе Рэч Паспалітая атаясамлівалася з Польшчай. У гэтай сітуацыі “люд просты”, галоўным чынам сялянства, выконваў вялікую гістарычную ролю выратавання беларускай народнасці, захавання мовы і нацыянальных традыцый.

Рысы характару. Безумоўна, усе пералічаныя з’явы не маглі не паўплываць на светаадчуванне, паводзіны і характар беларусаў, якія былі сфарміраваны ў папярэднія эпохі. Вядома, галоўныя рысы людзей зямлі беларускай засталіся нязменныя. Беларус і сёння працавіты, цягавіты, зацяты, стрыманы, ашчадны. Без гэтых якасцей цяжка было выжыць сярод лясоў і балот, на не заўсёды ўрадлівай зямлі. Захавалася і такая рыса беларуса, як гасціннасць. Не сёння ж і не ўчора склалася прымаўка: “Госць у хаце – Бог у хаце”. Напрыклад, у XVIII ст. іншаземцы, якія пабывалі на Крычаўшчыне, захапляліся гасціннасцю мясцовых жыхароў.

Не пакінула беларусаў у цяжкія часіны і ўласцівая ім шчодрасць. Сусед з суседам дзяліўся нават апошнім.

Але пакутлівыя гады жудасных вынішчэнняў, панавання ў Беларусі іншаземцаў дабавілі беларусам маўклівасці, няўпэўненасці. Беларускі гаспадар-селянін, які абедзвюма нагамі моцна стаяў на сваёй зямлі, голас якога гучаў у гродскіх і земскіх судах на працягу другой паловы XVII – XVIII ст., ператварыўся ў “працавітага рахманага” беларуса. 3 таго часу ва ўяўленнях іншых народаў склаўся міф пра маўклівага, прыдушанага працай беларуса.

Каляндарныя святы і памінальныя дні. У гадавым коле народных свят першае месца храналагічна займалі Каляды – старажытнае свята дахрысціянскага паходжання. У час Каляд наладжвалі абрадавыя вячэры – куцці, якіх было тры: посная, багатая (шчодрая) і галодная (вадзяная). За Калядамі ішла Масленіца, якая святкавалася ў другой палове лютага – першай палове сакавіка. Гэта свята ўзнікла ў дахрысціянскую пару як абрад сустрэчы вясны і праводзін зімы. У беларускага народа існаваў таксама звычай гукаць, або заклікаць, вясну – «замыкаць» зіму, «адмыкаць» лета. Моладзь збіралася на высокіх месцах у вёсцы ці за вёскай, спявала песні, выклікаючы вясну, каб хутчэй несла яна цяпло і кветкі на вяночкі. Летнім святам, святам найбольшага росквіту жыватворных сіл зямлі, з’яўлялася старажытнае Купалле. Святкавалася яно ў ноч з 6 на 7 ліпеня. Раніцай 6 ліпеня жанчыны збіралі зёлкі, а надвячоркам збіралася моладзь, раскладала вогнішчы, запальвала і падымала высока на жэрдцы прасмаленае кола, вадзіла карагоды, скакала праз агонь. У купальскую ноч шукалі папараць-кветку, якая, паводле падання, расцвітае ў гэты час; дзяўчаты варажылі пра будучае замужжа, пускаючы па ваду вянкі. Са жнівом звязаны два народныя святы – зажынкі і дажынкі, Перад зажынкамі прыбіралі хату і двор. Жняя з хлебам-соллю выходзіла ў поле, віталася з ім, кланялася зямлі і пачынала жаць. Першы сноп прыбіралі кветкамі, стужкамі, з песнямі неслі дахаты і ставілі па покуці. Галоўны абрад дажынак – завіванне “барады”. Жнеі зрэзвалі сцябліны, што засталіся на полі, злучалі ў кусцік і зверху, каля каласоў, звязвалі чырвонай стужкай. Пад гэтым кусцікам вырывалі траву, вакол яго клалі невялікія камяні, а пасярод – адзін вялікі, на якім пакідалі лусту хлеба і соль. Гэты кусцік адным узмахам, не дакранаючыся да жыта рукою, зразала жняя. Каласы потым укладалі ў самы вялікі сноп на полі і запляталі ў касу. 3 гэтага ж снапа выцягвалі вялікія каласы і звівалі вянкі, якія надзявалі на галовы, пасля чаго з песнямі ішлі дадому.

Хлеб для беларуса быў святыняй. Яго вельмі шанавалі. Калі луста выпадкова падала на зямлю, яе цалавалі, просячы прабачэння. Святатацтвам лічылася карміці хлебам жывёлу.

Беларусы заўсёды прытрымліваліся сваіх традыцый, паважалі і ўшаноўвалі продкаў. Запавет святой Еўфрасінні Полацкай адносіцца “ко старейшим с почтеньем” заўжды свята вытрымліваўся. У сям’і першае слова належала старэйшым. Адступіць ад дзедавай мовы і звычаяў лічылася недазваляльным. Падняць руку на бацькоў быў найвялікшы грэх. У народнай свядомасці гэта замацавалася ў паданні, што душы дзяцей, якіх праклялі родныя ці якія зняважылі бацьку і маці, хістаюцца па галінах лясных дрэў. Да сённяшняга дня дайшоў звычай памінаць, продкаў: увосень – на Дзяды, увесну на Радаўніцу.


Дата добавления: 2015-10-24; просмотров: 351 | Нарушение авторских прав


<== предыдущая страница | следующая страница ==>
Умное заимствование| Этнічныя меншасці ў Беларусі. Фарміраванне этнічнага складу насельніцтва Беларусі (ХІV – XVII стст.).

mybiblioteka.su - 2015-2024 год. (0.014 сек.)