Студопедия
Случайная страница | ТОМ-1 | ТОМ-2 | ТОМ-3
АрхитектураБиологияГеографияДругоеИностранные языки
ИнформатикаИсторияКультураЛитератураМатематика
МедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогика
ПолитикаПравоПрограммированиеПсихологияРелигия
СоциологияСпортСтроительствоФизикаФилософия
ФинансыХимияЭкологияЭкономикаЭлектроника

Імператарскі ўніверсалізм

Тэорыя сусветнага ўладарства імперыі цалкам сфармавалася ў ХІІ-ХІІІ стст. у вострай спрэчцы з папствам. Але ўніверсалізм імператараў не быў скіраваны выключна проціў папы і папацэзарызму; ягоныя функцыі былі шмат шырэйшыя. Ён быў законным правам, апраўданнем і ідэалагічнай аправай нямецкае экспансіі. Ён служыў агрэсіўнай палітыцы імперыі на абшары Італіі і ў славянскіх краінах, а таксама бараніў умешванне ва ўнутраныя справы эўрапейскіх дзяржаў. Мова пры гэтым была не толькі пра агрэсію самых імператараў: імперская ідэалогія тлумачыла і апраўдвала экспансію князёў Райху, пагранічных графаў і рыцарскіх законаў (ордэнаў), такіх як крыжакі. Бо калі нямецкія князі нехаця падпарадкоўваліся ўладзе імператара і не спынялі спробаў аслабіць ягонае верхаводства, дык у знешніх стасунках імператарскі тытул з пэўнасцю спрыяў палітыцы экспансіі, асабліва на ўсходзе. Універсалізм служыў таксама барацьбе з канцэпцыямі суверэннасці эўрапейскіх дзяржаў і абгрунтоўваў поўную незалежнасць ад Бізантыі. Нарэшце, ён меў на мэце запыніць развіццё канцэпцыі ўдзелу "народа" ва ўладзе.

У імперскай ідэалогіі спаборнічалі паміж сабой розныя элементы. Імператарскі стан (лагер) карыстаў з рэлігійных, гістарычных і праўных довадаў.

Наперад высоўвалі прынцыпы, якія падкрэслівалі хрысціянскі характар імперыі, што азначала перавагу довадаў, узятых з тае самае сферы паняццяў, каторая натхняла сусветнае ўладарства галоўнага канкурэнта, якім заставаліся папа і Касцёл. Папскаму праву кантраляваць уладароў процістаўлялі тэзу пра караля намесніка Бога ўва ўсім хрысціянскім свеце. Зняважаны папам Генрых IV падкрэсліваў, што ўлада імператара паходзіць проста ад Бога. Памазанне караля пры каранацыі робіць яго падданым толькі Бога. I толькі Бог можа судзіць імператара. На пачатку XII ст. так званы Ананім Эборацэнзіс з Ёрка ставіў свецкага ўладара вышэй за папу, зварочваючыся да тае самае арганічнае тэорыі, з якой раней скарыстаў Грыгоры VII. Свецкі ўладар, падкрэсліваў Ананім, — вобраз Бога Айца, тады як святар — вобраз Сына Божага, Хрыста; з прыроды Хрыста кароль прадстаўляе тое, што ёсць і ў Богу Айцу, а менавіта боскую прыроду, тады як святар прадстаўляе толькі людскую прыроду. На заканчэнне Ананім сцвярджаў, што духоўная ўлада не можа мяшацца ў свецкія справы, затое манарх мае права на такое ўмешванне, бо духавенства падлягае яму.

Ад часоў Фрыдрыха I Барбаросы імперыя была "святой". Яе заданне было рэлігійнае, а яе імператар уважаў сябе за правадыра ўсіх хрысціян: цэзар — правадыр хрысціянства, бо ён — намеснік Божы на зямлі. Бог адзін, адзіная civitas Dei, respubliса Christianorum (Царства Божае, дзяржава хрысціян), значыць, і цэзар — адзін. Як Хрыстоў намеснік, ён, а не Бог, уладарыць над цэлым светам.

Гістарычныя довады мелі дапаможны характар і карысталіся нешматлікімі ідэямі: (1) імперыю прадстаўлялі спадчынай, атрыманай ад даўнейшых рымлянаў; (2) яе мэты разумелі як цывілізацыйную місію, пакінутую ў спадчыну старажытнай імперыяй; (3) у сусветнай уладзе даўнейшага Рыма бачылі ўзор усясветнай імперыі, якую сярэднявечныя ўладары імперыі ўваскрашаюць і наслядуюць; (4) падкрэслівалі, што сусветная імперыя нямецкага імператара — вынік "пераносінаў" імперыі ад франкаў (па раскіданні манархіі Каралінгаў) або ад грэкаў (г. зн. ад аслабелай Бізантыі).

Шмат мацнейшую падтрымку імперская ідэалогія знаходзіла ў рымскім праве. Яго часта называлі "імператарскім правам". Да патрэбаў імперыі рымскае права дапасавалі гласатары. Яны пераносілі на асобу цэзара юстыніянскія паняцці пра ўладу рымскага імператара. Шырока скарыстаў рымскае права для ўзмацнення імператарскае ідэі Фрыдрых II Рогер у ведамай спрэчцы з Інакенціем III на пачатку XIII ст. З Юстыніянавага кодэксу ён узяў прынцып, што манарх — адзіная крыніца справядлівасці. Манарх не звязаны законам, менавіта ў тым сэнсе, што ён, і толькі ён, — ягоны творца, і ніхто на зямлі не мае права спраўджаць, ці дзейнічае ён згодна з выданымі ім законамі. У законатворчай дзейнасці яго звязваюць толькі прынцыпы розуму. Уся ўлада належыць манарху з волі народа (на моцы рымскага lex Regia), які цалкам і канчаткова перадаў яму ўладу. Дзеля гэтага манарх як вартаўнічы рэлігіі — гаспадар жыцця і смерці сваіх падданых, а таксама пан іх душаў, іх цела і маёмасці.

Гэткая крайняя формула не ўтрымалася, але зрабіла пэўны ўплыў на імперскую ідэалогію канца XIII - пачатку XIV ст. Правазнаўцы з імператарскага стану гаварылі тады, што імперыя раўназначная праву, што кожная свецкая ўлада падлягае цэзару. У руках імператара канцэнтруюцца прывілеі, якія належаць выключна яму (т. зв. iura reservata), недаступныя іншым манархам. Тут называлі: права імператара даваць каралеўскую уладу, прызначэнне натарыусаў, вызваленне, наданне шляхецкай годнасці, узаконьванне бастардаў (няшлюбных дзяцей), закладзіны ўніверсітэтаў, накладанне падаткаў без згоды станаў. Імператар — найвышэйшы суддзя, найвышэйшая апеляцыйная інстанцыя ўва ўсіх прысудах, вынесеных у граніцах ягонае сусветнае імперыі. Толькі імператару належыць тытул maiestas (маястат, вялікасць), у звязку з чым crimen laesae maiestatis (злачынства абражання маястату) можа быць учынена толькі ў адносінах да ягонае асобы.

Імперская тэорыя вынікала з верхаводства ў сярэднявечнай цэнтральнай Эўропе нямецкае імперыі. Яна выяўляла імкненне да ўмацавання гэтае перавагі. Яна перажыла Сярэднявечча, хоць пачынаючы ад XIV ст. ужо не мела падставы ў рэчаіснасці, бо не патрапіла на даўжэйшы час забяспечыць палітычнага адзінства імперыі.

5. Тэорыя нацыянальнае манархіі

Развіццё тэорыі суверэннасці дзяржавы. Ідэі ўніверсалізму — сусветнага ўладарства папаў (dominum mundi), а таксама "святой", што абдымае ўвесь цывілізаваны (хрысціянскі) свет, імперыі — сустракалі адпор і штораз часцей на ім спатыкаліся. Гэтае супраціўленне ішло ад нацыянальных манархій, якія развіваліся і нехаця падпарадкоўваліся сусветным сілам, а з бегам часу штораз больш упарта паведамлялі пра свае нацыянальныя імкненні і выказвалі жаданне жыць у суверэнных структурах. У рыцарскім эпасе, у паданнях і песнях, аналах і хроніках захаваліся ўяўленні, што падкрэслівалі адзінства дзяржаўных і нацыянальных супольнасцяў. Нацыянальныя пачуцці выяўляліся найперш у націску на манархічную ідэю як сымбаль трываласці адзінае дзяржавы. Характэрнай была дэманстрацыя рэлігійнага зместу манархічнае ідэалогіі. Караля прадстаўлялі намеснікам Хрыста сярод хрысціянскага народа; ён мусіў бараніць народ перад ягонымі ворагамі і забяспечваць унутраны мір. У славутым рыцарскім эпасе канца XI ст. "Песні пра Раланда" Кароль быў паказаны ўладаром, які цешыцца з асаблівае апекі Провіду і мае сілу дараваць грахі. У хроніцы так званага Гала Ананіма выразна падкрэслена натуральнае права дынастыі Пястаў кіраваць краем.

У XII ст., калі паскорыўся пульс гаспадарчага жыцця і распачаўся павольны працэс аднаўлення аўтарытэту манархіі, змест нацыянальных і патрыятычных пачуццяў узбагаціўся. I зноў манарх найперш рабіўся сымбалем адзінства, ягоная магутнасць адбівала нацыянальную свядомасць. У штодзённых уяўленнях манарх узвышаўся па над леннай залежнасцю, а ягоная магутнасць была ўвасабленнем нацыянальнага гонару і ступені суверэннасці дзяржавы. У грамадскай свядомасці, як і даўней, перавагу мелі ўяўленні пра сакральны змест манархіі. Сцвярджалі, што "ў арганізме свайго каралеўства кароль — гэта вобраз і падабенства Бога". Ангельскі клерык і палітык Джон з Солзбэры пісаў: "Toe, што можа рабіць кароль, у такой ступені паходзіць ад Бога, што ўлада застаецца ў Бога, і Ён толькі карыстаецца ёю праз падстаўленую руку".

Але манархічная ідэалогія ўжывала і больш вытанчаныя канструкцыі, з ахвотай падкрэслівалі асабліва два прынцыпы: прынцып імперскасці суверэннае дзяржавы і культ нацыянальных традыцый.

Вось жа пад уплывам юстыніянскае традыцыі лічылі, што ўлада караля роўная імператарскай: rex imperator in regno suo ("кароль — імператар y сваім каралеўстве"). З'ява надання манархам тытулу імператара мела амаль не ўсеагульны характар: гэта адбывалася ў Англіі, Гішпаніі, Сэрбіі, Баўгарыі і нават у Скандынавіі. Таксама і ў Францыі — на фоне ўваскрашэння каралінскае ідэі — зацвердзілася тэза, што кароль роўны рымскаму імператару. Праўда, імператарскія тытулы звычайна не хавалі ў сабе заваёўніцкіх тэндэнцый, але ж такі яны заўсёды падкрэслівалі роўнасць дзяржаў і былі апорай прынцыпу поўнае незалежнасці краю. Апроч таго, мадэль караля-імператара спрыяла апраўданню цэнтралістычных тэндэнцый ўнутры краю. "Імператарская" тэорыя надавала асобным уладарам шмат якія суверэнныя правы, што, на думку прыхільнікаў універсалізму, належалі выключна нямецкаму імператару. Гэтак анексавалі наступныя iura maiestatis: (1) права караля-імператара" ствараць дзяржаўныя пасады і наглядаць за імі; (2) права чыніць найвышэйшы суд; (3) выключнае права весці вайну; (4) права заводзіць законы; (5) права на дзяржаўны скарб і права збіраць падаткі; (6) права закладаць універсітэты, скасоўваць пазбаўленне шляхецкае годнасці, узаконьваць бастардаў і г.д. Хоць гэты спіс змяняўся і не заўсёды знаходзіў падтрымку грамадскае думкі, але церабіла сабе дарогу перакананне, што ўсе суверэнныя правы караля неад'емныя, а гэта вяло да тэзы, што кароль — "галава" ў целе каралеўства.

Тым самым мэтам служыў зварот да традыцыі, асабліва зварот да старажытнае імператарскае традыцыі, з каторай пануючыя дынастыі з ахвотай выводзілі сваё паходжанне. Так, між іншага, рабілі ў Сэрбіі, Баўгарыі і ў Расіі. Класічным прыкладам была анэксія французскімі каралямі ўсёй спадчыны Караля Вялікага і ягонае імперыі. На каралінскай ідэі, паводле каторай Капетынгі — натуральныя дзедзічы імперыі Каралінгаў, грунтаваліся абарона незалежнасці Францыі ад імперыі і план аднаўлення манархіі Караля Вялікага.

У XIII-XIV стст. аднаўленне аўтарытэту дзяржавы яшчэ болей пасунулася наперад. У яго аснове былі гаспадарчыя, грамадскія і культурныя ператварэнні, у час каторых узмацняліся нацыянальная свядомасць і пачуццё патрыятызму. Шматлікія войны паступова пераставалі быць прыватнай справай манархаў, а рабіліся справаю абароны айчыны, якая знаходзіцца пад пагрозай: экспансія сусветных дзяржаў, што пярэчыла тэндэнцыям развіцця, рабілася нязноснай для маладых станавых манархій.

У гэтых умовах праблема суверэннасці дзяржавы і суверэннасці ў дзяржаве вырастала да першараднае тэмы палітычнае дыскусіі. У барацьбе з ідэяй універсалізму нарадзілася тэорыя regis exempti, якая абгрунтоўвала "выняццё" манарха з пад імператарскае ўлады. Сцвярджалі, што імперыя не мае ніякіх універсальных правоў, яна — такая самая дзяржава, як іншыя.

Пратэст проціў універсалізму імператараў ішоў рука ў руку з адкіданнем верхаводства папы. Наступствам ужо памянёнага вышэй канфлікту паміж Баніфацыем VIII і Піліпам Прыгожым быў погляд, што папa не мае манаполіі над душамі. Суверэнны манарх падлягае Богу і толькі Богу бо ён паходзіць і ад народа, і ад Бога; а гэта значыць, што ўлада манарха больш годная за папскую, бо і ён апякуецца душамі падданых і можа скідаць папу з трона, калі б выявілася, што той злачынец або ерэтык.

Пэўныя заслугі ў абгрунтаванні манархічнае ідэалогіі мела рымскае права. Праўда, яно таксама служыла імперыі ў абгрунтаванні dominium mundi (сусветнага ўладарства), але пры дапушчэнні раўназначнасці каралеўскае ўлады з імператарскай не было перашкодаў у выкарыстанні яго, каб падкрэсліць прынцыпы суверэннасці дзяржавы і моцнае ўлады манархіі. Прыкладам гэтага дапасавання было падтрыманне барацьбы з бязладдзем на моцы рымскага lex Julia Maiestatis, а таксама довад незалежнасці ад імперыі на падставе рымскае формулы сядзення і даўнасці (праз usucapio манархі выседзелі сваё суверэннае палажэнне). Рымскім правам карысталіся для ўмацавання судовае ўлады караля, а таксама, каб пашыраць тэзу, што кожная дзяржава мае права на ўласную сістэму нормаў. Правазнаўства надавала манархам паўнамоцтва скасоўваць звычаёвае права і ў прынцыпе не аспрэчвала ягонае ролі як вартаўнічага заведзеных законаў.

Тэорыі XIV ст. не была чужая і думка пра неабмежаваную ўладу манарха. Вядомае было сцвярджэнне, што няма ўстаноўленых санкцый у адносінах да благога ўраду і што скарэй падданы, які бунтуецца проціў улады, заслугоўвае на тое, каб называцца тыранам. Усцяж пашыраўся спіс маральных цнотаў караля. Множыліся творы, у якіх абгрунтоўвалі ідэю дзедзічнае (наследнае) улады і даводзілі неад'емнасць каралеўшчыны (каралеўскае маёмасці). Абсалютызм меў сваіх прыхільнікаў у Італіі, Францыі (дзе яго падтрымоўвалі прыдворныя праўнікі) і ў Польшчы. Але да зацверджання абсалютысцкае ўлады было яшчэ надта далёка. Гэтая тэорыя мела адносны поспех, выяўляючы, сама болей, настроі вузкіх прыдворных колаў.

Тэорыя прадстаўніцтва. Шпарчэй развівалася тэорыя прадстаўніцтва, што мела вытокі ў з'яўленні станавых парламентаў. Парламенты давалі каралям магчымасць развязваць дзяржаўныя справы разам з найбольш актыўнымі сіламі грамадства, а для станаў яны былі свайго роду органам, які спрашчаў удзел у кіраванні краем і абарону супольных і асабістых інтарэсаў. У вытокаў тэорыі прадстаўніцтва ляжаў і развіваны прынцып дзяржавы як праўнае (юрыдычнае) асобы, што прызнаваў дзяржаву за фікціўную асобу, у якой месца асобных членаў вызначана на ўзор чалавечага арганізма. Ужо Джон з Солзбэры фармуляваў на гэтай падставе тэзу пра неабходнасць абмежаваць уладу манарха клерыкамі. Праўная асоба не можа дзейнічаць сама, яна мусіць мець свайго прадстаўніка. Прадстаўнік усяго "цела", зразумела, — кароль, але дэпутаты парламента прадстаўляюць свае станы або — як у Англіі — свае тэрыторыі. Вельмі павольна гару брала тэза, што парламент — прадстаўніцтва ўсяе супольнасці. Мэтаю прадстаўніцтва быў выказ згоды з важнымі пастановамі. Тут звярнуліся да старога рымскага выслоўя, паводле каторага тое, што датычыць усіх, мусіць быць усімі ўхвалена (ut quod omnes similiter tangit ab omnis comprebetuf). 3 часам ухвалу "ўсіх" замяніла згода "ўсіх упаўнаважаных"; таксама быў прыняты прынцып, што прадстаўнікі асобных карпарацый развязваюць пытанні большасцю галасоў. Гэтак у познім Сярэднявеччы тварыліся асновы функцыянавання станавых прадстаўніцтваў. Ужо ў другой палове XIII ст. дайшло да практыкі звароту па "раду" або "згоду" парламентаў. Дзейнасць станавых прадстаўніцтваў была розная, яна выяўляла актуальны расклад сілаў. У наступную эпоху вакол іх кампетэнцыі разгорнуцца зацятыя спрэчкі.

6. "Адкрыццё" Арыстотэля. Лацінскі авэраізм

ХІІ-ХІІІ стст., якія часта называюць Прэрэнесансам, былі парою духовага неспакою і філасафічнага ўзрушэння, што агарнула лепшых сярэднявечных інтэлектуалаў на фоне вялікага звароту да старажытнасці, яе культуры і тэарэтычных разважанняў. Асновай гэтага звароту былі гаспадарчае развіццё, змены ў будове грамадстваў, культурны росквіт гарадоў, маладосць універсітэтаў і поступ ведаў пра свет. Новыя з'явы і тэндэнцыі развіцця змушалі з недаверам глядзець на тэалогію, яе пераставалі лічыць за ўніверсальны ключ да пазнання свету. З'яўляліся пытанні пра метады, што вядуць да праўды, множыліся патрабаванні стварыць для іх філасафічныя асновы, дамагаліся права на "навіну". Гэты шлях, між іншага, вёў праз пазнанне спадчыны мінулых стагоддзяў і дапасаванне яе да патрэбаў сучаснасці.

У XII ст. адбылося адкрыццё Арыстотэлевых твораў, найбольш рацыяналістычнай і рэалістычнай філасофіі старажытнасці. Арыстотэлеў уплыў рэвалюцыянізаваў сярэднявечныя шаблоны мыслення, вызначыў інтэлектуальны і ідэйны клімат Прэрэнесансу. Бо Арыстотэль вучыў шанаваць факты і палітычную рэчаіснасць. Ягоная навука злацінізавалася за пасярэдніцтвам Бізантыі і філосафаў арабскага свету, дзе грэцкі і эліністычны ўплывы былі і ранейшыя, і мацнейшыя. У Заходняй Эўропе ўжо добра ведалі погляды найвыдатнейшага паслядоўніка Арыстотэля з арабскае Гішпаніі — Ібн Рушда, званага Авэроэсам. Яны далі пачатак плыні т. зв. лацінскага авэраізму.

3 Арыстотэлевых твораў авэраісты вывелі колькі тэзаў, якія відавочна пярэчылі навуцы Касцёлу. Яны прымалі тэорыю вечнасці свету і людскога роду. Адкідалі дагмат несмяротнасці душы, цвердзячы, што прывілей несмяротнасці належыць толькі ўсяму людскому роду. Людское шчасце, даводзілі яны, мінучае; цнотай ёсць толькі тое, што згодна з прыродай. Яны таксама выказвалі тэорыю дваякае праўды. Гэтая тэорыя, выходзячы з дапушчэння, што сапраўдным філасафічным зместам рэлігійных кніг і навук ёсць алегарычны, а не іх літаральны сэнс, спалучала з гэтым думку, што пункты гледжання філасофіі і веры — розныя. I дзеля гэтага філосаф мае права ўстанаўляць праўды розуму, нават калі яны пярэчаць Святому Пісьму. 3 гэтага яны выводзілі, што два супярэчныя суджэнні — філасафічнае і тэалагічнае, могуць быць адначасна праўдзівыя. Гэтак авэраісты баранілі перад наскокамі тэолагаў аўтаномію розуму і праўдзівасць вынікаў эмпірычных даследзінаў, пры гэтым не аспрэчваючы яўна дагматаў рэлігіі.

Лацінскі авэраізм разам з іншымі філасафічнымі плынямі прэрэнесансу (напрыклад, наміналізмам) зрабіў значны ўплыў на палітычную тэорыю. Ён спрыяў фармаванню думкі пра незалежнасць дзяржавы ад Касцёлу і аўтаномію палітычнае філасофіі ад тэалогіі. Натуралізм і антыіндывідуалізм авэраістаў выкарыстоўвалі для ўзмацнення ідэі палітычнага і нацыянальнага адзінства. Выявілася, што іх разважанні пра вечнасць свету лёгка дапасаваць да ідэі трываласці дзяржаўных арганізацый. Пад уплывам авэраізму заставаўся Дантэ Аліг'еры, а найвыдатнейшы палітычны аўтар Сярэднявечча Марсылій Падуанскі грунтаваў на ім сваю галоўную тэзу пра суверэннасць народа.

Авэраізм, што праўда, не выходзіў паза граніцы ідэалогіі Сярэднявечча, але рабіў у ёй значны пралом: гаворачы, што веру няможна перарабіць на навуку, ён аслабляў аўтарытэт тэалогіі як навукі навукам. Гэтым ён ставіў Касцёл у цяжкае становішча, змушаючы яго перагледзець тыя складнікі свае навукі, якія не паспявалі за тэндэнцыямі развіцця. Між іншага, адказам Касцёлу на авэраізм была думка Тамаша Аквінскага.

7. Сінтэз палітычнае тэалогіі эпохі: Тамаш Аквінскі

Тамаш Аквінскі (1225-1274), манах-дамінікан і з паходжання арыстакрат, быў добра падрыхтаваны да абагульнення навукі Касцёлу і яе прыстасавання да тэндэнцыяў новага часу. Маючы грунтоўную асвету, ён выкладаў на ўніверсітэце ў Парыжы, на папскіх курсах у Ананьі і Арвіета, у Рыме і Вітэрба, у Неапалі і — у 1269-1273 гг. — ізноў у парыжскай Сарбоне, дзе, як рэктар, вёў зацятыя спрэчкі з авэраістамі пра адносіны веры з навукай. У 1323 г. Ян XXII абвесціў яго святым, а ў 1879 г. Лявон XII у энцыкліцы Aeterni Patris прызнаў ягоную філасофію за афіцыйную навуку Касцёлу. У багатай пісьменніцкай спадчыне св. Тамаша асаблівае значэнне маюць: Summa Theologiae ("Тэалагічная сума", 1269-1273), Summa contra gentiles ("Сума проціў паганаў", 1259-1264), няскончаная праца De regimine principum ("Пра манархічную ўладу", 1274), а таксама каментары да Арыстотэлевай "Палітыкі".

Тамаш Аквінскі, які тварыў, пра што ўжо спамянута вышэй, у пару пашырэння рацыяналістычнае філасофіі Арыстотэля і авэраізму а таксама рэальных пагрозаў што з'яўляліся перад папствам у звязку з гаспадарчым і грамадскім развіццём і значнымі зменамі ў грамадскім ладзе і культуры, разумеў што патрэбна пэўнае змякчэнне каталіцкае тэзы пра вышэйшасць папства за свецкую ўладу. Ён усведамляў, што падставай папскага панавання мусяць быць гнуткія тэзы, якія не пагарджаюць выклікамі часу. Тамашова навука адзначалася таксама немалым рэалізмам у высновах з аналізу.

Рэалістычны быў ужо сам выходны пункт ягоных разважанняў. Св.Тамаш падкрэсліваў, што хоць канцавыя людскія мэты звязаныя з нябёсамі, але вага зямных спраў вялікая, таму што Бог бярэ ўдзел у прыродным парадку суб'ектам каторага ёсць грамадства. 3 гэтага выходзіць, што няма вялікае супярэчнасці паміж Божай ласкай і прыродай, ласка не нішчыць прыроды, а дасканаліць яе. Св. Тамаш не падзяляў песімістычных Аўгустынавых ацэнак прыроды чалавека; таксама ён адкідаў тэзу папацэзарыстаў, нібы грамадскія ўстановы ў аснове благія і a priori заслугоўваюць на асуджэнне.

Гэты рэалістычны выходны пункт быў натуральна падпарадкаваны заданню вызваліць палітычную тэалогію ад небяспек, якія асабліва пагражалі прынцыпу перавагі духоўнае ўлады над свецкай. Тамаш усведамляў пагрозу, якую становіць матэрыялістычнае і рацыяналістычнае вытлумачэнне Арыстотэлевых твораў. Дзеля гэтага ён цвердзіў, што паміж праўдамі навукі і веры не павінна быць супярэчнасці. Ёсць пэўныя навукі, якія з пункту гледжання веры — абыякавыя, іх трэба развіваць. Але грунтам павінна быць, што навука цікавіцца найперш тым, што служыць умацаванню веры. Толькі тэалогія ёсць навукай пра адкрытыя Богам дагматы; дзеля гэтага яе імкненне выконваць ролю навукі навукам як адзінай, здольнай пазнаць абсалютныя праўды, зусім абгрунтаванае. "Тэалогія не чэрпае з іншых навук, як вышэйшых за яе, а карыстаецца імі як ніжэйшымі і службовымі". Вось жа калі вынік эмпірычных даследзінаў пярэчыць праўдзе Адкрыцця, вышэйшасць апошняе не можа ставіцца пад знак запытання. Такім парадкам, Адкрыццё вызначала граніцы, якіх вучонаму нельга пераступаць.

Прымаючы Арыстотэлеву тэорыю пра чалавека як грамадскае і палітычнае стварэнне, Тамаш рацыяналізаваў традыцыйную ў навуцы Касцёлу тэорыю пра боскае паходжанне дзяржаўнае ўлады. Як вытокам грамадства ёсць прырода чалавека, так і дзяржаўная ўлада толькі пасрэдна паходзіць ад Творцы: боскі толькі сам прынцып улады, а пэўны дзяржаўны лад твораць людзі. Зразумела, гэта не значыць, што заданні дзяржавы толькі зямныя; наадварот — дзяржава мусіць мець сваю долю ў вядзенні людзей да вечнага шчасця, яна павінна ствараць ім умовы, патрэбныя для збаўлення. Гэтымі ўмовамі ёсць мір (pax) і парадак (ordo), г. зн. ерархічная будова грамадства, што грунтуецца на няроўнасці.

Няроўнасць, цвердзіў Тамаш, абавязковы складнік кожнага дасканалага цэлага. Іерархія мусіць існаваць заўсёды і ўсюды. Яна ёсць у нябёсах (бо і анёл анёлу няроўны), у Касцёле, нарэшце, у дзяржаве і грамадстве. Грамадства ад пачатку іерархічнае, і адны мусяць быць слугамі іншых, бо яны зроду горшыя. Аўтар адкідаў традыцыйны падзел грамадства на тых, "хто моліцца", "хто бароніць" і "хто корміць". Ён разумеў, што ў XIII ст. лінія падзелу ляжыць не толькі паміж станамі, але і паміж класамі. Дзеля гэтага ён замяніў як крытэрый розніцу ў праўным становішчы падзелам людзей паводле маёмасці. Тамістычны вобраз грамадства — гэта optimates (аб'яднаныя ў адну групу найбагацейшыя феадалы: і духоўныя, і свецкія), populus honorabilis (тыя, што не магнаты, але ўладаюць маёмасцю, якая дазваляе ім жыць з чужое працы) і villis populus (тыя, у каго няма маёмасці).

Разважанні пра ўласнасць — адзін з найцікавейшых складнікаў тэорыі Тамаша Аквінскага. Меркаванні міру і парадку вымагаюць, каб той, хто ўжо ёсць уласнікам нейкае рэчы, застаўся ім назаўсёды. Захаванне прыватнае ўласнасці — выяўленне пашаны да закону прыроды і абавязковая ўмова нармальнага грамадскага жыцця. Бог даў чалавеку натуральную ўладу над сваімі творамі і, значыцца, даў яму таксама права іх прыўлашчваць. У кожных адносінах уласнасці трэба адрозніваць два бакі: самое ўладанне, г. зн. права спажываць рэч і карыстаць з яе, а таксама ўжыванне гэтае рэчы. Ужыванне рэчы не азначае абсалютнага ўладарства над ёю. Уласнік павінен дзяліць свае дастаткі з беднымі, гэта было спалучэнне Арыстотэлевай аргумантацыі з "камуністычнымі" ідэямі, узятымі з Святога Пісьма, а таксама з духам эгалітарызму. Яно ў пэўнай ступені выяўляла дэмакратычнае бачанне грамадства і разуменне патрэб сучаснага развіцця. Св. Тамаш пагаджаўся з атрыманнем прыбытку з гандлю, абы той быў карысны грамадству. Ён таксама дапушчаў насуперак касцельнай традыцыі, атрыманне процантаў з капіталу. Гэта магло даць дарогу для шырэйшага ўдзелу ў палітыцы маёмасных грамадскіх пластоў, не зважаючы на іх паходжанне.

Іерархічная будова грамадства, а таксама іерархія мэтаў чалавецтва стваралі перадумову, што вызначала стасункі паміж асобай, з аднаго боку, і грамадствам і дзяржавай, з другога, а таксама паміж дзяржавай і Касцёлам.

Чалавек мае дзве прыроды і імкнецца да дзвёх мэтаў: як зямное стварэнне і член арганізаванага ў дзяржаву грамадства, ён падлягае свецкай уладзе. Адданасць і паслушэнства гэтай уладзе — грунт. Але таксама чалавек — стварэнне, абдараванае несмяротнай душою: значыцца, ён падлягае Богу, і беспасярэдна — духоўнай уладзе. Зразумела, нябесныя мэты вышэйшыя за зямныя: яны канцавыя, тады як першыя толькі частковыя. Дзеля гэтага, рабіў выснову Тамаш, трэба, каб той, хто вядзе да далейшае мэты, пільнаваў і таго шляху, што вядзе да бліжэйшае мэты. Ён спасылаўся на выказванні Грыгорыя VII, спамінаў Канстанцінаў дар, падкрэсліваў эпахальнае значэнне пераносінаў імперыі на Захад папам Адрыянам V і да г. п. Гэта была абарона традыцыйнае формулы аб падпарадкаванні дзяржавы Касцёлу.

Св. Тамаш выказваўся за манархічную форму ўлады. Але і манархія зводзіцца. "Каралеўская ўлада — найлепшая форма ўрада, пакуль не сапсуецца", — пісаў ён. Адсюль пільная патрэба ў абавязковых інструкцыях на выпадак улады тырана. Тыран — не толькі той уладар, які незаконным спосабам здабыў уладу; тыран і той, хто ўжывае ўладу на благое. Злоўжыванні дзяржаўнае ўлады св. Тамаш бачыў дваяка: яны парушаюць або асновы Божага і прыроджанага закону, або канстытуцыю дзяржавы, якая паходзіць ад народа. У першым выпадку падданыя не толькі вызваляюцца ад грамадзянскае лаяльнасці, а проста абавязаныя адмовіць тырану ў послушэнстве. У другім справа больш складаная. Калі-нікалі лепей зносіць тыранію, бо вынікі паўстання проціў яе маглі б быць горшыя за яе самую. Тыранія — гэта ж, як правіла, Божая кара за грахі падданых. Перад тым як выступіць проціў уладара, які ламае канстытуцыю дзяржавы, трэба ўпэўніцца, што ўстанаўленне благога ўладара не было ў планах Провіду. Развязанне гэтае дылемы перавышае здольнасці звычайнага чалавека — яно належыць духавенству, Касцёлу, папу. Значыць, ад духоўнае ўлады залежыць, ці выступаць супроць улады, ці не. Мала таго, толькі духоўная ўлада можа выступіць з ініцыятывай скінуць тырана.

Тамашовы формулы не пакідалі ілюзіяў адносна перавагі Касцёлу, папы ў дзяржаве. Папа можа кантраляваць свецкія ўлады і мяшацца ў палітычную сферу. Бо на вяршыні іерархіі папa злучае найвышэйшую зямную ўладу з найвышэйшай духоўнай. Іншая рэч, што папa павінен захоўваць стрыманасць і хіба рэдка мяшацца ў справы дзяржавы. Як рэаліст, Тамаш ведаў, што часам гэта беспрадметна, часта не дае выніку і, значыцца, непажадана.

Дзяржава, якая стварае чалавеку ўмовы, што спрашчаюць ягонае вызваленне ад граху, і пад правадырствам Касцёлу вядзе яго да райскае брамы, абавязаная чынна змагацца з тымі, хто перашкаджае ажыццяўленню гэтых заданняў — з ерэтыкамі і вальнадумцамі. Св. Тамаш апраўдваў дзейнасць інквізіцыі ў адносінах да ерэтыкоў: "Калі свецкія князі справядліва караюць фальшываманетчыкаў і іншых злачынцаў, тым больш справядліва абвінавачаныя ў ерасі павінны быць не толькі адлучаныя ад Касцёлу, але і пакараныя смерцю". Гэта была крайняя выснова з аўгустынскай формулы cogite intrare: "Змусьце іх [ерэтыкоў] увайсці [у адзінства Касцёлу]".

Іерархія, што становіць важную рысу кожнага дасканалага цэлага, пранікае таксама права. Найвышэйшым ёсць вечны закон (lex aeternd), найвышэйшая Божая мудрасць. Яе выражаюць правілы, паводле каторых Бог кіруе светам. Вечны закон — усюдыісны. Ягоным адбіткам у людскім розуме ёсць прыроджаны закон (lex naturalis) — выяўленне ўдзелу разумнага чалавека ў Божай мудрасці: разумны чалавек здатны разважыць, што ёсць добрае, а што благое. Асноўныя прынцыпы прыроджанага закону мелі форму этычных наказаў: належыць імкнуцца да добрага і ўхіляцца благога, любіць бліжняга як самога сябе, аддаваць кожнаму тое, што яму належыцца, і да г. п. Пасылкай тамістычнае тэорыі натуральнага права было дапушчэнне, што чалавеку ўласціва прыроджанае імкненне да добрага. Але прыроджаны закон дае чалавеку толькі вельмі агульныя правілы паводзінаў і, апроч таго, прыроджаных схільнасцяў рабіць добрае замала, каб давесці яго да дасканаласці; патрэбная дысцыпліна, якая страхам і сілай утрымае яго ад благога. Дзеля гэтага ўпаўнаважаныя заканадаўцы вызначаюць, як наказы і забароны прыроджанага закону трэба ўжываць у практыцы. Гэтак паўстае людскі закон (lex humand). Значыцца, людскі закон, г. зн. заведзены (або санкцыянаваны) кампетэнтнай дзяржаўнай уладай, — шырэйшы за прыроджаны, ён абдымае болей рэчаў і не можа яго парушаць. Людскі закон, што пярэчыць наказам прыроджанага, — не закон і вызваляе падданых ад абавязку трымацца яго. Але і гэтага закону замала: чалавек — слабое стварэнне, перад ім стаяць мэты, дасягненне каторых перавышае ягоныя магчымасці. Дзеля гэтага паводзіны чалавека вызначае і пазітыўны боскі закон (lex divind). Гэты закон змешчаны ў Святым Пісьме і навуцы Касцёлу.

Тамізм быў сінтэзам сярэднявечнае навукі Касцёлу і яе найвялікшым дасягненнем. Ён умела дапасоўваў хрысціянскую традыцыю да вымогаў XIII ст.. Выходзячы з рэалістычнае ацэнкі рэчаіснасці, надаючы рацыяналістычныя рысы канцэпцыі прыроджанага і людскога закону, даючы новыя імпульсы думцы пра дзяржаву і функцыянаванне грамадстваў, у якой захаваліся элементы традыцыйнага палітычнага бачання Касцёлу, тамізм рабіў сталы ўплыў на развіццё каталіцкае тэорыі дзяржавы, грамадства і права.

8. Эпігоны i папярэднікі

Ідэі канца Сярэднявечча. У XIV ст. крызіс сярэднявечнага светапогляду рабіўся фактам. Ён быў вынікам правалу ідэі папскага ўніверсалізму, аслаблення імперыі, узросту значэння маладых станавых манархій. Ён выявіўся ў вялікім інтэлектуальным і ідэйным узрушэнні, адлюстраваннем каторага былі шматлікія ерэтычныя ідэі і рухі. Ерэтыкі выступалі не толькі проціў дагматаў; іх рухі і праграмы былі важнымі ідэалогіямі грамадскага і палітычнага пратэсту, скіраванымі проціў фундаментальных традыцыяў эпохі.

Важным складнікам інтэлектуальнага ўзрушэння былі ідэі саборнага, "рэспубліканскага" Касцёлу, якія выказвалі кансіліярысты. Кансіліярызм быў адказам на тэорыю поўнае ўлады папы ў Касцёле. Авіньёнская няволя папаў палягчала развіццё гэтае плыні. Яе прадстаўнікі крытыкавалі верхаводства папы, аддаючы найвышэйшую ўладу калегіі біскупаў, сабору. Яны развілі навуку пра Касцёл як карпарацыю, у каторай папa толькі галава. Таксама яны пазбаўлялі папскую ўладу арэолу непамыльнасці, цвердзячы, што непамыльны толькі ўсясветны Касцёл. Нарэшце, яны былі згодныя адносна таго, што папу можна судзіць і нават ссадзіць з пасаду саборам або кардынальскай калегіяй, калі ён уваліцца ў ерась. У крайніх варыянтах гэтае плыні з'явілася думка, што падставай улады папы і біскупаў ёсць іх выбары вернікамі. Яна не можа быць неабмежаваная, умовай яе спаўнення ёсць служба хрысціянскай супольнасці.

Кансіліярызм адлюстроўваў цяжкасці, што выяўляліся ў Касцёле ў пару т. зв. вялікае схізмы, але сваім значэннем далёка выходзіў за ўнутрыкасцельныя справы. Змешчаная ў ім пахвала калегіяльнасці ў вынясенні пастаноў спрыяла імкненню да аўтаноміі нацыянальных касцёлаў, а таксама падтрымоўвала свецкія імкненні да ўдзелу ва ўладзе ў станавых манархіях парламентаў, даючы ідэйную спажыву для развіцця тэорыі прадстаўніцтва.

На шлях адолення сярэднявечных канонаў стала ў пачатку XIV ст. і правазнаўства. Развіццё ўніверсітэтаў па ўсёй Эўропе спрыяла міжнароднаму пашырэнню правазнаўства. У творах каментатараў адбывалася дапасаванне юстыніянскага права да патрэбаў новае эпохі. Рымскае права набірала новага зместу, узятага з звычаёвага права гарадоў, з леннага права, з заканадаўства манархаў і кананічнага права. Каментатары і гласатары надалі правазнаўству высокую рангу, яно мусіла быць вяршыняй людскіх ведаў пра свет. Яго звязвалі з вымогамі палітычнае практыкі і патрэбамі таварна-грашовае гаспадаркі; з поспехам адольвалі праўны фармалізм, прадстаўлялі навуковыя прынцыпы вытлумачэння праўных нормаў, мелі заслугі ў выпрацаванні шэрагу калізійных нормаў, якія тлумачылі няпэўны праўны стан, узбагачвалі гандлёвае і спадчыннае права. Першай постаццю сярод каментатараў XIV ст. быў Бартолюс дэ Сасаферата.

Але найболей "новага" ўнеслі наступныя аўтары тых часоў: Уіл'ям Окам, Дантэ Аліг'еры і Марсылій Падуанскі.

Крытыка папізму: Окам. Уіл'ям Окам (каля 12801350), філосаф і францішканскі тэолаг, адзін з найвыдатнейшых прадстаўнікоў позняе схаластыкі, галоўны прадстаўнік філасафічнага кірунку, званага наміналізмам, тварыў пры двары Людвіга Баварскага, дзе ён схаваўся ад праследаванняў з боку папы Яна XXII. У багатай пісьменніцкай спадчыне Окама, якая абдымае шмат галінаў веды, найвялікшае значэнне мае ягоны Tractatus de Imperatorum et Pontiflcum potestate ("Разважанне пра ўладу імператараў i папаў", 1347).

Окам смела адмаўляў наданне тэалогіі статусу навукі; ён хацеў звароту да беднасці і маральных нормаў, змешчаных у Эвангеллях. У багацці і палітычных імкненнях папства ён бачыў замах на істоту хрысціянства. Ён пісаў, што Касцёл "трымаецца памылак, пацвярджае іх і, значыцца, бароніць ерась, не перастаючы чыніць вялікія і цяжкія крыўды, а таксама несправядлівасці проціў правоў і свабодаў вернікаў — як багатых, так і малых, свецкіх і духоўных — на небяспеку хрысціянам".

Папізм для яго быў сінонім найстрашнейшае няволі. Окам лічыў, што ён незаконны і нясе на сабе адзнаку ерасі. Папу Яна XXII ён называў проста ерэтыком. Дзяржава не паходзіць ад папы; права ўстанаўляць уладу — прывілей, што належыць беспасярэдна і выключна Богу, але Бог даў людзям магчымасць ставіць уладароў паводле іхнае волі: "Кожная супольнасць, — пісаў ён, — можа паставіць сабе кагось на чале" Людзі родзяцца вольныя і роўныя, і дзеля гэтага ўсе маюць права абіраць сабе ўладара, адно што, раз яго паставіўшы, ужо не могуць яго пасля адклікаць. Довады аўтара былі сярэднявечныя (у тым сэнсе, што грунтаваліся на Святым Пісьме), але галоўная мэта гэтае высновы, якая пярэчыла традыцыі эпохі, — патрабаванне поўнае незалежнасці ад папы. Па новаму ён разумеў і мэту дзяржавы — як зямное дабро людзей.

Окам змяніў шкалу вартасці праўных нормаў. На вяршыні праўнага парадку ён пакінуў Божы закон, які становіць выраз Божае волі. Але гэтым выразам ёсць толькі тое, што змяшчае Святое Пісьмо, а не тое, што хацеў бы бачыць Божым законам Касцёл. Гэтая тэза азначала вялікі крок наперад у бок будучай канцэпцыі "чыстага слова Божага", выказанай Рэфармацыяй і гуманізмам. Ніжэйшай сістэмай застаецца прыроджаны закон — ён даступны людзям без Адкрыцця, ягонай крыніцай ёсць розум. Прыроджаны закон — гэта вельмі агульныя нормы, там, дзе ён не дасягае, чалавек можа вольна будаваць праўныя адносіны. Дзеля гэтага ранга людскога закону ў Окама высокая (бо шырокім было поле свабоды ад прыроджанага закону); ягонай рысай быў суб'ектыўны характар нормы, што абвяшчала непарушнасць правоў людзей. У Окама можна ўбачыць зародак навачаснае тэорыі асабістых правоў. Ягоныя погляды, што спачатку жылі ва ўніверсітэцкіх асяродках Оксфарда і Парыжа, з часам пашырыліся на ўсе акадэмічныя цэнтры познесярэднявечнай Эўропы.

Манархія як свет міру: Дантэ Аліг'еры. Выдатны італьянскі паэта і крытык сярэднявечнага ўніверсалізму Дантэ Аліг'еры (1265-1321) меў не толькі літаратурны талент, але і жадасць (жарсць) да палітычнае дзейнасці. Ён браў чынны ўдзел у жыцці роднае Флярэнцыі, шмат гадоў засядаючы ў народных радах і служачы на пасадзе прыёра, покуль не апынуўся на эміграцыі, на якой прабыў да смерці.

Пра змест Дантавых поглядаў дагэтуль спрачаюцца. 3 пэўнасцю можна сказаць, што ён заставаўся пад моцным уплывам авэраістаў і адкрытага імі Арыстотэля. Ён пераняў ад іх рэалізм у ацэнцы палітычных сітуацый і філасофію дваякае праўды. Яго асноўныя прапановы адносна дзяржаўнага ладу змешчаны ў творы "Пра манархію" (De monorchia, каля 1310 г.); найглыбейшую палітычную ацэнку свету ён дае ў "Боскай камедыі" (Comedia divinа), якая змагла выйсці з друку адно ў 1472 г.

Дантэ песімістычна ацэньваў сучасную яму рэчаіснасць. Ён лічыў, што светам кіруюць дурныя, гультаяватыя і злачынныя людзі. Італія прыпамінае карабель без стырнавога ў час вялікае буры, а родная Флярэнцыя — гэта новы Бабілён. "Вялікай распусніцай" ёсць папская курыя, не лепшыя за яе і мясцовыя ўладары: князі і паны. Ёсць толькі адзін шлях да адраджэння, ён у аднаўленні ўсясветнай, што абдымае ўвесь цывілізаваны свет, манархіі, кіраванай рымскім імператарам.

Дантава манархія — гэта свет міру. Толькі імператар можа захаваць мір паміж падлеглымі яму народамі і ўладарамі. Бо толькі ён, "усё маючы і ўжо нічога не хочучы", здолее адвярнуць людзей ад войнаў і анархічнае распусты. Дантэ адкідаў сярэднявечны канон, паводле каторага дзяржава ёсць толькі элемент у божым плане збаўлення чалавецтва, г. зн. арганізацыя з неадкладнымі і дапаможнымі заданнямі. Мэта дзяржавы — поўнае здаволенне матэрыяльных і духовых патрэб чалавека і ў выніку — зямное шчасце людскога роду (civilitas humanа). Дзеля гэтага Дантава ўсясветная манархія была падобная да старое імперыі нямецкіх імператараў толькі сваім усясветным маштабам; з увагі на перспектыву яна станавіла яе процілегласць. Моцная пазіцыя імператара, якому ён перадаваў усе сродкі дзейнасці, ішла поруч з тэзаю, што з увагі на мэту дзяржавы імператар ёсць слуга сваіх народаў. Праўдзівым верхаводам мусіў быць рымскі народ: Дантэ зварочваўся да аргумантацыі Касцёлу нагадваючы, што Рым быў калыскаю хрысціянства, таксама ён падаваў старую думку, што рымляне, наступнікамі каторых ёсць італьянцы, запанавалі над светам дзякуючы цнотам і Провіду. Італія таксама мусіла граць галоўную ролю ў манархіі і быць "садам імперыі".

Дантавы высновы пра адносіны паміж дзяржавай і Касцёлам былі больш навачасныя. Аўтар адкідаў навуку Тамаша Аквінскага пра падпарадкаванне зямных мэтаў вечным як канцавым. Ён прыняў раўнавартасць гэтых мэтаў, а таксама раўнавартасць спосабаў іх ажыццяўлення. Ён прымаў і авэраістычную думку пра незалежнасць філасофіі ад тэалогіі, хоць трымаўся погляду, што праўды абедзвёх навук зусім не павінны пярэчыць адныя другім, бо, урэшце, абедзве вядуць да Бога. Тэзу пра пажаданы прынцып супрацоўніцтва паміж дзяржаваю і Касцёлам Дантэ даводзіў, між іншага, тым, што абедзве інстытуцыі ў роўнай меры выяўляюць Божую волю. Але адначасна ён фармуляваў абавязковую ўмову гэтага супрацоўніцтва: Касцёл не можа мяшацца ў палітыку, гэтаксама як і ў палажэнні філасофіі, якая ёсць навукай пра зусім зямныя заданні. Дантэ востра крытыкаваў папскае заканадаўства і касцельную традыцыю. Як і Окам, ён быў тае думкі, што прынцыпы Хрыстовае веры змешчаны выключна ў Святым Пісьме. Ён таксама голасна пратэставаў проціў уяўнага акту Канстанцінавага дару, ён бачыў у ім прычыну псавання Касцёлу і згубных свецкіх імкненняў клеру.

Дантэ Аліг'еры, пісьменнік, двузначны ў сваіх выказваннях і супярэчны ва ўспрыманні, глядзеў на канец Сярэднявечча ў вялікай меры ўжо праз прызму тых прынцыпаў, што перамогуць у эпоху гуманізму XVI ст. Ён быў эпігон Сярэднявечча і адначасна папярэднік думкі Адраджэння.

 

Ідэя суверэннасці народа: Марсылій Падуанскі. Марсылій Падуанскі (каля 1275 - каля 1343) належыць да найбольш арыгінальных розумаў на зломе Сярэднявечча і Новага часу 3 прафесіі ён быў доктар, а па схільнасці — філосаф і палітычны пісьменнік. У 1312-1313 гг. ён займаў пасаду прафесара і рэктара ўніверсітэта ў Парыжы. Палітычна ён быў звязаны з паўночнаітальянскай партыяй гібелінаў. Па выданні фундаментальнага твора Defensor pacis ("Абаронца міру", 1309) Касцёл прызнаў яго за ерэтыка, і ён знайшоў прытулак пры двары імператара Людвіга Баварскага.

Марсылій таксама заставаўся пад уплывам авэраістаў і Арыстотэля. Ад авэраістаў ён узяў свой скептыцызм і радыкалізм у пытаннях веры. Справы зямнога жыцця, паўтараў ён, нельга разглядаць у катэгорыях, уласцівых навуцы. Ад авэраістаў паходзіць і ягоны антыіндывідуалізм, выказаны ў поглядзе, што інтарэсы і імкненні асобы не могуць пярэчыць інтарэсам і імкненням супольнасці. Найвышэйшай супольнасцю была для яго дзяржава. Дзяржава — плод волі людзей, а яе дасканаласць выяўляецца ў паўнаце сродкаў, якія яна мае, каб здаволіць усе патрэбы грамадзян. Дзяржава — вартавы бяспекі і міру паміж людзьмі, парука згоды ў грамадстве; гэта арганізацыя, што мае тэхніку і апарат, а таксама сродкі кіравання. Бо асноўным зместам дзяржавы ёсць улада {pars principans) — урад. Урад мусіць быць адзіны, у ягоных руках павінны быць засяроджаны ўсе сродкі прымусу, значыцца, і адміністрацыя, і судовая сістэма, і сістэма кантролю. Моцны ўрад не можа давесці да тыраніі, бо права заводзіць законы, якое ёсць сапраўднай субстанцыяй суверэннасці, належыць усяму народу. Прынцып суверэннасці народа — галоўная выснова Марсылія — найлепей ажыццяўляецца ў дэмакратычным ладзе. Па-першае, дзеля таго, што людзі ахвотна слухаюцца законаў якія яны самі завялі, па-другое, з тае прычыны, што народ лепш за асобу распазнае сваё дабро і болей яго прагне. Значыцца, воля народа — парука ў завядзенні найлепшых нормаў, якія, між іншага, могуць паспяхова кантраляваць дзейнасць урада. Аўтар дапушчаў помач знаўцаў пры напісанні законаў і не выключаў на пераходны перыяд перадачы прывілею заводзіць законы ўраду або іншаму вузейшаму органу, што давала шырокія магчымасці для кампрамісаў і ўступак, хоць і не аспрэчвала самога прынцыпу суверэннасці народа.

Прынцыпу суверэннасці народа Марсылій падпарадкоўваў свае заўвагі пра сістэматызацыю права і адносіны дзяржавы да Касцёлу. Ён адкідаў тэорыю двуістотнасці (дуалізму) людскога і вышэйшага закону — Божага або прыроджанага. Божы закон будзе нормай sensu stricto (у строгім сэнсе) толькі ў нябесным жыцці, бо толькі тады ён будзе забяспечаны санкцыяй. У зямным жыцці ён — адно тэорыя, г. зн. збор неабавязковых наказаў, ацэньваць каторыя належыць людзям і толькі ім. Ён таксама не прымаў тамістычнае ідэі, нібы людскі закон ёсць канкрэтызацыя прыроджанага закону: прыроджаным законам у сапраўднасці ёсць тыя нормы людскога закону, якія ўхваляюць ува ўсім свеце. Дзеля гэтага законам ёсць выключна норма, што паходзіць ад ўпаўнаважанага заканадаўцы, якім ёсць народ (або ягоныя дэлегаты). Закон не павінен быць ані добры, ані справядлівы: важна толькі тое, ці паходзіць ён ад народа і ці ўжываецца дзяржаўным апаратам. Гэтая канструкцыя — ужо зародкавая форма перад пазітывістычных падыходаў.

Марсылій адмаўляў карпарацыйны характар Касцёлу, ён разглядаў яго як супольнасць вернікаў, што арганізаваная і дзейнічае на падставах добраахвотнасці. Касцёл сапраўды можа развіваць формы арганізаванага жыцця, якое робіць магчымым здаволенне рэлігійных патрэб членаў супольнасці, але яны не павінны парушаць парадку ў дзяржаве. Бо дзяржава і Касцёл — не роўныя партнёры: адносіны Касцёлу да дзяржавы фармуюцца паводле прынцыпу адносінаў часткі да цэлага. Гэтая тэза азначала сумненне ў свецкай місіі Касцёлу, Касцёл павінен быць установай у дзяржаве і падпарадкоўвацца дзяржаве.

Марсыліевы творы церабілі шырокую дарогу рэалістычнай і гуманістычнай палітычнай культуры Адраджэння.


Дата добавления: 2015-11-30; просмотров: 35 | Нарушение авторских прав



mybiblioteka.su - 2015-2024 год. (0.019 сек.)