Студопедия
Случайная страница | ТОМ-1 | ТОМ-2 | ТОМ-3
АрхитектураБиологияГеографияДругоеИностранные языки
ИнформатикаИсторияКультураЛитератураМатематика
МедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогика
ПолитикаПравоПрограммированиеПсихологияРелигия
СоциологияСпортСтроительствоФизикаФилософия
ФинансыХимияЭкологияЭкономикаЭлектроника

Казацка-сялянская вайна і яе вынікі.

Читайте также:
  1. Вялікая Айчынная вайна: асноўныя падзеі. Дзейнасць антыгітлераўскай кааліцыі
  2. Казацка-сялянская вайна 1648 – 1651 гг. Напярэдадні выбуху.

У 1648 г. гетманам запарожскага войска быў выбраны Багдан Хмяльніцкі. Ён узняў казакаў на паўстанне, уступіў у пагадненне з крымскімі татарамі і на чале казацка-татарскіх сілаў разбіў польскія войскі пад Жоўтымі Водамі (15 мая 1648) і Корсунем (26 мая 1648). Паведамленні пра гэта выклікалі ўзброеныя выступленні сялян і гараджан Беларусі, асабліва ў паўднёвых раёнах, якія традыцыйна былі больш цесна звязаны з Украінай і Запарожскай Сеччу. Для падтрымкі руха на беларускіх землях Хмяльніцкі накіраваў сюды з-пад Белай Царквы і Корсуня казацкія атрады – загоны, на чале з казацкімі палкоўнікамі Галавацкім, Гладкім, Галотай, Небабай, Хвесько і інш. Адначасова па гарадах рассылаліся лісты – універсалы – з заклікамі да ўзброенага выступлення супраць магнатаў і шляхты. І сярод казакаў (у тым ліку казацкага кіраўніцтва), і сярод рассыльных было нямала выхадцаў з Беларусі, што павышала давер да іх з боку мясцовага насельніцтва. У выніку да восені 1648 г. поўдзень Беларусі быў ахоплены антыфеадальным паўстаннем. Шляхта, каталіцкае і уніяцкае духавенства шукалі паратунку на тэрыторыях, не ахопленых народным рухам.

Пагрозлівая для магнатаў і шляхты Рэчы Паспалітай сітуацыя ўскладнялася смерцю 20 мая 1648 г. караля Удадыслава ІV. Кіраўніцтва Вялікага княства Літоўскага не здолела аператыўна сабраць войскі для задушэння паўстання на поўдні. Толькі ў чэрвені 1648 г. канвакацыя ухваліла найм 6 тысяч жаўнераў, потым лічба была зменшана да 5 тысяч, але збор войска зацягнуўся. У складанай для Вялікага Княства сітуацыі найбольш энергічнай асобай аказаўся палявы гетман Януш Радзівіл, які дастаткова аператыўна накіраваў супраць казацка-сялянскіх атрадаў нанятыя за свой кошт харугвы. Аднак гэтага было яўна недастаткова для выпраўлення сітуацыі. Пад Рэчыцай паўстанцамі былі разгромлены сілы на чале з пісарам Вялікага княства Літоўскага Уладзіславам Валовічам, пад Горвалем – атрад стражніка Грыгора Мірскага, у Ігумені – харужага Яна Паца. У Кобрыне былі разбіты сілы стольніка ВКЛ Вінцэнта Гансеўскага. Паўстанцы захапілі шэраг гарадоў, у тым ліку Гомель, Чачэрск, Брагін, Бабруйск, Мазыр, Тураў, Пінск, Рэчыца, Кобрын.

Насельніцтва гарадоў амаль не аказвала супраціўленне казацкім загонам, а частка гараджан далучалася да іх. Выключэнне складалі гарады з моцнымі ўрадавымі ці магнацкімі гарнізонамі. Часам сяляне, не чакаючы падыхода запарожцаў, узбройваліся і самастойна выступалі супраць сваіх паноў. Яны знішчалі пачатковую дакументацыю, рабавалі і палілі шляхецкія двары. Паўстанцкі рух набываў у Беларусі выразную антыфеадальную скіраванасць. Аднак, паколькі працэс засваення польскіх звычаяў, культуры і мовы ў асяроддзі вярхушкі шляхты Вялікага княства Літоўскага на той час ужо ішоў шпаркімі тэмпамі, то народныя выступленні мелі таксама антыпольскую і антыкаталіцкую афарбоўку. Казацкія загоны перанеслі на беларускія землі і практыку мэтанакіраванага пераследвання іудзейскага насельніцтва, ажно да яго фізічнага вынішчэння. Разам з тым, меліся прыклады, калі мясцовае насельніцтва не дапускала расправы над яўрэямі, як тое мела месца падчас няўдалай аблогі запарожцамі Слуцка.

Падтрымліваючы паўстанне ў Беларусі, Хмяльніцкі меў на ўвазе пэўныя мэты. Па-першае, ён імкнуўся скаваць тут войскі Вялікага княства Літоўскага і не дапусціць іх на Украіну. Акрамя таго, з’яўленне казацкіх загонаў прыцягвала масы збеглых сялян, гарадскога плебса, збяднелай і пакрыўджанай шляхты, інакш кажучы ўсіх тых, хто заўсёды складаў сацыяльную базу казацтва. Цяпер ім не трэта было бегчы за сотні кіламетраў на Сеч, яна сама прыходзіла да іх, запрашаючы ўзяць у рукі зброю і тут жа адпомсціць сваім крыўдзіцелям. У выніку колькасць казацкага войска пастаянна расла. І, нарэшце, Хмяльніцкі быў не супраць пры нагодзе далучыць значныя беларускія тэрыторыі да дзяржавы запарожцаў, якую ён планаваў стварыць. Тэрытарыяльныя прэтэнзіі кіраўніка запарожскага войска прасціраліся досыць далёка – “аж да Барысава і далей, да Быхава таксама, Магілёва і далей”.

Спадзяванні казацкага гетмана спраўдзіліся толькі часткова. Войскі Вялікага Княства не змаглі падыйсці на Украіну. Гэта дазволіла запарожцам нанесці палякам паражэнне пад Піляўцамі (23 кастрычніка 1648 г.), што пацягнула за сабой разрастанне паўстання, набываўшага рысы антыфеадальнай вайны. Буйныя атрады паўстанцаў дзейнічалі ў канцы 1648 – пачатку 1649 г. на Піншчыне, Тураўшчыне, Мазыршчыне і ў іншых рэгіёнах. Казацкія сілы з’яўляліся навад пад Магілёвам і Слуцкам. Кіраўніцтва Рэчы Паспалітай мусіла прымаць экстраныя меры. На поўдзень Беларусі сцягіваліся войскі, якія налічвалі восенню 1648 г. 12 – 14 тысяч чалавек. Іх узначаліў Януш Радзівіл, які разгарнуў энергічную дзейнасць па недапушчэнню казакаў углыб беларускай тэрыторыі. Па загаду Радзівіла значныя сілы пад кіраўніцтвам стражніка Вялікага княства Літоўскага Грыгора Мірскага у кастрычніку захапілі Пінск, жыхары якога, разам з запарожцамі, адчайна бараніліся нават пасля ўварвання ў горад непрыяцеля. Пераможцы абышліся з непакорнымі пінчукамі надзвычай сурова: горад, які яшчэ раней быў падпалены самімі казакамі, быў на два дні аддадзены жаўнерам на разрабаванне. Быў спустошаны не толькі Пінск, але таксама ўсё пінскае староства. Шляхецкае войска на чале з Друцкім-Горскім штурмам авалодала Чэрыкавым, які таксама быў спустошаны.

Канец 1648 г. Януш Радзівіл правёў на элекцыйным сейме, дзе 20 снежня новым каралём польскім вялікім князем літоўскім быў выбраны малодшы брат Уладыслава ІV Ян Казімір Ваза. Але ўжо на пачатку 1649 г. гетман быў у Брэсце. Адтуль аб’яднаныя сілы Радзівіла рушылі па тэрыторыі Палесся на ўсход. Былі занятыя Тураў, Мазыр, Лоеў, Давыд-Гарадок, Бабруйск, Рэчыца. Казакі і паўстанцы бязлітасна знішчаліся. Ужо ў першай палове 1649 года увесь поўдзень Беларусі знаходзіўся пад кантролем войска Вялікага княства Літоўскага.

Пасля кароткачасовага перамір’я ўлетку 1649 г. баявыя дзеянні разгарнуліся з новай сілай. Для ўратавання сітуацыі на Беларусі Хмяльніцкі накіраваў сюды новыя казацкія загоны, але поспехаў дасягнуць не здолеў. Палкоўнікі Гаркуша, Ліцвіненка і Паповіч прадпрыймалі неаднаразовыя спробы авалодаць Гомелем, але безвынікова. Да пачатку ліпеня Я.Радзівіл сабраў значныя сілы пд Рэчыцай і планаваў паход на Украіну. Каб устрымаць яго, Хмяльніцкім былі пасланы на Палессе атрады на чале з Іллёй Галотай і Галавацкім. Аднак Сілы Галоты былі разбіты ў Загаллі Ул.Валовічам, а атрад Галавацкага трапіў у засаду, арганізаваным Г.Мірскім пад Рэчыцай. Буйнейшая бітва адбылася 31 ліпеня 1649 г. пад Лоевам, куды было паслана 12 тысяч казакаў на чале з С.Падабайлам, а таксама 30-тысячныя сілы пад кіраўніцтвам Міхаіла Крычэўскага, беларуса па паходжанню. Крычэўскі нечакана атакаваў абоз Радзівіла, які рыхтаваўся да марша на Кіеў, але быў адбіты. Контратака войска Вялікага княства Літоўскага змусіла паўстанцаў да ўцёкаў. Казацка-сялянскае войска было разгромлена. Цяжка паранены Крычэўскі быў узяты ў палон і неўзабаве памёр.

У жніўні 1649 г. было падпісана Збораўскае перамір’е, якое прыпыняла ваенныя дзеянні. Аднак варагуючыя бакі збіралі сілы і сцягвалі іх на мяжы Беларусі і Украіны. Левабярэжжа Прыпяці кантралявалася войскам Рэчы Паспалітай. У раёне Чарнігава канцэнтраваліся казацкія палкі – Марціна Нябабы, Кіеўскі і Нежынскі, якія налічвалі, разам з татарскімі сіламі, 50 тысяч чалавек. Шэрагі запарожцаў папаўняліся за кошт сялян. У 1651 г. польскі кароль Ян Казімір Ваза (1648 – 1668) са 100-тысячнай кароннай арміяй рушыў на казакаў. Імкнучыся не дапусціць магчымага ўдара з тылу, Хмяльніцкі вырашыў атакаваць войскі Вялікага княства Літоўскага з поўдня і паўднёвага ўсходу. На Беларусь – да Гомеля і Крычава былі накіраваны буйныя сілы на чале з Забелам і Шохавым, што актывізавала мясцовы антыфеадальны рух. Аднак гэта не прынесла чакаемых вынікаў. Казакі здолелі захапіць толькі Рослаў, тады як Гомель і Крычаў выстаялі. Рашаючая бітва адбылася 6 ліпеня 1651 г. пад Лоевам. 15-тысячная казацкая армія на чале з М. Нябабам панесла сакрушальнае паражэнне. Неўзабаве пасля гэтага асноўныя сілы Хмяльніцкага на Украіне былі ўшчэнт разбітыя каралеўскімі войскамі пад Берасцечкам (10 ліпеня 1551 г.). Я.Радзівіл рушыў на Кіеў, шлях на які быў адкрыты, і заняў яго без боя. Канчаткова антыфеадальны рух на беларускіх землях быў задушаны да восені 1651 г. Гэта было абумоўлена тым, што сяляне засталіся без падтрымкі запарожцаў: Белацаркоўскае перамір’е ад 18 верасня 1651 г. прадугледжвала вывад з Беларусі ўсіх казацкіх фармаванняў. На Украіне барацьба працягвалася. Па прычыне бесперспектыўнасці самастойнай барацьбы з Польшчай, Хмяльніцкі пайшоў на прызнанне пратэктарата Расіі, што было зацверджанага ў 1654 г. на Пераяслаўльскай радзе.

 

 


Дата добавления: 2015-11-30; просмотров: 101 | Нарушение авторских прав



mybiblioteka.su - 2015-2024 год. (0.007 сек.)