Студопедия
Случайная страница | ТОМ-1 | ТОМ-2 | ТОМ-3
АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатика
ИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханика
ОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторика
СоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансы
ХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника

Статыстычныя крыніцы другой паловы ХІХ -- пачатку ХХ стст.

Читайте также:
  1. А на другой день Павел и мы, бывшие с ним, выйдя, пришли в Кесарию и, войдя в дом Филиппа благовестника, одного из семи диаконов, остались у него.
  2. Агіяграфічныя крыніцы.
  3. Асаблiвасцi летапiсання XVII-XVIII стст. на Беларусi.
  4. Была ли девочка моей настоящей подругой или шепталась обо мне за спиной. Действительно ли я нравилась парню или вместо меня он думал о другой девочке.
  5. Вы заметили, что именно те, кто не знает, что делать с этой жизнью, желают узнать о жизни другой, вечной?
  6. Глава 3. Начало другой жизни.
  7. Другой в Заполярье, а я в захолустье.

4.4.1. Статыстычныя установы Расійскай імперыі, іх функцыі і структура. Асаблівасцю сацыяльна-эканамічнага развіцця Расіі ў парэформенны перыяд было імклівае паскарэнне грамадскага развіцця, уцягненне ў яго мільенаў людзей. Узрастае патрэба ў інфармацыі, якая адэкватна б адлюстроўвала працэсы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.

Невыпадкова грамадству былі неабходны дакладныя і даставерныя звесткі аб розных элементах гаспадарчага механізму для выпрацоўкі эканамічнай і сацыяльнай палітыкі, найперш у галiне аграрных адносін. У гэты час фарміруецца сістэма статыстычнага ўліку як асобны накірунак дзейнасці дзяржаўнага апарата. У 1863 г. пры Міністэрстве унутраных спраў ствараюцца Цэнтральны статыстычны камітэт (ЦСК) і Статыстычны савет. Акрамя таго, статыстычныя работы праводзілі таксама асобныя дэпартаменты, аддзелы міністэрстваў і ведамстваў, земствы, навуковыя таварыствы.

Цэнтральны Статыстычны камітэт быў закліканы выконваць ролю агульнадзяржаўнай статыстыкі ў Расіі, але фактычна полем яго дзейнасці з’яўлялася даволі абмежаваная кола пытанняў: статыстыка насельніцтва, населеных месцаў, сельскагаспадарчая статыстыка. Астатнія накірункі статыстыкі распрацоўваліся эпізадычна і па даволі вузкіх праграмах. Камітэт ажыццяўляў бягучы статыстычны ўлік, а таксама адначасовыя абследаванні. У 1864 г. яго узначаліў вядомы вучоны П.П.Сяменаў-Цяньшанскі, якога лічаць арганізатарам рускай адміністрацыйнай статыстыкi.

Дзяржаўная и ведамасная статыстыка. Мясцовымі органамі, ЦСК, якія праводілі апрацоўку інфармацыі, былі губернскія статыстычныя камітэты. Асноўнай іх функцыяй было прадстаўленне рознага характару звестак па губерні ў выглядзе дадаткаў да гадавых справаздач губернатараў. Штогод прадстаўляліся звесткі аб пасеве і ўраджаі хлябоў па паветах (асобна па памешчыцкіх і сялянскіх землях, аб фабрыках і заводах з указаннем колькасці прадпрыемстваў, сумы вытворчасці і колькасці рабочых, аб крымінальных учынках, колькасц навучальных устаноў і г.д.) Раз у пяць гадоў вызначалі звесткі аб колькасці насельніцтва ў кожным горадзе, павеце з размеркаваннем яго па полу, саслоўю, вераспавяданню, аб колькасці жывелы, аб землеўладанні і інш.

З-за недахопу статыстыкаў і сродкаў губернскія камітэты самi не збіралі звестак. Iх яны атрымлівалі ад адміністрацыйных і іншых мясцовых органаў. Губернскія статыстычныя камітэты, такім чынам, былі звязуючым элементам паміж мясцовай адміністрацыяй і ЦСК. Яны апрацоўвалі першапачатковыя звесткі і надавалі ім форму статыстычных табліц.

У другой палове XIX ст. губернскія статыстычныя камітэты (у тым ліку і на Беларусі) значна пашырылі зону сваіх інтарэсаў і не толькі ў галіне статыстыкі, але і ў дачыненні да вывучэння гісторыі краю. У 1867 г. ім было прапанавана прыняць ўдзел ў разборы архіваў скасаваных раней судовых устаноў. На I археалагічным з’ездзе ў Маскве (1869 г.) было ўзнята пытанне аб перадачы ў веданне губернскіх статыстычных камітэтаў губернскіх архіваў, а ў хуткім часе яны былі прыцягнуты да штодзеннага ўдзелу ў зборы і захаванні мясцовых старажытнасцей. Мінскі, Віцебскі, Гродзенскі губернскія камітэты вялі такую працу рэгулярна, аб чым сведчыць іх перапіска з цэнтральнымі навуковымі ведамствамі. На аснове такой працы праводзіліся апісанні тэрыторый, браліся на ўлік тыя археалагічныя і гістарычныя каштоўнасці, якія там сустракаліся, складаліся археалагічныя карты губерняў, а пры саміх камітэтах ствараліся музеі. Адным з найбольш значных вынікаў такога роду дзейнасці з’явілася праведзенае і апублікаванае пад кіраўніцтвам магілеўскага грамадзянскага губернатара, старшыні губернскага статыстычнага камітэта комплекснае апісанне Магілеўскай губерні (“Опыт описания Могилевской губернии” в трех книгах /под редакцией А.С.Дембовецкого/ Кн. 1-3, Могилев-на-Днепре, 1882-1884). Зразумела, і гэтае саліднае выданне пры ўсей сваей грунтоўнасці мела найперш палітычную задачу: “представить нынешнее благополучное состояние Могилевской губернии, которая в прежние времена имела репутацию бедности и заброшенности”.

4.4.2. Дэмаграфiчная статыстыка.

Адміністрацыйна-паліцэйскі ўлік насельніцтва. Пасля рэформы 1861 г. звесткi апошняй Х рэвізіі амаль згубілі практычную значнасць. Былыя прыгонныя сяляне, што не атрымалі надзела, выходзілі са сваей сельскай грамады. Некаторыя з іх увогуле нікуды не прыпісваліся, іншыя ж прыпісваліся да воласцяў ці пераходзілi ў склад мяшчан. У выніку істотна ўскладняўся падлік тых, хто падлягаў воінскаму ўліку. Улік сялян праводзіўся толькі валаснымі праўленнямі і прыходскім духавенствам. Дадзеныя, якія прадстаўляла павятовая паліцыя губернатарам, таксама запазычваліся са з адпаведных запісаў і пасямейных спісаў.

Увядзенне пасямейных спісаў для сялянскага саслоўя з’яўлялася па сутнасці вымушаным мерапрыемствам. Пасямейныя спісы складаліся валаснымі праўленнямі на аснове рэвізскіх казак са штогадовай праверкай дадзеных. Акрамя іх складаліся алфавітныя, прызыўныя спісы, а таксама спісы часова- і безтэрміноваадпускных салдат. Да таго ж дадзеныя аб народанасельніцтве можна было запазычыць з падатных і пашпартных кніг валасных праўленняў. Аднак неабгрунтаванасць такога уліку была відавочнай.

Царкоўны ўлік сялян таксама быў далекі ад дасканаласці. Паколькі ў запісах аб нараджэнні, па сутнасці справы, рэгістраваўся не акт нараджэння, а акт хрышчэння, то усе дзеці, памершыя без хрышчэння, а таксама ўсе мерцванароджаныя не рэгістраваліся ў царкоўных прыходах. У іх не траплялі і ўсе памершыя. Таму і дадзеныя аб натуральным руху насельніцтва былі недакладныя і няпоўныя.

Не адрозніваліся дасканаласцю і дадзеныя аб механічным перамяшчэнні насельніцтва, якія абапіраліся на звесткі адміністрацыйна-паліцэйскага уліку насельніцтва. Гэты від ўліку быў уведзены з 1858 г. замест рэвізіі, гэта значыць рэгістравалася не “прыпісное” (прыпісанае да месца ўзімання падушнага падатку) насельніцтва, а усе наяўнае насельніцтва краіны на пэўную дату. Было праведзена шэсць агульнарасійскіх (за выключэннем Фінляндыі) адміністрацыйна-паліцэйскіх злічэнняў: у 1859, 1863, 1867, 1870, 1885, 1896 гг., калі мясцовая адміністрацыя рэгістравала ўсе насельніцтва імперыі.

Акрамя азначаных злічэнняў, губернскія статыстычныя камітэты (а там дзе іх не было – губернскае начальства) і Цэнтральны Статыстычны камітэт МУС з 1842 г. штогод вызначалі прыкладную колькасць насельніцтва, зыходзячы з дадзеных аб натуральным руху насельніцтва і яго перасяленнях з адной губерні ў другую.

Падрыхтоўка да ўсеагульнага перапісу насельніцтва. Уся гэтая мазаіка раздробленых звестак зусім не садзейнічала вырашэнню надзенных дзяржаўных задач. Таму ў сувязі з увядзеннем у 1874 г. новага статута аб усеагульнай вайсковай павіннасці пры Міністэрстве фінансаў была створана камісія, якая пасля пэўнай дапрацоўкі праект перапісу, што быў падрыхтаваны вядомым географам і статыстыкам П.П.Сяменавым –Цянь-Шанскім. Аднак па прычыне руска-турэцкай вайны, а пасля – пэўных фінансавых цяжкасцей толькі ў 1895 г. “Палажэнне аб Першым усеагульным перапісу насельніцтва Расійскай імперыі” было ўрэшце зацверджана царом.

Асноўныя крытэрыі перапісаў як формы ўліку насельніцтва. У методыцы падрыхтоўкі і правядзення Першага Усерасійскага перапісу насельніцтва Расійскай імперыі ўжо можна прасачыць тыя прынцыпы, на якіх грунтуюцца і наступныя перапісы насельніцтва, што закранулі тэрыторыю Беларусі:

1. Цэнтралізаванасць, гэта значыць правядзенне перапісу у афіцыйным парадку урадам краіны з удзелам мясцовых органаў;

2. Ахоп пэўнай тэрыторыі, межы якой дакладна вызначаюцца ўрадавымі пастановамі ці рашэннем статыстычных органаў;

3. Ўсеагульнасць, пад якой разумеецца ахоп ўсіх асоб без пропускаў і адначасова без двайнога ліку;

4. Адзіначасовасць, ці аднясенне ўсіх улікавых аперацый да дакладна вызначаных месца і часу (так званы “крытычны момант”);

5. Індывідуальнасць пры рэгістрацыі, гэта значыць збор дадзеных ад кожнага індывідуума, асобна прамым улікам;

6. Апрацоўка і публікацыя дадзеных згодна геаграфічнаму альбо адміністрацыйнаму падзелу краіны і асноўным дэмаграфічным, сацыяльным прыкметам, што характарызуюць насельніцтва.

Забеспячэнне супаставімасці дадзеных перапісаў шмат ў чым залежыць ад праграмы: пераліку пытанняў, што ўключае перапісны ліст і сістэмы розных табліц, а таксама інструкцыі з дакладным вызначэннем зместу, што ўкладаецца ў кожнае пытанне гэтай праграмы.

Праграма перапісу 1897 г. вызначала ўлік наступных звестак: 1)“фамилии” -- гэта значыць прозвішча ці “прозвища” - мянушкі, імя і імя па бацьку; 2) пол; 3) адносіны да “главы” гаспадаркі і “главы” сваей сям’і; 4)узрост; 5) сямейнае становішча; 6) саслоўе, стан ці званне; 7) месца нараджэння; 8) месца прыпіскі; 9) месца жыхарства; 10) адзнака аб адсутнасці і аб часовым месцанаходжанні; 11) родная мова; 12) уменне чытаць, месца навучання; 13) занятак, рамяство, пасада ці служба (з вызначэннем як галоўнага, так і дапаможнага заняткаў). Акрамя таго ў перапісным лісце неабходна было адзначыць – дома ці на старане было месца працы рэспандэнта, наяўнасць ў яго фізічных недахопаў, стан пабудоў, а таксама адносіны да воінскай павіннасці.

Агульнае кіраўніцтва подрыхтоўчымі работамі было ўскладзена на Галоўную перапісную камісію. Яна ўстанавіла, каб для кожнай сялянскай гаспадаркі вызначаўся асобны перапісны ліст, у які занатоўваліся як асобы, што належалі да складу гаспадаркі, так і ўсе тыя, што знаходзіліся там ў дзень перапісу. Пры тым ў склад асобнай гаспадаркі ўваходзілі не толькі члены сям’і, але і ўсе “залежачыя ад гаспадаркі і пражываючыя з ім разам”. Для сялянскіх двароў, што ўваходзілі ў склад абшчыны, вызначаўся перапісны ліст формы А. Усе астатнія (на хутарах і г.д., сюды ж уладанні святароў, настаўнікаў і інш.) – як уладальніцкія запісваліся на лісце формы Б.

Калі лісты формы Б павінны былі запаўняцца самімі гаспадарамі, то лісты формы А запаўняліся непасрэдна лічыльнікамі (апошнія павінны былі абысці самі ўсе сялянскія двары). Лічыльнікі набіраліся з прадстаўнікоў духавенства, настаўнікаў, граматных сялян і г.д.

У снежні 1896 г. быў канчаткова ўстаноўлены дзень правядзення Першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва і, ўрэшце, 28 студзеня 1897 г. на тэрыторыі усей краіны па агульнай праграме і адзінай методыцы былі атрыманы звесткі аб геаграфічным, узроставым, рэлігійным размеркаванні насельніцтва, аб яго граматнасці, занятках, бытавых і іншых асаблівасцях.

Апрацоўка дадзеных. Ступень дакладнасці матэрыялаў перапісу 1897 г. Акрэсліваючы ступень дакладнасці матэрыялаў перапісу 1897 г. неабходна ўлічваць усе акалічнасці: як задаваліся пытанні лічыльнікам, у якой ступені яны былі зразумелымі і нават чуткі, што суправаджалі гэтае мерапрыемства. Па звестках сучаснікаў “у насельніцтве гарадскім, простанародным, пануючым настроем на працягу ўсяго часу перапісу было – асцярога павялічэння падаткаў і вынаходніцтва новых”. Гэта прыводзіла да імкнення ўтаіць ад злічэння дадатковыя, акрамя земляробства, заняткі.

Шлях першапачатковых матэрыялаў да апублікавання быў доўгім і складаным. Па заканчэнню перапісу перапісныя лісты не адразу траплялі ў Галоўную перапісную камімію. Іх звесткі неаднаразова пераправяраліся і гэта дае магчымасць сцвярджаць, што арыфметычныя памылкі (найбольш слабы элемент у працы лічыльнікаў у выніку манатоннасці і цяжкіх умоў іх працы пры мінімальным яго ўзнагароджанні) – у дадзеным выпадку амаль выключаліся.

Пасля скасавання Галоўнай перапісной камісіі у чэрвені 1897 г. уся далейшая распрацоўка перапіснога матэрыялу цалкам перадавалася аддзелу перапісу Цэнтральнага статыстычнага камітэта. Пасля пэўнай праверкі звесткі перапісных лістоў кадзіраваліся з дапамогай пэўных умоўных знакаў і пасля пераносіліся на перфакарту. Перфакарты выкарыстоўваліся пры падліку, што праводзіўся непасрэдна на электрычных лічыльных машынах.

Нягледзячы на неаднаразовыя ўдакладненні пры распрацоўцы звестак быў дапушчаны шэраг скажэнняў. Найбольш істотным недахопам даследчыкі лічаць тое, што пры распрацоўцы матэрыялаў знікла цэлая іерархія тыпаў сялян (гаспадар – земляроб, работнік-земляроб, батрак-земляроб і г.д.). Пры гэтым усе члены сям’і селяніна былі аднесены да асоб, што жывуць за кошт сродкаў гаспадароў, хоць іх удзел у сельскагаспадарчай вытворчасці мог быць не меншым. Патрэбна таксама адзначыць, што першапачатковыя матэрыялы былі знішчаны.

Дадзеныя перапісу былі апублікаваны ў выглядзе агульнаімперскай зводкі, а таксама ў 89 выпусках па асобных губернях і абласцях, чатырох гарадах і востраву Сахалін. Значны інтарэс уяўляюць распрацоўкі звестак перапісу аб размеркаванні насельніцтва і спецыяльна рабочых і прыслугі па занятках і месцу нараджэння.

Вядомым дадаткам і ўдакладненнем складу і колькасці насельніцтва з’яўляюцца матэрыялы гарадскіх перапісаў. Яны праводзіліся напачатку пад эгідай Цэнтральнага ці мясцовых статыстычных камітэтаў. У далейшым ініцыятыва і арганізацыя іх правядзення перайшлі да органаў гарадскога самакіравання.

На пачатку ХХ ст. было ўзнята пытанне аб правядзенні у Расіі ІІ Усерасійскага перапісу насельніцтва. Гэта абумоўлівалася наступнымі прычынамі:

а) істотнымі зрухамі ў размяшчэнні народанасельніцтва Расіі (з 1897 г. па 1916 г. імклівыя міграцыйныя працэсы),

б) не ўлічвалася эміграцыя. Толькі з Беларусі (як зараз сцвярджаюць многія вучоныя) яна дасягала каля 100 тыс.чалавек,

в) злічэнні ЦСК МВД прымалі ва ўвагу толькі перасяленні з 1909 г., да таго ж адліў сялянства ў гарады ігнараваўся.

Падрыхтоўка да новага дэмаграфічнага перапісу пачалася ў снежні 1915 г. Але з-за пачатку вайны толькі у маі-чэрвені 1916 г. ў 69 губернях і абласцях Расіі (акрамя акупіраваных тэрыторый і некаторых іншых рэгіенах) быў праведзены перапіс наяўнага насельніцтва краіны ў сельскай мясцовасці. Пры тым не ўлічвалася насельніцтва большасці гарадоў і так званае “часова адсутнічаўшае”.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі на ініцыятыве з’езда статыстыкаў Расіі (18-23 красавіка 1917 г.) і Закона Часовага урада (ад 5 мая 1917 г.) летам 1917 г. быў праведзены апошні ў дасавецкі час сельскагаспадарчы пазямельны і гарадскі перапіс насельніцтва (напярэдадні яго быў праведзены адзіначасовы перапіс расійскай арміі). Даследчыкі адзначаюць шэраг сур’езных недахопаў перапісу лета 1917 г.: 1) не была ахоплена тэрыторыя ўсей Расіі (каля паловы тэрыторыі Беларусі акупіравана ў 1915 г. нямецкай арміяй), 2) перапіс расцягнуўся на значны тэрмін (ў сярэднім – больш трох месяцаў – з сярэдзіны чэрвеня на кастрычнік), 3) не праводзілася дакладная праверка вынікаў перапісу. Гэта дае падставу лічыць, што перапіс 1917 г. не адпавядае неабходным крытэрыям. Таму можна сцвярджаць, што адзіным навукова-арганізаваным усеагульным перапісам у дарэвалюцыйнай Расіі з’яўляўся перапіс 28 студзеня 1897 г.

4.4.3.Статыстыка сельскай гаспадаркі.

У статыстыцы сельскай гаспадаркі другой паловы ХІХ – пачатку ХХ стст, вызначыліся тры накірункі вывучэння: 1) пазямельная ўласнасць; 2) колькасць і пагалоўя жывелы, асабліва коняў; 3) зборы ураджаю.

Асноўнае месца сярод вялікага комплексу матэрыялаў урадавай статыстыкі, што характарызуе розныя бакі сельскагападарчай вытворчасці парэформеннай Расіі, займаюць выданні Цэнтральнага статыстычнага камітэта Міністэрства унутраных спраў. У канцы 1870-х гг. ЦСК арганізаваў першы перапіс пазямельнай уласнасці. Ен праводзіўся шляхам рассылкі на месцы апытальных лістоў. На сялянскія гаспадаркі лісты запаўняліся землеўладальнікамі ці арандатарамі, а на землі дзяржаўныя і удзельнага ведамства – тымі установамі, у веданні якіх яны знаходзіліся. Апытальныя лісты пасля пэўнага ўдакладнення перадавалі ў губернскія статыстычныя камітэты, якія ажыццяўлялі канчатковую праверку матэрыялаў і складалі спісы населеных месцаў і землеўладанняў па паветах.

Першы перапіс пазямельнай уласнасці ахапіў 49 губерняў Еўрапейскай Расіі. Яго вынікі былі распрацаваны і апублікаваны ЦСК у 8 выпусках пад назвай “Статистика поземельной собственности и населенных мест Европейской России” (Спб., 1880-1886). Публікацыя матэрыялаў другога пазямельнага перапісу, які праводзілі ў 1887 г. па істотна скарочанай праграме, пачалася толькі ў 1892 г. і працягвалася 17 год. Матэрыялы трэцяга пазямельнага перапісу 1905 г., ахапіўшага ўсе 50 губерняў Еўрапейскай Расіі, былі выдадзены ў 1906-1907 гг.

Звесткі аб сельскай гаспадарцы Беларусі прыводзяцца ў асобных выпусках. Так, у публікацыі Першага пазямельнага перапісу гэта выпуск V (“Губернии Литовской и Белорусской групп”, 1882), які ўключае дадзеныя аб пазямельнай уласнасці па губернях Мінскай, Віцебскай, Магілеўскай, Смаленскай (беларускі эканамічны раен) і губернях Віленскай, Ковенскай, Гродзенскай (Літоўская вобласць). Напачатку утрымліваюцца агульныя звесткі аб колькасці пазямельнай уласнасці з яе размеркаваннем (землі ў асабістай уласнасці, у карыстанні сялянскіх абшчын, землі дзяржавы, царквы і розных устаноў). Далей вызначаюцца дадзеныя непасрэдна аб кожнай з прыведзеных катэгорый (землі ў асабістай уласнасці з размеркаваннем яе па памерах уладанняў, землі дваранаў, купцоў, мяшчан, надзельныя землі сялянскіх абшчын з размеркаваннем па колькасці надзела на душу). Маюцца звесткі аб населеных пунктах па іх катэгорыях з вызначэннем агульнай колькасці жылых пабудоў, у тым ліку каменных.

Неабходна адзначыць, што дадзеныя другога перапісу пазямельнай уласнасці, несупаставімыя са звесткамі першай. Да недахопаў перапісу неабходна таксама аднесці ненадзейнасць кантролю за зборам дадзеных. Чыны мясцовай паліцыі, не меўшыя спецыяльнай падрыхтоўкі, недастаткова кваліфікавана выконвалі работу па збору статыстычных матэрыялаў. Найбольш істотным недахопам была неналаджанасць зямельнага ўліку на месцах. Часам ні самі ўладальнікі, ні валасныя праўленні, ні іншыя установы не ведалі дакладнай колькасці меўшайся ў дадзенай мясцовасці зямлі. Часам звесткі розных ведамстваў нельга было параўноўваць, а часам яны адрозніваліся заведамай непаўнатой. Прымешвалася і палітыка. Так, П.Сяменаў, адзначаючы недаўлічанасць каля 14% плошчаў, падкрэсліваў: “У Беларускай вобласці, дзе плошчы занятыя няўдобнымі землямі і асабліва балотамі яшчэ абшырней, можна было б чакаць яшчэ і большага недаўліку, ды ва ўстаўных граматах беларускіх губернях, дзе паверачныя камісіі дзейнічалі з меньшай строгасцю, чым у губернях Літоўскіх, меньшая прапорцыя земляў была прызнана няўдобнай (гэта значыць не падлягаючай абкладанню выкупным плацяжом ці аброчнай падаццю)”.

І ўсе ж у цэлым шырыня ахопу тэрыторыі Расіі, адзіначасовасць апісання землеўладання па усіх раенах яе Еўрапейскай часткі, параўнальнасць шэрагу матэрыялаў абследаванняў, у першую чаргу перапісаў 1877, 1905 гг. дазваляюць акрэсліць іх як каштоўнейшую крыніцу для вывучэння, размяшчэння, дынамікі і структуры сялянскага землеўладання ў канцы ХІХ - пачатку ХХ стст.

Найбольш поўнай з пункту гледжання тэрытарыяльнага ахопу і найбольш рознабаковай па характару звестак масавай крыніцай па гісторыі сялянства з’яўляюцца перапісы 1916 і 1917 гг. Аднак да гэтага часу значная частка тэрыторыі Беларусі была акупавана нямецкімі войскамі і гэта істотна зніжае каштоўнасць звестак гэтых сельскагаспадарчых апісанняў.

Што ж датычыцца другога накірунку, то на фоне нездавальняючага статыстычнага вывучэння жывелагадоўлі ў цэлым, у прыватнасці сістэматычнага недаўліку маладняку многіх відаў жывелы, вызначаецца добрая пастаноўка справы перапісу коняў (вядомых як ваенна-конскіх перапісаў). Яны былі выкліканы да жыцця ўвядзеннем усеагульнай воінскай павіннасці ў 1874 г. Усяго да 1917 г. у Расіі было праведзена 9 перапісаў (першая, пробная ахапiла тры губернi Еўрапейскай Расіі: Разанскую, Ковенскую, Магілеўскую)1.

Паколькі вядучай галіной сельскай гаспадаркі было земляробства, то галоўная ўвага надавалася “ураджайнай статыстыцы”, гэта значыць збору дадзеных аб пасевах і зборах збожжавых і бульбы. Да 1880-х гг. адзінай крыніцай, якая ўтрымлівала такія звесткі па ўсіх катэгорыях землеўладальнікаў, у тым ліку сялян, з’яўляюцца губернатарскія справаздачы.

Упершыню ў Расійскай імперыі ўлік пасеўных плошчаў пад асобнымі культурамі праводзіў ЦСК у 1882 г. на аснове дадзеных апытальных бланкаў, што рассылаліся да сельскай грамады ці ўладальнікаў маенткаў. Адказы на бланкі паступілі ў ЦСК у 1882 г., а іх распрацоўка была завершана ў 1883 г. З 1893 г. дадзеныя аб колькасці сельскага насельніцтва і памерах пасеваў сталі збіраць штогод[59].

Адначасова з ЦСК у 1887 г. звесткі аб ураджайнай статыстыцы праз сетку дабраахвотных карэспандэнтаў пачаў збіраць Дэпартамент земляробства і сельскай прамысловасці (у 1894 г. ен пераўтвораны ў Аддзел сельскай эканомікі і сельскагаспадарчай статыстыкі) Міністэрства земляробства і дзяржаўных маемасцей[60]. Асноўны недахоп гэтых звестак у тым, што яны не ўлічваюлi памеры пасеўных плошчаў (дадзены толькі велічыні ўраджайнасці асобных сельскагаспадарчых культур з адзінкі плошчы).

На хвалі незадаволенасці якасцю дадзеных афіцыйнай статыстыкі фарміруецца статыстыка земстваў. Асноўнае месца ў яе комплексе займаюць падворныя перапісы (з 1880 па 1914 гг.). Адна з пераваг іх уліку вызначаецца выкарыстаннем экспедыцыйнага метаду збору інфармацыі. Гэта значыць, што звесткі збіраліся не паліцэйскімі чынамі і не праз анкеты зацікаўленых ці некампетэнтных асоб і ўстаноў, а членамi земскага статыстычнага бюро, якiя самі выязджалі на месца. Так узнікала непасрэдная сувязь назіральніка з абследуемай адзінкай назірання. На жаль, на Беларусі земствы пачынаюць стварацца толькі ва ўсходняй яе частцы. Ды і тут, створаныя папярэдадні вайны (1911-13 гг.), яны так і не паспелі разгарнуць сваю работу ў поўным памеры.

Апошняя акалічнасць перадвызначае істотнае значэнне “Обзоров губерний...” як крыніцы па гісторыі Беларусі часу першай сусветнай вайны. Вышэй мы ўжо адзначалі, што справаздачы губернатараў складаліся з дзьвух частак: уласна справаздачы і дадатку да яго. З 1890-х гг. гэтыя дадаткі ў выглядзе табліц выдаюцца асобна (да часу першай сусветнай вайны). Азначаныя “абзоры” губерняў дазваляюць прасачыць не толькі статыстыку ўраджаяў, але і арганізацыю справы перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі.

Сярод іншых відаў статыстыкі можна вызначыць статыстыку транспарту і гандлю. Але статыстыка унутранага гандлю была развіта недастаткова. Больш высокага ўзроўню дасягнула статыстыка знешняга гандлю[61].

4.4.4. Прамысловая статыстыка. Прамысловая статыстыка мае прадметам свайго вывучэння працэсы, якія адбываюцца ў прамысловасці, іх заканамернасці і ўзаемасувязі. Прамысловая статыстыка распрацоўвае з гэтай мэтай сістэму паказчыкаў, якія характарызуюць такія бакі прамысловай вытворчасці, як колькасць прадпрыемстваў, колькасць занятых у іх рабочых, тыпы рухавікоў, колькасць і кошт сыравіны, паліва, выдаткі на заработную плату, колькасць і кошт вырабленай прадукцыі і г.д.

У статыстыцы прамысловай вытворчасці акрэсленага перыяду выразна вызначаюцца два этапы: 1) другая палова ХІХ ст. і пачатак ХХ ст. Для першага з этапаў, які цесна звязаны з папярэдняй дарэформеннай эпохай, характэрны пераважна формы бягучага статыстычнага ўліку, што ажыццяўляўся рознымі дзяржаўнымі установамі па розных праграмах. Для другога характэрна перавага метаду пералікаў і абследаванняў прамысловасці.

У рамках першага этапу (другая палова ХІХ ст.) асноўнай крыніцай звестак па апрацоўваючай прамысловасці Расіі былі ведамасці фабрык і заводаў, якія штогод прадстаўляліся ўладальнікамі ў Дэпартамент гандлю і мануфактур, Міністэрства фінансаў. Недахопам ведамаснага ўліку на працягу ўсяго этапу з’яўлялася тое, што збор статыстычных звестак збіралі розныя ведамствы па розных праграмах, абапіраючыся на розныя падыходы. Таму ва ўлік траплялі як дробныя установы, так і буйныя фабрыкі і заводы. П.Сяменаў ў прадмове да “Статистического временника...” падкрэсліваў: “не існуе нават для розных губерняў аднолькавага вызначэння таго, што патрэбна разумець пад фабрыкай ці заводам, так як многія губерні адносяць, напрыклад, да ліку заводаў і фабрык ветраныя млыны, памяшканні для абпальвання цэглы і дробныя прамысловыя ўстановы, а іншыя выкідваюць іх з разліку, у выніку чаго дадзеныя параўнальных паказчыкаў губляюць свае значэнне”.

Нягледзячы на пэўныя спробы ў сярэдзіне 1880-х палепшыць становішча ў галіне прамысловай статыстыкі, азначаныя недахопы ў цэлым засталіся і таму асноўнай вартасцю “Указателя фабрик и заводов” (дзе распрацаваны матэрыялы ведамасцяў) з’яўляецца публікацыя пайменнага спісу прадпрыемстваў з адпаведнай інфармацыяй аб характары іх вытворчасці. Такі прынцып выдання дазваляе выдзяляць параўнальна прыгодны матэрыял (звесткі аб буйных установах) ад недаставернага, на аснове супастаўлення з іншымі выданнямі выдзяляць новыя прадпрыемствы, а таксама акрэслівае магчымасці для новай апрацоўкі матэрыялаў, у прыватнасці для правядзенні групоўкі прадпрыемстваў па шэрагу прыкмет.

Да азначаных матэрыялаў ведамасцяў фабрык і заводаў прадпрыемстваў апрацоўваючай прамысловасці блізкія па свайму прызначэнню (нягледзячы на пэўныя адрозненні ў змесце інфармацыі), ведамасці аб прадпрыемствах горназаводскай (дабываючай) прамысловасці і вытворчасцей, што абкладаліся акцызам (запалкавай, вінакураннай, тытуневай і інш.). Гэтыя ведамасці паступалі адпаведна ў Горны дэпартамент Міністэрства дзяржаўных маемасцей і Дэпартамент неакладных збораў Міністэрства фінансаў[62].

Ведамасны ўлік як асноўная форма атрымання штогадовай статыстычнай інфармацыі аб дзейнасці апрацоўваючай прамысловасці знікае пасля 1897 г. На змену яму прыходзіць метад перапісаў. Ведамасць (анкета) абследавання 1895 г. акрэсліла дакладную характарыстыку асноўных прыкмет фабрычна-прамысловага прадпрыемства, якія захавалiся і надалей у расійскай прамысловай статыстыцы: колькасць рабочых ва ўстанове не меней 15 чалавек ці наяўнасць паравога рухавіка нават пры меньшай колькасці рабочых. Усе гэта перадвызначыла пераход да наступнага, другога этапа развіцця прамысловай статыстыкі (пачатак ХХ ст.). На пачатку ХХ ст. у Расіі было праведзена тры прамысловых перапісы - 1900, 1908 і 1910-х гг.

Перапіс 1900 г. ахапіў губерніі Еўрапейскай Расіі і часткова Каўказ. Абследаваліся прадпрыемствы апрацоўваючай прамысловасці, не абкладзенай акцызам[63] і ўстановы, падпарадкаваныя нагляду фабрычнай інспекцыі. Не анкетаваліся прадпрыемствы з гадавой вытворчасцю менш 1000 руб.

Перапісам 1908 г. была ахоплена ўся тэрыторыя Расіі. Звесткі па больш кароткай праграме прадстаўляліся па ўсіх галінах і вытворчасцях незалежна ад іх ведамаснай прыналежнасці. Не абследаваліся прадпрыемствы горна- і нафтаздабываючай прамысловасці.

Пэўныя адрозненні характарызуюць і перапісы 1910-1912 гг.: вельмі сціслыя звесткі анкеты, дадзеныя аб рабочых выключалі ўлік дапаможных працаўнікоў і г.д. Такім чынам, матэрыялы перапісу 1910-1912 гг. істотна уступалі двум папярэднім найперш з пункту гледжання разнабаковасці інфармацыі, прадстаўленай аб аб’ектах назірання, а таксама ў дачыненні да самой колькасці аб’ектаў.

У цэлым, расійскія перапісы прамысловасці1 далі методыку злічэння шэрагу складаных паказчыкаў дзейнасці прамысловага прадпрыемства. Сярод іх можна назваць улік кошту вытворчасці, улік рабочых, занятых на асноўнай вытворчасці (а таксама дапаможных), вызначэнне вытворчай і энергетычнай магутнасці прадпрыемства, структуры затрат і вытворчага спажывання ў прамысловасці і г.д.

Прамысловыя перапісы ў цэлым захавалі вызначэнне паняцця “прамысловая ўстанова” 1895 г. У сувязі з тым нельга не адзначыць складанасць супастаўлення іх дадзеных, у прыватнасці, з германскімі прафесійна-прамысловымі перапісамі. У апошніх “прамысловасць” разумелася ў шырокім сэнсе (з ўлікам гандлю і шляхоў зносін). Гэта прыводзіла да таго, што улічвалася і істотная колькасць дробных устаноў. У якасці такіх устаноў лічыліся і заняткі асобных прадпрыймальнікаў. Наконт апошняга У.І.Ленін адзначаў: “Хто толькі не залічваецца статыстыкай у лік дробных прадпрыймальнікў: і рамізнікі, і пасыльныя і магільшчыкі, і разносчыкі пладоў, і швейкі, калі яны працуюць у сябе дома на капіталіста, і інш., і інш.” (П.С.С., т. 4, с.205). Калі да таго дадаць, што ў якасці асобных адзінак улічваліся цахі прадпрыемства (“кантынентальны” метад), то можна не здзіўляцца велізарнай колькасці зарэгістраваных прадпрыемстваў у Германіі (каля 5 млн. прадпрыемстваў). Адзначаныя формы прымушаюць быць асабліва асцярожнымі пры супастаўленні звестак па расійскай і германскай прамысловасці.

Істотным выяўленнем эвалюцыі крыніц у Расіі азначанага часу з’явіўся рост розных даведачна-інфармацыных выданняў, у тым ліку і аб прамысловасці. Даведачна-інфармацыйныя выданні ўзнікалі як форма абнародавання першапачатковых дадзеных, сабраных у выглядзе анкет, ведамасцей, бланкаў, апытальных лістоў аб прамысловых прадпрыемствах у межах таго ці іншага абследавання. Звычайна у такіх выданнях паведамлялася толькі частка сабраных звестак. Даведачна-інфармацыйныя выданні альбо з’яўляліся адзінай формай статыстычнага абследавання2, альбо дапаўнялі агульныя распрацоўкі вынікаў перапісаў3. Напярэдадні першай сусветнай вайны побач з даведачна-інфармацыйнымі выданнямі дзяржаўных устаноў аб прамысловых прадпрыемствах пачатку ХХ ст. з’явіліся і даведнікі прадстаўнічых арганізацый буржуазіі4.


Дата добавления: 2015-12-07; просмотров: 80 | Нарушение авторских прав



mybiblioteka.su - 2015-2024 год. (0.014 сек.)