Студопедия
Случайная страница | ТОМ-1 | ТОМ-2 | ТОМ-3
АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатика
ИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханика
ОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторика
СоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансы
ХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника

Культура Беларусі ХІХ – пачатку ХХ ст.

Читайте также:
  1. X. Наука, образование, культура
  2. Адукацыя, навука і культура Рэспублікі Беларусь.
  3. Адукацыя, навука і культура ў БССР
  4. Акупацыя фашысцкай Германіяй Беларусі. Акупацыйны рэжым.
  5. Амратская культура (или Нагада 1) 3900 – 3600 гг.
  6. Асаблівасці фарміравання канфесійных адносін на тэрыторыі Беларусі ў XVI–ХVII стст.
  7. Асноўныя напрамкі палітыкі самадзяржаўя ў Беларусі ў першай палове ХІХ ст.

У першай палове XIXст. у сістэме адукацыі адбываюцца значныя змены. У 1802 г. царскі ўрад ажыцявіў школьную рэформу, якая закранула Беларусь. Для падатных саслоўяў утвараліся аднакласныя прыхадскія вучылішчы, якія дазвалялі атрымаць пачатковую адукацыю. Павятовыя вучылішчы і гімназіі былі прызначаны для атрымання сярэдняй адукацыі, а ўніверсітэты ― для вышэйшай.Навучальным і адміністрацыйным цэнтрам Віленскай навучальнай акругі, у якую ў гэты перыяд уваходзіла ўся тэрыторыя Беларусі, з'яўляўся Віленскі універсітэт. Доступ для дзяцей падатных саслоўяў у гімназіі быў абмежаваны, а ва ўніверсітэт іх наогул не дапускалі.

Сістэма асветы на Беларусі была значна спаланізавана: мовай выкладання з'яўлялася польская мова, школьнікі вывучалі польскую гісторыю і літаратуру. Толькі пасля падаўлення царскім урадам паўстання 1830-1831 гг. у сістэме асветы на Беларусі пачаліся значныя змены. У 1832 г. быў зачынены Віленскі універсітэт, а яго выпускнікам было забаронена выкладаць у мясцовых школах. Падрыхтоўка выкладчыкаў для Беларусі была даручана Пецярбургскаму настаўніцкаму інстытуту і Віцебскай настаўніцкай семінарыі (дзейнічала з 1834 па 1839 гг.). Ва ўсіх тыпах навучальных устаноў выкладанне было пераводзена на рускую мову, а ва ўсходняй частцы Беларусі польская мова была выключана з вучэбнай праграмы (у заходняй – выкладалася як асобны прадмет па скарочанай праграме). У 1840 г. у Горы-Горках была створана земляробчая школа, якая ў 1 848 г. была пераўтворана ў земляробчы інстытут.

Падчас рэформы 1864 г. школьная адукацыя пераводзіцца пад кіраўніцтва Міністэрства народнай асветы. Пачатковую адукацыю на вёсцы вядуць пачатковыя і народныя вучылішчы (пераўтвораныя ў 1884 г. у царкоўна-прыходскія школы і школы граматы), у горадзе – гарадскія вучылішчы. Сярэднюю адукацыю за даволі высокую плату давалі класічныя і рэальныя гімназіі і прагімназіі, жаночыя 7-класныя гімназіі. Да пачатку ХХ ст. сетка навучальных устаноў пашыраецца, але ўзровень адукацыі застаецца нізкім.

У пачатку ХХ ст. пачынаецца працэс паступовай замены царкоўнапрыходскіх школ 4-класнымі народнымі вучылішчамі; колькасць вучняў у іх за 1905-1914 гг. павялічваецца ў 3 разы і дасягае 305 тыс. Таксама павялічваецца колькасць сярэдніх навучальных устаноў – гімназій і рэальных вучылішчаў. Востры недахоп спецыялістаў-педагогаў абумовіў адкрыццё ў 1909-1916 гг. новых настаўніцкіх семінарый у Рагачове, Оршы, Барысаве, Гомелі і Бабруйску, якія давалі няпоўную сярэднюю спецыяльную адукацыю, а таксама настаўніцкіх інстытутаў у Віцебску, Магілёве і Мінску, якія давалі сярэднюю спецыяльную адукацыю.

У першай палове XIX ст. беларуская літаратура пераўтвараецца ў сваеасаблівую публічную трыбуну палітычнай думкі, месца ідэалагічнай барацьбы. Для яе характэрна ўзнікненне ананімных твораў (“Гутарка Данілы са Сцяпанам”, “Вось які люд стаў”, “Вясна гола перапала” і інш.), якім былі ўласцівы апазіцыйныя і антапрыгоніцкія настроі, спачуванне цяжкай долі беларускага сялянства. Любоў да радзімы і асуджэнне існуючага сацыяльнага парадкуяскрава выявілі вершы П. Багрыма, Ф. Савіча, В. Каратынскага, У. Сыракомлі, знакамітыя беларускія паэмы “Тарас на Парнасе” і “Энеіда навыварат” (аўтарамі якіх лічацца адпаведна К. Вераніцын і В. Равінскі).

Асобае месца сярод літаратурнай спадчыны першай паловы XIX ст. займае чатырохтомны польскамоўны зборнік Я. Баршчэўскага “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”, у якім шырока выкарыстаны беларускія казкі і паданні. Я. Баршчэўскаму таксама належаць вершы, напісаныя на беларускай мове (“Рабункі мужыкоў”, “Дзеванька”, “Гарэліца”).Значны ўклад у развіццё беларускай літаратуры ўнёс Ян Чачот, збіральнік беларускага фальклору і аўтар вершаў на беларускай і польскай мовах, змешчаных у фальклорных зборнікаў “Вясковыя песні” (1837-1846 гг.). Для развіцця беларускай літаратуры вялікае значэнне мела месца творчасць А. Міцкевіча,Ул. Сыракомлі і інш.польскіх літаратараў. Так, у ранніх творах А. Міцкевіча(“Мешка, князь Навагрудка”, “Бульба”, паэмы “Дзяды”, “Пан Тадэвуш”, “Гражына”) былі выкарыстаны вобразы беларускага фальклору, сюжэты беларускай гісторыі, таму яны лічацца культурнай спадчынай і беларускага народа.

У другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. значныя змены адбыліся ў гутарковай мове. Ішло паступовае змешванне мясцовых дыялектаў, з’яўляліся новыя словы і тэрміны, паланізмы замяняліся русізмамі. Асабліва моцны ўплыў рускай мовы адчуваўся ў фанетычным складзе паўночна-ўсходніх беларускіх гаворак. На аснове жывой гутарковай народнай мовы фарміравалася новая беларуская літаратурная мова. Яна не магла развівацца на базе старабеларускай мовы, якая з ХVІІІ ст. фактычна стала мёртвай. Таму ў новых гістарычных абставінах крыніцай развіцця беларускай літаратурнай мовы з’явілася вусная народная творчасць. Беларускія пісьменнікі і паэты ў сваіх літаратурных творах шырока выкарыстоўвалі народныя песні, казкі, прыказкі, прымаўкі, загадкі.

Беларуская літаратурная мова развівалася галоўным чынам як мова мастацкай літаратуры і часткова публіцыстыкі. У ёй пераважала побытавая лексіка. Істотнай перашкодай развіццю беларускай пісьмовай мовы з’яўлялася адсутнасць яе нарматыўнай граматыкі. Але паступова ішоў працэс складвання графічнай сістэмы, правапісных і граматычных норм, узбагачэння лексікі беларускай літаратурнай мовы.

У другой палове ХІХ ст. пачынаецца новы этап у развіцці беларускай літаратуры. Пісьменнікі паступова закладваюць асновы сучаснай беларускай літаратуры.

Асноўным жанрам творчасці Янкі Лучыны (І. Неслухоўскага) з’яўляецца лірычны верш. Аўтар пісаў на беларускай мове. Вершы паэта былі сабраны ў зборніку “Вязанка”, які быў выдадзены пасля яго смерці ў 1903 г.

Літаратурных твораў Адама Гурыновіча захавалася вельмі мала. У сваіх вершах ён асноўную ўвагу надае паказу жыцця беларускага сялянства. Творы А. Гурыновіча былі выдадзены толькі пасмяротна.

Вяршыняй развіцця беларускай літаратуры другой паловы ХІХ ст. стала творчасць Францішка Багушэвіча. Да сваіх зборнікаў “Дудка беларуская”, “Смык беларускі” Ф. Багушэвіч складаў прадмовы, праз якія імкнуўся абудзіць нацыянальную свядомасць беларускага народа. У іх ён абвясціў існаванне беларускага этнасу і адзначыў самастойнасць беларускай мовы. Цэнтральная тэма твораў Ф. Багушэвіча – жыццё сялянства, яго пошукі справядлівасці і выйсця з сацыяльнага бяспраўя.

На лепшыя дасягненні літаратуры другой паловы ХІХ ст. абапіралася беларуская літаратура пачатку ХХ ст. Новыя тэмы, матывы і вобразы прынесла ў беларускую літаратуру Цётка (А. Пашкевіч). Яе кнігі “Скрыпка беларуская” і “Хрэст на свабоду” сталі першымі арыгінальнымі зборнікамі беларускай паэзіі ХХ ст. Цётка з’явілася адной з пачынальнікаў апавядальнага жанру. Як таленавіты паэт-наватар, адзін з пачынальнікаў беларускай драматургіі і заснавальнікаў нацыянальнай школы перакладу ўвайшоў у гісторыю беларускай літаратуры Янка Купала (І. Луцэвіч). Ён узняў беларускую літаратуру на якасна новы ўзровень, садзейнічаў фарміраванню і развіццю беларускай літаратурнай мовы. Разам з Янкам Купалам заснавальнікам новай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы стаў Якуб Колас (К. Міцкевіч). Адзіны паэтычны зборнік “Вянок” належыць Максіму Багдановічу, аднак ён дазволіў паэту заняць пачэснае месца сярод класікаў беларускай літаратуры. У пачатку ХХ ст. раскрыліся творчыя здольнасці Максіма Гарэцкага, Змітрака Бядулі, Цішкі Гартнага, Каруся Каганца і інш. Беларуская літаратура пачала знаходзіць прызнанне ў суседніх, перш за ўсё славянскіх, народаў, паступова ўключацца ў сусвегны гісторыка-літаратурны працэс.

На Беларусі ў першай палове XIXст. адным з найбольш масавых відаў мастацтва становяцца тэатр і музыка. Галоўнай формай тэатральнага мастацтва ў гэты час з'яўляўся тэатр прыватнай антрэпрызы, які па форме дзейнасці быў “аб'язным”. Тэатр размяшчаўся ў губернскім ці буйным павятовым горадзе і перыядычна рабіў гастролі па навакольных мястэчках, гарадах, маёнтках і кірмашах. Пастаянныя тэатральныя калектывы ў пачатку XIX ст. дзейнічалі ў Гродне і Мінску. На тэатральных сцэнах ставіліся п'есы нямецкіх, французкіх, польскіх і рускіх аўтараў (Ф. Шылера, В. Гюго, Я. Ясінскага, Д. Ленскага і інш.).

У фарміраванні беларускага прафесійнага нацыянальнага тэатра вялікую ролю адыграла тэатральная культура рускага, украінскага і польскага народаў. У беларускіх гарадах дзейнічалі мясцовыя рускія драматычныя трупы, а таксама гастралявалі акцёры сталічных тэатраў. Паспяхова выступалі артысты ўкраінскіх тэатраў, прыязджалі польскія тэатральныя калектывы. Пад уздзеяннем прафесійнага тэатра ў асяроддзі беларускай інтэлігенцыі наспявала ідэя неабходнасці стварэння беларускага нацыянальнага тэатра прафесійнага тыпу. У пачатку ХХ ст. арганізоўваюцца шматлікія музычна-драматычныя гурткі і так званыя “беларускія вечарынкі”. Там звычайна выступалі хары, чыталіся беларускія літаратурныя творы, ставіліся п’есы.

На традыцыях “беларускіх вечарынак” у 1907 г. узнікла “Першая беларуская трупа” Ігната Буйніцкага. Землямер па прафесіі, сапраўдны патрыёт, Ігнат Цярэнцьевіч Буйніцкі на ўласныя сродкі стварыў тэатральную трупу ў асабістым фальварку Палевачы Дзісенскага павета. У 1907 г. замацаваўся пастаянны склад удзельнікаў гэтага калектыву, а ў 1910 г. пасля ўдзелу ў “Першай беларускай вечарынцы” у Вільні тэатр І. Буйніцкага пераўтварыўся ў прафесійны. У рэпертуары “Першай беларускай трупы” былі песні, танцы, пастаноўкі п’ес, дэкламацыя твораў беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. І. Буйніцкі і яго акцёры займаліся актыўнай гастрольнай дзейнасцю.

Пераемнікам “Першай беларускай трупы” ў працэсе фарміравання нацыянальнага тэатра стала “Першае таварыства беларускай драмы і камедыі”, якое ўзнікла ў Мінску пасля Лютаўскай рэвалюцыі. Арганізаваў Таварыства вядомы беларускі акцёр і рэжысёр Фларыян Ждановіч. Нягледзячы на цяжкасці, калектыў ужо ў першыя тыдні свайго існавання ажыццявіў гастрольную паездку па Беларусі.

Выяўленчае мастацтва. У выяўленчым мастацтве з другой паловы ХІХ ст. паступова ўсталёўваецца стыль рэалізм, які прыходзіць на змену класіцызму з яго біблейскай і міфалагічнай тэматыкай.

Вядомай постаццю ў беларускім пейзажным жывапісе з’яўляецца фігура Апалінара Гараўскага. Мастак нарадзіўся ў Мінскай губерні, адукацыю атрымаў у Пецярбургскай акадэміі мастацтваў. Пасля заканчэння акадэміі быў узнагароджаны залатым медалём. Пейзажы А. Гараўскага вылучаюцца жыццёвай праўдай і высокім тэхнічным майстэрствам (“Вечар у Мінскай губерні”, “Пінскія балоты” і інш.). Мастак быў вядомы не толькі ў Расіі, але і за мяжой, ён атрымаў званне акадэміка жывапісу. Асабісты сябра рускага мецэната П. Траццякова, А. Гараўскі дапамагаў у збіранні яго славутай калекцыі. Некаторыя работы беларускага мастака зараз знаходзяцца сярод экспанатаў Траццякоўскай галерэі.

З канца ХІХ ст. ў выяўленчым мастацтве Беларусі з’яўляюцца новыя імёны. У творчасці таленавітага беларускага мастака Вітольда Бялыніцкага-Бірулі развіваюцца традыцыі рускага лірычнага пейзажу. Ён набыў адукацыю ў Кіеўскай рысавальнай школе і Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. З 1904 г. ён з’яўляўся членам Таварыства перасоўных выставак, у сваёй творчасці развіваў традыцыі рускага лірычнага пейзажу. Эмацыянальныя і змястоўныя творы мастака вылучаюцца мяккім каларытам. У ранні перыяд былі напісаны пейзажы “З ваколіц Пяцігорска”, якую набыў П. Траццякоў для сваёй калекцыі, “Вясна ідзе”, што прынесла аўтару першую прэмію Маскоўскага таварыства аматараў мастацтваў. Шчырыя сяброўскія адносіны звязвалі мастака з І. Рэпіным.

Віды беларускай прыроды натхнялі ўраджэнца Ашмянскага павета Фердынанда Рушчыца. У яго лепшых работах “Зямля”, “Стары млын”, “Эмігранты” спалучаюцца пейзажны і бытавы жанры.

Майстрам бытавога жывапісу быў Нікадзім Сілівановіч. Мастак нарадзіўся ў вёсцы Цынцавічы Вілейскага павета Мінскай губерні ў сям’і дзяржаўных сялян. Атрымаўшы адукацыю ў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, ён стварае шэраг кампазіцый у бытавым жанры. У рэалістычнай манеры мастак выканаў карціну “Пастух са Свянцяншчыны”. Творы Н. Сілівановіча прынеслі яму высокі аўтарытэт сярод пецярбургскіх мастакоў, аб чым сведчыць запрашэнне да ўдзелу ў афармленні Ісакіеўскага сабора ў Пецярбургу. За мазаічнае пано “Тайная вячэра” Н. Сілівановічу прысвоілі ганаровае званне акадэміка.

Партрэтны і бытавы жанры былі прадстаўлены таксама ў творчасці Юдаля Пэна. Яго палотны “Аўтапартрэт у саламяным капелюшы”, “Гадзіншчык”, “Стары кравец” выкананы ў рэалістычнай манеры і адлюстроўваюць яўрэйскі побыт і традыцыі. Творчая спадчына мастака вельмі вялікая і разнастайная. Пэн набыў вядомасць і ў якасці педагога. Яго намаганнямі ў Віцебску была адкрыта прыватная мастацкая школа. Самым вядомым вучнем Пэна стаў Марк Шагал. Вялікае месца ў яго творчасці займаў родны Віцебск з яго яўрэйскім местачковым побытам, які мастак адлюстроўваў у сімвалічна-містычным духу.

Адным з вядомых прадстаўнікоў гістарычнага жанру ў беларускім жывапісе другой паловы ХІХ ст. быў Казімір Альхімовіч. Мастак прымаў удзел у паўстанні 1863–1864 гг., за што быў сасланы ў Сібір. Пасля ссылкі ён жыў за межамі Беларусі, аднак сюжэтамі сваіх палотнаў нязменна выбіраў гістарычны лёс роднага народа. Сусветную вядомасць набыла яго карціна “Пахаванне Гедыміна”.

Тэмы і матывы беларускай гісторыі выкарыстоўваў таленавіты мастак Язэп Драздовіч, стварыўшы серыю графічных работ і скульптурных партрэтаў дзеячаў гісторыі Беларусі.

Архітэктура. З сярэдзіны ХІХ ст. узмацняецца працэс паступовага заняпаду класічнай архітэктуры і адбываецца стылёвая пераарыентацыя дойлідства Беларусі. На змену класіцызму прыходзіць эклектыка (змяшэнне стыляў), якая атрымала яшчэ адну назву – “архітэктура гістарызму”. Яна вызначалася выкарыстаннем форм розных стыляў (готыкі, барока, ракако, класіцызму, раманскага і інш.).

Пасля падаўлення паўстання 1863 – 1864 гг. шырокае распаўсюджанне набыў рэтраспектыўна-рускі стыльу праваслаўным культавым дойлідстве. Рускія архітэктары распрацавалі тыпавыя варыянты праваслаўных цэркваў, скапіраваныя з візантыйскіх храмаў і рускіх бажніц ХІV і ХVІІ стст., каб паказаць пераемнасць рускага дойлідства ад візантыйскай архітэктуры. Ініцыятарам будаўніцтва падобных храмаў быў граф М. Мураўёў, таму ў народзе яны набылі назву “мураўёвак”. Царквы, пабудаваныя ў рэтраспектыўна-рускім стылі, можна сустрэць у многіх гарадах і мястэчках Беларусі.

У каталіцкай культавай архітэктуры наглядаецца росквіт неагатычнага стылю. Неагатычныя пабудовы ўзводзіліся з чырвонай добра абпаленай цэглы, прычым фасады не атынкоўваліся. Найбольш багатыя храмы мелі вітражы, падлогу з паліраваных керамічных плітак, фрэскавы роспіс. Праваслаўная культавая архітэктура, як і ў папярэдні перыяд, знаходзілася пад уплывам візантыйскага і старажытнарускага дойлідства. Мемарыяльная капліца ў в. Лясная (цяпер Слаўгарадскі раён) была ўзведзена архітэктарам А. Гогенам у гонар 200-годдзя перамогі рускіх войскаў над шведамі ў бітве, якая адбылася ў 1708 г. Лаканічнасць і манументальнасць помніка надаюць яму асаблівую велічнасць.

У архітэктуры Беларусі склаўся неараманскі стыль. Найбольш вядомы помнік, які спалучае матывы раманскай і гатычнай архітэктуры, – Чырвоны касцёл у Мінску (касцёл Сымона і Алены). Пабудова вытрымана ў раманскім стылі з дабаўленнем некаторых элементаў готыкі і мадэрна. Кампазіцыя касцёла складаецца з некалькіх злучаных паміж сабой аб’ёмаў і трох вежаў (дзвюх маленькіх і адной вялікай). Касцёл быў пабудаваны з чырвонай цэглы, якая шырока выкарыстоўвалася ў архітэктуры неаготыкі і мадэрна. Фундатарамі пабудовы Мінскага касцёла выступілі памешчык Эдвард Вайніловіч і яго жонка, якія вырашылі ўзвесці касцёл у памяць аб сваіх памерлых дзецях.

З канца ХІХ ст. адбываецца станаўленне новага стылю – мадэрна. Для помнікаў мадэрна характэрны пераплеценыя лініі, асіметрычныя кампазіцыі, багаты ляпны дэкор. Мадэрн прынёс новыя тыпы пабудоў (чыгуначныя вакзалы, масты, прамысловыя збудаванні), новыя будаўнічыя матэрыялы і канструкцыі (цэмент, металічная арматура, фабрычная дахоўка). У стылі мадэрн у Беларусі ўзводзіліся вакзалы, банкі, навучальныя ўстановы, даходныя дамы, сядзібы, некаторыя культавыя пабудовы. Прыкладамі архітэктуры мадэрна з’яўляюцца гасцініца “Еўропа” у Мінску, пабудавана ў 1906–1907 гг. Яе шасціпавярховы будынак з’яўляўся адным з найбольш значных дасягненняў архітэктуры мадэрна ў Мінску.

 

Кантрольныя пытанні і заданні для самападрыхтоўкі студэнтаў:

1. Як змянілася палітыка царызму на Беларусі пасля шляхецкага паўстання 1830-1831 гг.?

2. Вызначце асаблівасці адмены прыгону ў Беларусі.

3. Як царскі ўрад праводзіў буржуазныя рэформы на беларускіх землях?

4. Якое значэнне для развіцця нацыянальнага руху ў Беларусі мела дзейнасць БСГ?

5. Калі і як зараджаецца сучасная беларуская літаратурная мова?

Літаратура:

1. Белоруссия в эпоху феодализма: сборник документов и материалов. – Минск, 1961. – Т. 3: Воссоединение Белоруссии с Россией и её экономическое развитие в конце ХУІІІ – первой половине ХІХ века (1772–1860) / сост. В. В. Чепко и В. В. Шатило. – Минск, 1961.

2. Бобас, М.Ф. Развитие промышленности в Белоруссии (1795–1861 гг.) / М.Ф. Болбас. – Минск, 1966.

3. Гісторыя Беларусі: у 6 т. / рэдкал.: М. Касцюк (гал.рэд.) [і інш.].– Т. 4: Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец ХУШ – пачатак ХХ ст.) / М. Біч [і інш.]. – Мінск, 2005.

4. Гісторыя сялянства Беларусі са старажытных часоў да 1996 г.: у 3 т. – Т. 1: Гісторыя сялянства Беларусі ад старажытнасці да 1861 г. / Я. К. Анішчанка [і інш.]: пад рэд. В. Мялешкі. – Мінск, – 1997.

5. Довнар-Запольский, М. В. История Белоруссии. –3-е изд., испр. и доп. — Минск, 2011.

5. Канфесіі на Беларусі (к. ХУШ–ХХ стст.) / В. В. Грыгор’ева, У. М. Завальнюк; У. І. Навіцкі, А. М. Філатава. – Мінск, 1998.

6. Швед, В. Паміж Польшчай і Расіяй: Грамадска-палітычнае жыццё на землях Беларусі (1772–1863) / В. Швед. – Гродна, 2001.

7. Эканамічная гісторыя Беларусі / пад гал. рэд. В. І. Галубовіча. – Мінск, 1998.

8. Каханоўскі, А. Г. Гісторыя Беларусі другой паловы ХІХ ст.: вучэб.-метад. дапам. / А. Г. Каханоўскі. – Мінск, 2012.

 

Тэма 4.1. Станаўленне беларускай дзяржаўнасці. Усталяванне савецкай грамадска-палітычнай сістэмы ў Беларусі (20-30-я гг. ХХ ст.)

Кючавыя паняцці: Беларускі нацыянальны камітэт; Цэнтральная рада беларускіх арганізацый; Вялікая беларуская рада; Абласны выканаўчы камітэт Заходняй вобласці і фронту; Усебеларускі з'езд (кангрэс); Беларуская Народная Рэспубліка; “Заходняя камуна”; Сацыялістычная Савецкая РэспублікаБеларусь; Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Літвы і Беларусі; новая эканамічная палітыка; федэрацыя; узбуйненнi тэрыторыi БССР; індустрыялізацыя; камандна-адміністрацыйная сістэма кіравання эканомікай; калектывізацыя; беларусізацыя; ”культурная рэвалюцыя”

 

План лекцыі:

1. Утварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі.

2. Стварэнне беларускай савецкай дзяржаўнасці.

3. Грамадска-палітычнае жыццё ССРБ.

4. Шляхі і метады будаўніцтва індустрыяльнага грамадства ў савецкай Беларусі.

5. Станаўленне і развіццё савецкай беларускай культуры

 


Дата добавления: 2015-10-30; просмотров: 988 | Нарушение авторских прав


Читайте в этой же книге: Першыя княствы-дзяржавы на беларускіх землях. Палітычнае і сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель ў ІХ–ХІІІ стст. | Беларусь у часы Вялікага Княства Літоўскага. | Культура ўсходніх славян у эпоху ранняга сярэднявечча. | Утварэнне Рэчы Паспалітай | Асаблівасці фарміравання канфесійных адносін на тэрыторыі Беларусі ў XVI–ХVII стст. | Эканамічны і палітычны стан беларускіх зямель у XVI – XVIII ст. | Культура беларускага народа ў XVII–XVIII стст. | Асноўныя напрамкі палітыкі самадзяржаўя ў Беларусі ў першай палове ХІХ ст. | Расійскі шлях палітычнай і эканамічнай мадэрнізацыі (другая палова ХІХ – пачатак ХХ ст.). | Грамадска-палітычнае жыццё Беларусі ў пачатку ХХ ст. |
<== предыдущая страница | следующая страница ==>
Беларускі нацыянальна-культурны рух.| Утварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі.

mybiblioteka.su - 2015-2024 год. (0.014 сек.)